У святой краіне выгнання - Ала Сямёнава 6 стр.


Кацярына Пятроўна больш падабалася Луізе Генрыхаўне можа, таму, што Нора не купляла ў яе духоў? Можа, таму, што ваенны статус Капітаншы быў у мінулым, а суровая Нора ўвасабляла сабой сённяшняе рэальнае становішча. Луіза Генрыхаўна неяк прамовіла каб выбіраць, то яна не вельмі б ірвалася мець суседкай каго з двухпавярховага пракурорскага будынка. А найлепшай рэкамендацыяй у вуснах Луізы Генрыхаўны былі словы: «Гэта мой сталы кліент». І Луіза Генрыхаўна здабывала, прасіла на базе ружовую пудру, пудру «рашэль», модныя рыдыкюлі, нейкія карункі, сутажы, гузікі, духмянае мыла каб збыцца прэйскурантнай нэндзы пасляваенных гадоў. Шаснаццатая крама, дзе рабіла Луіза Генрыхаўна, месцілася ў былых гандлёвых радах з традыцыйнай каланадай. Адразу як увойдзеш аддзел Луізы Генрыхаўны. Нібыта даніна традыцыі і добраму густу.

У выхадны свой дзень Луіза Генрыхаўна смажыла вялізныя смакотныя катлеты, варыла кісель і ўвечары ішла ў кіно. На «Вялікі вальс», «Серэнаду Сонечнай Даліны», «Петэра». Яна любіла трафейныя фільмы: там былі прыгожыя жанчыны і шчаслівы канец. Ніхто, між іншым, не зважаў, здаецца, на тое, што гэтая кабета належала да пераможанай нацыі: дзіва калі згадаць лёс яе супляменнікаў у Саюзе.

Прыйшоўшы ў кіно, Луіза Генрыхаўна ўсплёсквала рукамі: «Ах, Франчэска Галь!», «Ах, Дзіна Дурбін!», «Ах, Марыка Рок!» І рашуча падводзіла рысу: «Ажно да Веры Халоднай ім далёка!» «О-о-о!» Луізы Генрыхаўны было шматзначным і важкім. Запярэчыць ніхто не мог. Веру Халодную ніхто не бачыў.

Тым часам Дана ўжо ведала таямніцу хаця гэта былі тыя веды, што нічога, акрамя расчаравання, не даюць. Гадоў да васьмі Дана лічыла, што для кіно нехта ходзіць, глядзіць і здымае, занатоўвае на стужку. І было крыху ніякавата а раптам і яе нехта здымае? Потым яна даведалася, што ёсць акцёры, рэжысёры, аператары, процьма розных людзей, якія здымаюць фільмы, што ёсць спецыяльныя кінастудыі, і ўздыхнула з палёгкай і расчараваннем.

Да таго ж, мабыць, больш за кіно Дана любіла кнігі. Луіза Генрыхаўна таксама любіла чытаць. Да раманаў ахвоты не мела. Затое была ў яе незвычайная цікавасць да кніг пра падарожжы і мемуары. Незацярушаная памяць Даны трымала ўсе прозвішчы і геаграфічныя назвы, да вялікага захаплення Луізы Генрыхаўны. Тая неаспрэчна ўсім абвяшчала: «Хадзячая энцыклапедыя». На іх кухні гэта гучала куды больш прывабна за Нінчына: «Рукі як граблі». І Дана была ўдзячная Луізе Генрыхаўне за падтрыманае саліднай асобай яе рэнамэ.

Зорны час Луізы Генрыхаўны надыходзіў, калі набліжаліся святы і асабліва дні нараджэння. Ну, перад святамі ўсё ў непараўнана значных маштабах штогодна паўтарала дом каморніка ў Вілейцы. Толькі тут былі нейкія кілбасы па-венску, струдзелі, бужаніна. Час быў ужо больш багаты. І маці рабіла горы хрустоў, булкі, булачкі, пірагі, рулеты, гусь з яблыкамі, парасят з грэчневай кашай. Абавязковымі былі паляндвіцы і кумпякі ад Буячыхі і Ківачыхі лепш за іх у горадзе не вэндзіў ніхто. У святочны дзень збіраліся ў вялікім пакоі Азарэвічаў. На Каляды ў двух вялізных люстрах адбівалася яліна пад столь. На Вялікдзень горы залацістых яек. Азарэвічы былі каталікамі, Луіза Генрыхаўна пратэстанткай, Ніна праваслаўная. Гатавалі столькі, каб хапіла на ўсе святы. На Каляды абядноўваў Новы год. Увесну Першае Мая. Святкавалі і Кастрычнік. І Май. Таксама са смакам.

