Пантофля Мнемазіны - Людміла Іванаўна Рублеўская 2 стр.


«Аэрапорту ў Смалявічах надалі імя Янкі Купалы».

Якія мы былі шчаслівыя Тады я яшчэ не задумвалася, што ўсе ўтопіі застаюцца прыгожымі, пакуль якісьці фанатык не пачне іх увасабляць. І будзе ж старацца, каб дакладна ўвасобіць, а выйдзе роўненька наадварот.

Цяпер самой сабе здаюся падобнай да той «Але». Мяне так даўно ніхто не згадваў, што імя маё растала, выпарылася ў нетры метрапалітэна, збудаванага на балотах, пясках, суглінках і могілках.

Але нават як след абурыцца не магу, бо плаваю ў рэальнасці, як муха ў кісялі. Часам, адышоўшыся, каб не бачыў Паша ці Вадзім Максімавіч, я кладуся на падлогу-соты і гляджу, гляджу ўніз, як пада мной праплываюць людзі, людзі, людзі Ау, я тут! Я Але!..

Ды той адзіны чалавек, які б мог назваць цалкам маё імя, той, што прыдумаў там, у самалёце, Белага Трактарыста,  знік. Праз шэсць дзён пасля нашага вяселля. Паехаў на неадкладную сустрэчу з дзелавым партнёрам у Люблін. Марыў заснаваць там фірму па насценных роспісах. У яго ж спецыялізацыя была манументальны жывапіс. Асабліва ўдавалася імітацыя антычных развалін. Якраз на густ сучасных нуварышаў. На зваротнай дарозе меркаваў завітаць на рынак, прывезці мне адтуль Пунсовую Кветачку Дакладней, новы ўнітаз з іспанскага фаянсу для нашай хрушчоўкі-аднапакаёўкі. Выправіўся на ўласнай машыне. «Жыгулях». Адмыслова ў свой час шукаў савецкую марку. Выкупіў у Ждановічах за сорам сказаць дзвесце даляраў, у апгрэйд уваліў, мабыць, у дзесяць разоў болей. І распісаў арнаментам калінкавіцкага народнага строю. Ідыёт. Ён жа Віталь Корвус. Мой муж цягам шасці дзён.

Згарэлы «Жыгуль» знайшлі недзе ў гарах, на мяжы са Славакіяй, у раёне Закапанэ. Мястэчка, дзе калісь памёр ад сухотаў Іван Луцкевіч. Віталь Івана Луцкевіча дужа шанаваў. Рэдактар, антыквар, масон, усё мог зрабіць дзеля беларускай справы, хоць з бальшавікамі перамовіцца, хоць кайзераўцаў у Вільні з хлебам-соллю сустрэць. У Луцкевіча дзве магілы. Адна у Закапанэ, дзе ён праляжаў ледзь не стагоддзе. Другая у Вільні, на могілках Роса, куды яго перапахавалі (сімвалічна, бо магіла не знойдзена) ужо ў наш час. А ў Корвуса майго, Крумкача недарэчнага,  ні магілы, ні пэўнага лёсу

І толькі не трэба мне вашых версій. Думаеце, хоць штосьці я не чула? Мафіёзныя разборкі (знайшлі мафіёзі з парай соцень даляраў капіталу). Прыбралі канкурэнты (такі з Віталя быў бізнесмен, як з тармазной калодкі арфа. Проста марыў, каб раз і шмат грошай звалілася). Спецслужбы дасталі маладога апазіцыянера (ну, у пастарунку Віталь пару тыдняў калісь правёў, на мітынгах свяціўся, але калі ў грамадстве ўсё пасля плошчы патроху сціхла, сціх і ён. У палітыку не лез, бухцеў сабе на кухні, як спаконвеку ў інтэлігенцыі вялося). Зехаў да каханкі (любімая версія маёй мамы). Вывез кантрабанду і жыве на Канарах. Быў прададзены на органы. Страціў памяць і ляжыць у нейкай замежнай клініцы (версія Віталевай цётухны, адзінай радні). Трапіў у рабства, магчыма, сэксуальнае (ха-ха). Іншапланецян і паралельныя сусветы пакінем па-за падазрэннямі.

