Маці выправілася неяк у камандзіроўку, на паказальны працэс у вёсцы. Стала на кватэру ў самотнай, статэчнай жанчыны. Калі вячэралі, тая аднекуль дастала фоткі ці не ведаеце? У маці мову адняло. Яе маладыя бацькі з незнаёмымі людзьмі. Здымак жанчына не аддала, нават адбіць копіі. А на гарышчы ў скрынях, сярод рознага ламачча, паказала разабраны гарнітур. Пылу на ім нагрувасцілася гэтулькі, што то быў ужо не пыл нават, а зямля. Грошай за схоў жанчына браць не схацела, але маці паклала нейкую суму на рахунак і завезла ашчадную кніжку. Кніжка зрабіла ўражанне.
А маці рупілася з хатай. З задавальненнем запрашала гасцей. Пэўна ж, на тую пару ў іх мясцінах мала хто мог пахваліцца такім інтэрерам. Маці барані Бог праўды нікому не аказвала, а прыдумала вельмі верагодную байку: купіла з «трафейнага» дабра. Тым больш што шафа з надпісам на дзверцах «Emil Bartel. Möbel» на самай справе была прыдбаная такім чынам.
Вольга Станіславаўна засталася задаволеная фантастычны выпадак, нешта з былога вярнулася. Хай сабе не котлішча, але нейкае гняздзечка ёсць.
Прыехаўшы на Беларусь напрыканцы вайны, у свой горад яны трапілі не адразу, а вярнуўшыся, з паўгода жылі ў судзе, дакладней у юрыдычнай канторы маці. У вялікім пакоі быў пісьмовы стол і некалькі зэдлікаў матчын «кабінет». Запавесаю з паркалю была аддзелена «кватэра»: два ложкі і стос валізак пад покрыўкай тут табе і стол, і камода, і шафа. Урокі Дана рабіла або на стоўчыку, паставіўшы да яго маленькі нізенькі ставец, або на «камодзе». Сталаваліся зазвычай на матчыным рабочым стале, палуднавалі што пад сігнал трывогі. Крыху зеванулі і кліенты пачыналі барабахаць у дзверы.
Увогуле суд месціўся ў катэджы, дзе да вайны, да 39-га, «за польскім часам», жыў адзін з тутэйшых адвакатаў. Іх было ці не дванаццаць. Горад быў цэнтрам ваяводства. І, дарэчы, амаль усе лепшыя дамы належалі адвакатам і натарыусам. За лапік зямлі тым часам судзіліся ледзь не ўсё жыццё.
Цяпер у судзе на першым паверсе быў доўгі калідор, дзе заўсёды тоўпіліся людзі, налева канцылярыя маці, направа зала пасяджэнняў, вялізны доўгі пакой, перароблены з ранейшых двух. За ім маленечкі пакойчык, у якім Дана ніколі не была, менавіта туды «суд накіроўваўся дзеля нарады», як абвяшчаў суддзя. Там выносілі прысуды. Маці заставалася ў зале.
«Выступленні бакоў» адбываліся тут. Маці была адным з «бакоў».
Напрасткі па калідоры быў пакой сакратарак і справаводаў прыёмная, а па абодва бакі прыёмнай кабінеты суддзяў, першага і другога ўчасткаў. У адзін з гэтых кабінетаў Дана ўвайшла ўпершыню толькі праз шмат гадоў падзякаваць суддзі, што прыехаў на пахаванне маці. А тады тады для яе надзвычай прыцягальны быў прыёмны пакой: аграмадныя шкляныя дзверы вялі наўпроста ў сад. Ці то падчас вайны разабралі веранду, ці то не паспелі пабудаваць. Гэта былі не вокны-эркеры, а менавіта дзверы, шырачэзныя, з дзвюма дзверцамі і акном пасярэдзіне. Мелася ў доме яшчэ былая кухня з печчу, на старасвецкі лад прасторная кухня. Прыстасаваць яе, дарэчы, да казённай карысці было цяжка. Усюды толькі дзверы і адно вузкае акно на пакой метраў пад трыццаць пяць: мабыць, пан адвакат і пані адвакатова лічылі, што кухарыць можна і ў прыцемках. Дык функцыянальнага прызначэння кухня не займела і засталася, так бы мовіць, дадатковым калідорам, побач з якім быў маленькі пакойчык, што ўвесь час мяняў сваё прызначэнне, як і два пакоі мансарды.
