Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля 10 стр.


Мітрафанаўна крутнулася да мінакоў і прагаварыла як мантру:

 «Кэмел», «Мальбара», нядорага.

Падземны пераход нагадваў вялікі мурашнік. Людзі ад аўтобусных прыпынкаў і бліжэйшых вуліц спяшаліся на рынак. Сноўдалі валютчыкі, моцныя хлопцы ў красоўках і спартыўных касцюмах з залатымі ланцугамі на шыі. Дачнікі гандлявалі кветкамі, прытуліўшыся ўздоўж сцен, ставілі ля ног рознакаляровыя пластмасавыя вёдры з букетамі.

Прафесарша нясмела ўзялася за працу і пайшла ў народ.

 «Кэ-мел», слаба выціснула яна з сябе і пастукала па плеценай кашолцы.

 Пішчыць як кацяня, ціха прабурчала пра прафесаршу Мітрафанаўна, а бацьку ейнага звалі Леў Цар звяроў Прыдумаюць жа людзі імёны Леў Не, каб па-чалавечы назваць Мікалаем ці хоць бы Мітрафанам, як майго бацьку.

Ля прафесаршы спыніўся малады хлопец, па ўсяму відаць студэнт, лядашчы і галавасты. Прафесарша без малейшых згрызот сумлення загнала студэнту пачак цыгарэт.

 О, размачыла. Гэта добра, цяпер гандаль пойдзе, пахваліла новенькую бывалая Мітрафанаўна.

Гандаль пайшоў. Бабулі сноўдалі па пераходзе і пакрысе распрадавалі тытунь. Прафесарша хутка стамілася без звычкі. Жвавая Мітрафанаўна хадзіла нібы завадная і паспявала сачыць за абстаноўкай. Бакавым зрокам наверсе на плошчы перад падземным уваходам Мітрафанаўна злавіла варушэнне. Хутка ўзбегла па прыступках, агледзела плошчу ля рынка. Ад Дома Мэблі рухаўся міліцэйскі патруль. Мітрафанаўна маланкай пранеслася ўніз па прыступках і гукнула да кантрабандыстак:

 Дзеўкі, мянты!..

Ад нечаканасці прафесарша з кашолкай аслупянела.

 Што здранцвела? піхнула яе пад локаць Мітрафанаўна. Каця, не стой як слуп. Пабеглі да «кукурузы», загадала прафесаршы, і яны прыпусцілі на другі бок пераходу да выхаду з падзямелля.

Мітрафанаўна на ўсіх ветразях абганяла прафесаршу. Кацярына Львоўна перарывіста дыхаючы, выяўляла небывалы спрыт і старалася не адставаць.

Двое мужчын спыніліся і назіралі за бабулямі. Адзін прамовіў:

 Паглядзі, што старушэнцыі твораць! Навыперадкі панесліся! А ў паліклініцы стогнуць: ціск у іх, суставы хворыя. Сюды б участковага ўрача, каб палюбаваўся на пацыентак.

 А тая, каторая худзейшая, кіўнуў другі на Мітрафанаўну, якраз мая цешча.

Мітрафанаўна і прафесарша вынырнулі з падземнага пераходу на вуліцу і, змяніўшы подбег на хуткую хаду, аддыхваючыся, пашыбавалі да высокага дома з белымі паўкруглымі балконамі, падобнага на кукурузны пачатак, празванага ў народзе «кукурузай».

Саша з машыны заўважыў знаёмую бабулю. У Мітрафанаўны ён заўсёды купляў цыгарэты. Віктор прытармазіў ля ўзбочыны. Саша адкруціў аўтамабільнае шкло і гукнуў:

 Мітрафанаўна!

Мітрафанаўна асцярожна азірнулася, убачыла Сашу ў акне машыны.

 Каця, ты хавайся ў двары за «кукурузай», а да мяне кліент прыехаў пасля пабачымся, імгненна развіталася Мітрафанаўна з прафесаршай і ўвішна пабегла да аўта.

