У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава 12 стр.


Дзень выбараў быў што судны дзень. Маці падрывалася ледзь не сярод ночы: у шэсць гадзін трэба было ўжо адчыніць дзверы выбарчага ўчастка і быць напагатове. Здаецца, гадзіны са дзве-тры камісія сядзела там самнасам. Потым пачыналі паціху ісці выбаршчыкі. Гадзіне а дванаццатай аж гул ішоў. А ў дзве гадзіны агітатары пачыналі шныпарыць па адрасах. Хто не прагаласаваў? Тое было страшэнным грахом адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах. Калі хто настойваў на сваім вольным праве не галасаваць больш за ўсё пакутавалі агітатары: не змаглі давесці важнасць падзеі, садзейнічаюць парушэнню блока камуністаў і беспартыйных.

Маці Даны і Галіна Яўгенаўна, так бы мовіць, сімвалізавалі сабой той блок і шчыравалі як маглі і нават больш за свае фізічныя магчымасці. Маці пасля ўсіх урачыстых падзей пакутавала на галаўны боль потым высветлілася, што гэта былі гіпертанічныя крызы. Галіна Яўгенаўна таксама не цвіла здароўем.

Ну, але то быў нуднаваты і афіцыйна зацыклены свет дарослых. Для Даны і яе адналеткаў цікава было зусім іншае. На ўсіх выбарчых участках у дзвюх школах, у тэхнікумах, у школе механізацыі грала музыка. І можна было зусім свабодна, без запрашальных білетаў ці яшчэ якіх «квот» зайсці і танчыць. Незалежна ад узросту. Увогуле Дана не спяшалася стаць дарослай. Але ў дарослых было досыць многа пераваг, перш-наперш незалежнасць. І магчымасць заходзіць куды хочаш так ёй здавалася. А падчас выбараў у іх, падлеткаў, зяўляліся перавагі. Ніякіх абавязкаў, нават галасаваць не трэба, а танцаваць можна колькі заўгодна і дзе заўгодна.

Урэшце выбарчая мітусня заканчвалася. Абраннікі народныя, клішыравана падобныя адзін да аднаго, займалі свае месцы на партрэтах, якія выцягвалі аднекуль падчас дэманстрацый. Здавалася, што нідзе канкрэтна, акрамя тых сховішчаў і партрэтаў, яны не існуюць.

Пазней Дана столькі разоў і ў такіх кантэкстах чула пра свабоду выбараў. Бачыла змены дэкарацый і змены «каравула» і асноўных дзеючых асоб, але галоўнае заставалася нязменным: прага ўлады, мітусня слоў пра волю, пра шчасце народа, а шчасце ўсё неяк, паводле вялікага паэта, было такім блізкім, такім магчымым, але заўсёды блукала, вандравала недзе не там, дзе быў яе народ, людзі, што жылі побач з ёю. І прыходзілі новыя гаспадары, з тымі ж і з новымі лозунгамі а нічога не мянялася. Стракацелі новыя героі, з іх ужо не паспявалі рабіць партрэтаў, абыходзіліся фотаздымкамі і кадрамі хронікі тым часам тэлехронікі, бо скрынка гэта замяніла сабой і сад, і агарод, і шпацыры, і відовішчы. Прынамсі, для большасці яе суайчыннікаў. І не суайчыннікаў таксама. Прыходзілі новыя, спрачаліся, ішлі напярэймы, выходзіў наперад зазвычай не лепшы. І ўсё адбывалася наноў. Круг рабіўся шырэйшы, але заставаўся кругам. Колцам. Палітычныя міжсабойчыкі. Мастацкія міжсабойчыкі. Каляграшовыя міжсабойчыкі. Там таксама былі таленавітыя, менш таленавітыя, зусім бязладныя і бяздарныя, але пры пасадзе ці нават пры месцейку, што жывіла многіх, і вабіла, і давала калі не наедак, дык магчымасць падыграць, пакрасавацца, падстаўбуніцца. І якінебудзь вызнаны дзеяч Адраджэння цягнуў на педэстал побач з Блокам цётачку-паэтачку, якой цана ламаны грошык у самы ўдалы кірмашовы дзень.