Ну, а дні нараджэння і дні анёла былі ў хаце падзеяй. Луіза Генрыхаўна падымала ўсіх на золку. Як прачнецца герой дня, кветкі павінны быць у вазах, падарункі раскладзены, вокны расчынены,  і ўсе павінны выструніцца каля дзвярэй, нібыта прычэкваючы выхаду каранаванай асобы. Асабліва ўрачыстым, святочным выдаваў дзень нараджэння маці. Тое надаралася на пачатку чэрвеня, і хата літаральна патанала ў кветках. Чаромха, бэз, півоні: белыя, бела-ружовыя, ярка-ружовыя «каменкі». Кветкі ў іх хаце былі не толькі данінай звычаю яны панавалі, задавалі тон жыццю, былі сімвалам красы, прыязнасці. Мабыць, знакам мастацтва. Музеяў у іх горадзе не было, не было і карцін, калі не лічыць аматарскіх спроб доктара Мазурка, што жыў пад імі на першым паверсе. На яго кабінеце ў клініцы вісела назва «вухагорла-нос», усе паважна гаварылі пра яго: ларынголаг. Ён быў добрым спецыялістам, а да таго яшчэ мастаком і паляўнічым. Маляваў ён пейзажы і нацюрморты, кветкі ў вазах. Луіза Генрыхаўна і Данчына маці аддавалі перавагу кветкам жывым, а на зіму ставілі букеты з аўсяных сцяблоў і белых, празрыстых, як матылькі, лунарый. Вазы гэта таксама быў не проста посуд для кветак, а нібыта ўздых па былым сеўрскім, гесэнскім фарфоры. Побач, у Бярозаўцы, быў шклозавод. І кватэра і ў пакоях Азарэвічаў, і ў пакоі Луізы Генрыхаўны была поўная вялікіх, меншых, малюпасенечкіх крышталёвых ваз. Для півоняў і гладыёлусаў, для хрызантэмаў і астраў, для канваліяў і пралескаў. Праўда, у Вольгі Станіславаўны была яшчэ ваза, у якую мелі гонар трапляць толькі бэз і чаромха, ну, і самыя высозныя півоні і гладыёлусы. Ваза была аграмадная (туды месцілася вядро вады), з вузкаватым горлам. А на яе высокіх баках блакітам выдавала возера з прыгожа-карычневымі чаратамі, сярод якіх паважна шпацыравалі буслы.

Ваза стаяла на цяжкім дубовым стале і дадавала старасвецкай важкасці знойдзеным дзедавым дабротам. А Луіза Генрыхаўна ставілася да вазы і да мэблі Азарэвічаў з павагай старога антыквара, што знайшоў нечуваны рарытэт. Луіза Генрыхаўна любіла рэчы трывалыя, самавітыя і надзейныя. Асабліва любіла дубовую шафу з бляшанай чорнай этыкеткай. Шафа была перакупленая ў маёра, што зехаў у Пухавічы, і надавала праўдзівасці легендзе пра астатнюю мэблю хаця, на погляд Даны, сапраўдная гісторыя была куды цікавейшая. Але пра тое маці загадала аніколі ні словам не азывацца. Дана была паслухмяная дачка а маці пэўна ведала: рамантычныя гісторыі не маюць вялікай пашаны ў тых людзей, што вызначалі і вызначаюць лёс многіх. Луіза ж Генрыхаўна нейкім генным чуццём, мабыць, адчувала сапраўдную «нямецкасць» шафы і дабрала да яе сімпатыі.

Як і Вольга Станіславаўна, Луіза Генрыхаўна любіла чысціню. І стромая лесвічка ў два пралёты з пераходам была, як і падлога ў хаце, заўсёды мала што вышараваная да яйкавай жаўцізны, але і засланая чысцюткімі ходнікамі, зробленымі нейкай вясковай майстрыхай з матузкоў розных тканін яны былі светленькія, стракатыя, яркія.

