Артур Конан Дойл
Знак чатырох
Пераклад з англійскай Кацярыны Маціеўскай і Ганны Янкуты паводле выдання:
Arthur Conan Doyle. Sherlock Holmes: The Complete Stories. Wordsworth Editions, 2006.
У афармленні вокладкі выкарыстаны фотаздымак «The Governor-General of India George Curzon and Mary Curzon on the elephant Lakshman Prasad 29.12.1902 in Delhi» з калекцыі Яахіма К. Баўцэ
© К. С. Маціеўская, Г. В. Янкута, пераклад на беларускую мову, 2017
© Выданне на беларускай мове. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Раздзел 1. Навука дэдукцыі
Шэрлак Холмс узяў з каміннай паліцы бутэлечку і дастаў з сафянавага футарала шпрыц для падскурных інекцыяў. Доўгімі белымі нервовымі пальцамі ён насадзіў на шпрыц тонкую іголку і падвярнуў левую манжэту кашулі. Некалькі секундаў ён задуменна пазіраў на сваё мускулістае перадплечча і запясце усё ўсыпанае незлічонымі слядамі ранейшых уколаў. Потым уваткнуў вастрыё ў вену, выціснуў поршань да канца і з глыбокім уздыхам асалоды адкінуўся ў вельветавым фатэлі.
Доўгія месяцы назіраў я гэтую сцэну тры разы на дзень, але, нават прызвычаіўшыся, не мог змірыцца. Больш за тое відовішча з кожным днём раздражняла ўсё мацней, і начамі я мучыўся ад думкі, што мне не хапае мужнасці пратэставаць. Зноў і зноў кляўся я выказаць сябру ўсё, што пра гэта думаю, але яго стрыманая і нават абыякавая натура наўрад ці паддалася б хоць якім захадам, што абмяжоўвалі яго свабоду. Яго магутны розум, дасканалыя метады працы і многія іншыя высока шанаваныя мной надзвычайныя здольнасці дадавалі мне нерашучасці і прымушалі адмовіцца ад свайго намеру.
Але ў той дзень ці то праз бургундскае, выпітае мной за абедам, ці то праз тое, што надзвычай марудныя і ўзважаныя дзеянні Холмса давялі мяне да мяжы я раптам зразумеў, што больш не вытрымліваю.
І што ў нас на сёння? спытаў я. Морфій ці какаін?
Холмс апатычна падняў вочы ад разгорнутага толькі што гатычнага старадрука.
Какаін, адказаў ён, сяміпрацэнтны раствор. Хочаце паспрабаваць?
Ні ў якім разе, адрэзаў я. Маё здароўе пасля афганскай кампаніі яшчэ не зусім паправілася. Я не збіраюся даваць арганізму лішнюю нагрузку.
Мая гарачнасць прымусіла Холмса ўсміхнуцца.
Можа, вы і маеце рацыю, Ўотсан, сказаў ён. Здаецца, какаін не найлепшым чынам уздзейнічае на здароўе. Затое ён так цудоўна стымулюе думку і праясняе розум, што на яго пабочныя дзеянні я не звяртаю ўвагі.
Але падумайце, якую цану вы плаціце! настойваў я. Вы кажаце, што наркотык абуджае мозг і паляпшае яго дзейнасць, але тканкі вашага цела ўсё больш змяняюцца, а гэта цягне за сабой паталагічныя незваротныя працэсы, пастаянную слабасць у найлепшым выпадку. Вы ж ведаеце пра кепскую рэакцыю арганізму на ўколы. Ці вартая аўчынка вычынкі? Чаму дзеля асалоды, якая хутка мінае, вы рызыкуеце сваімі бліскучымі здольнасцямі, падараванымі вам прыродай? Успомніце, што з вамі гаворыць не толькі ваш сябар, але і доктар, які ў пэўным сэнсе адказвае за ваш стан.
