Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 19171929 гг. - Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі 11 стр.


У якасці альтэрнатывы легалізацыі фактычнага шлюбу Сегаль прапанаваў дэталёвую працэдуру ўсталявання бацькоўства: цяжарная жанчына ці маці нованароджанага на працягу месяца пасля нараджэння падае заяву ў ЗАГС з указаннем імя таго, хто зяўляецца бацькам. ЗАГС на працягу 7 дзён паведамляе пра гэта бацьку і дае яму месяц на роздум і афіцыйны адказ. Калі меркаваны бацька адмаўляецца прызнаць дзіця, ён павінен падаць заяву ў суд і аспрэчваць заяву ў судовым парадку. Калі падобнай заявы няма ён аўтаматычна лічыцца бацькам. У гэтым выпадку аспрэчваць бацькоўства давядзецца ў агульнапозыўным парадку[101].

Супрацоўнік Наркамата РСІЦКК КП(б)Б К. Ф. Бенек, канстатуючы, што «робіцца страхацьцё, распуста цьвіце, няма ніякіх межаў трэба налажыць цуглі як на мужчыну, так і на жанчыну», выступаў за роўнасць зарэгістраванага шлюбу з фактычным, прапанаваў усю маёмасць сужэнцаў, нажытую да шлюбу паасобку і разам у шлюбе, пасля разлукі дзяліць папалам, звярнуў увагу прысутных на цяжкавыканальнасць пункта 42 праекта Кодэкса, дзе размова ішла пра спагнанне аліментаў з некалькіх мужчын, з якімі жанчына жыла разам (у канчатковым выглядзе Кодэкс законаў аб шлюбе прадугледжваў спагнанне аліментаў з аднаго канкрэтна вызначанага бацькі). Дэпутат Калінін выказаўся за фактычны шлюб для горада і зарэгістраваны для вёскі, а таксама супраць таго, каб абкладаць аліментамі сялянскую гаспадарку ў выпадку, калі бацька-селянін плаціць іх не ў стане («сын дзесьці бадзяўся, зрабіў алімэнт, а бацька за яго плаці»). Дэпутат Нікіфарэнка прапанаваў абмежаваць колькасць шлюбаў трыма, бо «ёсьць у нас такія, што ня толькі па 7 жон мелі, але і па 12». Дэпутат Іванькова адзначыла, што сэксуальная свабода мужчын вядзе да «пашырэньня і разьвіцьця простытуцыі як на вёсцы, так і ў горадзе», і дадала, што ведае толькі адзін выпадак, калі на судзе мужчына прызнаўся і сказаў: «Але гэта маё дзіця»[102].

З боку дэпутатаў-жанчын, большасць якіх падтрымала пазіцыю М. Ф. Муратавай, гучалі прапановы ўзаконіць фактычны шлюб («селянін будзе ведаць няма чаго гуляць з нейкай дзяўчынай, бо яго маёмасць у аднолькавай небяспецы як у зарэгістраваным, так і ў фактычным шлюбе»), а таксама абмежаваць максімальную колькасць шлюбаў трыма. Мужчыны пераважна выказалі падтрымку толькі зарэгістраванаму шлюбу, звяртаючы ўвагу прысутных на небяспеку маніпуляцый з боку нядобрасумленных жанчын («жаночую нагласьць»)[103].

Па выніках абмеркавання члены ЦВК БССР вырашылі вынесці праект беларускага Кодэкса законаў аб шлюбе, сямі і апецы на разгляд шырокіх мас. Але беларускія вучоныя пачалі абмеркаванне гэтага пытання яшчэ да жнівеньскай сесіі ЦВК БССР. У лютым 1926 г. прыхільнік стрыманай пазіцыі гісторык-эканаміст, выкладчык БДУ І. В. Герчыкаў, які выступаў за стварэнне манагамнай сацыялістычнай сямі, заснаванай на каханні і супрацоўніцтве, а таксама сацыялізацыю толькі дашкольнага выхавання дзяцей, пазнаёміў чытачоў часопіса «Полымя» з ходам абмеркавання новага праекта расійскага Кодэкса[104].

