У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава 5 стр.


Дана як магла потым пазбягала Ніны. А тая, меўшы вялікую хэнць шчыкнуць па носе або адхвастаць ганарлівую «паненку», даводзіла ёй вусныя прысуды: квелая, гнілая, тоўстая. Першыя два азначэнні з поваду таго, што Дана часта хварэла на ангіну. Апошняе у параўнанні з бледнымі і худымі, што чарацінкі, пасляваеннымі адналеткамі мала хто еў сытна дагледжаная, з тварам ружова-вяршковага колеру Дана не адпавядала агульным «стандартам». Маці звяла добрую частку свайго гардэробу і ездзіла па камандзіроўках, але «дзіця» было сытае. Калі Ніне зусім ужо карцела дапячы Дане, яна пачынала выводзіць рэчытатывам: «Паненэчка мала, рана дысей ўстала» Што падкрэслівала эксплуататарскі сэнс Данчынай істоты і перавагу сялянства Ніны.

Дана вяла, так бы мовіць, лінію грамадзянскага непаслушэнства. Ніна, калі не было дарослых, мелася ўчыняць хатні дыктат. Дана касавурылася і вяла сваё. Тым часам Дана пайшла ў школу, на другую змену, і Ніна мела абавязак сустракаць яе. Дана вынаходліва шукала маршруты, вядомыя толькі ёй адной, і шыбавала дамоў з сяброўкамі. Злацешылася Ніна, калі Дана заліла сваё белае цыгейкавае футра чарніламі. «Во, глядзіце, нягодніца! Пястунка матчына!» Дана не апраўдвалася. Што зробіш, даводзіла сваё блазнюкам-хлопцам, што дражнілі яе. Дана выліла ім на галаву ўсю сваю «непралівайку» былі такія чарніліцы. Пацярпела і сама, але ж дражнілкі скончыліся. Ніхто нікому не жаліўся: закон гэты правілі ўсе.

Урэшце яны з Нінай сталі суіснаваць, прымірыўшыся з непазбежнасцю прысутнасці адна адной. Калі Дана перайшла ў восьмы клас, Ніна зехала ў горад Калінінград, былы Кёнігсберг. Пабрала там, ці то на шчасце, ці на няшчасце, шлюб з равеснікам Даны і дагаджала яму як магла. А Дана з маці ездзілі аднойчы ў той горад да яе ў госці, як Дана перайшла ў дзясяты клас. Калі Дана стала дарослай, да яе неадноечы прыязджала Ніна з мужам на правах пяшчотнай выхавацелькі і клапатлівай гаспадыні. Дана зла на яе не трымала, але і злагады таксама не было. Можа, таму, што пасля Ніны зявілася Зося, вясёлая, гаваркая. Смажыла смачныя катлеты, цыравала ўсё, што было ў хаце, лічыла кожнага паўрублёвіка. І галоўнае любіла Дану. Не гаварыла пра тое, але Дана заўсёды гэта адчувала. І дзяўчынай, і дарослай. Спрабавала быць уважлівай, хаця не заўсёды ўдавалася: марнасць марнасцяў, жыццёвая мітусня.

Тым часам дзед зязджаў і надоўга у іх горад. Некага шукаў і не знаходзіў. Некага знаходзіў і, падобна, радасці ад таго вялікай не меў. Маці таксама амаль што не бывала дома. Летам збіраліся пераязджаць. Спачатку ў Баранавічы. Ніна таксама кіравалася з імі.

У Баранавічах яны жылі ці не з месяц у старшыні калегіі адвакатаў. І ягоная жонка ўсё нагадвала: «Вось забяру Дану, і мы зедзем да Ракасоўскага». Дана мела тую пагрозу за сурёз і мысліла: «Ракасоўскі няблага, бацькі ў яе ўсё роўна няма, а той маршал і з выгляду прыгожы: у кінахроніцы паказвалі. Да таго ж асоба надзвычай папулярная хто яго не ведаў на тую пару на Беларусі!  чаму б і не. Але ж маці відавочна была ёй больш даспадобы, як гэта гаваркая кабетка. Маці густоўна апранута, маці адвакат, а не хатняя гаспадыня, маці ўсе паважаюць, лічаць, што практыкуе яна вельмі ўдала. Да сораму свайго, да высновы, усведамлення, што яна, маці Даны, Вольга Станіславаўна Азарэвіч для яе адзіная ў свеце, Дана прыйшла пазней.

