І што?
Нічога асаблівага. Проста гэта тхне містыкаю. Я вельмі хачу абмыліцца, але баюся, што небарачку тую забіў Бабай.
Дазвольце, падняў руку спадар Чэслаў Драбышэўскі. Гэта мне падаецца якімсьці варяцтвам. Які Бабай? Пры чым тут Бабай? Нейкая містычная істасць прыходзіць, каб забіваць?
Менавіта так, адказаў Боўт. Гістарычны цэнтар Менску незвычайнае месца. Асабліва Няміга. Падаецца там тысячагоддзямі таілася зло. Я не ведаю, што там дакладна: уваход у апраметную ці пачвара на ланцугу нашых дабрамыснасцяў
Не, перабіў яго Вікент Скавыш, уваход у апраметную ляжыць ля Чачэрску. Адназначна.
Магчыма, усміхнуўся прамоўца. Не патраплю запярэчыць. Але зло і Няміга браты-блізнюкі. Наплачуцца мянчане яшчэ з гэтай Нямігай.
Але, спадару Вайніславе, выгукнула спадарыня Галавацкая, на чым грунтуюцца гэныя вашы праракаванні? І я магу сказаць, напрыклад, што праз 129 гадкоў тут усё палыном зарасце, а праз 143 гады які-небудзь Курск патоне ў ледзяной вадзе. Хто мне паверыць? Смешна.
Павел узрадаваўся распачатай спрэчцы. Усе таксама пасміхаліся, бо згадка пра затапленне Курску выглядала дужа пацешнай. Мне ж думалася, ці здолее госць даць прыстойны адказ.
Шаноўная спадарыня, працягнуў ён. Я менш за ўсё хочу быць прарокам. Што занадта, знаеце, то нездарова. Я проста адчуваю злобнасць тае мясціны, як бы адчуваў боль у разбітым калене ці паламанай руцэ. Гэта не ёсць адчуваннем фізічным. Гэта штось інтуітыўнае. Дарэчы. Ніхто не можа гарантаваць, што названыя вамі толькі што падзеі сапраўды не адбудуцца. Разумееце?
Усе чамусьці змоўклі. Відавочна Вайніслаў гаварыў незусім гэткімі словамі, але сэнс іх быў прыблізна такі. Я зноўку набралася смеласці (мая тагачасная сарамяжнасць!) і запытала:
Мінулым разам вы абяцалі прынесці нейкі верш, ці не так? фраза відавочна была для мяне даўгаватай.
Ці ж я мог падмануць такую чароўную спадарыню? выразныя залёсткі мяне збянтэжылі і загналі ў чырвань. Павел скоса зірнуў на Вайніслава. Той жа дастаў з кішэні колькі аркушоў, спісаных дробнымі літарамі, у якіх не пазнаваліся ні кірыліца, ні лацінка. Хаця апошняе, магчыма, мая пазнейшая дадумка, бо насамрэч па блізарукасці я нічога там разгледзіць не магла. Чамусьці я тады захвалявалася, будучы пэўнай, што прагучыць нештачка зусім адметнае, а не якоесьці там «Вясна гола перапала». Падмануцца з такім чалавекам было цяжка. Верш быў пра каханне. Я і цяпер, праўда небеспахібна, магу ўзгадаць пару-другую радкоў:
Як прасвятлелі мае вочы,
Даўно цябе я не відаў.
