Імя грушы - Сяргей Балахонаў 6 стр.


 Ля чужой жонкі адабюць пячонкі, прашаптаў Вайніслаў.

 Даганяючы не нацалуешся,  настойліва сцвердзіла я і дадала,  але пастарайся быць непрыкметным.

Верагодна, Славу даймалі сумневы, ці не шампанам былі пакліканыя ўсе мае прамовы. На другі дзень я зусім не пашкадавала аб учарашнім, а спужалася толькі таго, што Славачка ў слушны час можна не прыйсці.

Але ён прыйшоў. Пацалаваў мне руку. Дастаў з сваёй торбачкі пляшку хатняга парэчкавага ліквору і пушку нечаканае раскошы чакалядных цукерак, што прадаваў у нас ці то Эркерт, ці то Баброўскі. Я пачала балбатаць усялякую чаўпяжню, што зусім не станавіла зместу маіх сапраўдных мысляў. Слава ўсміхаўся і таксама казаў нешта бязмежна адцягненае. Выпіўшы па пары кілішкаў, мы перайшлі да фартэпіяна, бо мой любасны госць папрасіў пайграць што-кольвек. Я трошку раззлавалася, але села за інструмент і ўрэзала ўласны эцюд пад назовам «Майстра сваёй справы». Калі адгучалі апошнія акорды, я зірнула з-пад лоба на яго і пачырванела.

 Славачка, хадзі ка мне

 Так, Наташачка, іду.

Тое, што адбылося пасля немагчыма напоўніцу перадаць чарніламі на паперы. Мы чынілі з ім выкшталцоныя рэчы, пра якія з Паўлам я і падумаць не смела, але марыла ў вольную часінку. Даруй, чытачу, але мне цяжка паўстрымацца ад апісання таго, што вельмі баялася зліяць на гэтыя старонкі раней.

Славачка падхапіў мяне на рукі, прыхінуўся вуснамі да маіх вуснаў і панёс мяне трапяткую ды знямоглую ад жадання ў мой пакойчык. Я, як умела тлумачыла яму дарогу. Выяўлялася, што і ён палаў невыцерпным жаданнем, бо нат сукенкі з мяне не зняў, а толькі апусціў зашпількі ды расшнураваў гарсэт. Нагія мае грудзі ўздымаліся, а смочкі нагадвалі мініяцюркі Камянецкай вежы. На іх і прыпала атака Славінага языка, аблога Славіных вуснаў. Я заходзілася ад невераемных пачуццяў, а рукі яго пяшчотна, але досыць хутка падымалі мае спадніцы-сарочкі ажно да галавы ды мкнуліся да маёй сярэдзіны, што гарэла невыносным пякельным агнём. У паўпрытомнасці я ледзьве разумела адбыванае. Мне мярэсціліся Баян і брат Адама Міцкевіча, манастырскі перапісчык і салонны фальсіфікатар, кароль Ягайла, што паліваў кветкі на сваёй магіле і магілёўскі генерал-губернатар, што размаўляў па-беларуску з імператарам пра тое, што будзе пасля сучаснасці Апамятаўшыся ад гэтага наслання, я ўзнялася, дапамагла Славачку вызваліцца ад адзення і ў чародны раз паказала дарогу, толькі зусім іншую, чым кагадзе Усё. Больш не магу. Няўжо гэта мая рука вывела такія стыдобныя радкі?! Божа, нават цяпер, адужаная праз зладзюжны climax, я дрыжу, як арабінавы куст. Многае аддала б, каб хоць на гадзінку вярнуцца ў той дзень і запазнаць усё наноў.

Вось так мы і сталіся з Славачкам паўлюбоўнікамі. Я з усіх моцаў старалася не выдаць яго і сябе перад Паўлам. Адно толькі неба знае, чаго мне тыя старанні каштавалі: не сказаць лішняга, не пачырванець, не быць халоднай з нарачэным, калі той палае, нібы масленічны блін. Зрэшты нялёгка было трываць, калі Слава спадар Боўт гэты!  перамаўляў ды ўсміхаўся з іншымі асобамі жаночага полу. Мы былі проста палюбоўнікамі, не прызнаючыся адно адному ў каханні. Я ж не ведала, а даведацца баялася, ці не тыя ж самыя дачыненні ён меў з Камілай. А з Ірэнай? А ў каго мне было пытаць парады? У хроснай? У спадарыні Шрэйдар? Ці мо ў якой дасведчанай пансінаркі? Мала не кожную ноч перад Новым годам я плакала. То болей, то меней. Зненавідзела нават Пушкіна за ягоны Александрыйскі стоўп, за глузданутага Анегіна, за прыдуркаватую Ларыну ды за ўсё засталае. Міцкевіча палюбіла, хоць і зналася ў польскай не надта. А кнігі ж песняра Літвы траплялі да нас па-ранейшаму mimo carskich groźb, na złość strażnikom з-за кардону. Аднак і Адамава слова не магло суцішыць маёй няпэўнасці. Я ніяк не магла знайсці сябе. Гэта было страшна. Бяда вялікая была мне ў той час.

