Усё правільна! сказаў я. Абедзве высновы проста ў яблычак! Але мушу прызнацца, што не разумею, як вы да іх прыйшлі. Пра свой намер я вам не расказваў, бо пошта ў мае планы не ўваходзіла.
Няма нічога прасцейшага, адказаў Холмс, смеючыся з майго здзіўлення. Чаго тут яшчэ тлумачыць. Але гэты прыклад дапамагае размежаваць уменне назіраць і ўменне рабіць высновы. Першае падказала мне, што да вашых чаравікаў наліпла трошкі чырванаватай зямлі. А ля самай пошты на Ўігмар-стрыт акурат знялі ходнік. Там усё разрытае, і калі хочаш трапіць да будынка, абысці перашкоду немагчыма. Зямлі такога колеру няма, калі я не памыляюся, нідзе ў суседніх раёнах. Вось вам і назіранне. Засталіся высновы.
І як жа вы зрабілі выснову пра тэлеграму?
Сёння я ўвесь ранак праседзеў з вамі ў адным пакоі, а таму, безумоўна, ведаў, што ніякіх лістоў вы не пісалі. Таксама я заўважыў у адчыненай шуфлядзе вашага стала цэлы аркуш марак і тоўсты пачак паштовак. Значыць, адзінай мэтай вашага паходу на пошту магла быць тэлеграма. Выключыце ўсё, чаго не магло быць, і вось вам правільны адказ.
Вашая праўда, сказаў я, трохі падумаўшы. Але як самі вы толькі што сказалі, нічога прасцейшага быць не магло. Не палічыце за нахабства, але мне хочацца выпрабаваць вашыя ўменні больш сурёзна.
Буду толькі рады, адказаў ён, бо гэта выратуе мяне ад чарговай порцыі какаіну. Я ахвотна займуся любой праблемай, якую вы мне прапануеце.
Калісьці вы казалі, што, карыстаючыся штодня той ці іншай рэччу, чалавек абавязкова пакідае на ёй сляды сваёй індывідуальнасці, якія трэніраваны назіральнік можа расчытаць. Вось вам гадзіннік, якім я пачаў карыстацца не так даўно. Ці не зробіце ласку расказаць мне пра характар і звычкі яго папярэдняга ўладальніка?
Я перадаў Холмсу гадзіннік, радуючыся ў душы, што ён не зможа, як мне здавалася, прайсці гэтае выпрабаванне. Гэта паслужыць яму добрым урокам і прымусіць адмовіцца ад катэгарычнага тону, якім ён часам да мяне звяртаецца. Ён узважыў гадзіннік у руцэ, уважліва агледзеў цыферблат, потым адчыніў вечка і вывучыў механізм спачатку няўзброеным вокам, затым з дапамогай моцнай пукатай лупы. Калі ён урэшце зашчоўкнуў вечка і з панылым тварам вярнуў мне гадзіннік, я ледзь змог стрымаць усмешку.
Слядоў амаль не захавалася, адзначыў ён. Гадзіннік нядаўна чысцілі, а таму я пазбаўлены самай відавочнай інфармацыі.
Маеце рацыю, пацвердзіў я. Яго пачысцілі да таго, як ён трапіў да мяне.
У думках я абвінаваціў сябра ў тым, што ён так бездапаможна і непераканаўча спрабуе апраўдаць сваю паразу. Чаго ён, цікава, чакаў ад нячышчанага гадзінніка?
Але гэтая прыкрая акалічнасць не перашкодзіла мне ўсё ж зрабіць нейкія высновы, сказаў Холмс, летуценна і безуважна гледзячы ў столь. Я, безумоўна, магу памыляцца, але мне здаецца, што гадзіннік належаў вашаму старэйшаму брату, які атрымаў яго ад бацькі.
І пра гэта вам, канечне ж, паведамілі ініцыялы «Х. Ў.» на вечку.
