Знак Вялікага магістра - Вольга Міхайлаўна Іпатава 3 стр.


Бог, ці, хутчэй, дябальскія сілы, якія дапамагалі гэтаму ганарыстаму пярэваратню, не далі здзейсніцца справядлівасці. Перад самым прыездам ганца са смертаносным лістом ён збег з Крэўскай вежы, апрануўшыся ў жаночы плашч прыслужніцы. І як мог разумны Прокша дазволіць, каб разам з Вітаўтавай жонкай Ганнай у вежу да Вітаўта прыходзіла і прыслужніца Алена? Алена, нявеста Рыгора Амуліча, якога перад тым забілі разам з Кейстутам! Хіба не зразумела было, што дзеўка будзе помсціць усім, хто замешаны ў забойстве каханага! Гэтак жа адпомсціла яна, Марыя, за смерць мужа, хай і нялюбага напачатку. А тая пакаёўка, кажуць, моцна кахала свайго Рыгора. Рыгора, а ня Вітаўта!

І гэта яна, Марыя, першаю прыдумала плётку, што Вітаўт меў Алену за палюбоўніцу, таму і пайшла тая на смерць, аддаўшы Вітаўту свой плашч і застаўшыся замест яго ў вязніцы. Праўда, смерць дзеўкі нічога не змяніла,  Вітаўта не злавілі. Як выйшаў ён з Крэўскага замка ў Аленіным плашчы, так і знік разам з ваўкавыскімі воямі. Яму дапамаглі крыжакі, а пасля літасцівы Ягайла дазволіў яму жыць у далёкім Луцку. Так, цяпер Вітаўт жыве далёка адсюль. Але тут, у Княстве, у яго шмат прыхільнікаў і памагатых. А яе, Марыю, ён з тых часоў ненавідзіць гэтак жа, як і брата Ягайлу.

Дык тады хто ж, як не яго падпевачы, забралі скарб і забілі ахоўнікаў?!

Яна ў тым ужо і не сумнявалася, апантаная помслівасцю і зласлівасцю. Апроч таго, верыла, што Вітаўт тым хацеў адпомсціць асабіста ёй: ня мог ён не дазнацца, хто быў завадатарам ліста, што нёс яму смерць! І, вядома, асабліва хацеў той выгнанец зрабіць прыкрасць польскаму каралю і гаспадару Княства: усім жа вядома, як прагна цягнецца сын Кейстута да вялікакняскага стальца, якім некалі сумесна валодалі іхнія бацькі і які цяпер займае адзін Ягайла!

Узгадваючы брата, Марыя зноў адчула крыўду. Ягайла адправіў яе пасля смерці мужа назад, у Лідскі замак, а не ўзяў да каралеўскага кракаўскага двара. Можа, гэта быў страх перад яе неўтаймаванай жаночай сілай? Не ўзяў ён з сабой і маці тая адправілася з малодшым братам Свідрыгайлам[13] у Віцьбеск. Можа, занадта яны спрабавалі кіраваць там, у Вільні? Але яны ратавалі яго! Выратуюць і зараз не дадуць даверыцца Вітаўту!

 Пішы!  загадала яна пісару. І той, выхапіўшы з торбы ля пояса пергамент і бутыліцу з атрамантам, так што ледзь не парваў кручок, на якім вісела тая скураная каліта, паслухмяна стаў выводзіць словы, якія цвёрда і рашуча выгаворвала, зноў сашчапіўшы свае кароткія пальцы, княгіня Марыя: Брату майму найлюбаму, вялікаму князю Вялікага княства Літоўскага, каралю польскаму Ягайлу. Няшчасце сталася з намі па віне зламысніка таго, што ўчыніў нам усім вялікую шкоду, праклятага людам паспалітым і намі І выдыхнула імя таго зламысніка так, што трэснула шаўковая нітка, якою былі прышытыя карункі вакол яе агружанай каштоўным каменьнем шыі: Вітаўта!