Прафесарша спынілася. Сківіца на яе твары ад здзіўлення паехала ўніз, прыадкрыўшы рот. Напярэдадні прафесарша глядзела французскі фільм. У адным з эпізодаў у парыжскім квартале чырвоных ліхтароў жанчыны лёгкіх паводзін падсаджваліся ў машыны да кліентаў, аднак яны былі значна маладзейшыя за Мітрафанаўну.

Мітрафанаўна расчыніла дзверы «Пежо», зашпурнула ў сярэдзіну пацёганую торбу, прыўзняла падол квяцістай спадніцы і спрытна заскочыла на задняе сядзенне.

 Чаго стаіш? Уцякай! гукнула прафесаршы з машыны Мітрафанаўна і гучна пляснула дзвярыма.

 Віктор, гані! весела азваўся Саша. Мітрафанаўна сыходзіць ад пагоні.

Віктор націснуў на газ, і машына, шаргануўшы жорсткай гумай шын па сухім асфальце, ірванула з месца.

Прафесарша паімчалася хавацца за «кукурузу». Над кашолкай, саслізнуўшы з цыгарэтных пачкаў, вылез край шоўкавай касынкі і абсыпаным гарошкам хвастом матляўся на бягу.

Імкліва праляцеўшы па вуліцы, патрыманае «Пежо» Віктора даехала да скрыжавання, павярнула направа, яшчэ раз направа і праз арку ў дзевяціпавярховіку, пракулдыкаўшы на выбаінах, заехала ў двор дома. спынілася. Віктор заглушыў рухавік. Тут яны былі ў бяспецы.

 Мітрафанаўна, ганяе вас міліцыя, сцвярджальна сказаў Саша, павярнуўшыся бокам з пярэдняга сядзення да Мітрафанаўны.

 Ганяе, Санечка ганяе. Што зробіш, праца ў іх такая. Яны нас ганяюць, а мы ўцякаем, адказала Мітрафанаўна з заўзятай маладцаватасцю, ніколькі не засмуціўшыся сваімі ўцёкамі.

 І яно вам трэба бегаць па горадзе? Адпачывалі б дома, на пенсіі.

 На пенсіі Хіба ж пражывеш на маю пенсію? Слёзы, а не пенсія Ат, няма пра што гаварыць, махнула рукой Мітрафанаўна. Але я, Санечка, не бядую. Пакуль здароўе ёсць, выкручуся, зараблю. І не такое перажывалі. Пасля вайны голыя і галодныя былі.

 Калі тое было, Мітрафанаўна? Успомнілі цягнуў Саша.

Віктор нахіліўся на стырно і слухаў, як за спінай бадзёра рапартуе Мітрафанаўна.

 От здаецца і даўно было, а я як удумаюся быццам учора Маладая была, апрануцца хацелася, з ватоўкі вылезці, хоць якое паліто купіць, сукенку. Каб зарабіць, цягала на спіне цэглу і на чацвёрты паверх, і на пяты. Козлікі адмысловыя драўляныя пад цэглу ускладуць на цябе, нагрузяць і панесла да муляроў. Тады ж кранаў падёмных не было, усю працу ручкамі ды плечкамі рабілі. А горад жа разбураны, суцэльныя руіны. Трэба ж было будавацца.

Мітрафанаўна належала да пасляваеннага пакалення, цягавітага і ўпартага, пакалення бязбацькаўшчыны. Іх бацькі загінулі на вайне. Ім не было на каго спадзявацца, акрамя сябе саміх. І яны працавалі і ўдзень, і ноччу, і ў холад, і ў спёку. Працавалі з энтузіязмам, з верай у цудоўную будучыню.

 Мітрафанаўна, дык вы на будоўлі працавалі?

 Спачатку, Санечка, на будоўлі, а пасля на заводзе, на шарыкападшыпніках Грошы на заводзе большыя плацілі. У мяне на сённяшні дзень сорак гадоў бесперапыннага стажу, пахвалілася Мітрафанаўна.

 Ого! Мітрафанаўна, адпрацавалі вы як мае быць. А навошта столькі працоўнага стажу?