Ну, але старшынёва жонка да Ракасоўскага не спяшалася, а неўзабаве Азарэвічы зехалі на іншую кватэру. З той прыватнай кватэры доўга помнілася акно з выстаўленай шыбай і без фіранак. Там іх абрабавалі. Знеслі ўсё нават мытую бялізну, і шторы, што чакалі праса і былі акуратна складзены на стуле. Засталіся Азарэвічы як стаялі. Дзякаваць Богу, быў лістапад, і снежны, то ўсе былі ў зімовых паліто.

Да таго ж яшчэ з Вілейкі маці Даны ездзіла чамусьці ў Гомель па багаж. І папрасіла нейкіх сімпатычных самавітых людзей, мужа і жонку, пасцерагчы хвілінку іх валізкі. Калі Вольга Станіславаўна вярнулася, тых дабрадзеяў як чорт хвастом накрыў. Разам з куфрам, дзе было багацце Азарэвічаў: Бібліі, кнігі, альбомы са здымкамі, дакументы іх сямі, розная драбяза, пра якую гавораць: дарагія як памяць. Зніклі і дзве валізкі з кнігамі. Усё гэта было цяжэннае і наўрад ці спатрэбілася тым рабаўнікам. А дзед і маці ўчарнелі ад тых страт. Дзед маўчаў, Вольга Станіславаўна ведала сваю правіну сапраўды, толькі яна магла ў сорак чацвёртым (!) ваенным годзе займець вялікі давер да незнаёмых людзей.

А ў Даны з тых падзей пэўная старожкасць засталася на ўсё жыццё.

І калі ў хаце з вокнаў здымалі фіранкі, парадкуючы хату перад святамі, а вокны, як запаляць святло, зеўралі адкрытай цемрай, Дана заўсёды адчувала няўтульнасць і трывогу. І прысутнасць зладзеяў у свеце.

Яшчэ горш за зладзеяў помнілася клятая табліца множання. Яе вучылі якраз тым часам, як жылі на той кватэры. Большага пакарання, як вучыць табліцу, не было. Потым засвоілася неяк сама. Але са школьнай навукі, што давалася лёгка і неўпрыкмет, найвышэйшай пакутай выдавала тая табліца.

У Баранавічах, здавалася, усё было супраць іх. Нават у дзень нараджэння Даны. Менавіта тады Ніна кляла яе: «Гэта ж не дзеўка, а чорт з макам. Квелая-квелая, а тут зямля ж гарыць пад нагамі!» Прынамсі, прычына для гневу была: новая блакітная маркізетавая сукенка да прыходу дарослых мала што пераўтварылася ў нешта невыразна шэрае і выразна бруднае, дык шматок ад яго застаўся навекі на баранавіцкім плоце. Да прыходу Ніны (яна выкіравалася на кірмаш) Дана, пабіўшыся аб заклад, з гонарам асвойтала вішню і чарэшню, і, уздзябурыўшыся на плот, падбіралася да клёна. Пачуўшы лямант Ніны, тарганулася, і высветлілася, што маркізет не самая трывалая матэрыя. Ну праўда, заклад у сына гаспадароў і яго сябрукоў яны перайшлі ажно ў чацвёрты клас выйграла Дана. Хто гэта выдумаў, што дзяўчаты не ўмеюць лазіць па дрэвах? Хто? У іх дурны футбол, і ў вайну яна гуляць, пэўна, не будзе, ажно тут трымайцеся, жаўнеры! (Хлопцы ўсё меліся падкрэсліваць, што яны будучыя ваяры.) У Даны свае меркаванні ёсць але ўсё тое вялікая таямніца: яна яшчэ стане не кім-небудзь, капітанам дальняга плавання! У свае сем гадоў не, ужо восем!  яна не мела ў тым сумніву.