Лелюш

Лелюш апошні раз зірнуў на сябе ў бронзавае люстра яго прывёз яшчэ прадзед Векша, разам з Давыдам Гарадзенскім у 1326 годзе хадзіўшы на Брандэнбург. Хацеў нацерці рукі і шыю мятай, але спахапіўся да спаткання з прыгажуняй Малкай паспее прыгатавацца. Ня варта і апранаць каптан з алтамбасу, лепей пакласці яго ў сак даходы з земляў, што належалі баярскаму роду Валовічаў, імкліва скарачаліся. З таго часу як балотная трасянка[14] адолела бацьку, некалі магутны асілак, што ня злазіў з сядла і перамагаў усіх на рыцарскіх гульбішчах ад Карэлічаў да Наваградку, цяпер з цяжкасцю даходзіў да сенцаў, каб справіць там вялікую патрэбу. Маці ж Агнія ніколі не магла як след палічыць, колькі грошай каштуе яе чарговая сукня.

Яму даўно трэба было б ажаніцца, але ён на ўсе дакоры і просьбы маці адмоўна хітаў галавой. Род працягваюць браты Андрэй і Іван. Яму ж хацелася яшчэ і яшчэ асалодаў, якія знікнуць разам з жаніцьбай: вечароў, калі пальцы слізгаюць па мяккай, шаўковай шыйцы маладой жонкі якога-небудзь старога багатага грыба, і замірае сэрца, а пахкая, салодкая жаночая плоць дзе-небудзь у патаемнай альтанцы нібы растае пад рукамі Марылася аб днях, калі можна бяздумна ляцець па азіміне за аленем альбо зайцам побач з сябрукамі, каб пасля сядзець на якой-небудзь паляне і ўгрызацца зубамі ў смажаніну, не баючыся папрокаў прыкаванай да цябе вечнымі ланцугамі кабеты. Аб раніцах, калі халасцяцкая адзінота дазваляе шчасліва адчуць асалоду мінулай ночы і слодыч забароненага граху Ён яшчэ раз тузануў пругкі скрутак бяросты, на якім пісалам было надрапана некалькі сказаў. Пад імі не было подпісу Лелюш ухваліў гэтую асцярожнасць. Ці мала каму магло трапіць на вочы гэтае запрашэнне? Але збылося самае галоўнае Малка чакае яго! О, колькі ён штурмаваў гэтую цвержу! Апошні раз зехаў з балю ў Наваградскім замку, калі яна спрытна схавалася ад яго, выйшаўшы нібыта на хвілінку разам са старой прыслужніцай, разятраны, як дзікі вепр. Спатоліў нясцерпную хоць з жонкай старога баярына Ракошы, але Малка беласкурая, высокая, з радзімкай на правай шчацэ вабіла і непадступнасцю, і ганарлівасцю. Упадаў за такімі але, дабіўшыся свайго, ляцеў да іншых, гэткіх жа непадступных, ажно пакуль і яны не раставалі ў руках, як царкоўныя свечкі.

Малка напісала, што яе муж зязджае на два тыдні, бо яго клічуць у Гародню, на соймік баяраў. Але дзе ім лепей сустрэцца, зараз сказаць ня можа. У карчме ў Гасцілаўцах, што каля рэчкі Лебяды, яго будзе чакаць слуга, ён правядзе рыцара ў патаемнае месца

Выходзячы з пакою, Лелюш яшчэ раз абвёў вачыма святліцу. Праз чатыры дні ён вернецца да гэтай лавы, абабітай зялёным аксамітам, да куфару ў куце, дзе ляжаць яго каптаны з сярэбранымі гузікамі і порты з дарагога сукна, да свайго ложа, засцеленага мядзьвежымі скурамі, дзе так салодка спаць да самага абеду і куды служка, варта толькі кіўнуць, прынясе кварту шыпучага піва. Але пакой будзе ўжо другім ён прывязе сюды ночы, праведзеныя з Малкай, і хвіліна за хвілінай будзе ўзгадваць пра іх. Ад гэтых успамінаў навакольныя рэчы мяняюцца, нібы ўсмоктваюць настрой гаспадара,  ён не раз правяраў гэта. І, уявіўшы тое мора асалоды, якое будзе піць кропля за кропляй у абдымках прыгажуні, ён выйшаў, не падазраючы, што будзе чакаць яго ў гэтай, такой, здавалася б, лёгкай і бяспечнай дарозе са Шчучына ў Ліду.

Не ведаў ён, бо Будучае рэдка папярэджвае кагосьці са смяротных, што ніколі не зойдзе зноў у гэтую святліцу, што дарэмна будуць шукаць яго па дарогах і ў селішчах.