Перад самым Новым годам на «Дасканалым Крывічы» народу было покатам. Між іх абявілася і нехта Светаліна Яроцкая, каторая запрапанавала ўсёй прысутнай грамадзе маладых людзей зладзіць у ноч на сёмага студзеня народны абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Мала хто быў абазнаны ў тых рэчах, і спадарыня мусіла хутка і спрытна паясняць істу дзеі: дзецюкі выбіраюць дзяўчат, а дзяўчаты дзецюкоў. Сэрца ад прадчування такога парадку ў мяне пахаладзела і адразу задрыгацела, быццам сіні матылёк. Павел надта хутка пагадзіўся з прапановаю спадарыні Яроцкай, бо думка аб удзеле ў беларускім абрадзе захапіла яго цалком і поўніцай. «Немцы і сінэма!» сказала б сёння з такой нагоды мая ўнучка Вераніка. Сапраўды ж Павел вельмі часта станавіўся апантаным ад нечых словаў ды ідэяў. І пярэчыць яму тады было чыста немагчымым і жалю вартым заняткам. Ён пачынаў глядзець такім спапяляльным позіркам, што я гатова была скрозь зямлю праваліцца ды разарваць нашыя заручыны. Але ісці на адкрытую glaring controdiction я не наважвалася, бо адступаць не мела куды. Я ж не ведала, што ў Славачкінай галаве тварылася. Дык быў шанец апынуцца з пустымі рукамі і ганьбай ганебнаю перад людзьмі. Здолеў жа ён узняць ува мне тыя сілы, што зрабілі мяне такой неразумнай! Куды там яшчэ мне было новыя гарады гарадзіць, калі ў старых бывала так кепска.

Другога студзеня нам паведамілі, дзе будзе праходзіць «Жаніцьба Цярэшкі». Спадарыня Яроцкая разам са спадаром Драбышэўскім ды яшчэ з кімсьці ўзяліся за ладжанне належнае хады абрадавай дзеі. Было дамоўлена з панам Прушынскім, што свята пройдзе ў ягоным маёнтку. Лошыца месціца зусім блізка ад Менску, і бальшыні меркаваных удзельнікаў гэта вельмі зручыла. Я не маю дастатковай information, каб сказаць каторым жа парадкам і на якіх умовах адбывалася тое дамаўленне. Але, як памысліць, дык справа мусіла неблагіх грошай каштаваць. Прынамсі сярэдні наклад якой-любя książki выпусціць льга было б. Абы цэнзуру прайшла. Зрэшты магло абысціся без грошай: пан Прушынскі не быў такім звычайным, як магло падацца. Але самі ўдзельнікі мусілі рабіць пэўны ўнёсак у скарбніцу свята, каб сталы не былі пустымі, каб на свяце іграў сапраўдны дудар. Акром таго ўсіх заставілі вывучыць сякія-такія вершыкі народныя, што адпавядалі выкананым у абрадзе ролям дзядулечкі і бабулечкі, то бок жаніха і нявесты. Мне было цікава, але крыху ўстыдна мовіць па-беларуску. Дура дурная была.


Шостага студзеня было не вельмі холадна градусаў восем мароза паводле Цэльсіуса. Сáма што й трэ было. Ласкавы, нават прыемны, марозік румяніў мяне больш, чым Паўлавы размовы. Мы ехалі ў санях. Звінелі бомы. Я спазірала прыменскія краявіды, укрытыя снежнымі кілімамі і бухматай шэраню. На прасторы аднаго з палёў паўзбок дарогі высілася старое дрэва. Нібы аплікацыя чорным аксамітам па белай баваўнянай тканіне.

Маці, мая маці! Што то за прычына,
Што на нашым полі стаіць тапаліна?

Нехта заспяваў у пярэдніх санях. Павел пасміхнуўся і прамовіў да мяне:

 Якая ж гэта тапаліна? Гэта груша. Мабыць даўно ўжо цвіла ў апошні раз, але гаспадар для суладдзя трымае. Праўдзівая паэзія. Наташанька, тут жа праз аднаго паэты жывуць. Пішуць. Па-крыўску. Па-польску.

Відовішча мяне ўразіла, але на словах захаплення я выдаваць не стала:

 Не забудзь яшчэ французскую, расейскую, лаціну ўрэшце. Вось касцёлік стаіць, а арганіста там, што хутчэй, за славаю Гарацыя ўпадае.

