Туга апаноўвала яго, асабліва вечарамі, калі згасала святло, а далёкае сонца хуткаплынна скатвалася за далягляд і ўрэшце знікала за сцяной лесу. Але ж была ў гэтым тужлівым адчаі і нейкая своеасаблівая псіхалагічная асалода: вось, меркаваў ён, я дайшоў да апошняй рысы, гэта край, але ж я не скараюся і не апускаюся да ляманту, праклёнаў і пустых і бяссэнсавых нараканняў на свой лёс, які ўгатаваў яму такую пастку.
А потым ён заўважыў, што зона жывая. На тэрыторыю, якую ён лічыў ужо сваёй, часам забягалі дзікі, але, учуўшы чалавека, адразу знікалі, дзесьці паблізу блукаў сабака няблага было б яго прыручыць, іншым разам меркаваў ён, праляталі птушкі, выкідваў з падземнай схованкі зямлю крот, неяк ён убачыў лісіцу, а потым амаль з-пад ганка яго хаты выпаўз на сцежку вуж. Але не гэта было самым важным. Аднойчы ён пачуў далёкія галасы людзей, але хоць і застаўся чакаць да яго так ніхто і не наведаўся, а потым неяк заўважыў, што на ўскрайку леса бліснуў сонечны зайчык, як ён адразу вызначыў, гэта было шкло бінокля: значыць, за ім нехта сачыў.
Ён стаў больш пільны, правёў вакол хаты непрыкметную дротавую сігналізацыю, а ў ствалы ружжа ўставіў па патроне і трымаў яго заўсёды пад рукой.
Вечарамі і з надыходам цемнаты чалавек па імені Антон Лашкевіч ляжаў і думаў пра ўсякае. Ці кахала яго па-сапраўднаму жонка, якая засталася дзесьці там, у вялікім горадзе? А дачка? Як яна паставілася да яго знікнення? Што такое, напрыклад, святасць? І ці сапраўды яна адна рэальная рэч, а ўсё астатняе безнадзейныя крыкі ў цемры? Ці жыў ён, напрыклад, па тэме заданай яму аднекуль з нябачнай вышыні, альбо цяпер, ужо на Пераходзе, расцярушыў сваё жыццё на дробны, неістотны друз? Ці дасягнуў ён сваёй мэты? Ці была яна ў яго ўвогуле? Можа, спадзяваўся ён, у яго яшчэ не ўсё страчана, а татальная адзінота, якая звалілася на яго, нясе ў сабе шанц на своеасаблівую душэўную перамогу?
Дагэтуль усё яго жыццё забірала войска. Магчыма, калі б ён рос у забяспечанай сямі, ён выбраў бы сабе іншы шлях. Часам ён адчуваў неасэнсаваны ўнутраны покліч да вайсковага парадку, але калі шчыра ён не любіў армію, марыў а служыць да сарака пяці яму заставалася зусім няшмат заняцца потым зусім іншым: прачытаць шмат кніжак (а ён любіў чытаць і выкарыстоўваў дзеля гэтага кожную вольную хвіліну), засесці за кампютар, завесці якую сваю справу альбо падступіцца да чаго-небудзь, што яго апошнім часам цікавіла, парапсіхалогіі, напрыклад. Цяпер усё гэта пустыя мары, а рэальнае толькі адно зарослая пустазеллем, кінутая хата і яго абсалютнае адзіноцтва.
4
У адзін з такіх дзён чалавек па імені Антон Лашкевіч якраз падпраўляў агароджу свайго жытла, калі нечакана зявілася дзяўчына. Яна выбегла проста на яго з-за хмызняку і кустоўя, якімі даўно была зарослая вуліца. Дзяўчына, на першы погляд, мела гадоў дваццаць-дваццаць пяць, ва ўсякім разе так яму тады нагадалася. На змораным яе твары быццам занатавалася маска жаху, валасы былі ўскудлачаныя. На ёй быў заношаны і запэцканы танны трэніровачны касцюм, а на нагах брудныя красоўкі. Яна задыхалася.