Ніколі, ніколі не вернецца Лелюш дадому, не адчуе ўцехі ад добрага куфлю лідскага піва, ад палявання з рарогамі сокаламі на курапатак, ад маладога гнуткага жаночага цела. А ўсё таму, што, летучы светлай зоркай на зямлю, ён ужо быў звязаны з ёю і павінен быў атрымаць ад яе свой лёс. А нітку лёсу, як вядома, тчэ адна з Судзяніц, другая ж яе абразае, а трэцяя запісвае ўсё, што адбудзецца з душой, у адвечную Кнігу Жыцця, дзе кожны знітаваны з мноствам іншых жыццяў і лёсаў, і дзе адна прычына непарыўна зьвязаная з іншай.

А не вернецца Лелюш з падарожжа да Малкі таму, што тры дні таму ўцёк ад забойцаў малады вой з лідскага замку, якога клічуць Данілам і якога Лелюш ніколі не ўбачыць, ды і не пачуе, хаця іхнія жыцці звязаныя адной нітай Толькі на тым канцы, дзе Даніла, яна чырвоная колеру жыцця, а яго, Лелюшавым баку чорная

Даніла

Тую вераснёвую, па-маладому зіхоткую і светлую раніцу 1389 году, калі невялікі атрад коннікаў адязджаў з Лідскага замку, Даніла запомніў назаўжды.

Першае, на што тады ніхто не звярнуў увагі, гэта тое, што ягоны бацька, адехаўшы з паўвярсты ад заходняй брамы, пабачыў, што згубілася сярэбраная бляшка з нашыйніка яго скакуна. Гэтая бляшка была з выявай сокала, і бацька даражыў як збруяй, якую здабыў у бітве з татарамі, так і выявай птушкі, імя якой насіў. Гэта была нядобрая прыкмета, але яна хутка забылася, таму што наперадзе быў шлях доўгі і, як падавалася ім, цікавы. Eхаць жа трэба было да самага Кракава, у сталіцу Польшчы, і кожны з іх спадзяваўся пабачыць замак на Вавелі, а, магчыма, хоць адным вокам угледзець дзе-небудзь у вакне самога караля, а можа, і каралеву.

Яны выправіліся з замку рана, на самым досьвітку, і калі, падняўшыся на бліжэйшы ўзгорак перад павароткай, Даніла азірнуўся на месца,[15] ружовы з чырванню, у атачэнні магутных сценаў, з вострай, як дзіда, вежай замак выглядаў непраўдападобна-прыгожым у крыху ўжо стомленай зеляніне дрэваў, на фоне ясна-сіняга неба, абкружаны звівам рэчкі, нібы сам Пярун зверху накінуў на яго ахоўны знак.

Замак у Лідзе, пабудаваны яшчэ пры вялікім Гедзіміне, быў цэнтрам зацікаўленняў і інтарэсаў усяе акругі. Кожная падзея, што адбывалася там, адгукалася ў жыццях тысячаў навакольных жыхароў, якія штогод цягнулі туды дзякло,[16] спаўнялі розныя прызамкавыя правіны гацілі[17] дарогі і брукавалі вуліцы, вазілі каменне і лес, рамантавалі мост праз Лідзянку.

Калі Сокала, бацьку Данілы, пакінулі служыць пры княгініным двары, родзічы, асабліва далёкія, прыехалі ў Ліду і як падзяку за літасьць багоў прынесьлі на капішча Перуна багатыя падарункі. Кожны цяміў, што яго цяпер ня надта пакрыўдзіць цівун ці стараста селішча. Сапраўды, сам кашталян, нягледзячы на падазронасць княгіні, адзначаў слаўнага воя Сокала і нават падшукаў яму жонку маладзенькую Гайну, дачку лідскага баярына.

Замак і стаў самым першым уражаньнем іхняга сына Данілкі і ягоным захапленнем. Беручы хлапчука з сабою і наказаўшы яму ціха сядзець дзе-небудзь у кутку, бацька займаўся справамі, а ён гадзінамі назіраў за тым, як чысьцяць дзіды, мячы і шаблі панцырныя баяры, як прыносяць да абознага[18] новыя сёдлы і кальчугі і спрачаюцца аб цане рамесьнікі. Як, фыркаючы, пюць коні ваду са студні, што месьцілася тут жа, у двары, і як часам па драўлянай галерэі ідзе, слухаючы кашталяна, сама княгіня Марыя ў багата расшытай сукні, з залатымі бранзалетамі на запясьцях, і белы вэлюм наміткі абвівае яе немалады твар.

Назад Дальше