Пазней, жывучы ў гарадскіх менскіх кватэрах з запляванымі лесвіцамі чым далей да канца стагоддзя, тым больш,  Дана заўсёды згадвала ясную, як з просценькай казачкі, лесвічку: «У нейкім царстве, у нейкім гасударстве жылі-былі»

Жылі-былі

Луіза Генрыхаўна любіла рэчы, як відавочнае ўяўленне непахіснасці рэальнасці. Любіла рэчывы. Прысмакі. Гародніну. Садавіну. Мяса. Яйкі. Кароннымі яе днямі былі яшчэ дні кірмашовыя. Аднак тут займелася не абыякая суперніца Ніна.

Плён зямлі

Кірмаш быў справай сурёзнай. Тут былі свае законы. У нядзелю у кірмашовы дзень усё ажно гуло ад вазоў на брукаванцы. А парсючкі вішчалі так, як быццам іх тут, на возе, і смаляць. У хатах спяшаліся на кірмаш. Кірмашовы гандаль да гэтага ставіліся з павагай. Асноўны набытак быў адтуль, з кірмашу. Мяса, масла, яйкі, садавіна, гародніна усё адтуль. Купіць добрае і танна было справай гонару.

Луіза Генрыхаўна ў адзінаццаць гадзін павінна была быць у краме, і яны з Нінай выпраўляліся з дому гадзіне а сёмай. Чамусьці заўсягды цягнучы з сабою Дану, Ніна любіла хадзіць на кірмаш без гаспадыні. Калі ішла маці людзі пазнавалі яе і скідалі якую капейчыну. Хто яго ведае, як жыццё абернецца, няпэўнае паваеннае жыццё. Куды ж кінешся? Да адваката. Абаронца. Дарадчык. Дзе ж тут Ніна магла аказаць свой талент? Ну, а калі адна Дана ў разлік не бралася, хіба што было перад кім пакрасавацца. Ну, а паглядзець было на што. Ніна і Луіза Генрыхаўна разбягаліся ў розныя бакі ледзь не ад гары Міндоўга кірмаш месціўся пад гарою. І кожная пачынала свой спектакль? гульню? экзамен на спрыт? Дана заставалася пры Ніне. Ніна ж Трымайцеся, гаспадыні і гаспадары! Ніна перашчупае ўсіх курэй, пакаштуе ўсё масла, папераварочвае ўсё мяса. Спрачаецца за кожнага паўрублёвіка так, як быццам ад гэтага залежыць дабрабыт і лёс усіх яе сваякоў, нашчадкаў і знаёмых. Абабяжыць дзесяць разоў усе вазы, перастарэкаецца з усімі.

 Ой, бацюхна, дык вашаму пеўніку столькі ж гадоў, як майму свёкру,  адчайна ледзь не драла пере няшчаснай птушцы Ніна.

Дане хацелася ўкінуць свае тры грошыкі наконт неіснуючага свёкра, але яна моўчкі падтрымлівала непадробны Нінчын гандлёвы імпэт.

А Ніна раскідвала на возе яблыкі.

 Даражэнькі, мне такіх смакаўных ды прыгожых, як ваша жонка перад вяселлем!

Той даражэнькі і слова ўкінуць не паспяваў, як Ніна спрытна напакоўвала поўны кошык, адабраўшы самыясамыя, адзін да аднаго.

 Го, яблычкі, хоць на калядную яліну,  пасміхаўся паважна гаспадар.

 Ну, дзе вы бачылі, каб у жніўні ды такая цана? Дзе вы бачылі?

 І адкуль вы такая спраўная?  рагатаў дзядзька. Яму відавочна падабалася весці гандаль з гэтай кабетай: ну што за кірмаш, калі словам не перакінешся?

Ніна ўжо на хаду нешта вясёла крычала і неслася далей. Ухапіўшы ледзь не тузін куранят і сунуўшы Дане кошык з яблыкамі, яна вяла свой маналог: «Во акурат, крыху іх падгадую і ў смятане, з баравічкамі і з бульбай». Дана ведала, што ў смятане, з баравічкамі будзе гатаваць маці, але Ніне не пярэчыла, хай сабе галёкае. Яе фэст. Ды Ніна і не пачула б, ляцела, што ганчак за зайцамі. А было дзе раскашавацца кірмаш быў ад гары Міндоўга і да таго месца, дзе пазней нейкі час быў аэрапорт, лёталі «кукурузнікі», сорак хвілін і ў сталіцы. Як вецер, то быў «кукурузнічак» як трэнажор для касманаўтаў, а нічога: тутэйшы народ трымаўся, што табе тузін Гагарыных: самалёцік меў якраз дванаццаць месцаў.

Назад Дальше