Шал (зборнік) - Юры Станкевіч


Юры Станкевіч

Шал

© Станкевіч Ю. В., 2012

© ПВУП «Галіяфы»,2012

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Аповесці

Пераход

1

Цемра пакрысе згушчалася ў кутах убогага жытла, прасочвалася ў акно, падступала да ложка. Чарговая ноч надыходзіла, і тут нічога нельга было змяніць.

Чалавек прымушаў сябе засынаць без транквілізатараў, бо гэта было да таго ж і небяспечна, альбо спаў днём.

Трэба было берагчы элементы сілкавання, бо электрычнага святла, вядома, тут не існавала, і таму чалавек уключаў транзістар пераважна ў пачатку гадзіны, каб паслухаць навіны і заадно праверыць час, а потым выключаў. Так і цяпер, але неспадзявана загучала песня: на незразумелай яму мове, меладычная, у старой традыцыйнай манеры пра далёкі-далёкі Амстэрдам гэта слова часта паўтаралася, і ён даслухаў да канца, а потым выключыў транзістар. Урэшце, што яму да таго Амстэрдама?

Чалавек меў імя. Яго звалі Антон Лашкевіч.

Каб крыху ўзбадзёрыцца,  да таго ж надышоў час запаліць лямпу,  ён апрануў ватоўку і выйшаў з хаты ў мокрую імжачную шэрань. Сутонела. Ён насцярожана прыслухаўся і агледзеў, азірнуўшыся, вуліцу. Але навокал было, як і заўсёды, пуста, змрочна і шэра, толькі рыпелі калі-нікалі ад ветру дрэвы ды цурчэла ў бочку тонкім струменем вада з-пад страхі. За хатай туліліся старыя азяроды з рэшткамі бульбоўніка, цягнуўся выган, а за ім на даляглядзе цямнеў лес. Там ужо збіралася на ноч. Праз брамку ён выйшаў на зарослую пустазеллем, у лужынах, вуліцу і зноў азірнуўся, але адкуль каму тут узяцца акрамя тых, каго ён чакае,  але іх пакуль не было.

Дом, дзе ён запальваў на ноч газніцу, стаяў насупраць і глядзеў на яго трыма вокнамі, пад якімі апантана, запознена і самотна буяў куст сухацвету.

Ён агледзеўся і ціха паклікаў:

 Гэй, сабака! А потым пачакаў і зноў:

 Гэй, пёс!

Але ён ведаў, што калі пёс сапраўды недзе паблізу, то звычайна не адклікаецца, а хаваецца і моўчкі назірае за ім. Сабака быў тут, пэўна, адзінай жывой хатняй істотай, але ўпарта не падыходзіў, і ў вачах жывёлы, калі яны сустрэліся аднойчы з чалавечымі, ён прачытаў непаразуменне і жах. Шмат дзён таму, як ён толькі прыйшоў сюды і апынуўся на вуліцы, сабака моўчкі выбег яму насустрач, моўчкі пацягнуўся следам, а калі ён перастаў зважаць, імкліва падбег ззаду і таксама моўчкі нямоцна ўкусіў за нагу.

На зарослай травой вуліцы чаравікі адразу сталі мокрыя. Ён скіраваў назад у хату, бо ўспомніў пра запалкі, адшукаў іх, узяў ружжо і зноў выйшаў на вуліцу, прайшоў, ціснучыся ля плота, адшукаў тонкі дроцік, які нацягнуў дзеля сігналізацыі дроцік быў цэлы, ён пераступіў і акуратна прыстасаваў яго на старое месца, а потым адчыніў дзверы хаты насупраць. Трэба было падрыхтавацца да ночы, калі ён не спаў, а назіраў гэта моцна стамляла. На яго адразу дыхнула цвіллю, і ён вырашыў пазней прапаліць, але ж яму тут не заставацца, толькі пакіне гарэць лямпу, каб бачна было, што ў доме-падманцы нехта ёсць, а сам будзе пільнаваць у «сваёй» хаце, сачыць ля акна павінны ж яны некалі прыйсці.