Такога я магу вам нагаварыць на сто старонак. Лепшага за мяне спецыяліста па закручванні сюжэту ўсё адно не знойдзеце. Не таму, што я Леў Талстой, а таму, што я мадэратар сайта фанфікшану. Ну, ведаеце, гэта калі школьніцы альбо іх расчараваныя ў жыцці настаўніцы пішуць працягі прыгод Гары Потэра і Северуса Снэйпа, альбо паляўнічых на монстраў Дзіна і Сэма Вінчэсцераў з серыяла «Звышнатуральнае», альбо вампіра Эдварда і анемічнай Бэлы, ці Арагорна з Арвен, ці Шэрлака Холмса з Ватсанам, ці Жалезнага Чалавека з Халкам, зялёным і няшчасным У свой час мяне гэтая дурата проста выратавала пасля зяўлення ў маім жыцці згарэлага «Жыгуля».

Спачатку чытала ўсё запар і рагатала над спробамі апраўдаць шлюб прафесара Снэйпа і Гары Потэра. Прафесар русалка, альбо кентаўр, альбо вампір, Гары Потэр светлы эльф, альбо васіліск, альбо голем ці ўвасабленне скандынаўскага бога Одзіна. Галоўнае, ім ну проста неабходна ажаніцца! А то фікрайтарша плакаць будзе.

Але за вычварнымі нязграбнымі аповедамі («он прицелился бровью в ее сторону, и они слились в страстном поцелуе»), якія нагадвалі байкі нанач у спальні летняга дзіцячага лагера, было столькі чыёйсьці тугі, спробы ўцячы ад нецікавага, балотнага жыцця, столькі таемных жарсцяў, якіх у рэале ніколі сабе не дазволіш А часам аўтары самі з сябе няслаба сцябаліся І я ўцягнулася. Пісаць самой, праўда, не надта атрымалася, затое сайт прыгожы зрабіла афармленне ўсё з таямнічых, гатычненькіх такіх дзвярэй. І мадэраваць налаўчылася.

Дарэчы, я там пад сваім замужнім прозвішчам Корвус. Дакладней, Корвус Коракс. Крумкач на лаціне.

Сайт мой не самы вядомы, Фікбуку саступае. «Пад знакам Урабораса»: не сустракалі назву? Але сталых падпісчыкаў тысяч дзесяць маю, а наведнікаў, ясна, у разы больш. Так што, да майго здзіўлення, я яшчэ і трохі грошай пачала зарабляць ад рэкламы.

Магла раскруціцца і шырэй але я не публікую ніякіх сквікаў ды кінкаў, то бок, фантазій з вычварэннямі. Высокіх рэйтынгаў таксама не люблю, па парнаграфію не да мяне. А так у фанфікшэне сумленней, чым на звычайным сайце пачынаючых літаратараў, які ў геніях, бы ў каросце. Мы прызнаём, што пераймальнікі, усяго толькі гуляем з чужымі тварэннямі Нам не свецяць месцы ў падручніках і літаратурныя прэміі. Галоўнае, ёсць чым заняць самотныя дні-вечары-ночы.

Урэшце, што такое ўсё наша жыццё, як не фанфік нязграбныя спробы напісаць свой лёс па ўпадабаным узоры. Раздзел за раздзелам мы выкладаем гэты вечны фанфік у выглядзе запісаў у сацыяльных сетках, фотаздымкаў, рэплік да сяброў і знаёмых. І фанфік гэты такія ж мае адносіны да нашага шэрага рэальнага жыцця, як аповеды маіх аўтараў пра сустрэчу з плячыстым богам Торам на парозе ўласнай хрушчоўкі.