 А як жа, Санечка, чым большы стаж, тым большая пенсія. Так нам абяцала дзяржава. І я верыла От думала, напрацую стаж і будзе ў мяне вялікая пенсія.

 І як, спраўдзілася вера, вялікую пенсію атрымліваеце? дзеля праформы пытаўся ў Мітрафанаўны Саша, ведаючы, якая ў пенсіянераў насамрэч пенсія.

 Кукіш з маслам, а не пенсія З цыгарэт нагандлюю, тады можна жыць. І дачцэ дапамагаю, унучку малодшую ў інстытуце трэба вывучыць Ох, задурыла я вам, хлопцы, галаву, люблю пагаварыць Санечка, ты ж па «Мальбара» прыехаў?

Мітрафанаўна палезла ў торбу.

 Два блокі вазьму адразу, зрабіў замову Саша.

 Прадала, прадала «Мальбара» адзін блок застаўся і два пачкі.

 Давайце што ёсць.

 От, Санечка, з табой добра працаваць. Бярэш оптам. Люблю такіх кліентаў, а то цыркаюцца па пачку Прадам табе ды паеду дамоў. Хопіць на сёння, набегалася.

Мітрафанаўна прасунула між крэсламі доўгую папяровую ўпакоўку з цыгарэтамі і два асобныя пачкі ў дадатак. Саша ў аплату адправіў да Мітрафанаўны беларускія грошы, празваныя «зайцамі». На грашах пасяліліся розныя звяры: вавёркі, бабры, рагатыя ласі. А на купюру ў адзін рубель заскочыў заяц-русак. Гэты малюнак вушастага зайца і даў назву нацыянальнай валюце. Насельнікі лясоў упрыгожвалі беларускія грошы. Было ў гэтым нешта сімвалічнае. Інфляцыя скакала па краіне. Заўтра Мітрафанаўна пойдзе да знаёмага валютчыка памяняе пачак «зайцаў» на зялёнага «Джорджа Вашынгтона».

Віктор завёў машыну. Мітрафанаўна надзіва лёгка для сваіх гадоў выбралася з машыны, цягнучы за сабой торбу з рэшткамі цыгарэт «Кемэл».

 Да наступнага разу, Мітрафанаўна. Я ваш навекі, рыхтуйце цыгарэты.

 Санечка, для цябе ў першую чаргу, у любы час дня і ночы, вочы Мітрафынаўны ўсміхаліся. Бывайце, хлопчыкі.

Мітрафанаўна зачыніла дзверы машыны і праз двор уздоўж падезда пашыбавала да аўтобуснага прыпынку.

 Вось табе і старушэнцыя. Не кожны малады здолее гэдак пакруціцца, прамовіў Віктор, гледзячы ўслед Мітрафанаўне. Каб маладая была, узяў бы да нас трэцяй кампаньёнкай па бізнесе ці бухгалтаркай замест Клавы.

 Давай сёння не будзем пра Клаву. Яна там нешта напарола з квартальнай справаздачай. Лепш не ўспамінаць Так, цыгарэты я купіў, і мне таксама трэба рухаць дадому.

 Паехалі да мяне, прапанаваў Віктор. Вера вячэру згатавала. Піўка купім. Што табе аднаму дома сядзець?

 А паехалі, ахвотна згадзіўся Саша.

Віктораў кампаньён Саша некалькі месяцаў жыў самотным халасцяцкім жыццём. Зехаў ад бацькоў на здымную кватэру. Яны наўмысна выправілі сына з бацькоўскага дома, мяркуючы, што калі той будзе жыць адзін, то хутчэй зявіцца ў яго якая кабета, а там глядзі і жэніцца. Саша іх хітрыя планы не падзяляў і звязваць сябе вузамі Гіменея не імкнуўся. Марш Мендэльсона яму падабалася слухаць выключна на чужых вяселлях. Спачувальна глядзеў ён пад гукі вясельнай музыкі, як на чарговага маладога мустанга накідваюць ласо.

Назад Дальше