Імя грушы - Сяргей Балахонаў 5 стр.


Тым часам абявіўся труп яшчэ адной дзяўчыны. Казалі, што была то маладзенькая і вельмі пекная габрэйка. Ейнае аголенае растурзанае нелюдзем цела знайшлі недалёк ад упадзення Нямігі ў Свіслач. Згадаўшы праракаванні Вайніслава, я дужа пералякалася з той яскравай чартаўні, якім праменіла чароднае смяртэльнае здарэнне з асобай жаночага полу. Пэўна ніхто з ладнага ліку мяшчан не паспеў звязаць новае жахоцце з папярэднім, бо паліцыя спешліва назвала ахвяру прастытуткай, забітай сваім гаспадаром. Каго б захвалявала смерць прадстаўніцы гарадскога дна?! Спадарыня Шрэйдар, напрыклад, гідзілася гэтай гісторыі і сувора забараніла весці пра тое якія-заўгодна размовы з пансіянаркамі: «Kein word über tej мерзости». Хросная мая толькі ўздыхала і паўтарала: «Куды ж коціцца наша родная Беларусія? Наш мілы Севера-Западны край». Было не па сабе. Паўлуша, як заўсёды маўчаў. «Ой, гора-бяда. Якая ўжо ж розніца ці блудніца то, ці цнатлівіца? Яе ж так жорстка замардавалі»,  у такім сэнсе выказвалася Каміла Свентаржэцкая. Спадар Ляхоўскі наагул выказваў версію, што ніякіх забойстваў не было, а толькі паліцыя мяркуе спаралізаваць менскі люд страхам. Я не была з тым згодная. Вайніслаў жа, які троху спазніўся на чарговы «соймік» «Дасканалага Крывіча», меў поўныя вочы слёз, што мяне адначасова збянтэжыла, спужала і расчуліла. «Гандлярка з Нізкага рынку. Дзяўчо зусім»,  прамовіў ён і ніхто не насмеліўся патрабаваць тлумачэнняў. Усё-ткі паліцыя хлусіла. Завінаваціць паліцыянтаў было зусім немагчыма. Такі быў век, час, эпоха, калі хочаце. Мікалай І пайшоў на піва да Абрагама, але шынель ягоны (а зусім не таго змаскаленага хохліка Гогаля) вісеў над імперыяй. Тады гэта ўсведамлялася мала. Я была маладою і дурною. Толькі ў шэсцьдзясят трэцім, калі расейскія салдаты забілі маю сяброўку прыродную расейку, нібыта за сувязь з мяцежнікамі, мне пачало здавацца, што Расея вязніца. (Сяброўка, дарэчы, з паўстанцамі не кантактавала, а абдзяліла ўвагай аднаго афіцэрыка). Цяпер я стары чалавек і не пабаюся вывесці сваім почыркам на гэтай цудоўнай паперы словы Карфаген павінен стаць руінай. Я пішу гэта па-расейску, але не маю ані каліўца спагады і шкадавання да расейшчыны. І нават стаўшы прахам, я засмяюся, калі ў Пецярбурзе і Маскве запануе лацінскі алфавіт ці арабскі аліф.

Але ж вярнуся да таго часу, да таго смярдзючага, прапахлага порахам шынеля. Імперыя, як дзіцёнак, прайграла вайну ў Крыме. Хадзілі чуткі пра магчымасць новага французскага «вызвалення» (усім карціць менавацца вызвольнікамі, але ў выніку атрымліваецца бардэль мадам Петуховай). Верыць у тое не ставала ні досведу, ні сілаў, ні жадання. Новы імператар, хоць і любіў чытваць «Ах не сні сіх страшных сноў, ты мая Святлана», пра перамены ў дзяржаве гаварыў так нясмела, што нават я ў раўнанні з ім магла падацца ўзорам мужнасці. Ён нешта хацеў, але здавалася, што бацька ягоны з труны працягваў наказваць сыну, як паводзіцца. У Пецярбурзе, ясная рэч, штосьці пражэктавалі, але надта ж нягегла, вынікі чаго мы агледзілі, пачынаючы з сялянскай рэформы. Смешна. У Расеі касуюць прыгон, а ў Брытаніі адкрываюць the underground. Бог ня роўна дзеле, але ж Ён не цяля, бачыць круцяля. Гэта можа ў Санкт-Пецярбурзе адчуваўся вецер перамен. У нашай Беларусі, у нашым, як казалі сяляне, Западлым краі дзьмула хіба мо з палескіх балотаў. А ўлады чатары разы перахрышчваліся, асцерагаючыся ўсялякай праявы вальнадумства. Калі ж хрэст не дапамагаў, кайданы ўдала дапаўнялі партрэты ў інтэрерах з балотным водарам. Зразумелася гэта зноў-ткі пазней. Тады ж мы крыўдавалі, што паліцыя хавала праўду пра менскія забойствы. Напісала «мы», але крыўду ў нашым коле адчувала мабыць толькі я наагул крыўдлівая па натуры.

