Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 19171929 гг. - Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі


Аляксандр Гужалоўскі

Сэксуальная рэвалюцыя

Маёй жонцы Вользе

І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю.

Стары запавет. Быццё 1:28

Рэцэнзенты:

доктар гістарычных навук, прафесар І. І. Калачова,

доктар гістарычных навук, прафесар І. Р. Чыкалава


У афармленні вокладкі выкарыстаны плакат А. Страхава-Браслаўскага «Раскрепощенная женщина строй социализм!», 1926 г.


© Гужалоўскі А. А., 2017

© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2017

© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Уводзіны

Базавыя інстынкты чалавека, у тым ліку сэксуальны, ніводная чалавечая цывілізацыя не была здольная забараніць ці адмяніць. Тым не менш усе цывілізацыі выпрацоўвалі сістэмы рэгулявання сэксуальнага інстынкту ў выглядзе маральных і юрыдычных забарон. Таталітарныя дзяржавы, што існавалі ў ХХ ст., пайшлі далей і паспрабавалі выкарыстаць сэксуальную энергію насельніцтва гэты адвечны рухавік як інструмент сацыяльнага праектавання. У СССР імкнуліся змяніць сэксуальнасць і сэксуальныя паводзіны людзей у залежнасці ад змены кіраўнікоў дзяржавы і палітычнага курсу краіны. Сэксуальнасць у Савецкім Саюзе прайшла цыкл ад нечуванай свабоды 1920-х гг. праз кансерватызм эпохі сталінізму і адносна ліберальныя дзесяцігоддзі «развітога сацыялізму» да сэксуальнага буму канца 1980-х пачатку 1990-х гг.[1]

Ва ўсе гістарычныя перыяды культурная норма звязвала сэксуальнасць з рэпрадуктыўнай функцыяй, якая рэалізоўвалася ў форме сямі. Кожны чалавек акрамя сацыяльнага статусу, этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, а таксама маёмаснага становішча з моманту нараджэння і да канца жыцця меў такую характарыстыку, як сямейна-шлюбнае становішча. Менавіта таму стварэнне сямі для кожнага чалавека лічылася неабходным і натуральным. Калі малады чалавек ці дзяўчына, якія дасягнулі пэўнага ўзросту, не бралі шлюб, то гэта выклікала здзіўленне і плёткі. Заключэнне шлюбу кантралявалася, з аднаго боку, сямейна-шлюбным заканадаўствам, а з другога звычаёвым правам.

Важнасць для дзяржавы інстытуту шляхецкай сямі прадэманстравалі статуты Вялікага Княства Літоўскага. Так, згодна са Статутам 1529 г. забаранялася вянчанне хлопцаў, якія не дасягнулі 18 гадоў, і дзяўчат, маладзейшых за 15 гадоў (у сялянскім асяродку былі і больш раннія шлюбы). Замуж дзяўчына магла пайсці толькі са згоды бацькоў ці апекуноў, калі ж яна рабіла гэта самавольна, то пазбаўлялася пасагу. Вядома, воля жанчыны ці дзяўчыны ўлічвалася, нават калі гэта насіла фармальны характар. За згвалтаванне прадугледжвалася пакаранне смерцю. Толькі згода дзяўчыны на шлюб са злачынцам выратоўвала яго ад смяротнага прысуду. Статут уводзіў тэрмін «бенкарт» пазашлюбнае дзіця, якое нарадзілася ад нявенчанай жонкі альбо ад якога адмовіўся бацька і засведчыў гэта ў сваім тэстаменце. Бенкарты мелі дыскрымінацыйны статус.

Статут 1566 г. забараняў бігамны шлюб. Мужчына, які меў венчаную жонку і ажаніўся з другой жанчынай без скасавання папярэдняга шлюбу, падлягаў смяротнаму пакаранню. Калі жанчына ведала пра гэты факт, яна таксама каралася. Статуты разглядалі дашлюбныя і пазашлюбныя стасункі як заганныя і забароненыя. Але пакаранне ўводзілася толькі для асоб жаночага полу. Дзяўчына пазбаўлялася спадчыны і адпаведна пасагу, калі вяла распусны лад жыцця. Статут 1566 г. абавязваў бацькоў і сваякоў сачыць за паводзінамі жанчын. Пакаранне «горлам» прызначалася за пералюб абодвум мужчыну і жанчыне. Муж меў права забіць абодвух, і за гэта не было пакарання.

