Проста фантастыка - Уладзімір Садоўскі


Уладзімір Садоўскі

Проста фантастыка

© Садоўскі, Ул., 2018

© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Залежнасць

 Ці дзейнічае ваша праграма на людзей згубна? Ці можа чалавек наогул памерці падчас сеансу? Хіба тое, што дзеецца з чалавекам у віртуальнасці, не адлюстроўваецца на яго арганізме ў рэальным свеце, як гэта любяць паказваць у фантастычных фільмах?

 На ўсе пытанні адзіны адказ: безумоўна, не! У вас састарэлае ўяўленне аб віртуальнай рэальнасці. У працэсе ўспрымання віртуальнасці ўдзельнічае толькі мозг. Інфармацыя падаецца толькі на зоны мозгу, якія ўспрымаюць пачуцці, абмінаючы зоны, што перадаюць гэтыя пачуцці на цела. Так што нават калі чалавек атрымлівае калецтва ў віртуальнасці, то ў рэальнасці яго арганізм застаецца непашкоджаным. Тое ж самае можна сказаць і пра смерць. Ды і наогул за бяспеку можаце не турбавацца. У нашым мінскім філіяле выкарыстоўваецца самае найноўшае абсталяванне, такое ж, як у Амерыцы ці Кітаі. І да таго ж для ўваходу ў нашу віртуальнасць не трэба свідраваць дзірку на патыліцы.

 Ха, я зразумеў ваш жарт пра дзірку у галаве. «Матрыца», я памятаю такі фільм. Сябры, нагадваю, што перада мной сядзіць дырэктар мінскага прадстаўніцтва фірмы «Watch», вядучага распрацоўніка і распаўсюдніка віртуальных атракцыёнаў.

Сяргей, пазяхаючы, увайшоў на кухню і кінуў позірк на экран тэлевізара, убудаванага ў сцяну над сталом. У эфіры ішла перадача «Добрай раніцы, Мінск». На экране малады вядучы пра нешта распытваў бізнэсоўца ў стылёвым гарнітуры.

Сяргей паставіў пакет з ежай у мікрахвалёўку і міжволі прыслухаўся да іх размовы:

 Зараз навінкай сезону і сусветным хітом зяўляецца праграма віртуальнай смерці, распрацаваная вашай кампаніяй. Раскажыце, калі ласка, пра яе падрабязней.

 Вядома, вядома. Адразу прадбачу наступныя пытанні, і магу з упэўненасцю сказаць, што яна цалкам бясшкодная для чалавека. Тэставанне не выявіла ніякіх адмоўных адхіленняў у падыспытных. Праграма паспяхова выкарыстоўваецца ўжо амаль год. Ніводнага адмоўнага інцыдэнту за гэты час не адбылося.

 Зразумела.

Печка падала сігнал гатоўнасці. Сяргей дастаў свой сняданак, прысеў за стол і пачаў есці, гледзячы адным вокам у талерку, а іншым у тэлевізар. Прадстаўнік фірмы «Watch» працягваў сваю прамову:

 Слоганам нашай рэкламнай кампаніі ёсць выраз: «Перажыві тое, што яшчэ ніхто не перажываў!» Я вось, напрыклад, цалкам з ім згодны. Такую паўнату пачуццяў і вастрыню адчуванняў, якую забяспечвае наша праграма, можна атрымаць хіба што пры рэальнай сваёй смерці, ды і тое не ад усякай. Але ж вы не будзеце чакаць гэтага ўсё сваё жыццё?

 Так, вядома.

 Таму прыходзьце да нас і атрымаеце ўсё ў найлепшым выглядзе. І не забудзьцеся, сёння першы дзень запуску праграмы віртуальнай смерці і таму ўсім наведвальнікам будзе зніжка 50 %, а кожны дзясяты можа прайсці сеанс бясплатна.