Абмеркаванне ж уласна беларускага Кодэкса распачаў прафесар БДУ, вядомы спецыяліст у галіне грамадзянскага і сямейнага права М. В. Грэдынгер. Зяўляючыся прыхільнікам меркаванай легалізацыі фактычнага шлюбу, ён уступіў у палеміку з заходнееўрапейскімі юрыстамі, якія характарызавалі практыку падобных шлюбных адносін як вяртанне ў першабытнае грамадства. Размову пра беларускі праект Кодэкса законаў аб шлюбе, сямі і апецы аўтар вёў, параўноўваючы яго з аналагічнымі праектамі, распрацаванымі ў РСФСР і УССР[105].

Прыхільнік фактычнага шлюбу і лёгкага разводу, а таксама «парасткаў новага быту» дацэнт кафедры канстытуцыйнага права БДУ М. А. Канаплін высунуў наступныя аргументы на карысць уласнай пазіцыі: «Апрача таго, што [у выніку легалізацыі толькі зарэгістраванага шлюбу. А. Г.] на сцэну зьяўляюцца дзеці першае і другое катэгорыі у кожным разе лік задушаных і ў студні кінутых або проста падкінутых дзяцей павялічыцца, колькасьць абортаў і сьлёз матак, трэба думаць, таксама ня зьменшыцца»[106].

Уласнае разуменне маёмасных узаемаабавязкаў мужа і жонкі ў сацыялістычным грамадстве прапанаваў асістэнт кафедры грамадзянскага права БДУ Ф. І. Гаўзэ[107].

Неўзабаве пасля пачатку абмеркавання праекта Кодэкса законаў аб шлюбе ў сталіцы дыскусія перайшла на старонкі акруговага перыядычнага друку. Вось як яна адбывалася ў Бабруйску. Першым у мясцовым друку на азначаную тэму выказаўся акруговы суддзя Іваніцкі, які паставіў пад сумненне неабходнасць узаконення фактычнага шлюбу, бо за яго трохгадовую практыку было толькі два выпадкі, калі суд не прызнаваў фактычны шлюб. На яго думку, правы сужэнцаў былі добра абаронены пастановай «Аб парадку разбору спраў аб скасаванні шлюбаў і аб выдачы ўтрымання жонкам і дзецям, якія маюць у гэтым патрэбу», прынятай ЦВК БССР 29 мая 1925 г.[108]

Па меркаванні селькора бабруйскага «Камуніста» Пукінскага, «калі маці сужэнцавала зь некалькімі мужчынамі адначасова, дык плаціць на ўтрыманьне дзіця павінны альбо ўсе гэтыя мужчыны, альбо ніводны зь іх, другі спосаб нават лепшы». Тэму лёсу дзяцей, што нарадзіліся ў выніку палігамнага жыцця, працягнуў карэспандэнт газеты М. Корзун: «Вельмі сурёзнае пытаньне, каго лічыць бацькам дзіця? Калі з жанчынай сужэнцавалі некалькі мужчын, дык чаму бацькам лічыць толькі аднаго з іх, і калі аднаго, дык чаму менавіта таго, а не іншага з тых, хто сужэнцаваў? У такіх выпадках, калі ніхто ня можа ведаць, хто бацька дзіця, дзіцю трэба даць прозвішча маці і адправіць у дзіцячы дом на выхаваньне. А для ўтрыманьня такіх дзетак добра было б увесьці адмысловы падатак на халасьцякоў звыш 30 гадоў». Іншыя карэспандэнты выказвалі засцярогу, што ў выпадку спагнання аліментаў з усіх меркаваных бацькоў «як бы ў нас не зьявіліся спэцыялісткі-алімэнтшчыцы»[109].