Шлюб шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім мог быць спынены з некалькіх прычын, такіх як фізічная смерць аднаго з сужэнцаў, прызнанне шлюбу несапраўдным, скасаванне шлюбу. Упершыню артыкул аб разводзе, які рэгуляваў маёмасныя адносіны сужэнцаў і вызначаў статус дзяцей, зявіўся ў Статуце 1566 г. Разводы ажыццяўляліся як праз духоўныя, так і праз свецкія суды. Духоўныя суды не мелі права разбіраць маёмасныя пытанні. Затое духоўны суд высвятляў адпаведнасць заяўленым сапраўдных прычын разводу (пералюб, фізіялагічныя перашкоды, жаданне прыняць пострыг і як выключэнне нязгода ў сумесным жыцці).

Пакаранне смерцю прызначалася распуснай жанчыне, якая нарадзіла дзіцё, а потым яго забіла з прычыны сораму ці страху (паводле магдэбургскага права яе закопвалі жыўцом). У Статуце 1588 г. было ўведзена пакаранне зводнікам абодвух палоў за намаўленне замужніх і незамужніх жанчын займацца прастытуцыяй. Зводнікам адразалі нос, вушы і вусны. За падобную паўторную правіну каралі смерцю. Падобным чынам караліся таксама кровазмяшальнікі, тыя, хто ўступаў у сэксуальныя стасункі з духоўнымі асобамі, а таксама прафесійныя прастытуткі («вшэтэчніцы»)[2].

Устаноўкі на заключэнне шлюбу былі вельмі моцныя сярод усіх слаёў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Падобныя ўстаноўкі фарміравалі ўсеагульны характар шлюбнасці насельніцтва Рэчы Паспалітай. Адной з галоўных прычын, якія вызначылі ўсеагульнасць шлюбнасці, было традыцыйнае стаўленне да сямі як да абавязку перад Богам і грамадствам. Падобныя каштоўнасныя ўстаноўкі базаваліся на рэлігійным светапоглядзе людзей.

Інстытут шляхецкай сямі, які былі закліканы абараняць статуты, моцна паслабеў у сувязі з сямейна-шлюбным крызісам, што ахапіў сацыяльную эліту ўсёй Еўропы ў галантнае ХVІІІ стагоддзе. Гэта быў час пачуццёвага геданізму, калі, паводле трапнага выразу Э. Фукса, «цнатлівасць, сціпласць, вернасць, як і іншыя маральныя прынцыпы, лічыліся перажыткам»[3]. Стала добрым тонам мець каханага ці каханку. Сціпласць высмейвалася. Пазашлюбныя сувязі падкрэслена афішавалі. Усё больш шляхціцаў-сужэнцаў жылі «ў сепарацыі». Муж шукаў уцехі на фальварку, сярод прыгонных маладзіц, а жонка сярод рэзідэнтаў і слуг.

У гэты час удзельнікі гродзенскіх баляў пасля танцаў з амаль аголенымі жанчынамі знікалі ў спецыяльныя наёмныя пакоі або карэты. Брат караля Станіслава Аўгуста К. Панятоўскі вазіў у карэце артыстку тэатра Юзэфку ў касцюме Евы. Князь Іеранім Радзівіл меў тры афіцыйныя жонкі Тэрэзу Сапегу, Магдалену Чапскую і Анжаліку Менчынскую. Стары рускі генерал І. Я. Ферзен падчас кватаравання ў Нясвіжы меў трох каханак з мясцовай шляхты. Губернатар Магілёўскага намесніцтва П. Б. Пасек адкрыта жыў з каханкай М. Салтыковай. Князь І. Р. Гарчакоў у сваёй рагачоўскай рэзідэнцыі саджаў абедаць разам з гасцямі каханку прыгонную дзеўку Парашу.

