Пантофля Мнемазіны - Людміла Іванаўна Рублеўская


Людміла Рублеўская

Пантофля Мнемазіны

© Л. І. Шніп, 2018

© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018

© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Раздзел першы

Прывід з унітазам

Вы разбіраецеся ў пагонах?

Я не.

Таму цяпер і сяджу ў закутку, дзе на адным маніторы бачу, як людзі ідуць па лесвіцы ўніз, на другім уверх.

Як на малюнку аўстрыйскага мастака Эшэра, які любіў маляваць неіснуючыя канструкцыі, па якіх то жамяра поўзае, то чалавечкі.

Ну скуль мне было ведаць, што маленькае фота дзядзькі не з тымі пагонамі запхне мяне ў гэты закуток, да гэтай дурной працы, нібыта спецыяльна прыдуманай мне ў пакаранне.

А ўсяго толькі ў ведамаснай транспартнай газетцы, дзе я працавала дызайнерам, трэба было размясціць чарговую гутарку з Вельмі Важным Начальнікам, адначасова і ваенным, і транспартным. Раз-два, фоткі з інтэрнэту спампавала Як па мне, дык усе там на адзін твар: квадратныя сківіцы, халодныя вочы, на фізіяномію зірнеш да варажэі не хадзі, ногі ў кірзавых ботах.

Але фота, якое я на аўтамаце паставіла на паласу, аказалася старое, і ў дзядзькі на пагонах блішчэла на адну зорачку меней, чым ён цяпер мае.

 Толькі і адчапіліся, калі запэўніў, што віноўныя паляцяць з працы са свістам,  начальнік мой, Вячаслаў Мацеевіч па мянушцы Доктар Зло, стамлёна выціраў змакрэлы лоб папяровай сурвэткай з выявамі калядных аленяў. Вядома, што з цябе, дзеўкі, узяць. Сітуацыя дурная. Звальняць не буду, але перасядзі, пакуль усё супакоіцца, на другой пасадзе, далей ад рэдакцыі, каб на вочы нікому не траплялася.

Вось і не трапляюся. Я цяпер незаўважная, як шашаль у бярвенні.

Месца маёй высылкі у вольным кутку службы бяспекі. Ахоўнікі вестцы, што цяпер у іх пад бокам будзе шыцца нейкая дызайнерка, асабліва не ўзрадаваліся. Тым болей міла шчабятаць не ўмею, на заляцанні рэагую, як воцат на лыжку соды.

Першая змена маіх пільных суседзяў з шасці да шаснаццаці, другая з шаснаццаці да гадзіны ночы. У першую звычайна дзяжурыць Паша, малады бялявы мент. У другую Вадзім Максімавіч, суворы мужчына з абліччам, якое немагчыма запомніць. Паша любіць слухаць расейскі гурт «Любэ» і жаваць сушаных кальмараў, мабыць, марачы пры гэтым пра піва, немагчымае «пры выкананні». Вадзім Максімавіч пе біякефір і разгадвае красворды. Ягоныя тоўстыя пальцы так нязграбна сціскаюць асадку, што згадваецца Кінг-Конг за банкетным сталом. Абодва, змірыўшыся з маёй прысутнасцю, пачалі мной апекавацца. То гарбатай з тэрмаса пачастуюць, то адпусцяць прайсціся на свежым паветры «прыкрыем, калі што». Але я стараюся не кантактаваць з ахоўнікамі іх вочы, здаецца, працінаюць мяне, як жамяру, а з вуснаў вось-вось прагучыць пытанне: «А ну, грамадзянка Ірына Корвус, як выглядаюць пагоны палкоўніка? Адказвайце зараз жа!»

А я абліваюся потам ды маўчу, бо зорачкі бессэнсоўна круцяцца ў галаве, як у ігральным аўтамаце «аднарукі бандыт», а з іх аніяк не складаецца выйгрышная камбінацыя.