Жыхары беларускіх вёсак, мястэчак, гарадоў мелі магчымасць выказаць свае думкі адносна праекта Кодэкса законаў аб шлюбе, сямі і апецы не толькі ў перыядычным друку, але і ў адкрытых дыскусіях. Адна з іх, прысвечаная ўзаконенню фактычнага шлюбу, адбылася 28 жніўня 1926 г. у памяшканні 1-га віцебскага драмтэатра[110]. Трэба адзначыць, што найбольш актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта Кодэкса як у друку, так і ў публічных дыскусіях бралі мужчыны. Большасць жанчын, выконваючы сваю традыцыйную гендарную ролю, сціпла трымаліся ў ценю. Выключэннем былі жанчыны-дэлегаткі, якія са старонак часопіса «Беларуская работніца і сялянка» на працягу 1926 г. рэгулярна патрабавалі ўскладнення працэдуры разводу.

Намаганні рэфарматараў шлюбна-сямейнай сферы ўвасобіліся ў беларускім Кодэксе законаў аб шлюбе, сямі і апецы, які зацвердзіла ІV сесія ЦВК БССР VІІ склікання 27 студзеня 1927 г.[111] У цэлым Кодэкс працягваў ліберальную традыцыю ў сферы сямі і сямейных адносін, якая склалася ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. У ім у значнай ступені ўвасобіліся ідэі прыхільнікаў вызвалення «крылатага Эраса». Так, ён адрозніваўся ад Кодэкса 1918 г. тым, што незарэгістраваныя, фактычныя шлюбы прыраўноўваліся па юрыдычных абавязках мужа і жонкі да зарэгістраваных шлюбаў. Наяўнасць фактычнага шлюбу ў выпадку разводу пазоўніку трэба было даказаць у судзе. Акрамя таго, уся маёмасць, нажытая мужам і жонкай у шлюбе, прызнавалася агульнай. У выніку муж ці жонка, нават калі не мелі падчас сумеснага пражывання самастойнага прыбытку, атрымалі права на частку сямейнай маёмасці. Дзеля заахвочвання зарэгістраваных шлюбаў была яшчэ больш спрошчана працэдура разводу. Стала непатрэбна тлумачыць яго прычыны, спрачацца, даказваць, прыцягваць сведкаў. Такім чынам, Кодэкс 1927 г. замацаваў у якасці юрыдычнай нормы зарэгістраваны грамадзянскі і незарэгістраваны фактычны шлюб, развод, магчымасць стварэння сямі без дазволу бацькоў і апекуноў. За заведама ілжывыя заявы аб устанаўленні бацькоўства належала крымінальная адказнасць.

Жыхары беларускай вёскі ў сваёй масе адмоўна паставіліся да Кодэкса 1927 г., найперш з прычыны фінансавай уразлівасці сялянскай гаспадаркі ў выпадку распаду шлюбнага саюзу. Жансаветы крытыкавалі яго за недастатковую абарону правоў жанчын. Таму ўжо ў 1928 г. Наркамюст БССР быў вымушаны ўнесці ў Кодэкс папраўкі, якія ўзмацнялі абарону маці і дзіцяці. Так, пад пагрозай крымінальнай адказнасці бацька дзяцей быў абавязаны паведамляць маці аб перамене свайго месца жыхарства і працы. Айчым ці мачыха, якія ўжо некаторы час утрымлівалі дзяцей, былі абавязаны даваць сродкі на іх утрыманне і надалей. Судам дазвалялася прыпыняць справы аб выдзеле з сельскай гаспадаркі, калі асоба, якая выдзялялася, рабіла гэта з мэтаю ўнікнуць уплаты аліментаў. Акрамя таго, усталёўваўся мінімальны ўзрост уступлення ў шлюб для абодвух палоў 18 гадоў[112].

Заканатворцы першага дзесяцігоддзя савецкай улады прадэманстравалі радыкальныя падыходы да мадэрнізацыі сямі, шлюбу, сэксуальных узаемаадносін. Скасаванне саслоўных, рэлігійных, маёмасных абмежаванняў для ўступлення ў шлюб, абвяшчэнне прынцыпаў добраахвотнасці шлюбу, роўнасці сужэнцаў, легалізацыя фактычнага шлюбу на практыцы прывялі да няпэўнасці і супярэчлівасці заканадаўчых норм, расхіствання асноў традыцыйнай сямі.

«Новы быт»: паміж ідэяй і ўвасабленнем

Назад Дальше