Бацька быў абавязаны ўтрымліваць незаконнанароджанае дзіця і яго маці, але гэтае ўтрыманне разглядалася не як аліменты, а як кампенсацыя шкоды. Адпаведна да 1902 г. патрабаванні аб іх утрыманні разглядаліся не грамадзянскім, а крымінальным судом. Усынаўленне дазвалялася ўсім саслоўям акрамя дваран, якія маглі гэта рабіць толькі ў дачыненні да сваякоў. Згодна з Крымінальным улажэннем 1903 г. існавала адказнасць за аборт і для лекара і для маці ў выглядзе турэмнага зняволення да 6 і 3 гадоў адпаведна.
Працэдура разводу ў імператарскай Расіі была вельмі складанай. Шлюбаразводны працэс ажыццяўляўся судамі духоўных кансісторый. Развод па ўзаемнай згодзе наўпрост забараняўся 46-м артыкулам Законаў грамадзянскіх. Нагодамі для разводу зяўляліся: пералюб мужа ці жонкі, знаходжанне ў двух шлюбах, няздольнасць да шлюбнага сужыцця, адсутнасць мужа звыш 5 гадоў, замах на жыццё сужэнца, прыняцце манаства, ссылка ў катаржныя работы з пазбаўленнем усіх правоў. Пералюб зяўляўся адначасова крымінальным злачынствам і мог разглядацца таксама крымінальным судом па скарзе другога сужэнца. Суд меў права пакараць вінаватага турэмным зняволеннем тэрмінам ад трох да васьмі месяцаў, а яго саўдзельніка тэрмінам ад двух да чатырох месяцаў, калі ён быў нежанаты, і тэрмінам ад чатырох да васьмі месяцаў, калі ён знаходзіўся ў шлюбе. Вінаватаму ў блудзе сужэнцу пасля разводу дазвалялася ўступіць у новы шлюб толькі пасля царкоўнага пакаяння. Напрыклад, у 1809 г. мінская духоўная кансісторыя дала згоду на развод настаўніка філасофіі мінскай семінарыі П. Занчэўскага з жонкай Аленай і наклала на апошнюю як на «публічную блудніцу» епітымію ў выглядзе 7-гадовага пакаяння ў слуцкім жаночым манастыры. Шлюбаразводныя справы магнатэрыі вырашаліся на найвышэйшым узроўні. Так, імператар Аляксандр І у 1816 г. асабіста займаўся шлюбам удавы князя Д. Радзівіла Т. Мараўскай і князя А. І. Чарнышова, а праз тры гады іх разводам[5].
Расійскае шлюбнае заканадаўства, як свецкае, так і кананічнае, заўсёды будавалася на аснове рэлігійных правілаў. Таму асобы розных веравызнанняў траплялі пад дзеянне розных законаў у залежнасці ад прадпісанняў сваёй рэлігіі. Шлюб паміж каталікамі быў непарыўны, дазваляліся толькі сепарацыі судовае разлучэнне сужэнцаў. Уступіць у новы шлюб сужэнцы, якія атрымалі рашэнне аб сепарацыі, не маглі. Пратэстанцкая царква дапускала большую свабоду разводаў, у тым ліку ў выпадку «агіды мужа да шлюбнага жыцця». Паводле юдэйскіх рэлігійных законаў муж мог развесціся са сваёй жонкай пры наяўнасці любой сурёзнай прычыны. Жонка ж мела права патрабаваць разводу толькі ў строга вызначаных выпадках. Мусульманам дазвалялася заключаць палігамны шлюб. Развод паміж мусульманамі рэгуляваўся законамі шарыяту, якія прадуледжвалі развод па ўзаемнай згодзе і па волі мужа ў аднабаковым парадку[6].
У шляхецкім саслоўі на працягу ХІХ ст. пераважалі шматдзетныя семі, а ў іх патрыярхальна-аўтарытарныя адносіны. Галава сямі меў унутры яе амаль неабмежаваную ўладу, аднаасобна распараджаўся сямейнай маёмасцю і асабістым лёсам кожнага з яе членаў, прадстаўляў сямю ў знешніх сувязях. Распараджэнні бацькі было трэба выконваць беспярэчна, да непаслухмяных ужываліся пакаранні, у тым ліку фізічныя. Усе працы падзяляліся на мужчынскія і жаночыя: першыя рабіліся пад наглядам гаспадара, другія гаспадыні. Галоўным абавязкам жанчыны была арганізацыя сямейнага побыту, яе сэксуальнасць жорстка кантралявалася галавой сямі. Нават зяўленне незамужняй дзяўчыны па-за межамі дома без суправаджэння сваякоў было сурёзным парушэннем тагачасных этычных норм. Мужчыны мелі значна большыя магчымасці для сэксуальных сувязей, у тым ліку пазашлюбных. Гэтаму спрыялі частыя і доўгія падарожжы па службовых і маёмасных справах. Падобныя сувязі жанатых мужчын у пераважнай большасці выпадкаў не прыводзілі да разводаў. Пазашлюбныя сэксуальныя адносіны жанчын лічыліся непрымальнымі для далейшых сямейных адносін і звычайна сканчаліся разлукай.