Ратуйце, дзядзечка!
Што здарылася? здзівіўся ён. Адкуль ты і куды бяжыш?
За мной гоняцца!
Хто?
Потым, дзядзечка. Вы ім толькі скажыце, што я пабегла ў той бок, дзяўчына паказала на поўнач, а я у іншы. Я вас не падстаўлю, не хвалюйцеся!
Ён раздумваў нядоўга. Ружжо вісела на слупку плота, метры за два, ён зняў яго і коратка загадаў.
Ідзі ў хату!
Не, я баюся, яны вас забюць, спаляць, яны
У хату, я сказаў!
На імгненне дзяўчына замарудзілася, а потым узбегла на ганак і знікла за дзвярыма веранды. Бразнула клямка.
І амаль адразу, праз якую хвіліну ён убачыў дваіх яе пераследнікаў, якія выйшлі проста на яго і рухаліся рашуча, нібы вярталіся да сябе дамоў. Твары іх, пэўна, не абмінуў бы ўвагай Ламброза. Яны былі бамжаватыя на выгляд, але толькі на першы, бо хоць і непаголеныя, мелі ўкормленыя пысы, і целы ў іх былі маладыя, здаровыя, поўныя энергіі і незрасходаванай сілы.
Дзеўка дзе? спытаў адразу, не павітаўшыся, адзін з іх каржакаваты, цёмнавалосы і з залатым ланцугом у проразі каўнера кашулі. Ты яе бачыў?
А што іх тут шмат бегае? у сваю чаргу спытаў ён. Навошта яна вам?
Ты дурня не ўключай, гавары, куды яна пасунулася?
Не бачыў я дзеўку, сказаў ён.
А можа, яна ў хаце хаваецца? абодва памкнуліся да яго бліжэй, адлегласць паміж імі адразу стала небяспечна скарочанай, і ён звыкла перакінуў ружжо пад левую далонь, пальцы правай ляглі на куркі.
Стоп, мужыкі, сказаў Антон Лашкевіч і дадаў коратка і рашуча. Гэта мая хата!
Ды ты што, внатуры, апух? засмяяўся другі з пераследнікаў вузкаплечы, але гнуткі і жылісты, з тыповым тварам блатнога. Хто табе сказаў такое глупства? Тут, у гэтым раёне, усе хаты нашыя. Нашы-я. Хочаш праблем? Ты хто?
Жан Както, пераводзіў ён небяспечную гутарку на жарт. Ішлі бы вы сваім шляхам, мужыкі. Хоць бы прадставіліся, калі ўжо завіталі.
Гэта ты мужык. А з гэтага дня яшчэ і з праблемамі, сказаў каржакаваты мацак. Думаеш, на цябе ствала не знойдзецца?
Вопытным вокам Антон Лашкевіч ужо ўбачыў у яго за поясам пад кашуляй абрысы зброі. Але ж, падумаў ён, пісталет там ці рэвальвер супраць яго двух ствалоў зараз амаль нічога не вырашае.
Ну глядзі, лічы мы табе паверылі, між тым разрадзіў сітуацыю блатнаваты, часу ў нас бракуе, але на днях чакай прыйдзем у адведкі, і ты нам падрабязна дакладзеш: хто ты такі і чаму тут прапісаўся.
Яны відавочна спяшаліся. Сапраўды, з дзеўкай ім чамусьці карцела пабачыцца неадкладна, але тут узнікала шмат пытанняў, на якія адказаць магла толькі сама ўцякачка.
Як пераследнікі зніклі, ён яшчэ пачакаў для надзейнасці некалькі хвілін, бо ведаў, што чалавек падступная істота: гэтаму навучыла яго армейскае мінулае, а потым, урэшце, вярнуўся ў хату.
Заціснуўшыся ў кут, дзяўчына сустрэла яго насцярожаным позіркам. Твар у яе быў спалоханы. Чалавек па імені Антон Лашкевіч зачыніў за сабой дзверы, накінуў кручок, сеў на зэдлік, паклаўшы ружжо побач, і паказаў на адзінае крэсла.