У маім лёсе, прынамсі, ёсць матэрыял для сюжэта. Класна гучыць: «Прыемна пазнаёміцца, я саламяная ўдава». Жонка прывіда. Толькі і чакаць, калі паўпразрысты «Жыгуль» падляціць да падаконніка ўжо толькі маёй кватэры на чацвёртым паверсе і ненатуральна бледны ў святле месяца кіроўца выгукне: «Я прыехаў па цябе, жоначка!» А ў адкрытым багажніку блісне, як адшліфаваны вятрамі чэрап, набыты на польскім рынку іспанскі ўнітаз І саўндтрэк з «Тытаніка» гучыць А я такая ўся ў белым працягваю рукі

Ага, зараз Сем гадоў прамінула. Знаёмыя да вяселля былі ўсяго год. Сутыкнуліся ў студэнцкай мастакоўска-музычнай кампаніі на фестывалі бардаўскай песні. Скакалі ў танцзоне, падпявалі, абдымаліся. Потым усёй кампаніяй чыталі вершы Сыса і Караткевіча чамусьці помніку Максіма Горкага ў дзіцячым парку.

Максім Горкі хмурыўся і змрочна маўчаў, бо з беларускай літаратуры помніў толькі простых хлопцаў Купалу і Коласа, якія пішуць шчыра, але, наколькі згадваецца, прымітыўна.

Марціні, віскі, здаецца, партвейн.

Назаўтра мы з Віталём прачнуліся на мансардзе чужога лецішча ў адным ложку. Пакуль я ўсхліпвала ад разгубленасці і галаўнога болю (вось ужо не думала, што, як у мільёнаў дурнічак, першы сэкс здарыцца ў пяным тумане і амаль не запомніцца), Віталь клапатліва прынёс гарбаты, місу цёплай вады, аспірын, нечы жоўты махровы халат і цвёрда заявіў, што пабярэмся шлюбам. Нікуды ён такі скарб, як я, не адпусціць. Я выяўляла з сябе гордую крэпасць цэлы год. Але ўрэшце здалася.

А як было не здацца?

Віталь далучыў мяне да такога цікавага свету! Майго жаніха хапала на ўсё, нібыта паставіў сабе за мэту не абмінуць ніводзін беларускі культурніцкі праект. Літаратурныя вечарыны, вандроўкі па гістарычных мясцінах, кватэрнікі, забароненыя спектаклі ў закінутых дамах Вершы мае на музыку сам клаў, партрэты мае ў шляхецкіх уборах маляваў Вяселле ў нацыянальных строях, з бубначом і дударом, у аграсядзібе І грошы ў яго былі, казаў зарабляе прыватнымі замовамі.

Колькі мне стукнула, як жаніліся? Дваццаць адзін, другі курс інстытута. Мама ўсе вочы выплакала, запэўніваючы, што гэты доўгавалосы наркаман з Марінай Горкі проста паквапіўся на кватэру, што мне пакінула бабуля. Для мамы, галоўнага педагога дзіцячага садка, задачка «мастак плюс доўгія валасы» рашаецца проста: ці алкаголік, ці наркаман. А раз Віталь не піў

Ды што ўспамінаць Багіня памяці Мнемазіна носіць пантофлі са свінцовымі абцасамі. Ступае мякка, на дыбках, а націсне пяткай і струшчыць усё. Здаецца, вось гэта нізавошта не забудзеш, такое важнае, такое роднае а насамрэч застаецца толькі ўціснуты ў побыт адбітак, які ўсё больш скажаецца, растае, як малюнак прутком на пяску. Сем гадоў таму я раптам усвядоміла, што практычна нічога пра мужа не ведаю. Дзе вучыўся да таго, як ужо дарослым зявіўся да марінагорскай цётачкі, пашпартысткі па прафесіі, з кім сябраваў у дзяцінстве, нават што з ягонымі бацькамі здарылася. Цётачка-пашпартыстка мяне любіла, як больку на носе, таму ніякіх размоў не завязалася. Нібыта лёс Корвуса пачаўся адразу ў мастакоўска-музычнай тусоўцы, дзе ён узнік, як стыхійны дух.

Што я помню?

Уважлівыя вочы, цёмна-зялёныя, з украпінамі брунатнага.

Назад Дальше