Людзі Данчынага маленства ці фарысействавалі, ці шчыра памыляліся, хто іх ведае, але цану памылкам сваім плацілі высокую, сваёй, не чужой, «гибелью всерьез». Галіна Яўгенаўна, пазней старшыня абласнога суда ў Гродне, калі яе везлі ледзь не ў непрытомнасці, каб рабіць тэрмінова пункцыю спіннога мозгу, даводзіла, лежачы на насілках: «Завязіце мяне ў суд. Мне трэба здаць партыйныя дакументы». Яна была сакратаркай партбюро. Цвікі, паводле таго вызнання паэта, былі б з яе кволай абалонкі нетрывалыя, але свой крыжовы шлях яна прайшла і Галгофу сваю займела. Дзеля чаго ахвяра? Яна была ўпэўненая, што дзеля спраўджанай справядлівасці. А ці была справядлівасць пазней? І ці ўвогуле яна была калі-небудзь на зямлі? Хіба што якімі момантамі. Спарадычна. Як нагадванне пра найвышэйшы закон. А што Анёл у цені крылаў? Што тыя сілы, да якіх звяртаецца амаль кожны, нават знявераныя, нават знясіленыя духам?

Пакуты і выпрабаванні як сэнс жыцця з Хрыстом?

«Я вырашыў нічым не хваліцца, акрамя як Крыжам Пана нашага Ісуса Хрыста». «Цяпер радуюся ў пакутах маіх за вас і імкнуся дастачыць тое, чаго не стае ў плоці маёй ад пакут Хрыстовых». Ну, гэтае веданне было дадзена апосталу, а што нам, шараговым? Дане не хапала гэтай прасветленасці пакутай, хаця яна цярпліва трывала, надавала веры і тлумачыла сабе нават не тэарэтычна, а тым, што глыбей і вышэй за тэарэтычнае,  існаваннем Духа, што дае светлату і абнаўленне.

Пакуты і выпрабаванні як сэнс жыцця з Хрыстом?

«Я вырашыў нічым не хваліцца, акрамя як Крыжам Пана нашага Ісуса Хрыста». «Цяпер радуюся ў пакутах маіх за вас і імкнуся дастачыць тое, чаго не стае ў плоці маёй ад пакут Хрыстовых». Ну, гэтае веданне было дадзена апосталу, а што нам, шараговым? Дане не хапала гэтай прасветленасці пакутай, хаця яна цярпліва трывала, надавала веры і тлумачыла сабе нават не тэарэтычна, а тым, што глыбей і вышэй за тэарэтычнае,  існаваннем Духа, што дае светлату і абнаўленне.

Выбар Гэта заўсёды засталося нейкай стрэмкай у душы, нечым, што даецца цяжка і чаго хочацца пазбегнуць. Некуды адысціся, сысці. Збегчы. Выбар нагадваў пра дысанансы існуючага. І хацелася выпасці з рэальнасці, апынуцца ў нейкай прасторы і ў нейкім часе, дзе ўсе гэтыя мітуслівыя выбары, людзі, што лічаць сябе абраннікамі людскімі і Боскімі не ў цане. Дзе ўвогуле самога разумення «цана, каштарыс» не існуе. А ёсць упэўненасць, і вера, і тое адчуванне святла, што бывае толькі пасля цямніцы.

І няма ніякіх законаў, прэзумпцый невінаватасці, ніякіх дэфініцый, фактаў, доказаў Арсенала з атачэння яе маці.

Дане падабалася і не падабалася прафесія маці. Падабалася быць дачкой адваката. Маці адзіная ў горадзе мела такую прафесію. Гэта потым зявіліся яшчэ яе калегі. Падабалася, што маці робіць «у судзе». Так казалі. Падабаўся знешні рытуал. «Устаць. Суд ідзе». І ўсе застываюць як пры выкананні гімна.