Сядзь нармальна. І не хвалюйся, бо яны сышлі. Дзяўчына паслухмяна перасела за стол.
Дзякуй, дзядзечка. Я крыху перачакаю, а потым пайду.
Хто гэта сюды завітаў? адразу спытаў ён. Ты іх ведаеш, так? Імёны, мянушкі?
Так.
Каржакаваты, з ланцугом на шыі?..
Гэта Смол. Ён у іх галоўны.
«Паганяла» Смол?
Так. Ад прозвішча Смолін.
А другі, які пад блатнога?
Ён блатны і ёсць. Сядзеў двойчы. Захар. Ад прозвішча Захараў.
І ўсё? Іх двое?
Не. Ёсць і трэці. Яго завуць Разак. Гэта таксама мянушка.
Ён што, каго-небудзь зарэзаў?
Упэўнена. Цяпер упэўнена.
Ну, сказаў ён, па-першае, супакойся. Ісці табе зарана. Я цябе ўважліва слухаю, і гавары, калі ласка, праўду. Па парадку: хто ты, як тут аказалася і чаму за табой гоняцца.
Праўда, як нярэдка здараецца, уражвала. У дзяўчыны было імя. Яе звалі Лідзія, ці, як яна сказала, спрасціўшы і па-мясцоваму, Лідка. У яе нікога няма, нервова сціскаючы рукі, распавядала дзяўчына. Ёй дваццаць год. Бацька гадоў з дзесяць таму сышоў ад іх маці да іншай жанчыны, і яна яго больш ніколі не бачыла, а маці год таму памерла. Лейкемія не пакідала ёй аніякіх шанцаў, і яна згасла за месяц. Яна, Лідка, засталася адна. Дагэтуль яна паступіла ў мастацкую вучэльню і неўзабаве павінна была стаць мастаком-дызайнерам па вопратцы, але лёс наканаваў інакш. Ёй зацікавіліся, і, як яна пазней здагадалася, нездарма: спачатку «прапанавалі абмяняць кватэру з даплатай, але яна не згадзілася, потым у яе жыцці аднекуль узнік гожы чорнавалосы хлапец гадоў дваццаці пяці (гэта і быў Разак), які пачаў выказваць ёй увагу, і аднойчы яна запрасіла яго да сябе, а потым яны сустракаліся, пэўна, яна закахалася, а неяк абодва выпілі, ёй стала блага, яна нічога не памятала, толькі потым даведалася, што падпісала нейкія паперы наконт кватэры, хацела звярнуцца ў райаддзел міліцыі, але не паспела. На вуліцы яе схапілі, запіхнулі ў пікап і прывезлі сюды ў зону, дзе прымусілі працаваць: так-так, расфасоўваць наркату, якую потым тыя трое скідвалі ў горад, наркадылерам, у іх там была дзірка на мяжы з Украінай, яны рабілі чаўночныя рэйды: за мяжу за наркатой, потым назад у зону, дзе ніхто нікога не шукаў, не шукае і наўрад ці будзе, а потым у горад. Доўга гэтым яны ў зоне займацца не збіраліся, бо, вядома, апасаліся ўздзеяння радыяцыі.
Двойчы яна хацела ўцячы, але яе лавілі, збівалі і зноў прымушалі працаваць.
5
Цішыня была такая шчыльная, што ён часам губляў уяўленне пра тое, дзе знаходзіцца і хто ён такі ўвогуле, нібы частка яго пакідала цела і лунала ў ліпкай, гразкай і цёмнай прасторы. Ён дацягнуўся рукой да стала, намацаў транзістар, уключыў і пакруціў настройку, шкала засвяцілася. Хацелася піць, але мінеральнай вады, якую ён купіў, калі хадзіў па хлеб, заставалася з паўбутэлькі, і ён перамог жаданне. Тут дзве неадчэпныя патрэбы піць ваду і спаць, ды яшчэ апаноўвала вяласць, пачынала часам бязладна біцца сэрца, кружылася галава.