Чырвоны краскі мак і рожа
Да цёмнай ночкі пільнаваў
Мне здалося, што дэклямаваў ён той верш не столькі на ўсю публіку, колькі мне асабіста. Зрэшты спадарыня Каміла працягвала пушчаць з вачэй сваіх іскрынкі-хітрынкі, пазіраючы на чытальніка. Што дзіўна, шчокі спадарыні Ірэны наліліся неспадзяваным румянцам. Я адчула штосьці накшталт гарлівасці. А мо і не. Можа я выдумляю, каб хоць неяк расцягнуць часіну свайго кахання да Вайніслава, да майго мілага Славачкі. Каханне, якое толкам і не распачаўшыся, так хутка мусіла скончыцца. Мне вельмі не ставала яго ў 1863-м і пазней. Ды мабыць і цяпер было б прыемна адчуваць яго плячо. З іншага боку: жыццё ж склалася, і дзетак я прыдбала з іншым чалавекам
Як памятаю, усе тады ўзрушыліся вершам і пыталіся пра аўтарства. Славачка сказаў, што гэта дакладна невядома, але ён сам лічыць за аўтара Аляксандра Міцкевіча роднага брата знакамітага паэта. Мне проста не стае эпітэтаў, каб уздатніцца перадаць ува ўсёй красе адценні здзіўленасці гасціны. Паўла майго дык нават перасмыкнула чагосьці. Чым скончыўся вечар я забылася. Але зусім хутка мне выпала сутыкнуцца з Вайніславам у горадзе на Нізкім рынку.
Бабця з кошыкам, седзячы на зэдліку, клікнула мяне, запрашаючы купіць ейных слаёных піражкоў. Я азірнулася і ўбачыла Славу, якога ўмалёгваў набыць свае масяндзовыя драбязкі аднаногі стары ў лахманах. Словамі «Свой час ягодзе, свой час прыгодзе» ён адмовіўся ад купляння, павярнуўся ды ўрэшце заўважыў мяне. Павітаўшыся, мы пакрочылі разам у бок Нямігскае вуліцы. Я ішла дадому, а яму акурат было па дарозе. Размаўлялі мы мала. Ці то была напружанасць, ці то тэмаў прыдатных не было. Мыслю, што кахалі мы ўжо тады адно аднаго, але баяліся прызнацца.
З таго часу Вайніслаў учашчаў на «сходкі» «Дасканалага Крывіча» з зайздроснай пастаяннасцю, заўсёды выклікаючы фурор спаміж гасцей. Аднойчы ён спытаў, чаму я так рэдка прамаўляю па-крывіцку (то бок па-беларуску). Мне чамусьці стала сорамна. Я цудоўна ведала пра дзяржаўнае status беларускае мовы за часы літоўскіх князёў. У нашыя ж часы пра гэты дыялект гукалі размаіта. І па-праўдзе ненавіднікаў, як здаецца, было значна болей, чымся шчырых прыхільнікаў кшталту паноў Марцінкевіча, Сыракомлі, Кабылінскага ды нават тыпу Славачкі і Паўлушы. На вуліцах у асноўным панавала паляччына, хаця і расейскую пачыналі ўжываць адмыслова часта. На беларускае слова зазвычай рэагавалі з выкшталцонаю зласлівасцю, заткнуць рот каторай спрамагаліся толькі адметныя спадары, як згаданы Юры Кабылінскі. Але ж яму было гадкоў! За Марцінкевіча старэйшы гадоў на дваццаць. А прыдзе такі сабе дзядзечка ў сялянскай вопратцы не бруднай, а чысценькай, ахайнай у якую-кольвек установу, для багацейчыкаў заложаную, дый пачне па-крывіцку ўсіх турбаваць. Каронным яго запытаннем у кавярнях было: «А ці прынясеш мне, донечка, два ладных корчыкі ўзвару?». А як хто рот насуперак раскрываў, ён таму рублём і кпінай хутка закрываў яго. У касцёле, апрануты тым жа парадкам, сядаў на першыя «панскія» месцы ды падлаўліваў сяго-таго са шляхецкіх паўдуркаў.
Kto ty jesteś? спытае такі ашавурак у Кабылінскага.
Чалавек, адказвае.
A kto pan twój? пакепліваюць.
Бог.
Hm, злуюцца, lecz wszystko ż, czy możno smykać dotąd, gdzie siedziać pany? Moguć prognać.
Сядзі, дурню, каля мяне, і ніхто цябе не прагоніць.