Галантнае стагоддзе паспрыяла сэксуальнаму разняволенню жанчын. Мецэнатка і калекцыянер Ганна Ябланоўская жыла асобна ад мужа, не ўмешваючыся ў яго прыватнае жыццё. Урач Саламея Русецкая змяніла некалькі мужоў, каханкаў, а дзяцей перадала на выхаванне ў кляштар. Тэафіля Радзівіл, якая ў карыстанні зброяй не саступала мужчынам, насуперак волі свайго брата «пане Каханку» ўцякла са сваім абраннікам у Львоў. У вір ліберальных сэксуальных адносін услед за шляхтай уцягваліся прадстаўнікі «простага народу» ў асобах лакеяў, цырульнікаў, пакаёвак і іншай прыслугі[4].

Імкненнем умацаваць інстытут сямі кіраваліся аўтары Законаў грамадзянскіх Зводу законаў Расійскай імперыі 1830 г., якія з дапаўненнямі дзейнічалі да 1917 г. Згодна з імі вянчанне адбывалася ў прыходскай царкве аднаго з будучых сужэнцаў, г. зн. шлюб не быў свецкім. Вянчанню папярэднічала абвяшчэнне. Для ўступлення ў шлюб вельмі важна было атрымаць згоду бацькоў незалежна ад узросту жаніха і нявесты (а для афіцэраў і гімназічных настаўнікаў яшчэ і начальства). Шлюб, заключаны без згоды бацькоў, тым не менш, прызнаваўся сапраўдным, але дзеці пазбаўляліся права атрымліваць у спадчыну маёмасць бацькоў паводле закону, калі бацькі ім не даравалі. Месца жыхарства жонкі вызначалася па месцы жыхарства мужа. Жонка мусіла ісці за ім, у адваротным выпадку яна магла быць змешчана ў дом мужа прымусова. Жонка была абавязаная насіць прозвішча мужа і прытрымлівацца яго стану. У шлюб забаранялася ўступаць блізкім сваякам, а таксама хлопцам да 18 і дзяўчынам да 16 гадоў. Шлюбам не стваралася агульная маёмасць мужа і жонкі, кожны з іх мог мець і набываць асобную маёмасць.

Бацькі не толькі мелі права, але былі абавязаны выхоўваць уласных дзяцей. Мэтай выхавання была падрыхтоўка дзяцей да карыснай дзейнасці: сыноў да службы, дачок да выканання абавязкаў жонкі і маці. Бацькі таксама мусілі ўтрымліваць непаўналетніх дзяцей у адпаведнасці з уласнымі магчымасцямі. Права бацькоў фізічна караць дзяцей так і не было адменена ў дарэвалюцыйнай Расіі. Улажэнне пра пакаранні дазваляла па патрабаванні бацькоў заключаць дзяцей у турму на тэрмін ад трох да чатырох месяцаў за непадпарадкаванне бацькам або распуснае жыццё. Для разгляду скаргаў бацькоў на дзяцей быў створаны адмысловы суд гонару, які не толькі вёў разбіральніцтвы, але і прыміраў бакі. Пазбаўлення бацькоўскіх правоў тагачаснае расійскае заканадаўства не ведала.

Бацька быў абавязаны ўтрымліваць незаконнанароджанае дзіця і яго маці, але гэтае ўтрыманне разглядалася не як аліменты, а як кампенсацыя шкоды. Адпаведна да 1902 г. патрабаванні аб іх утрыманні разглядаліся не грамадзянскім, а крымінальным судом. Усынаўленне дазвалялася ўсім саслоўям акрамя дваран, якія маглі гэта рабіць толькі ў дачыненні да сваякоў. Згодна з Крымінальным улажэннем 1903 г. існавала адказнасць за аборт і для лекара і для маці ў выглядзе турэмнага зняволення да 6 і 3 гадоў адпаведна.

Дальше