Усё правільна. «Ў» адносіцца да вашага прозвішча. Гадзіннік зроблены гадоў пяцьдзясят таму, прыкладна столькі ж гадоў і гравіроўцы з ініцыяламі, а значыць, яе зрабілі для чалавека старэйшага пакалення. Ювелірныя вырабы звычайна пераходзяць да старэйшага сына, і цалкам магчыма, што вашага брата назвалі ў гонар бацькі. Калі памяць мне не здраджвае, ваш бацька памёр шмат гадоў таму. Такім чынам, гадзіннікам валодаў ваш старэйшы брат.
Пакуль усё правільна, пагадзіўся я. Што-небудзь яшчэ?
Ён быў неахайным чалавекам так, вельмі неахайным і няўважлівым. У яго былі добрыя магчымасці, але ён упусціў свой шанец, доўгі час жыў у нястачы, якая зрэдку змянялася кароткімі перыядамі росквіту, і ўрэшце запіў і памёр. Вось і ўсё, што мне ўдалося высветліць.
Я ўскочыў і, кульгаючы, пачаў раздражнёна хадзіць па пакоі. Словы сябра моцна мяне зачапілі.
Як гэта непрыстойна з вашага боку, Холмс! усклікнуў я. Не думаў, што вы апусціцеся да такога! Вы дазналіся дзесьці пра майго няшчаснага брата, а цяпер робіце выгляд, нібыта атрымалі гэтыя звесткі такім вось неверагодным чынам. Вы думаеце, я паверу, што ўсё гэта вы расчыталі па яго старым гадзінніку?! Гэта проста непрыгожа і, шчыра кажучы, патыхае махлярствам!
Мой дарагі доктар, мякка перапыніў мяне Холмс, шчыра прашу прабачэння. Гледзячы на гэтую справу як на абстрактную праблему, я зусім забыў, як балюча яна можа закранаць вас прыватна. Аднак даю слова, што да сённяшняга дня я пра вашага брата нічога не ведаў.
Мой дарагі доктар, мякка перапыніў мяне Холмс, шчыра прашу прабачэння. Гледзячы на гэтую справу як на абстрактную праблему, я зусім забыў, як балюча яна можа закранаць вас прыватна. Аднак даю слова, што да сённяшняга дня я пра вашага брата нічога не ведаў.
Але адкуль тады, дзеля ўсяго святога, вы пра гэта дазналіся? Вашыя высновы абсалютна правільныя, да самых дробязяў.
О, значыць, мне пашанцавала. Я мог прапанаваць толькі некалькі дапушчэнняў і не чакаў, што ўсе яны акажуцца правільнымі.
Але ж гэта былі не проста здагадкі?
Безумоўна, не простых здагадак я ніколі не раблю, бо гэта кепская звычка: яна разбурае здольнасць мысліць лагічна. Вы ўражаныя толькі таму, што не можаце прасачыць мой ланцуг разважанняў і не заўважаеце дробязяў, ад якіх часам усё залежыць. Вось, напрыклад, спачатку я адзначыў, што ваш брат быў неахайным. Калі вы разгледзіце адваротны бок гадзінніка, то заўважыце на ім не толькі дзве ўвагнутасці, але і шматлікія драпіны, якія сведчаць пра звычку насіць цвёрдыя прадметы, напрыклад, манеты ці ключы, у той самай кішэні, што і гадзіннік. Не трэба быць выбітным мысляром, каб зразумець, што чалавек, які з такой абыякавасцю ставіцца да гадзінніка за пяцьдзясят гінеяў, вылучаецца пэўнай неахайнасцю. Цалкам лагічным падаецца таксама дапушчэнне, што ўладальнік такой каштоўнасці някепска забяспечаны і іншымі дабротамі.
Я кіўнуў, паказваючы, што сачу за ягонымі развагамі.