Спецыфічны менталітэт беларускай шляхты не заўсёды ўкладаўся ў рэчышча сямейна-шлюбнай традыцыі і заканадаўства. В. Дунін-Марцінкевіч, працуючы ў сярэдзіне 1830-х гг. у Вільні сакратаром ссуднай канторы, закахаўся і выкраў 15-гадовую дачку гаспадара, пасля чаго патаемна абвянчаўся з ёю. 18-гадовы канцылярыст упраўлення маёмасцю Радзівілаў у Нясвіжы У. Сыракомля ў 1840 г. закахаўся ў 13-гадовую пляменніцу свайго начальніка і праз некалькі гадоў ажаніўся з ёю. Яго наступнае каханне да жонкі А. Кіркора, акторкі Г. Маеўскай прывяло да сепарацыі апошніх. Спадкаемніца старажытнага беларускага роду Корвін-Крукоўскіх, першая ў свеце жанчына прафесар матэматыкі С. Кавалеўская, каб насуперак бацькоўскай забароне паступіць у Гейдэльбергскі ўніверсітэт, у 1868 г. пайшла на фіктыўны шлюб са знаёмым нігілістам[7].
Дарэвалюцыйнаму беларускаму гораду, гэтаксама як і шляхецкай сядзібе, была ўласціва патрыярхальнасць сэксуальна-сямейных адносін. Культурнай нормай зяўляліся інтымныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, а таксама нараджэнне дзяцей у межах шлюбу, звычаі сватаўства і вяселля, дамінантная роля мужчыны-бацькі. Разам з тым сацыяльна-эканамічная мадэрнізацыя, якая значна паскорылася пасля адмены прыгоннага права, адбілася на сямейна-шлюбных адносінах і сэксуальнай маралі перш за ўсё гараджан. Гэты працэс суправаджаўся дэзарганізацыяй традыцыйнай сямі паслабленнем пачуцця сямейных абавязкаў, адчужэннем родных людзей, парушэннем традыцый шматдзетнасці, бацькоўскай і шлюбнай вернасці. Так, у 1908 г. у Мінску за мнагажонства быў арыштаваны нейкі Прэйс, які за 9 гадоў здолеў аформіць шлюб з 30 жанчынамі[8]. Этнограф і фалькларыст А. Я. Багдановіч апісвае «вытанчаны цынізм і вычварнасць», якія панавалі ў кандытарскай Шэнінга на Петрапаўлаўскай вуліцы ў Мінску. Кожны майстар там меў па некалькі каханак, прызначаных на пэўныя дні. А аднойчы А. Я. Багдановіч убачыў двух майстроў, якія разам дзялілі ў ложку адну жанчыну.
Істотныя змены на мяжы ХІХ і ХХ стст. адбываліся ў семях гарадскіх прамысловых рабочых. Хуткі працэс нуклеарызацыі рабочай сямі суправаджаўся парушэннем яе патрыярхальнай канструкцыі, што было перш за ўсё выклікана неабходнасцю працаваць усім яе членам, у тым ліку непаўналетнім дзецям. На пралетарскія семі адмоўна ўздзейнічалі дрэнныя жыллёвыя ўмовы, нізкая аплата працы, невысокі ўзровень адукацыі і культуры, а таксама пянства. А. Я. Багдановіч згадвае рабочых дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску, якія ў дні заробку, пасля выпіўкі, «натоўпам» накіроўваліся ў публічныя дамы, дзе жаночым целам гандлявалі па цане ад 50 капеек да 1 рубля[9].
