Вядзі іх да мяне, кітматгар*. Вядзі іх проста да мяне.
Раздзел 4. Гісторыя чалавека з лысінай
Брудным і ўбогім калідорам, слаба асветленым і амаль без мэблі, індус давёў нас да дзвярэй справа і адчыніў іх. У вочы нам ударыла жоўтае святло, у якім стаяў нізенькі чалавечак з выцягнутай галавой і рудой махрай валасоў, над якой, нібы над піхтавым лесам, узвышалася горная вяршыня бліскучай лысіны. Ён стаяў склаўшы рукі, і яго твар увесь час рухаўся то ўсміхаўся, то хмурыўся, але не даўжэй за адно імгненне. Прырода ўзнагародзіла чалавечка адвіслай губой, з-пад якой вытыркаліся жоўтыя няроўныя зубы, і ён увесь час беспаспяхова спрабаваў прыкрыць іх рукой. Нягледзячы на сваю кідкую лысіну, выглядаў ён досыць маладым. Крыху старэйшы за трыццаць, як выявілася пазней.
Да вашых паслугаў, міс Морстэн, паўтарыў ён некалькі разоў тонкім высокім голасам. Да вашых паслугаў, джэнтльмены. Прашу вас, заходзьце ў маю келлю. Яна маленькая, міс, але абстаўленая ў адпаведнасці з маім густам. Аазіс мастацтва ў маркотнай пустэльні паўднёвага Лондана.
Пакой, у які ён нас запрасіў, моцна ўражваў. У гэтым вартым жалю доме ён глядзеўся як дыямент чыстае вады ў масянжовай аправе. Сцены пакоя былі задрапіраваныя самымі раскошнымі і бліскучымі гардзінамі і габеленамі, якія тут і там расхіналіся, дэманструючы карціну ў каштоўнай раме ці ўсходнюю вазу. Дыван бурштынавых і чорных адценняў быў такі мяккі і такі тоўсты, што ў ім, нібыта ў мохавай падушцы, прыемна танула нага. Дзве вялікія тыгрыныя скуры, кінутыя ўпоперак дывана, яшчэ больш нагадвалі пра ўсходнюю пышнасць, як і вялізны кальян на цыноўцы ў куце. У цэнтры пакоя на ледзь бачным залатым дроціку вісела лямпа ў форме срэбнага голуба. Яна гарэла і струменіла тонкі духмяны пах.
Тадэвуш Шолта, прадставіўся нізенькі чалавечак, усміхаючыся і крывячыся. Так мяне завуць. Вы, канечне ж, міс Морстэн. А гэтыя джэнтльмены
Шэрлак Холмс і доктар Ўотсан.
Доктар, праўда? узрушана ўсклікнуў ён. У вас жа ёсць пры сабе стэтаскоп? Ці магу я вас папрасіць будзьце так ласкавыя Мяне сурёзна непакоіць мітральны клапан Зрабіце ласку Аорце я цалкам давяраю, а вось наконт мітральнага хацелася б пачуць вашае меркаванне.
Я праслухаў яго сэрца, але не здолеў знайсці ніякіх праблемаў, хіба што ён быў моцна чымсьці напалоханы, бо дрыжаў з галавы да ног.
Здаецца, мітральны ў норме, сказаў я, прычын для хвалявання няма.
Прабачце мне маю трывогу, міс Морстэн, бесклапотна сказаў Шолта. Я вялікі пакутнік і ўжо даўно маю наконт гэтага клапана пэўныя падазрэнні. Вельмі рады чуць, што яны беспадстаўныя. Міс Морстэн, калі б ваш бацька не напружваў так моцна сваё сэрца, ён быў бы цяпер жывы.
Згадка пра такую далікатную справу прагучала занадта груба і бесцырымонна, і я ледзь стрымаўся, каб не даць яму па твары. Міс Морстэн пабляднела збялелі нават яе вусны і прысела.
У глыбіні душы я ведала, што ён мёртвы, сказала яна.
Я магу пра ўсё вам расказаць, паведаміў ён, больш за тое, магу ўзнавіць справядлівасць, што б там брат Барталамю ні казаў. Я вельмі рады, што гэтыя джэнтльмены будуць не толькі вашымі спадарожнікамі, але і сведкамі таго, што я збіраюся вам сказаць і хутка скажу. Мы трое цудоўна зможам супрацьстаяць Барталамю. Але не варта ўцягваць сюды старонніх людзей паліцыю ці ўлады. Мы з усім парадзім без чужога ўмяшання. Розгалас можа раззлаваць Барталамю больш, чым што іншае.