Пракуратура месцілася асобна ў двухпавярховым будынку. Стаўленне да гэтых служак закону сярод судоўцаў было насцярожаным, а тыя, падобна, лічылі менавіта сябе асноўнымі носьбітамі ісціны і ўлюбёнцамі Феміды. Карычневы мундзір, блішчастыя гузікі і недаверлівы позірк. Пракурор з гучным прозвішчам Трубяцкі ставіўся з сумнівам нават да самой прафесіі Данчынай маці. «Вось ты, Вольга Станіславаўна, цадзіў ён, ты абараняла солтысаў, старастаў, розных фашыстоўцаў. Гэта таму, што не член партыі. Не разумееш, што абараняць варожы элемент гэт-та» Ён шматзначна падымаў палец.
У маці ўзлятала брыво, яна моўчкі адкрывала карабок «Казбека». Ведала, што людзей з НКУСа і пракуратуры лепш слухаць моўчкі.
Трубяцкі неяк увесь час стаяў на шляху Вольгі Станіславаўны. І нават калі ёй далі пуцёўку ў Кіславодск, ухапіў сабе, хаця ўрачы забаранялі толькі што пасля інфаркту. Ён так і не паглядзеў на той Кіславодск: памёр падчас палёту
Усё гэта толькі фіксавалася ў памяці Даны, сам Трубяцкі быў ёй чалавек нецікавы. А маці сябравала і з гэтымі людзьмі ў мундзірах. Былі ў яе сяброўкі.
У маці ўзлятала брыво, яна моўчкі адкрывала карабок «Казбека». Ведала, што людзей з НКУСа і пракуратуры лепш слухаць моўчкі.
Трубяцкі неяк увесь час стаяў на шляху Вольгі Станіславаўны. І нават калі ёй далі пуцёўку ў Кіславодск, ухапіў сабе, хаця ўрачы забаранялі толькі што пасля інфаркту. Ён так і не паглядзеў на той Кіславодск: памёр падчас палёту
Усё гэта толькі фіксавалася ў памяці Даны, сам Трубяцкі быў ёй чалавек нецікавы. А маці сябравала і з гэтымі людзьмі ў мундзірах. Былі ў яе сяброўкі.
Цікавы для Даны быў судовы сад. Зімовы калі Азарэвічы толькі прыехалі, белы цалік. Судовым не было часу на шпацыры, іншыя не насмельваліся шыбаваць без дай прычыны па садзе гэтай установы. Аснежаныя прысадзістыя яблыні, зусім замеценыя кусты парэчак. А ўвесну сад рабіўся празрыста-ружовы, светлавата-зялёны, і судовыя сакратаркі, Ядзя і Марыля, хадзілі садам падчас перапынку ў працэсе. Астатнія чамусьці дымілі цыгарэтамі па сваіх пакоях баяліся збыцца гонару, ці што? Быў адзіны выпадак-выключэнне, але гэта было пазней.
Да лета Азарэвічы зехалі з судовай «кватэры». Аднак сад надоўга застаўся ледзь не прыватнай уласнасцю Даны у судовых былі свае садэ, як казалі ў іх краі, ці службоўцам было не да збору садавіны: кірмаш побач, танны, багаты. Адным словам, парэчкі і маліны з куста ела Дана колькі хацела. А парэчкі былі і белыя, і чырвоныя, і чорныя. Выбірала Дана белыя, пераспелыя, нават крыху падвялыя, салодка-кіславатыя. Яблыкі раслі тут нейкага зімовага гатунку, летам былі, што камень, Дана не вельмі давала ім рады. Удома хапала наліву і малінаўкі, штрыфелю і грабштэйну, а ўзімку папяровак.