Дане не падабалася, што прафесія юрыста грунтуецца на фактах, дэталях, дробязях. Гэтыя бясконцыя старонкі судовых спраў, што вывучала маці. Жыццё потым пасмяялася з Даны. У музеі яна, не самая дурная, заўсёды складала каталогі, рыхтавала выставы, пісала анатацыі. А нехта ездзіў ладзіць вернісажы, галёкаў з подмасцяў, красаваўся на імпрэзах

Можа, і варта было стаць адвакатам? Патрэбны чалавек. Як стаматолаг. Як кравец.

Як гэта? «Хай згіне свет, але здзейсніцца правасуддзе!» «Fiat justitia, pereat mundus!»

Fiat Justitia, Pereat Mundus!

Так пацвельваўся адвакат Галіцын з суддзі Кацяўца самага галоўнага старшыні з Гродна. Замест прывітання ён гаварыў: «Fiat justitia, pereat mundus!»

Было гэта падчас так званых выязных сесій. Бясконцых паказальных працэсаў.

Падчас тых выязных сесій у іх часам нехта спыняўся гатэль быў малы і няўтульны. А калі ніхто не атабарваўся ў іх хаце, дык абавязкова прыходзілі пасля заканчэння працэсу. На вячэру. Дана не ведала, ці залежала гэта ад прысуду ці не. Мабыць, ва ўсіх была патрэба лучнасці, гаворак, нейкага пярэдыху пасля шматдзённай, з ранку да вечара (часам і гадзін да дзесяці) працы.

У суседні пакой, дзе сядзела Дана, даносіліся фразы, чапляліся за слых словазлучэнні накшталт «склад злачынства», «абвінаваўчы акт», «касацыйная скарга», «факт злачынства» Або незнаёмая прыцягальная латынь: «Confessus pro judicato habetur» «Той, хто прызнаўся ў злачынстве, лічыцца асуджаным». Латынню звычайна карыстаўся Кацявец вымаўляючы фразы ўрачыста, прыгожа, паводле ўсіх правіл рыторыкі. І нібыта між іншым, як рэпліку ўбок, кідаў пераклад. Высокаму, са строгім класічным тварам, Кацяўцу нібыта самім лёсам было вызначана спраўджваць справядлівасць паводле законаў. Яму была б вельмі дарэчы мантыя. Але на тую пару мантый не насілі, і свой класічнаадукацыйны «дэкор» старшыня абласнога суда спраўджваў без знешніх атрыбутаў. Затое на класічнай латыні. Яго барытон аксамітна пераліваўся: «jus talionis, закон таліёна, заўсёды мае сваіх прыхільнікаў»,  даводзіў ён Галіцыну. Той быў адвакатам. Прыехаў у Гродна з Пецярбурга ён інакш не называў гэты горад: ніякіх там пралетарскіх «Піцераў» ці афіцыйных «Ленінградаў». Галіцын падкрэсліваў сваё «пецярбуржства» «больш, як сталіца», падкрэсліваў сваю багемнасць, знаёмства з тамтэйшым акцёрствам. Падкрэслена, не на правінцыйны лад насіў доўгі шалік перакінуўшы праз плячо. І як Кацярына Пятроўна сваімі футрамі так ён уражваў уяўленне гурый абласнога і раённага маштабу шырачэзным паліто бэжавага колеру і карычневым велюравым капелюшом. Тым часам большасць мужчын афіцыйнага статусу фарсіла ў ботах, галіфэ і мундзірах ці то даношваючы ваенную форму, ці то мімікрыруючы пад правадыра, дык Стас Апалінарыевіч быў постаццю не толькі заўважнай, але і з пэўным эпатажам. Латыні ён не ведаў, але затое ведаў процьму вершаў, памятаў немаведама колькі трапных цытат, вершаваных і невершаваных, меў не менш гучны голас, як Кацявец, і мог паводзіць сябе куды больш вольна за старшыню суда. Адвакат

Назад Дальше