Ён прысеў на нізкую канапу і запытальна паглядзеў на нас бляклымі вадзяніста-блакітнымі вачыма.
Што да мяне, сказаў Холмс, то магу вас упэўніць: што б вы ні сказалі, далей за мяне яно не пойдзе.
Я кіўнуў на знак згоды.
Ну і цудоўна! Проста цудоўна! сказаў нізенькі чалавек. Ці магу я прапанаваць вам бакал кянці, міс Морстэн? Можа, такайскага? Іншых вінаў не трымаю. Дык я адкаркоўваю? Не? Ну як сабе жадаеце. Спадзяюся, вы не маеце нічога супраць дыму, гэтага лёгкага гаючага водару ўсходняга тытуню? Я трошкі нервуюся, а мой бясцэнны кальян цудоўна мяне супакойвае.
Ён прымацаваў да вялікага сасуда трубку, і ў ружовай вадзе весела забулькатаў дымок. Мы размясціліся паўколам, выцягнуўшы галовы наперад і падпёршы рукамі падбароддзі, тым часам як наш дзіўны знерваваны гаспадар з высокай бліскучай макаўкай сеў у цэнтры і неспакойна запыхкаў дымам.
Калі я вырашыў упершыню адправіць вам пасланне, сказаў ён, то мог бы даць свой адрас, але пабаяўся, што вы не звернеце на маю просьбу ўвагі і прыведзяце якіх непажаданых людзей. А таму палічыў за лепшае арганізаваць нашую сустрэчу так, каб мой слуга Ўільямс мог спачатку на вас зірнуць. Яго абачлівасці я цалкам давяраю, і ён атрымаў інструкцыю нікуды вас не везці, калі штосьці падасца яму падазроным. Прашу прабачыць такія меры перасцярогі, але я вяду самотны і нават, можна сказаць, рафінаваны лад жыцця, а ўявіць сабе штосьці менш эстэтычнае, чым паліцэйскі, немагчыма. У мяне прыроджаная агіда да любых праяваў грубага матэрыялізму. Я рэдка дачыняюся з цёмным натоўпам. Як бачыце, я жыву ў атмасферы вытанчанасці і магу лічыць сябе апекуном мастацтваў. Гэта мая слабасць. Вось пейзаж арыгінальны Каро*, і калі гэтага Сальватора Розу* знаўца яшчэ можа паставіць пад сумнеў, то мой Бугро* не выкліча ў яго аніякіх пытанняў. Я нераўнадушны да сучаснай французскай школы.
Прашу прабачыць мне, містэр Шолта, сказала міс Морстэн, але я прыехала сюды на вашую просьбу, бо вы хацелі нешта мне расказаць. Цяпер ужо позна, і мне хочацца скончыць размову як мага хутчэй.
Але нават у найлепшым выпадку яна адбярэ ў нас яшчэ трохі часу, прамовіў гаспадар, бо варта ўсё ж зездзіць у Норвуд і пабачыцца з Барталамю. Паехалі, паспрабуем яго пераканаць, калі атрымаецца. Ён злуецца на мяне, бо я раблю ўсё так, як лічу патрэбным. Учора вечарам мы досыць сурёзна паспрачаліся. Вы не ўяўляеце, якім невыносным ён робіцца, калі злуецца.
Калі трэба ехаць у Норвуд, давайце зараз жа і выправімся, асмеліўся прапанаваць я.
Шолта рассмяяўся так, што ў яго пачырванелі вушы.
Гэта наўрад ці атрымаецца! усклікнуў ён. Цікава, што ён скажа, калі я вось так паспешліва вас прывязу. Не, вас трэба падрыхтаваць, расказаць пра нашыя стасункі. Але спачатку мушу вас папярэдзіць, што пра асобныя моманты гэтай гісторыі я не ведаю нічога, а таму магу паведаміць толькі тое, у чым упэўнены.
Як вы, магчыма, здагадваецеся, я сын маёра Джона Шолта, які служыў калісьці ў індыйскім войску. Каля адзінаццаці гадоў таму ён сышоў у адстаўку і пасяліўся ў Пандычэры-Лодж, што ў Апэр-Норвудзе. У Індыі яго справы квітнелі, і ён вярнуўся на радзіму з добрымі грашыма, вялікай калекцыяй каштоўных дзівосаў і цэлым штатам слуг-індусаў. Тут купіў дом і зажыў раскошным жыццём. Мы з братам-блізнюком Барталамю былі яго адзінымі дзецьмі.