Холмс, здавалася, зусім не пакрыўдзіўся. Больш за тое, размова яму падабалася, бо ён звёў кончыкі пальцаў і зручна абапёрся локцямі на ручкі фатэля.
Мой мозг паўстае супраць бяздзеяння, сказаў ён. Дайце мне загадку, дайце працу, дайце найскладанейшую крыптаграму ці самую заблытаную праблему і я адчую сябе як рыба ў вадзе. Я забуду пра любыя штучныя стымулятары. Але шэрае штодзённае існаванне я ненавіджу. Я прагну разумовага напружання дзеля гэтага і абраў сваю незвычайную прафесію ці, хутчэй, нават стварыў яе, бо такіх, як я, у свеце больш няма.
Вы адзіны прыватны дэтэктыў у свеце? спытаў я, падымаючы бровы.
Адзіны прыватны дэтэктыў-кансультант, адказаў ён. Я апошні і найвышэйшы апеляцыйны суд у дэтэктыўнай справе. Калі Грэгсан, ці Лестрад, ці Этэлні Джонс не могуць справіцца з праблемай а так яно звычайна і бывае, яны ідуць да мяне. Я як эксперт вывучаю ўсе падрабязнасці і выказваю сваё меркаванне меркаванне спецыяліста. Мне не патрэбная слава. Маё імя не зяўляецца ў газетах. Найлепшая мая ўзнагарода гэта сама праца, цудоўная магчымасць прымяніць свае выбітныя здольнасці. Але вы ўжо сутыкаліся з маімі метадамі ў справе Джэферсана Хоўпа.
Канечне, сутыкаўся, сказаў я, памякчэўшы. Нішто ў свеце так мяне не ўражвала. Я нават апісаў гэтую гісторыю ў невялічкай кніжцы з трохі вычварнай назвай «Эцюд у пунсовым».
Холмс сумна кіўнуў.
Холмс сумна кіўнуў.
Я прагледзеў яе, сказаў ён, і, шчыра кажучы, не магу вас з яе выхадам павіншаваць. Расследаванне злачынстваў мусіць быць дакладнай навукай, і апісваць яго варта стрымана і без эмоцыяў. Вы ж паспрабавалі дадаць туды рамантычнага флёру. З тым жа поспехам можна ўпрыгожыць пяты пастулат Эўкліда* любоўнай гісторыяй ці сцэнай таемных уцёкаў.
Але гісторыя і праўда рамантычная! запярэчыў я. Усе факты я перадаў дакладна.
Пра асобныя факты лепей было б прамаўчаць ці хаця б падаць іх, не забываючыся пра пачуццё меры. Адзінае, што заслугоўвае ў гэтай справе ўвагі, цікавы ланцуг разважанняў, які ад вынікаў прывёў да прычынаў. Дзякуючы гэтаму я і разгадаў загадку.
Мяне раззлавала такое крытычнае стаўленне Холмса да маёй кнігі, напісанай выключна з мэтай зрабіць яму прыемнае. Мушу прызнацца, што больш за ўсё мяне абурыў эгаізм сябра, якому нібыта хацелася, каб кожны радок майго твора быў прысвечаны яго цудоўным здзяйсненням. Я ўжо больш за год жыў з ім на Бэйкер-стрыт і заўважыў, што за спакойнай і павучальнай яго манерай хаваецца пэўнае славалюбства. Аднак я змаўчаў і проста ўладкаваў пашкоджаную нагу як мага выгодней. Колькі часу таму мяне параніла куля з джэзайла*, і хаця рана не перашкаджала мне хадзіць, яна ўсё яшчэ адгукалася на любую змену надворя.
