Пабачыўшы Кацяўца, ён з парога абвяшчаў тую самую каронную фразу пра ўсёмагутнасць юстыцыі і дадаваў: «Да, да, и знал он, хоть не без греха, из Энеиды два стиха». Самаіронія не была чужая яму. «Анатоль Петрович, звяртаўся ён зноў да Кацяўца, не испепеляйте меня взором, грешен, грешен На площади, знаете, харчевня, вполне, знаете ли Самое забавное ее называют: Чайная Бескина. Запад» Кацявец хмурыўся, але маўчаў працэс скончыўся, дзякаваць Богу А Стас Апалінарыевіч мог «аскароміцца» і ў самы непрыдатны момант. Аднак, як з хітрынкай прамаўляў Галіцын, той «мирволил ему». А сам Кацявец гаварыў: «Люблю таленавітых людзей, маю слабасць».
Затое Кацявец вокамгненна пачынаў збірацца, калі зяўляліся мясцовыя чыннікі правасуддзя. «Свірын ён прысуды робіць наўгад, па-вяцку», рабіўся раптам калючым Кацявец. «Слюсараў Лікбез смерш нарсуд Такая амплітуда поспеху». Пра Галіну Яўгенаўну гаварыў коратка і нейтральна: «Службістка». І ніяк не рэагаваў, калі нехта ў застоллі пачынаў распавядаць «навіну» пра сімпатыі мясцовага чырванашчокага прыгажуна і «службісткі». Прыгажун быў намеснікам пракурора, і яго пільна даглядала мізэрненькая, шэранькая, што мышка, жанчына яго жонка. Былая медсястра, член партыі, член нейкіх жансаветаў і г.д.
Галіна Яўгенаўна, зразумела, таксама мела чырвоную кніжачку, без такой кніжачкі ў юрыспрудэнцыі савецкага часу можна было рабіць толькі адвакатам ці натарыусам. І даражыла сваёй кніжачкай і сваім статусам сацыяльным, як і яе амант, і неўзабаве Галіну Яўгенаўну перавялі ў Гродна на павышэнне, а крыху пазней зехаў у іншы горад і намеснік пракурора, з жонкай, вядома. Яна была такой жа неадемнай спадарожніцай яго пасады, як і чырвоная кніжачка.
Часам на выязныя працэсы наязджалі і адвакаты з Гродна і Баранавіч. Мэтр-абаронца з Гродна Ямніцкі. І свяцілы мясцовых калегій Старцэвіч і Бялецкая з Баранавіч.
«У нас пацешыць публіку што арэх згрызці. Можаш ім не тое што цытаваць, цалкам чытаць усё, што заўгодна, хоць Біблію, усё на рахунак адваката ідзе. Ды і, прабачце, прававерных суддзяў як заўгодна далёка можна завесці. Любы спектакль ладзіць. Я не пра Вас, Анатоль Пятровіч, тут я схіляю галаву». Кацявец гэта было вядома ўсім, скончыў не толькі ўніверсітэт, дыпломам маглі пахвастацца многія, але скончыў некалі класічную гімназію, і мала хто меў такія веды, як ён.
Іраніст і хітраван Старцэвіч і Бога ашукае, і ў чорта адхопіць пасмейвацца любіў: «Памятаю, якія воплескі адхапіла Абуховіч амаль цалкам працытавала Плеваку. Без спасылак, без спасылак. «Грамадзяне суддзі, колькі бядот, колькі выпрабаванняў давялося перанесці нашай дзяржаве за яе існаванне. Нямецкія рыцары, пілсудчыкі, фашыстоўцы (Гэта яна ўжо ад сябе дадала, так бы мовіць, асучасніла, у сааўтарства ўвайшла.) Усё вынесла, усё пераадолела. А тут Хлопец скраў кавалак кілбасы. Гэтага наша краіна не знясе, загіне, загіне канчаткова і назаўсёды».