Я вельмі добра памятаю, якія пачуцці выклікала ў нас знікненне капітана Морстэна. Падрабязнасці мы знайшлі ў газетах і свабодна абмяркоўвалі прачытанае ў прысутнасці бацькі, ведаючы, што ён з капітанам сябраваў. Звычайна бацька далучаўся да нашых размоваў і прапаноўваў свае версіі. Ні на хвілінку мы не западозрылі, што сакрэт гэтага знікнення схаваны ў яго грудзях, што бацька адзіны ведае пра лёс Артура Морстэна.
Аднак мы бачылі, што бацьку пераследуе нейкая таямніца, нейкая несумненная небяспека. Ён вельмі баяўся выходзіць адзін і заўсёды трымаў ахоўнікамі пры браме двух прафесійных баксёраў. Адзін з іх Ўільямс, які сёння вас вёз. Калісьці ён быў чэмпіёнам Англіі ў лёгкай вазе. Бацька ніколі не расказваў нам, чаго ён баіцца, але відавочна адчуваў непрыязнасць да людзей з драўлянай нагой. Аднойчы ён нават стрэліў з рэвальвера ў аднаго калеку, які аказаўся бяскрыўдным гандляром, што збіраў замовы. Каб замяць справу, давялося выдаткаваць значную суму. Мы з братам лічылі, што гэта не больш чым забабоны, але наступныя падзеі змусілі нас перагледзець гэтае меркаванне.
У пачатку 1882 году бацька атрымаў з Індыі ліст, які моцна яго ўразіў. Калі за сняданкам ён ускрыў канверт, то ледзь не страціў прытомнасць і да самае свае смерці так канчаткова і не ачуняў. Пра што вялося ў пасланні, мы так і не даведаліся, але я паспеў заўважыць, што яно было кароткае і напісанае вельмі неразборліва. Шмат гадоў бацьку мучыла хандра, якая рабілася ўсё глыбейшай, але пасля гэтага выпадку здароўе яго пачало рэзка пагаршацца. Бліжэй да канца красавіка нам паведамілі, што надзеяў няма і бацька жадае сказаць нам апошняе слова.
Калі мы зайшлі ў яго пакой, ён сядзеў на падушках і цяжка дыхаў. Ён папрасіў нас замкнуць дзверы і стаць па абодва бакі ложка. Схапіўшы нас за рукі, ён голасам, надламаным не столькі ад болю, колькі ад моцных пачуццяў, расказаў нам сваю дзівосную гісторыю. Я паспрабую дакладна перадаць вам яго апошнія словы.
«Ёсць толькі адзін грэх, сказаў ён, які мучыць маю душу ў апошнія хвіліны. Гэта мая несправядлівасць да беднай сіраты Морстэна. Клятая сквапнасць, якая ўсё жыццё мяне пераследавала, пазбавіла яе скарбу, не менш чым палова якога па праве належыць ёй. Прагнасць сляпое і дурное пачуццё, бо я не меў з гэтага скарбу ніякай выгады. Але я даражыў самім адчуваннем уласніка і ні з кім не мог яго раздзяліць. Зірніце на жамчужны ружанец ля бутэлечкі з хінінам. Я не магу расстацца нават з ім, хаця і збіраўся даслаць яго ёй. Вы, мае сыны, вернеце ёй належную частку скарбу Агры. Але не дасылайце ёй нічога нават гэты ружанец да самае мае смерці. Бываюць жа, ў рэшце, выпадкі, калі людзі папраўляюцца нават у такім кепскім стане, як я.
Я раскажу вам, як памёр Морстэн, працягваў ён. Доўгія гады ён пакутаваў на слабае сэрца, але хаваў сваю хваробу ад усіх. Толькі я пра яе і ведаў. Калісьці ў Індыі дзякуючы цудоўнаму збегу абставінаў мы з ім завалодалі багатым скарбам. Я прывёз яго ў Англію, і адразу пасля свайго вяртання Морстэн адправіўся да мяне і запатрабаваў сваю долю. Ён прыйшоў пехам са станцыі, і яго пусціў мой стары верны Лал Чоўдар, які цяпер ужо нябожчык. Мы з Морстэнам разышліся ў меркаваннях, як падзяліць скарб, і моцна пасварыліся. У параксізме гневу капітан ускочыў з крэсла і тут нечакана прыціснуў руку да грудзей, смяротна збялеў і паваліўся на спіну, разбіўшы галаву аб вугал куфра са скарбам. Падбегшы да яго, я з жахам зразумеў, што ён мёртвы.