З нядаўняга часу мая практыка пашырылася і на кантынент, працягнуў неўзабаве Холмс, набіўшы сваю старую брыяравую* люльку. На мінулым тыдні я кансультаваў Франсуа дэ Вілара, а ён, як вы, магчыма, ведаеце, апошнім часам лічыцца адным з найлепшых дэтэктываў Францыі. У яго бліскучая кельцкая інтуіцыя, але яму вельмі не хапае дакладных ведаў, неабходных для далейшага развіцця вышукнога майстэрства. Справа была звязаная з адным тэстаментам і падалася мне досыць цікавай. Я паказаў яму на два падобныя выпадкі адзін меў месца ў Рызе ў 1857-м, а другі у Сэнт-Луісе ў 1871 годзе, і яны падштурхнулі яго да правільных высноваў. Сёння ранкам я атрымаў ліст, у якім ён дзякуе мне за дапамогу.
З гэтымі словамі Холмс перадаў мне змяты замежны аркуш паперы. Я прабегся па ім вачыма, адзначаючы мноства самых разнастайных выказванняў удзячнасці усіх гэтых magnifiques, coup-de-maîtres і tours-de-force[1], якія сведчылі пра глыбокае захапленне француза.
Ён піша вам як вучань настаўніку, заўважыў я.
О, ён пераацэньвае маю дапамогу, весела сказаў Шэрлак Холмс. У яго самога выбітны талент. З трох якасцяў, неабходных дасканаламу дэтэктыву, ён мае дзве: умее назіраць і рабіць высновы. Не хапае толькі спецыяльных ведаў, але з часам прыйдзе і гэта. Цяпер ён перакладае мае сціплыя працы на французскую.
Вашыя працы?
А вы што, не ведалі?! усклікнуў ён са смехам. За мной таксама водзіцца гэты грашок я напісаў некалькі даследаванняў на прафесійныя тэмы. Вось, напрыклад, адно з іх «Асаблівасці попелу ад тытуню розных гатункаў». Тут апісаныя сто сорак гатункаў цыгарнага, цыгарэтнага і люлькавага тытуню і змешчаныя каляровыя ілюстрацыі розных відаў попелу. Падчас расследавання злачынстваў пытанне пра тытунёвы попел узнікае вельмі часта ён неаднаразова рабіўся надзвычай важным ключом. Калі вы зможаце, напрыклад, давесці, што забойства здзейсніў чалавек, які курыць індыйскія цыгары, гэта істотна звузіць кола падазраваных. Для трэніраванага вока розніца паміж чорным попелам ад трыхінапальскага тытуню* і белымі шматкамі «птушынага вока»* такая ж відавочная, як розніца паміж бульбай і капустай.
Вы надзвычай уважлівы да дробязяў, адзначыў я.
Я цаню іх важнасць. Вось маё даследаванне пра сляды падэшваў у ім змешчаныя некаторыя заўвагі адносна захавання адбіткаў з дапамогай гіпсу. А вось цікавая брашурка пра ўплыў прафесіі на форму рукі з літаграфіямі рук страхароў, маракоў, коркавых майстроў, кампазітараў, ткачоў і шліфавальшчыкаў алмазаў. Для дэтэктыва-навукоўца гэтае пытанне мае надзвычайнае практычнае значэнне, асабліва калі трэба апазнаць труп ці вызначыць род дзейнасці злачынцы. Але, здаецца, мае зацікаўленні вас прытамілі.
Зусім не! палымяна запярэчыў я. Усё гэта вельмі захапляльна, да таго ж я меў шчаслівую магчымасць назіраць практычнае прымяненне вашых ведаў. Але вы толькі што згадалі ўменні назіраць і рабіць высновы. Мне здаецца, што адно з іх падразумявае і другое.
Не, наўрад ці, адказаў ён, з асалодай адкінуўшыся на спінку фатэля і выпускаючы з люлькі тонкія шызыя завіткі дыму. Напрыклад, уменне назіраць падказала мне, што сёння ранкам вы былі на пошце на Ўігмар-стрыт, а ўменне рабіць высновы дапамагло зразумець, што вы адправілі там тэлеграму.