Пазней Дана неаднойчы была ў Баранавічах, і неяк не выпадала трапіць у Вілейку. Так і засталася Вілейка горадам, у якім ёсць утульная гасцінная хата. Дзе святкуюць Каляды. Дзе цудоўнае паветра. Дзе бываюць розныя прыемныя выпадкі. А Баранавічы ляглі на памяць як горад перасадак, пераездаў, непрыемнасцяў Для некага таксама, мабыць, засталіся горадам дзіцячай мары Але тое ўсё было пралогам, інтэрлюдыяй. Галоўнае было ў іх горадзе. Дзе было незалежнае жыццё душы. Замак. Касцёл. Ваколіцы. Школа. Сябры. Настаўнікі.

Суседзі. Людзі яе жыцця.

Непахіснасць рэальнасці

Напачатку, калі весці гаворку пра суседзяў, Луіза Генрыхаўна.

Луіза Генрыхаўна была акуратная, абруселая, абеларушаная, украінізаваная немка. Вырасла яна на Украіне, потым жыла ў Расіі, замуж пайшла за беларуса. Дзеля зручнасці яе ўсе, акрамя маці Даны, называлі Лізаветай Андрэеўнай, і яна не крыўдавала. Луіза Генрыхаўна была ўдава і чакала са службы сына. Рабіла ў краме. У аддзеле галантарэі і парфумы. Усё жыццё, прыйшоўшы купіць духоў ці мыла, Дана згадвала Луізу Генрыхаўну.

Луіза Генрыхаўна не стаяла, скасавурыўшыся, за прылаўкам, нібыта яе сюды накіравалі за нейкі грэх ці правіну. І не глядзела на пакупнікоў, як уладарыня на сваіх васалаў, што прыцёгліся немаведама чаго на яе светлыя вочы. Не мелася трымаць усіх з таго боку прылаўка за зладзеяў. Луіза Генрыхаўна у чорным бліскучым халаце з бездакорна белым карункавым каўнерыкам увасабляла сабою ветлівасць, прыязнасць, добразычлівасць. Спакой. Яна была напагатове. Не: «Чего изволите?» Але: «Чаго зажадаеце?» Па тым часе ў яе заўсёды былі духі «Магнолія» і «Камелія» іх любіла маці Даны. Заўсёды была і «Чырвоная Масква» Луіза Генрыхаўна сведчыла, што жонкі вайскоўцаў аддаюць перавагу толькі гэтай парфуме. Акрамя Кацярыны Пятроўны. Тая любіць «Белы бэз». Кацярына Пятроўна была знакамітасцю лакалёвай. Жонка кампалка, яна сама рулявала адзінай у іх горадзе «Пабедай», падчас вайны была на фронце. Яе звалі Капітаншай, хаця, здаецца, у мужа быў вышэйшы чын. Можа, сама мела капітанскія пагоны? Ну, а ў іх горадзе чыста жаночы чын у яе быў не меншы за генеральскі. Кожным выпадкам, жонкі мужчын вайсковых і цывільных гатовыя былі зашчаміць зрок сваім шаноўным палавінам, калі Кацярына пераможна бліскала нязбытным блакітам вачэй перад кінасеансам у РДК, дзе збіраўся «ўвесь горад». І ці не менш мясцовыя жонкі, шчаслівыя «ўладарніцы» мужоў на той небагаты на маладых і адносна маладых мужчын пасляваенны час, баяліся новай следчай Норы. Высокай, як выструненай, з такой жа пераможна залацістай хваляй валасоў, як у Кацярыны Пятроўны; заўсёды у скураным паліто і ў кіцелі. Кацярына ззяла не стомленымі аніякімі заняткамі вачмі і свежым тварам (яна нідзе не рабіла), шыкоўнымі трафейнымі футрамі, сукенкамі a la Марыка Рок і была падобная на «дзяўчыну мары».

Назад Дальше