Бізнесовец так пільна паглядзеў у камеру, што Сяргею падалося, што дырэктар «Watch» глядзіць прама яму ў вочы. Рука з лыжкай замерла на паўдарозе ад талеркі да рота.

 Вядома. Гэта важна,  голас вядучага вывеў Сяргея са здранцвення,  Надышоў час развітвацца. Дзякуй вам за цікавую гутарку. Да пабачэння. Нагадаю вам, дарагія тэлегледачы, што з намі быў дырэктар мінскага філіяла фірмы «Watch». А цяпер пра тое, што вас чакае ў працягу нашай праграмы.

Сяргей акурат разабраўся з рэштай сняданку і пачаў збірацца да выхаду. Накінуў куртку, захапіў заплечнік і хуткім крокам выйшаў на лесвічную пляцоўку. Ліфт чакаць было доўга і Сяргей пачаў спускацца ўніз пехам. Ён па звычцы не зачыніў дзверы і хатняя праграма замкнула выхад самастойна, як толькі гаспадар аддаліўся ад кватэры на некалькі дзясяткаў метраў. Разам з тым выключыўся тэлевізар, пагасла святло на кухні і ў пакоі, а з-пад ложка выехаў робат-пыласос і прыняўся за працу.

У офісе Сяргея выдаўся цяжкі дзень. Хлопца літаральна завалілі дакументацыяй, з якой ён так і не змог разабрацца да канца працоўнага дня. Прыйшлося браць некаторыя паперы дадому. Раздражнёны і стомлены Сяргей ехаў у машыне па праспекце Францыска Скарыны. Галава яго была поўная змрочных думак. Штодзённае руціннае паўтарэнне адных і тых жа дзеянняў скоўвала волю Сяргея. Сняданак, паездка на працу, дзе кожны дзень прыходзілася пералапачваюць горы дакументаў, затым зноў дарога дадому, некалькі гадзін сумнага сёрфу ў інтэрнэце і нядоўгі, нервовы сон, а затым усё па новай. Пакутліва хацелася вырвацца з гэтага зачараванага кола.

На скрыжаванні загарэлася чырвонае святло. Пагружаны ў свае думкі Сяргей не заўважыў гэтага і працягваў ехаць далей. Праз секунду спрацавала сістэма аўтатармажэння, Сяргея кінула на стырно, ён моцна прыклаўся ілбом аб цвёрды пластык. Гэта раззлавала Сяргея і вярнула ў рэальны свет.

 Халера, што за бздура, павырубаў бы ўсю гэтую электроніку!  вылаяўся Сяргей.

Паціраючы лоб далонню, хлопец азірнуўся па баках. Над дарогай лунала, палаючы усімі колерамі вясёлкі, галаграфічнае рэкламнае палатно.

 Наведай «Watch»! Толькі сёння і толькі для цябе зніжка 50 % на сеанс віртуальнай смерці. Кожны дзясяты праходзіць сеанс бясплатна. Спяшайся!

Сяргей ўспомніў ранішнюю перадачу. У ім прачнулася цікавасць да віртуальных забаваў.

 Чаму б і не?  падумаў ён.  Дома ўсё адно няма чаго рабіць.

Прастаяўшы пяць хвілін у невялікім заторы, Сяргей перабудаваўся ў левы шэраг і павярнуў да офіса фірмы «Watch».

Вялізныя літары з назвай фірмы луналі над дахам старога, але цалкам адрамантаванага дома ў самым цэнтры сталіцы. Сяргей завёў машыну на бясплатную падземную паркоўку пад будынкам офіса «Watch». Тут ужо было досыць шмат аўтамабіляў і месца для стаянкі давялося выбіраць доўга. Сяргей падумаў, што наўрад ці гэта ўсё машыны аматараў віртуальных забаў было тут і шмат тых, хто проста скарыстаўся выгодамі бясплатнай паркоўкі у загружаным цэнтры горада. Па выхадзе з машыны Сяргей накіраваўся да бліжэйшага ліфта. Хлопец націснуў кнопку выкліку і дзверы бясшумна разехаліся.