Помнік я зладзіў сабе высачэйшы за грушу,

Якая стаіць на валоках васпана N.

Паэзія! Дзе тая паэзія? Дзе? Дзе брат Міцкевіча? Дзе Крышталевіч? Дзе новыя ўзоры бездакорных вершаў?

Я не смехам разышлася, ажно Аляксандраў на хвілю сумеўся ды зніякавеў, а потым весела сказаў:

 Як жа я цябе кахаю!  і прыгарнуў бліжэй да сябе.

Давялося рабіць выгляд быццам казурка сумневу не поўзае ў маіх думках, а кроў не віруе ад успамінаў ночы, калі я без вынятку ўся Славу належыла, а Слава Вытанчаны Слава! Святарны Слава!  мною ўсёй валодаў. Што то было за насланнё!


Не ведаю для чаго пан Прушынскі паставіў той прасторны драўляны дом, бо там яўна ніхто не жыў. Прынамсі прыкметаў гэтага не траплялася на вочы. Сустракалі нас сяляне перашэптамі: «Дзіўныя паны якіесь: Цярэшку жаніць, як прастыя людзі сабіраюцца». У доме ўжо было нацеплена, заставалася толькі накрыць стол ды дачакацца засталых удзельнікаў свята. З мне знаёмых там ужо былі спадарства Ляхоўскі, Драбышэўскі, Скавыш, Чапулецкі, Яроцкая, Свентаржэцкая, Акімовіч-Загорскі з жонкай Марыяй, пан Кляшторны з нарачэнай Амаліяй Роткірх ды багата іншых. Спадар Боўт затрымліваўся. Не было і абяцанага дудара. Мы паскакалі пад скрыпачку і дудку прысутных музыкаў. Каб было фартэпіяна, я б зайграла што-небудзь з «Беларускага вяселля» Абрамовіча. Але інструменту пад рукой не было, дый выглядаў бы ён там увачавідкі недарэчна. Абы трохі аддыхацца пасля скокаў, пачалі гуляць у загадкі. Памятаю спадарыня Каміла такое загадала, што і цяпер не адгадаю: «Ляжыць Рыгор памеж гор, лапушком прыкрыты». Акурат, як прагучала гэная загадка ў дом увайшлі мой жаданы Славачка і незнаёмец з бародкаю і вусікамі выразна старэйшы ад бальшыні сабраных. Гэта быў дудар з Вітэбску Арцём Дарэўскі. Выявілася, што ў нашай грамадзе ён меў досыць знаёмцаў ды нат сяброў. Надта ж усе ажывіліся, кінуўшыся вітацца.


За сталом быў учынены так званы кіліх кола, калі ўсе па чарзе прамаўлялі размаітыя жычэнні ды прыгублялі піва з вялікага глінянага куфля. Пітво заядалі лыжкаю куцці, то бок адмыслова з гатаванай кашы з разынкамі, чарнаслівам і крышанымі салодкімі грушкамі. Смак выбітны, лепшы ад многіх заморскіх ласункаў. Нейкі час доўжылася застолле. Аж нехта проста пад вухам у мяне выгукнуў: «А ці ня час нам ужэ Цярэшку жаніць?». І сябрына загула на знак згоды: «Час ужэ, час!». Канечне прыпомніць таго тлуму маляўніча я не здолею. Неўзабаве выбралі татку і мамку, чыіх імён я не помню, але добра памятаю прозвішчы Абуховіч ды Цюндзявіцкая адпаведна. Векам яны ніяк ад нас не адрозніваліся, а па-просту мелі такую ролю дзетак жаніць. Пачаліся ўсялякія гульні, каб кожны глянуў на свайго імавернага абранніка in aktion, ацаніў кемлівасць і спрытнасць. Вайніслаў увесь час перамагаў, гуляючы ў «Зюзю». І нейкія тры спадарычы з ваярскім імпэтам вырашылі перайграць Славачку ў той гульні. Зрэшты, якое дачыненне да божышча зімы Зюзі мелі завязаныя вочы, біццё адно аднаго паясамі і мусовае трыманне левае рукі да нізу ножкі стоўчыка, я сказаць тут не магу. Славу перамаглі. Ён быў мабыць стомлены. Мяне агортвала злаба. Вакол Славачкі завіхалася спадарыня Ірэна, а сам ён выяўна ўдыгаў за Камілаю. Мой жа мілы распускаў хвост перада мною. Спяваў падчас скокаў наруглівыя прыпевачкі. Я нават спужалася, што нехта выдаў мае небяспечныя сувязі з іншым мужчынам:

Назад Дальше