Дарэвалюцыйныя ўлады і грамадства Беларусі ставіліся да прастытуцыі як да непазбежнага ліха. Гандаль жаночым целам рэгламентаваўся, кантраляваўся, сачылі за тым, каб ён займаў маргінальнае становішча ў гарадах. Тым не менш гэтая зява атрымала вялікае пашырэнне ў беларускіх губернях. У 1889 г. на Беларусі прастытуцыяй займаліся 624 жанчыны. У 1908 г. ужо ў адным толькі Мінску была зарэгістравана 531 прастытутка. Каб атрымаць рэальную карціну, гэтыя лічбы трэба павялічваць у пяць, а можа і ў дзесяць разоў. Падчас Першай сусветнай вайны акрамя армій краін, што ў ёй удзельнічалі, сфарміравалася яшчэ адна армія, якая была запатрабавана вайскоўцамі ўсіх нацыянальнасцей, армія прастытутак. Беларусь, якую вайна падзяліла лініяй фронту, зяўлялася месцам іх вялікай канцэнтрацыі. Пачынаючы з 1914 г. Мінск стаў месцам прыцягнення жрыц кахання з усёй Расійскай імперыі[10].
Размыццё традыцыйных сямейных каштоўнасцей адбывалася таксама пад уздзеяннем жаночага руху, які напачатку ХХ ст. набыў арганізацыйныя формы. Адзін са шматлікіх жаночых гурткоў, што паўсталі ў той час на абшарах імперыі, з 1911 г. дзейнічаў у Мінску. Разам з патрабаваннямі сацыяльнага і эканамічнага вызвалення жанчын яго лідары ўключылі ў павестку дня змаганне з непадзельнай уладай у сямі бацькі і мужа. Падобны пункт не быў навіной для мінчанак, бо яшчэ ў 1890 г. газета «Мінскі лісток» заклікала маладых жанчын «змагацца з мужам да канца, бо гэта перамога ёсць справа вялікай важнасці»[11].
Тыя, хто звязваў гендарную няроўнасць з класавай барацьбой і знішчэннем інстытутаў прыватнай уласнасці, шукалі новыя формы адносін паміж паламі ў рамках марксізму. Член РСДРП(б) ураджэнка Магілёва А. М. Беленькая ў сваіх успамінах перадае тое, як адбываліся гэтыя пошукі ў жаночай камеры Пішчалаўскага замка, дзе ўтрымліваліся ўдзельніцы рэвалюцыйных падзей 1905 г.: «Некаторыя выказваліся, што рэвалюцыянер увогуле не мае права кахаць. Іншыя, наадварот, казалі, што кахаць мае права кожны. Але сямя абцяжарвае рэвалюцыйную работу жанчыны, бо дзеці застаюцца ў яе на руках Большасць камеры выказалася ў тым духу, што каханне рэвалюцыянераў адрозніваецца ад кахання звычайных людзей. Тое, што іх сувязь вольная, што для іх не існуе ніякіх абавязкаў, ніякіх матэрыяльных умоўнасцей, але ёсць агульнасць інтарэсаў, робіць іх каханне моцным і працяглым Крытыкавалі ўласніцкі інстынкт мужчыны ў дачыненні да жанчыны»[12].
Урбанізацыя, пераразмеркаванне рынку працы, збядненне дробнай гандлёва-рамесніцкай масы, што суправаджала развіццё капіталістычных адносін, назаўсёды змянілі сэксуальна-сямейнае жыццё беларускага мястэчка. Ужо згаданы А. Я. Багдановіч наступным чынам апісвае працэс дэзарганізацыі традыцыйнай сямі ў мястэчку Халопенічы: «Напрыканцы 70-х гадоў агульнае становішча на рынку нявест было такое, што не я шукаў збліжэння, а мяне шукалі перавыраб нявест пры адсутнасці адпаведных і надзейных жаніхоў Шкада, што ўсім ім, халопеніцкім дзяўчынам майго пакалення, выпала цяжкая, нават горкая доля толькі адна Ліза Шаблоўская своечасова і шчасліва выйшла замуж Усе астатнія, каго я толькі ні памятаю са сваіх равесніц, пайшлі ў жыццё цяжкім шляхам і ўсе не захавалі сябе. Што гэта значыць? Ці былі яны менш стрыманыя, менш маральныя, чым іх папярэдніцы? Вядома не: яны былі дзяўчыны сціплыя, можа быць, сціплейшыя за іншых. Але змяніліся абставіны менавіта гаспадарчыя абставіны: няма заробкаў, няма з чым замацавацца і завесці ўласную сямю. Няма пасагу, а голую хто возьме, нават і добрую работніцу. За невялікімі выключэннямі гэта ўсё былі дзеці беднаты»[13].