Кацявец пярэчыў: «Ну, скажыце дзякуй, што хаця б чытала. Трансфармавала печанегаў і татар на немцаў, і дыкцыю мае, і паўзы трымаць умее. А вось з ёю і сапраўды анекдатычны выпадак быў. Яна ўвайшла ў смак, гаворыць толькі што не спявае. Падсуднага не тое што апраўдваць, а хоць да святых можна залічыць. Ну, і ён у апошнім слове, спрабуючы аддзячыць абаронцы выступала паводле 55-га так бы мовіць, у якасці ганарару, адсыпаў: «Вы ўжо даруйце мне, грамадзянка адвакат, каб ведаў, што вы такі чалавек, дык нізавошта б ваш рыдыкюльчык у мінулым годзе на вакзале не» Падсудны ніяк не мог знайсці далікатнае слоўца да свайго «дзейства». А ў судзе паўза што ў «Рэвізоры».
Яе, мабыць, не вельмі любілі, тую Абуховіч, таму што Старцэвіч тут жа ўкідваў свае тры грошыкі: «Яна, між іншым, не праміне пры выпадку і без выпадку пазначыць, што зямлячка знакамітага Спасовіча». «Ах, ну что там ваша Речица, узмахваў шавялюрай Галіцын. Я родился в Москве. Кто там только не явился на свет. Ну и что? Урусова из меня все равно не вышло. Уехал в Петербург Кони из меня тоже не получился». Бялецкая падымала рукі ў шырачэзных прыгожых рукавах: «Супакойцеся. У нас жа не практыкум паводле знакамітых юрыстаў. Давайце лепш спяваць». І яна пачынала нізкім, мяккім голасам: «Ostatnia niadziela» І Кацявец, прыгожа-ссівелы, шляхетны, слухаў моўчкі, гледзячы некуды ў сваю, аднаму яму вядомую далячынь. А потым распачынаў сам: «Утро туманное, утро седое» Голас яго нібыта нешта згадваў, замысліваў, адыходзіў ад латыні, юрыспрудэнцыі, ад яго строгага афіцыйнага выгляду. Але не губляў сваёй вытанчанай класічнасці, арыстакратызму, толькі мяняў рытм і настрой: «В движенье мельник жизнь ведет, в движенье» На «біс» яны з Бялецкай выконвалі «Вечерний звон» і «Зорку Венеру». «Зорку» Бялецкая вяла высокім голасам, здавалася, зусім не тым, што спяваў моднае даваеннае танга, а Кацявец тураваў, нібыта вуркочучы, зусім ціха, толькі каб стварыць тон.
Цвяроза-заклапочаны нават тут, Ямніцкі спрабаваў перавесці застолле ў дыскусійнае рэчышча: «А майму падсуднаму варта было пару год скасіць. Гэта не злачынства, гэта махлярства». «Падавайце апеляцыю». «Ужо напісаў. Паеду ў Вярхоўны». «Ваша воля», Кацявец карцінна схіляў галаву. «Трэба ж і гаспадыні явіць свае непрацэсуальныя таленты». Кулдыркаеў Дана не ведала, хто ён, заўсёды сядзеў моўчкі і толькі граў на акардэоне Данчыным.
Нязбытную «Цыганачку» Вольга Станіславаўна не саступала нікому. У чорнай шаўковай сукенцы, у аксамітавай камізэльцы з блыскаткамі, з амерыканскіх дарункаў яна доўга ішла павольна, толькі паводзячы плячыма, потым пачынала адбіваць рытм абцасамі, і ўрэшце толькі віхурна мільгацела спадніца, і здавалася, танчылі нават каралі на камізэлі. І толькі матчын твар быў нерухомы, засяроджаны, як таго вымагала класічная традыцыя цыганоў.
Калі пачыналася «мастацкая частка», клікалі і Дану. Яна павінна была граць на акардэоне або спяваць ці танчыць.
Праўда, чытаць вершы, і такія, якіх яна не ведала, аматараў была процьма. Чыталі Блока, Міцкевіча, Тувіма, Ясеніна, Надсана А на акардэоне граў толькі Кулдыркаеў але ён быў госць рэдкі. Данчына ж умельства граць на акардэоне было вельмі адносным. Маці наняла музыкантшу тая, пабачыўшы, што ў дзяўчынкі ёсць слых і неблагая зрокавая памяць, хуценька навучыла яе вальсам, танга, а дзеля атракцыі яны засвоілі яшчэ і «Гумарэску» Дворжака. Там былі патрэбныя жвавыя пальцы, і неспрацаваныя рукі Даны скакалі па клавіятуры, беручы неймаверныя акорды да вялікага захаплення гасцей. Дана ж даўно адчувала ва ўсім гэтым нейкі падман, але з чаго і як вучаць музыцы не ведала. Маці неяк сама высветліла, што Дана не мае ўяўлення пра ноты, спытала пра «методу» і абурылася страшэнна. Аднак Лідзія Сямёнаўна, пабраўшы «колейны» шлюб, зехала тым часам у невядомым напрамку. Выходзіць замуж было яе галоўным заняткам, сэнсам жыцця, хобі, а між іншым, дзеля рызыкі і грошай, яна давала ўрокі музыкі: на фартэпіяна і акардэоне.