Але гэткія прыклады былі, баржджэй, выняткам, бо агулам становішча беларускае мовы было не дужа прыглядным. І маё веданне яе нічога б не змяніла ў існай раскладцы рэчаў. Я гэта разумела, але, як адзначыла вышэй, дужа засаромілася пасля пытання Вайніслава. І каб хоць неяк загасіць тое адчуванне, сказала, як цяпер помню, па-беларуску: «Ведаеця, паночку Вайніславу, мой суджаны Паўлюк саўсём ня дбаець аб тоя. Можа б паночак паўчыў міне?». Я досыць глупа засмяялася. Слава ж пахітаў галавою і ціха абвясціў чароднае ўзяўленне (откровение):
Крывіцкая мова мова Еўропы. А мы зараз у Азіі і, адчуваю, што надоўга. Гэта страшна. Зямля наша нікуды не зрушыла, але мы ў Азіі. Некалі татарскае ярмо абмінула нас. Цяпер мы яго маем на плячах[4] у больш дасканалым выглядзе. Мы ў Азіі. Азія змушае нас гуртавацца вакол магілы караля Ягайлы. Мы стаім разам і кажам пра Polsku od morza do morza, але нават памысліць баімося, што гэта Азія закралася ў нашую свядомасць ды кіруе нашымі паводзінамі і словамі.
Павел, што надзьмуўся, як мыш на крупы ад майго непрыхаванага какецтва з Вайніславам, быў агаломшаны і толькі прашаптаў:
Вайніславе, гэта справы палітычныя. Лепш пра іх не прамаўляць. І тыя і другія разюшыцца могуць.
Ніхто не адкажа, улучыўся ў гаману Людвік Ляхоўскі, ці няма шпегавання за намі. Філарэты гадоў трыццаць таму таксама збіраліся. Пра дабрачыннасць ды асвету для краю разважалі. Збіраліся. І дазбіраліся За Уралам, канечне, людзі ё, але мне чамусьці іх не хочацца бачыць. Ссылка штука паганая.
Філарэты пілі малако за Крывію, а гарэлку з мёдам за Польшчу, нібыта між іншага выдаў Славачка.
Вы толькі не сярдуйце, звярнулася да яго Ірэна Галавацкая. Мо чулі, што ў Полацкай акадэміі мэханічная гаваркая галава была? Дык вы, як бачу дужа да яе характарам прыпадабняецеся.
Майму гневу не было межаў. Што яна сабе дазволіла? Абразіла, зняважыла харашэнькага-разумненькага Славачку. Параўнала з якімісьці механізмусамі Тады ў маіх думках такія словы скакаць сталі, што і прыпомніць сорамна. Ажно не верылася, што я іх трымала ў памяці сваёй. Але навочна я аніяк успратэставаць не магла.
Пасля ўсяго мой мілы ўзяўся-такі мяне ўшчуваць за празмерную сваволю ў словах пры звароце да Вайніслава. Я адсмейвалася і завірала яму вусны бусямі. Усё ж нам было добра. Але думка пра існаванне зусім блізка такога чалавека як Вайніслаў Боўт пачынала сушыць мяне і шторазу часцей а часцей. Заісце нявызнаным ёсць тор кахання. І мне давялося баяцца. Баяцца і хавацца ад усяго на свеце, каб змаўчаць наяўнасць тут і цяпер чагосьці іншага, нестасоўнага з агульнымі ўяўленнямі. Было абсалютова неверагодна знаходзіцца ў пачуццёвай кругаверці. Адчуваць агонь жадання да аднаго мужчыны, але часіны бавіць з іншым. Сніць недазволенае цэнзураю і прачынацца з вільготным улоннем. Даруй, о чытачу, гэты міжвольны парнаграфізм! Я пакутвала. Я вельмі пакутвала, бо з Паўлушам у нас вобмаль спрэчак бывала. Мы і пасварыцца па-сапраўднаму не ўмелі. То ж і не зналі слодычы прымірэння. Ці мне яны да спадобы аднолькава двох сталі? Не ведаю. Шалі вагаліся. Толькі пра тое ні Паваел, ні Слава знаць былі не павінны. Але я не магла паручыцца за тое, ці не бачыў хто-колечы маіх уздыханняў.