Хата, пэўна, належала ў мінулым калгаснаму спецыялісту: аграному, заатэхніку ці мо проста брыгадзіру, бо на адзінай паліцы стаялі некалькі кніжак па сельскай гаспадарцы. На сцяне ў зале віселі яшчэ колькі чорна-белых партрэтаў у танных рамках: мужчына ў нязграбным пінжаку і пры гальштуку, малады жаўнер сарамяжліва ўсміхаўся ў абектыў, дзяўчынка з лялькай у руцэ, жанчына з сурова падцятымі вуснамі. Разбітае люстэрка між імі напалавіну паабсыпалася на падлогу. Развярэджаны тэлевізар валяўся ў куце, пустая шафа была без дзверцаў. Пабеленая грубка за дашчатай перагародкай адным сваім бокам месцілася ў спальні. Там стаяў металічны ложак, матраца на ім не было, побач дзіцячая калыска. Шпалеры амаль усюды нехта быццам знарок падрапаў, і там-сям на іх ужо плямамі выступіла цвіль. У пярэдняй стаяў стол, ляжаў пусты газавы балон са збітым венцілем, але пліты не было; побач валялася рыззё, крэсла і зэдлік.

Ён сеў на зэдлік, адхіліў паркалевыя фіранкі, зірнуў на вуліцу, прыслухася, зноў старанна захінуў фіранкі і запаліў лямпу. Газы ў яго было яшчэ дзён на пяць-шэсць ён наліваў у лямпу да верху і гэтага якраз хапала на дзве ночы (з перапынкам на дзень і зноў да наступлення святла). Ён дастаў з кішэні запалкі, запаліў кнот і асцярожна насунуў зверху шкляны каўпак. У пакоі стала светла, ён убачыў свой цень на сцяне, узяў ружжо, тыцнуў руку ў кішэню патроны былі на месцы, і адразу заспяшаўся да дзвярэй.

Прыкметна сцямнела, і на неба выпаўзла з-за хмар млявая, у дымцы, поўня. Нечага як быццам не ставала, і ён прыслухаўся, азірнуўся навокал, але ўсё, здаецца, было як раней: стаяў уводдалі цьмяны ўжо лес, загадкава і змрочна цямнелі зарослыя пустазеллем хаты па баках вуліцы, толькі імжа больш не сыпала з неба і дрэвы не рыпелі пад ветрам, бо самога ветру зусім не адчувалася, можна было прайсці па вуліцы з запаленай свечкай, і ён сказаў:

 Адзін я, Госпадзі.

Стаяла навокал нават вязкае маўчанне, і зорак не было на небе, схавалася неўзабаве поўня, і ён расцяў вусны і зноў прамовіў сам сабе:

 Гэта я, Антон Лашкевіч.

Але сказаў у пустэчу, бо аніякага гуку ў паветры не пачуў, словы, выціснутыя з горла, быццам растварыліся ў гукаізаляцыйнай кабіне, у якой запісваюцца на плёнку.

Ён прыслухаўся і рушыў па вуліцы да «сваёй» хаты, зноў праверыў сігналізацыю тонкі дроцік над сцежкай, хутка пераадолеў тыя некалькі дзясяткаў метраў праз вуліцу і асцярожна, каб не ляпаць, праслізнуў у дзверы. У хаце ўжо было зусім цёмна, але ён рухаўся ўпэўнена па звычцы накінуў на дзвярны прабой кручок, падышоў да акна, да якога ўсутыч быў прысунуты ложак, і агледзеў адсюль самую хату-падманку. Абрысы яе ўжо былі размытыя цемрай, толькі ярка свяцілася акно, святло з яго падала і на дзверы веранды: калі хто мусіць зайсці, то ён убачыць. Вядома, калі сам не засне. Але на тое, каб не заснуць, існуе прыстасаваная ім дротавая сігналізацыя. Варта зачапіць нагой дроцік,  а той хто не ведае, абавязкова зачэпіць, як бы асцярожна не рухаўся ў цемры,  і ў яго хаце адразу бразне пустая бляшанка над парогам. Гэта ён пачуе, нават калі засне, тут ужо спрацуе нервовая сістэма.