Дарэчы, сапраўднае маё імейка Вірынея. Простым шляхам з савецкага серыяла, які дужа любіла мая мама. Але толькі блізкія людзі, пасвечаныя ў таямніцу маіх пашпартных дадзеных, звяртаюцца па-серыяльнаму. Тут, у нетрах метрапалітэна, я Ірына Максімаўна Корвус, у дзявоцтве Нарушэвіч.

Тут пах нагрэтага металу, дыму, мазуту І ціха. Як не павінна быць. Гукаізаляцыя, бы ў падводнай лодцы. Замест гукаў вібрацыя Праз роўныя прамежкі часу яна скаланае памяшканне, быццам я знаходжуся ўнутры істоты, якая пачынае рагатаць альбо кашляць Мяне заглынулі і пераварваюць.

Справа ў тым, што маё цяперашняе месца працы проста над станцыяй метро. Тут, у закутку службы бяспекі, вылучылі для мяне стол з кампутарам, сабраным з запцацак, як стварэнне Франкенштайна. Уключаецца выспяткам у бок. Я механічна раблю чарговую рэкламную абвестку (курсы па вырошчванні трэцяга вока, супер-распродаж дзіравых шкарпэтак, студыя карэкцыі фігуры з дапамогай іспанскіх ботаў) ці прыдумляю сацыяльны плакат, які будзе заклікаць аплачваць праезд у грамадскім транспарце і трымацца за поручні. Вельмі хачу намаляваць мокрага пянага янота, які круціцца на поручні, як стрыптызёрка на шосце. Не наважваюся. Напалоханая я, спадарства. Адбілі ахвоту сцябацца. Толькі туга бярэ, калі чую чарговае заданне, якое яшчэ сем год таму паставіла б мяне ў позу берсерка: ды нізавошта! Ганьба! Не дам замазаць сваё імя гэтай ідэалагічнай лухтой!

Але любая поза стамляе, нават на бронзавым пастаменце пад лаўравым вянком. Цяпер я апускаю вочы, прыміраюся, што агіда да сябе і страх у бліжэйшыя некалькі дзён трывала паселяцца ўва мне, і пачынаю рабіць, што скажуць. Самапавагі ў дзяржаўных установах не прадугледжваецца.

Са свайго закутка я магу выйсці ў велізарны калідор. У падлозе, яна ж столь для тых, хто ўнізе,  зашклёныя ячэйкі, падобныя да квадратных сотаў, празрыстыя толькі з майго боку. Не ведаю, што бачыце вы, калі задзіраеце галаву,  магчыма, цёмныя застрашлівыя прагалы ў жоўтых «сотах»? Асацыяцыі з сотамі непазбежныя. Бо такі густы мядовы жоўты колер там, унізе Уся станцыя жоўтая, як мёд. Я гляджу праз квадратныя адтуліны, і пада мной, як у сне, бо шкло каламутна-цьмянае, праплываюць галовы. У капелюшах і вязаных шапачках, з валасамі ў сутаргах хімічнай завіўкі, з пакутлівымі лысінамі. Хто выдумаў, што беларусы русявыя? Сапраўды светлыя валасы сустракаюцца рэдка. І тое яны збольшага плён хімікалій. Мімікрыя характарных паненак пад рахманенькіх. Бландынка я, не бойся, падыходзь, ты дакладна разумнейшы! Яшчэ сярэднявечныя венецыянкі ды старажытныя рымлянкі асвятлялі валасы аслінай мачой. Нізавошта не высветлю свае цёмна-рудыя. І завіваць не буду. Адзіны раз завіла на ўласнае вяселле. Гэта была кепская ідэя. І вяселле, і завіўка.

На вялікіх маніторах у сумежным пакоі, дзе сядзіць ахова, цэлы дзень праплываюць вашыя твары. Шэрыя ад недасыпу ўранку, шэрыя ад стомы ўвечары, шэрыя ад заклапочанасці ўдзень На халеру вы ў нешта там у юнацтве верылі, змагаліся за дыпломы, пасады і ўвагу ўпадабанай пары, каб хадзіць вось такімі шэрымі, як недапрасаваная бялізна?