Не хацелася б, каб шаноўнаму чытачу здалося, што «Дасканалы Крывіч» быў нашым адзіным спосабам баўлення вольнага часу. Але менавіта ён даваў часта энергіі на цэлы наступны тыдзень. Хоць па праўдзе бывалі пятніцы поўныя пусцізны. От жа бывала скучна. Пагатоў, калі Паўлуша абсалютова не жадаў цалавацца ці выканаць якую-небудзь вельмі смелую маю прыхамаць. А ўсё з адгаворкаю: «Зараз нехта прыдзе». Ніхто не прыходзіў, і мае жаданні марнаваліся, ішлі ў поглум. Акром гэных сходак, мы з мілым наведвалі тэатр, які тады перабываў у нядужа спрыяльных умовах неадпаведнага будынка. Але ж даводзілася дзеля разнастайнасці трываць. Толькі надзвычай смешным было назіраць кволыя спробы паставіць «Гамлета», дзе галоўнага героя граў Новікаў, Гарацыё Піражкоў, а Афэлію спадарыня Мікуцкая. Іх раней мы зазвычай глядалі ў песках-дрындушках тутэйшых графаманаў пра кітайскіх пастухоў ці старагрэцкіх прасталытак. Раз-пораз на сцэне зяўлялася і Ірэна Галавацкая: спявала штось звышсучаснае па-польску ці дэклямавала ўсякія вершы ў розных мовах, калі-нікалі і ў беларускай. Апошняе заўсягды выклікала неадназначную рэакцыю публікі, асабліва ў разе абвяшчэння таго перакладам з французскае, ангельскае ці нямецкае мовы. Як жа па-беларуску толькі каровы ў хлеў заганяць! Памятаю колькі радкоў з нейкага перакладу. Як ні спрабавала даступіцца праўды, аж дасюль не змагла высветліць, з верша якога аўтара ён быў зроблены. Мабыць уся рэч у перакладзе.

Больш за ўсё тут мяне турбуе хворы дзясятнік. Пры чым тут ён старшыня над работнікамі, майстровымі, ніжэйшая ступень наглядчыка, загадчыка, нарадчыка (зірні ў слоўнік Даля)?

Яшчэ мы хадзілі на так званыя касіны, то бок на танцавльныя зборы, што ладзіліся ў спадара Гайдукевіча на Высокім рынку, недалёк ад дому маёй цётачкі. Хораша ж бывала закружыцца ў вальсе і забыцца пра ўсё на свеце. Павел танчыў выдатна і на такіх зборах паводзіўся вельмі артыстычна. Тут я хачу адцеміць, што касіны часцей ладзіліся для важкіх шляхецкіх фігураў. А хто былі мы?! Паўлаў дзед і бацька не прайшлі разбору шляхты, бо не прадставілі дакументаў на пацверджанне сваёй знатнасці. Грошаў тады ў іх вялося няшмат, дык хабар якому Кручкову ўсунуць не выпадала. Добра, што хоць у горадзе жыхарылі, а то, глядзіш, і ў прыгон маглі б запраторыць. Неяк абышлося. Бацька Паўла яшчэ і перастрахаваўся, змяніўшы прозвішча. І заміж даўнейшага Александровічы выйшлі Аляксандравы. Маё ж прозвішча Клыкоўская хоць і выдавала на шляхецкае, але адпаведных папераў наша сямя ніколі не мела. Мы былі патомнымі мяшчанамі. Вось жа на касінах даводзілася бываць па знаёмству і ціхенька, як і іншыя мянчане, удаваць з сябе дробную шляхту. Дарма што, гэта было не зусім прыемна