На стол злева ад ложка чалавек па імені Антон Лашкевіч паклаў ружжо (пачак патронаў ляжаў там жа і яшчэ былі ў кішэні), лёг на ложак (ён падклаў, каб той быў вышэй, пад ножкі колькі кніжак з паліцы) і таму мог сачыць за хатай насупраць лежачы. Ён зірнуў на гадзіннік і ўключыў транзістар. Шкала засвяцілася, і ён пачуў:

«Чалавечая святасць яна адна рэальная, хоць яе немагчыма ні ўбачыць, ні пачуць. Усё астатняе толькі атрыбуты, маскарад, маніфестацыі, выхадкі, адчай, безнадзейныя крыкі ў цемнаце і маўчанні»

Гэта пэўна, вырашыў ён, прагучала канцоўка нейкай перадачы, а потым пачуў, як сапраўды абявілі час, і ён праслухаў навіны, але доўга думаў не пра іх, а менавіта пра святасць. Раптам туга сціснула яму грудзі, але ён звыкла стрымаў свае пачуцці.

Транзістар змоўк. Ён прыслухаўся. Слых у яго стаў абвостраны, і ён чуў самыя ціхія гукі, але часта растлумачыць сэнс іх усіх не мог. Рыпне дзе дрэва, крыкне якая начная птушка, зашамаціць лісце, прабяжыць часам дзікі звер. Заўсёды звінелі некалькі камароў, тут яны, як ва ўсіх драўляных хатах, не пераводзяцца і зімой, хоць і не кусаюць. Апошнім часам ідуць дажджы, а хутка і снег выпадзе. Яму тады спатрэбяцца лыжы, запас дроў, больш ежы і ўсё іншае. А пакуль навокал яшчэ брудныя дахі, зялёныя ад цвілі парканы, старое сена, пажары, асабліва калі гарыць сухая трава ці лес. А так усё як і раней: зеляніна дрэў, брукаваныя дарогі, кінутыя дамы, крамкі, вось толькі людзі Урэшце ён цяпер да скону, адзін.

Ён расплюшчыў вочы і сказаў сам сабе:

 Не спаць, бо пакуль не выпадае.

І зірнуў у акно. Месяц заліў на кароткі час штучным святлом мёртвую вуліцу і хаты, ужо напалавіну зарослыя пустазеллем, з праваламі выбітых шыбаў, абваленыя хлеўчукі і зноў схаваўся ў хмару, і ўсё, акрамя асветленага акна ў хаце-падманцы, патанула ў цемры.

Ён не хацеў бы сустракацца з людзьмі. Зусім. Але ўсё роўна да яго прыйдуць. Пачнуць зноў дашуквацца: хто, адкуль, навошта? А яму трэба, каб усё вырашалася само. У яго свая вайна. Ён адчуў, як варухнулася ў ім прыхаваная злосць, і сказаў, нібы звяртаючыся да чужога:

 Спакойна, бо ўжо нішто не варта чагонебудзь.

Але замест голасу пачуў хрыплы шэпт, які адразу прапаў у цішыні і цемры. Толькі вось дзяўчына. Загадкавая яна часам была, і самае галоўнае, што не здрадзіла, але лепш цяпер пра яе не думаць. Лепш пра нешта іншае, пра тое, напрыклад, колькі бляшанак кансерваў і боханаў хлеба засталося ў рукзаку. Да таго ж, сабака. Хлеб ішоў і на яго. Антон Лашкевіч пакідаў яму і крыху на дне бляшанкі, але ўпэўненасці, што ўсё зядаў менавіта сабака, а не якія пацукі, не было.

Камар тонка звінеў у цемры, потым да яго далучыўся яшчэ адзін. Камары адчуваюць цяпло жывой істоты за дзясяткі метраў. Але цяпер яны вялыя, прайшоў іх час. Пазвіняць і зноў затояцца. Цікава, дзе хаваецца той сабака? Ні разу нават не забрахаў, мусіць, зусім здзічэў. І баіцца, пэўна, ваўкоў. Ці дзікоў.

Дальше