Думку, што я памерла і цяпер на тым свеце, у персанальным чыстцы, я ад сябе баязліва-асцярожна адганяю, як вялізнага чмяля.

Як усё далёка Вершы ў стылі «Адвеку мы спалі, ды нас разбудзілі». «Беларусь ганарусь», «Айчына сына», «сумленне пакаленне», «зоры прасторы», «зямля мая» і, увага, выбух крэатыву «курганы груганы». Гэта я так калісь крэатывіла. Нават друкавалася ў часопісе для творчай моладзі, у рубрыцы «Дэбют». На фотцы мой лоб урачыста перавязаны стужкай з беларускім арнаментам. Каб ніхто не сумняваўся, якая аўтарка свядомая.

Быццам бы гэта было іншае жыццё, з якога ўсплываюць толькі эпізоды, як пялёсткі зёлак у размяшанай гарбаце. Вось мы ляцім у самалёце на нейкі там моладзевы семінар. Маладыя абліччы, звонкі смех. Сачыняем гісторыю пра беларускага супергероя. Хто б гэта мог быць? Чалавек-зубр? Чалавек-дзік?

Не, чалавек-трактар!

А яшчэ рамантычней Белы Трактарыст. Белы, як уваскрослы Гэндальф з «Уладара пярсцёнкаў».

Калі насядаюць ворагі-чужынцы, пакліч і з пушчы зявіцца Белы Трактарыст на імклівым трактары «Беларус» А ў Белага Трактарыста ёсць каханая дзяўчына. Яе трымаюць закладніцай у сутарэнні будынка-саркафага на галоўнай плошчы, у адмысловым халадзільніку. І завуць яе Але.

Калісьці звалі Алена, а можа Алеся, а можа і Александрына. Ды чым даўжэй прыгажуня ляжыць у сутарэннях будынка-саркафага, тым болей растае яе імя. Цяпер яна Але

Час ад часу Белы Трактарыст у тумане, пад пошум соснаў і шоргат сухога трыснягу выязджае на ўскраек лесу, да балота і тужліва кліча каханую: «Але-е-е!»

А калі яе імя растане да апошняй знікаючай літары настане канец усяму, «а-а-а-а-а», і абрушыцца саркафаг, і Белы Трактарыст пераедзе нас цяжкімі коламі, бо не ўратавалі ягоную каханую, забыліся нават, як яе завуць

Мы тады шмат прыдумвалі Што адбудзецца ў «Новай Беларусі». Томасы Моры і Кампанелы філфакаўскага разліву. Помню, газетку футурыстычную змайстрачылі на Пентыуме былі такія кампы эпохі «Тэтрыса» і Doom. Навіны светлай беларускай будучыні.

«Злавілі апошняга цмока ў Свіслачы. Чорная тлустая яшчарка на кароткіх тоўсценькіх лапках. Трымаюць у тэрарыуме Менскага заапарка, выселіўшы адтуль кракадзіла ямайскага. Эксперыментуюць, чым лепей карміць. Ялавічыну не жарэ, кураціну не жарэ, нават рыбу не жарэ, хоць рачное стварэнне. Трымаюць пакуль на манга, ператоўчаным з крэветкамі».

«У сутарэннях Полацка ладзяцца двухдзённыя экскурсіі з начлегам у падземным гатэлі на месцы Полацкай бібліятэкі. Кніг у бібліятэцы не засталося. Кажуць, езуіты вывезлі ўпотай, калі іхні ордэн забаранялі».

«Радзівілы вярнуліся на Беларусь і заснавалі пад Менскам завод па выпуску новай маркі аўтамабіляў Kakhanku. Марка заваёўвае рынак, бо ў кіраванні простая, як магнацкі дрыкгант, а ў аздабленні абавязкова пазалочаныя дэталі і чорны арол у якасці лагатыпа».

Дальше