Прымаючы гадзіннік, ангельскія ліхвяры звычайна надрапваюць іголкай нумар квітанцыі на яго адваротным баку. Такая пазнака зручнейшая за цэтлік, бо яе нельга згубіць ці пераблытаць. З адваротнага боку вашага гадзінніка я з дапамогай лупы налічыў як найменш чатыры такія нумары. Першая выснова: ваш брат нярэдка перажываў кепскія часы. Другая выснова: часам справы яго папраўляліся, іначай ён не мог бы выкупіць заклад. І ўрэшце, прашу вас зірнуць на адтуліну для ключа. Бачыце, колькі вакол яе драпінак? Яны сведчаць, што ключ слізгаў па корпусе. Хіба можа цвярозы чалавек, заводзячы гадзіннік, мець з ім столькі цяжкасцяў? Але для пяніцы гэта звычайная справа. Ён заводзіць гадзіннік ноччу, і ключ у няцвёрдай руцэ пакідае такія вось сляды. Ну і дзе тут таямніца?
Усё ясна як божы дзень, пагадзіўся я. Прызнаюся, што быў да вас несправядлівы. Я мусіў больш давяраць вашым дзівосным здольнасцям. Магу я пацікавіцца, ці займаецеся вы цяпер якім расследаваннем?
Не! Адсюль і какаін. Без разумовай працы я не магу. Дзеля чаго тады жыць? Зірніце ў акно! Што за тужлівы, панылы і безнадзейны свет! Паглядзіце, як жоўты туман паглынае вуліцу і ахутвае блякла-карычневыя дамы. Усё такое безнадзейна празаічнае і прыземленае Якая карысць з маіх здольнасцяў, доктар, калі я не магу выкарыстаць іх на практыцы? Злачынствы нудныя, існаванне нуднае на зямлі не засталося нічога, што не было б нудным.
Толькі я адкрыў рот, каб адказаць на гэтую тыраду, як хтосьці рашуча пагрукаў у дзверы, і ўвайшла нашая гаспадыня, трымаючы на масянжовым падносе візітоўку.
Да вас маладая лэдзі, сэр, сказала яна, звяртаючыся да майго сябра.
Міс Мэры Морстэн, прачытаў Холмс. Хм. Ніколі не чуў гэтага імені. Місіс Хадсан, запрасіце, калі ласка, маладую лэдзі сюды. Доктар, не сыходзьце. Мне хацелася б, каб вы засталіся.
Раздзел 2. Сутнасць справы
Захоўваючы вонкавую абыякавасць, міс Морстэн цвёрдым крокам зайшла ў пакой. Гэта была маладая светлавалосая жанчына, кожная дэталь убрання якой сведчыла пра выключны густ. Аднак ва ўсім яе абліччы адчувалася нейкая прастата і нават сціпласць, што намякала на абмежаваныя сродкі. На лэдзі была цёмная сукенка шаравата-бэжавага колеру без абшыўкі і аздобаў, а таксама капялюшык такога ж панылага адцення, які ажыўляла толькі нешта накшталт белага пяра збоку. Яе твар не вылучаўся ні правільнасцю рысаў, ні прыгажосцю, але выраз яго быў мілым і прыемным, а ў вялікіх блакітных вачах чыталася незвычайная адухоўленасць і добразычлівасць. Сутыкнуўшыся на трох кантынентах з вялікай колькасцю жанчын самых розных нацыянальнасцяў, я ніколі не бачыў твару, які гэтак жа выразна сведчыў бы пра вытанчаную і чуллівую натуру. Калі яна сядала на прапанаванае ёй Холмсам крэсла, я не мог не звярнуць увагі на тое, што вусны госці трымцяць, рука ледзь бачна дрыжыць, а ўсё аблічча выдае моцную душэўную трывогу.
Я прыйшла да вас, містэр Холмс, сказала яна, бо калісьці вы дапамаглі маёй гаспадыні, місіс Сэсіл Форэстэр, разблытаць адну сямейную праблему. Вашая дабрыня і майстэрства вельмі яе ўразілі.