На адных касінах я адышла ў дамскі пакой, бо пакаштаванага шампану было занадта, і далейшае трыванне магло спавадаваць бяду. Зрабіўшы пільнае, я рушыла назад у залю і літаральна натыркнулася на Вайніслава, каторы зявіўся немавед скуль. Я няспрытна адхітнулася і, страціўшы раўнавагу, апынулася ў ягоных абдоймах. Нашы твары былі блізка-блізка. Я адчувала ягонае дыханне. Мы глядзелі адно адному проста ў вочы. І я дагэтуль не магу апісаць той сілы, з якой мае вусны паімкнуліся да ягоных. Мы пацалаваліся. Я ўсім целам адчула, што ён таксама хацеў гэтага, але ўсё ж неўзабаве адхіліўся і прашаптаў: «Не варта, Наташанька, надужываць тутака, бо люду ж многа, дый твой Паўлуша падыйсці можа». Я пагадзілася, і мы паасобку прайшлі ў залу. Нарачэны нядбала пацікавіўся маёй марудай. Я прыкрылася адказам пра жаночыя рэчы. Ён не зразумеў, сказаўшы, што яшчэ ж не час. Я засмяялася. Павел сцяміў недарэчнасць ушчатага дыялога і паведаміў пра тое, што на касінах прысутнічае спадар Боўт. Я «здзівілася» і прамовіла з зацікаўленай абыякавасцю: «Так? Насамрэч? Ну мабыць вы зараз зноўку пра Бабаяна баяць будзеце». Паўлуша расплыўся ўсмешкаю і прашаптаў нешта пра каханне да мяне. Тады мы павіталіся з Вайніславам, а мілы мой запрапанаваў, каб я і Слава патанчылі покуль сам адлучыцца трошку. Дурненькі. У танцы я ледзьве стрымлівала калачэнне і адчувала, што хочу не толькі цалаванняў-танцаванняў. Набралася мужнасці і назвала Славачку дзень і час, у каторы ён мог бы завітаць да мяне. Я ўжо знала, што хросная з мужам выяжджаюць на вёску з адгосткамі да прыяцеляў, а Павел у Койданава па справах, звязаных з будоўляй нашага дома. Хітрай я выявілася.

 Ля чужой жонкі адабюць пячонкі, прашаптаў Вайніслаў.

 Даганяючы не нацалуешся,  настойліва сцвердзіла я і дадала,  але пастарайся быць непрыкметным.

Верагодна, Славу даймалі сумневы, ці не шампанам былі пакліканыя ўсе мае прамовы. На другі дзень я зусім не пашкадавала аб учарашнім, а спужалася толькі таго, што Славачка ў слушны час можна не прыйсці.

Але ён прыйшоў. Пацалаваў мне руку. Дастаў з сваёй торбачкі пляшку хатняга парэчкавага ліквору і пушку нечаканае раскошы чакалядных цукерак, што прадаваў у нас ці то Эркерт, ці то Баброўскі. Я пачала балбатаць усялякую чаўпяжню, што зусім не станавіла зместу маіх сапраўдных мысляў. Слава ўсміхаўся і таксама казаў нешта бязмежна адцягненае. Выпіўшы па пары кілішкаў, мы перайшлі да фартэпіяна, бо мой любасны госць папрасіў пайграць што-кольвек. Я трошку раззлавалася, але села за інструмент і ўрэзала ўласны эцюд пад назовам «Майстра сваёй справы». Калі адгучалі апошнія акорды, я зірнула з-пад лоба на яго і пачырванела.

 Славачка, хадзі ка мне

 Так, Наташачка, іду.

Тое, што адбылося пасля немагчыма напоўніцу перадаць чарніламі на паперы. Мы чынілі з ім выкшталцоныя рэчы, пра якія з Паўлам я і падумаць не смела, але марыла ў вольную часінку. Даруй, чытачу, але мне цяжка паўстрымацца ад апісання таго, што вельмі баялася зліяць на гэтыя старонкі раней.

Славачка падхапіў мяне на рукі, прыхінуўся вуснамі да маіх вуснаў і панёс мяне трапяткую ды знямоглую ад жадання ў мой пакойчык. Я, як умела тлумачыла яму дарогу. Выяўлялася, што і ён палаў невыцерпным жаданнем, бо нат сукенкі з мяне не зняў, а толькі апусціў зашпількі ды расшнураваў гарсэт. Нагія мае грудзі ўздымаліся, а смочкі нагадвалі мініяцюркі Камянецкай вежы. На іх і прыпала атака Славінага языка, аблога Славіных вуснаў. Я заходзілася ад невераемных пачуццяў, а рукі яго пяшчотна, але досыць хутка падымалі мае спадніцы-сарочкі ажно да галавы ды мкнуліся да маёй сярэдзіны, што гарэла невыносным пякельным агнём. У паўпрытомнасці я ледзьве разумела адбыванае. Мне мярэсціліся Баян і брат Адама Міцкевіча, манастырскі перапісчык і салонны фальсіфікатар, кароль Ягайла, што паліваў кветкі на сваёй магіле і магілёўскі генерал-губернатар, што размаўляў па-беларуску з імператарам пра тое, што будзе пасля сучаснасці Апамятаўшыся ад гэтага наслання, я ўзнялася, дапамагла Славачку вызваліцца ад адзення і ў чародны раз паказала дарогу, толькі зусім іншую, чым кагадзе Усё. Больш не магу. Няўжо гэта мая рука вывела такія стыдобныя радкі?! Божа, нават цяпер, адужаная праз зладзюжны climax, я дрыжу, як арабінавы куст. Многае аддала б, каб хоць на гадзінку вярнуцца ў той дзень і запазнаць усё наноў.

Назад Дальше