«Навука» тая адбылася недзе ў трэцім-чацвёртым класе, але ж прывідны плён музіцыравання доўга цешыў наведвальнікаў хаты Азарэвічаў. Каронным нумарам Данчыных спеваў была песенька ці не з гарадскога фальклору, што сталася ў 50-я гады ў выкананні Розы Багланавай шлягерам, «Самара-гарадок». Дана сумленна падраблялася пад спявачку, падсмейвалася з гераіні песенькі і ўключыла, так бы мовіць, у рэпертуар яшчэ гарэзліва-іранічны раманс «Душачка». Сам-насам Дана захлыналася і арыяй Разіны, і душазначнымі рамансамі «Цёмна-вішнёвы шаль» і «Веснічкі». І збірала патроху па для «Балеро» Равэля: з кіно, з малюнкаў у кніжках, дзе ў прыгожых позах застылі тарэра і пікадоры, гранды і пеоны, ідальга і вакерас. Яна заліхвацкі блытала па караколес, сапатэо, оле, усе танцы Іспаніі і розных куткоў амерыканскай Лаціны, дадаючы туды і нешта ад маўрытанскай самбры і нават італьянскай карманьёлы. Тады яна гэтага не ведала. Але Іспанія таямніча высверквала з ілюстрацый дэ Сервантэса, са старонак Мерымэ, ледзь не кожны дзень нагадвала пра сябе знакамітай сегідыльяй Бізэ. Пазней Іспанія казытала ўяўленне рэпрадукцыямі і альбомамі Гоі і Сальвадора Далі, фіестамі і карыдамі на старонках Хемінгуэя. А потым магутна плынула кніжнай лавінай: Гарсіа Лорка, Рафаэль Альберці, Мігель дэ Унамуна, Рамон дэль ВальеІнклан, Піа Бароха І іх моўнымі калегамі з-за акіяна: Алеха Карпенцьер, Гарсіа Маркес
А свае інтуітыўныя харэаграфічныя практыкаванні ўжо ў сталым узросце Дана згадвала, калі глядзела Антоніа Гадэса і Крысціну Оес іх танец пераўзышоў усе самыя палкія яе ўяўленні. А тады на яе незабыўнае ўражанне зрабіла крэолка з фантастычным найменнем Ісідара Каварубіа дэ Лос-Ланос. Сюжэт Майна Рыда не вымагаў да крэолкі асаблівых сімпатый, павінны былі падабацца Морыс Джэральд і Луіза Пойндэкстэр, але ў памяць запала гэтая красуня. І вярэдзілі ўяўленне таямнічыя, ваблівыя назвы: савана, серапэ, гасіенда, прэрыя, пампасы Іспанізавана-англізаваная, з індзейскім каларытам гэтая мясцовасць Тэхас ва ўяўленні Даны чамусьці супадала з настойлівым наступам гукаў Равэля.
«Балеро» Дана танчыла з задавальненнем. Публіка не шкадавала апладысментаў. Дана нават тады разумела ім цану. Ну, хіба можна не захапляцца талентамі гаспадарскай дачкі? Тым больш што добраму настрою спрыялі смажаныя качкі і пульхныя пірагі і мноства розных прысмакаў і іскрыстыя хатнія наліўкі. Крамы ў гарадах не ламіліся ад харчу. І гэты кірмашова-хатні пяропых, выключна раённага, местачковага шкталту, пасля пасяджэнняў па дванаццаць гадзін запар хіба ж ён не схіляў да авацый? Да таго ж Дане пасавалі вузкія, упрыцён, чорныя нагавіцы з высокім пасам, са старых дзедавых, белая матчына блуза і тая ж самая аксамітавая камізэля з блыскаткамі. Гэта было падобна на гульню нават на тэатр.