У прасторным холе наверсе ўсё было зроблена па апошнім слове тэхнікі і ў адпаведнасці з найноўшымі павевамі дызайнерскага мастацтва. Тоўстыя шкляныя калоны падтрымлівалі празрыстую столь, за якой было відаць надзіва чыстае начное неба з шматлікімі пацеркамі зорак.

 Галаграма, відаць падумаў Сяргей,  у вялікіх гарадах зор ужо даўно не бачна.

Уздоўж сцен вузкай стужкай неслася паласа навін, рэкламы і біржавых зводак. Мяккае святло, здавалася, лілося адусюль, яўных кропак асвятлення бачна не было.

Удосталь налюбаваўшыся зорным небам, Сяргей накіраваўся да стала адміністратара. Хоць сталом гэты цуд тэхнікі назваць было цяжка. Гэта быў доўгі і выгнуты экран, па якім трансляваліся рэклама і ролікі найлепшых віртуальных гульняў, створаных фірмай. Сяргей падышоў да адміністратара, не адрываючы позірку ад таго, што разгортвалася на экране. Велізарны дзяцюк у рагатым шлеме і са здаравеннай сякерай раскідваў натоўпы атакуючых ворагаў. Унізе экрана красаваўся надпіс: «Адчуй лютасць Одзіна». Усё гэта было падобна на сцэну з якога-небудзь гістарычнага баевіка апошніх гадоў. Нават не верылася, што гульня можа быць настолькі рэалістычнай.

 Чым магу быць карысны?  адцягнуў Сяргея ад сузірання подзвігаў адважнага вікінга адміністратар.

 Я хацеў пачаў казаць Сяргей і азірнуўся па баках. Людзей у прасторным холе было мала: некалькі чалавек накіроўвалася да выхаду, адзін выходзіў з дзвярэй у глыбіні залы. Выгляд у таго быў нейкі разгублены і ў той жа час узрушаны.

 Сеанс віртуальнай смерці пакідае вельмі моцнае ўражанне,  з усмешкай сказаў адміністратар, злавіўшы кірунак позірку Сяргея.

Хлопец спахапіўся і працягнуў:

 Я таксама хацеў бы прайсці сеанс віртуальнай смерці.

 Вы, напэўна, чулі пра 50 % зніжкі на сёння?  твар адміністратара азарыўся яшчэ адной усмешкай.

 Так,  аўтаматычна адказаў Сяргей, працягваючы азірацца па баках, быццам першакласнік перад піўным ларком.

 Ды вы не хвалюйцеся, усё цалкам бяспечна.

 Я не хвалююся,  апамятаўся Сяргей,  проста цікава, які я па ліку.

 А, вы пра гэта,  усмешка не сыходзіла з твару адміністратара.  Хачу вас засмуціць, вы не дзясяты. Але скажу вам па сакрэце, вы былі блізкія, вельмі блізкія, вы дзявяты кліент пасля папярэдняга шчасліўца.

Сяргею ўвесь час не шанцавала ў такіх рэкламных акцыях. Кожнаму трэцяму зніжка, для кожнага пятага падарунак, кожнаму дзясятаму бясплатны сеанс. А як ні прыйдзеш то другі, то чацвёрты, то, як цяпер дзявяты.

 Колькі з мяне?  упэўнена вымавіў Сяргей, ён канчаткова вырашыў прайсці ўсе выпрабаванні гэтай хвалёнай віртуальнай смерці.

 Пяцьдзясят рублёў, ветліва адказаў адміністратар, не здымаючы з вуснаў ветлівай ўсмешкі.

Сяргей працягнуў банкаўскую картку і атрымаў маленькую пласцінку з эмблемай фірмы.

 Заходзьце ў тыя дзверы,  паказваў дарогу адміністратар,  кабіна нумар шэсць.

Дальше