Так і засталося ў Даны ўяўленне пра суд як пра нешта хатняе, звычнае і чужое. Хатняе не так ад таго, што яны там жылі, як ад самога будынка утульнага катэджа, разлічанага на самавітае і прыватнае жыццё. Чужое Таму што Дана ніколі не дабрала да стадыі зацікаўленасці тым, што адбывалася ў будынку. Закон у гэтым слове было для яе нешта далёкае і жорсткае. Суд. Прысуд. Дана ўяўляла пакаранне толькі справядлівым, але тое, што пачынаюць дзейнічаць катэгорыі свету пагрозлівага і таямніча-варожага, выдавала бояззю: кодэкс, прэзумпцыя невінаватасці, падсудны Некага забілі, некага ашукалі, нехта рабаваў, нехта латраваў Яна інстынктыўна адстаранялася ад гэтага. Ніводнага разу не ўвайшла падчас працэсу ў залу суда І не ведала, што гэта было суцэльны эгацэнтрызм ці натуральнае стаўленне натуральнай істоты?
Пазней, калі Дана ўжо толькі наязджала ў свой горад, дык не любіла прыходзіць у суд яшчэ і таму, што павінна была ўвасабляць палепшаны, квінтэзіраваны, матчын стандарт. Гарнітур, паліто, капялюш, пальчаткі усё павінна было быць у лепшых традыцыях сямі Азарэвічаў. «Ты памятаеш Чэхава?» І ў тэатр, і на візіт, і на службу і ўдома каля печы трэба апранацца адпаведна і ніякіх капотаў наросхрыст або пакамечаных спадніц. Ці аксамітавых сукенак на кірмаш так меліся фарсіць жонкі вайскоўцаў. Праўда, памылак сваіх папярэдніц 39-га года яны не паўтаралі: тыя шыкавалі ў начных кашулях па горадзе, лічачы іх за святочныя строі. Дасюль на гэны конт хадзілі здзеклівыя анекдоты.
Дана разумела маці. Але прыязджала яна падчас адпачынку, каб мець нейкі пярэдых, і эстэтычныя катурны даставалі ёй дух. Потым яны паразумеліся візіт перад адездам. Свой час ягадзе, свой час баравіку. А да таго Дана хадзіла па хаце і ў парку, і на замку ў вузкіх нагавіцах і нейкіх блузах і свэдрах кампрамісны варыянт: і ёй зручна, і маці не супраць.
На вакацыях і падчас адпачынку Дана прыглядалася да здымка, што быў навідавоку: бацька ў цывільным гарнітуры стаяў, абапершыся за стаяк з кветкамі; бацька ў вайсковым убранні разам з маці, а Дана стаіць паміж імі; бацька глядзіць з-пад палёў капелюша загадкавы, таямнічы, знаёмы і незнаёмы, як герой фільма. Маці не вельмі ахвотна гаварыла пра яго. Вобраза ідэальнага бацькі і героя збройнай справы не рабіла, але нічога кепскага таксама не згадвала. Дана магла выдумляць сама Свае ж уласныя карані маці хавала і ганарылася імі. Маці Вольгі Станіславаўны памерла, калі ёй было восем гадоў, а бацька, дзед Даны О, дзед! Дзед прыехаў сюды разам з імі. Ці хутчэй яны прыехалі разам з дзедам. Называлася гэта спецыялістаў накіроўваюць на вызваленую тэрыторыю. Спецыялістам была маці. Здаецца, яе не вельмі каб хацелі сюды выпраўляць; шосты пункт анкеты не адпавядаў высокім запатрабаванням. Там стаяла: б/п, беспартыйная. Не зусім той спецыяліст.