Адпрасаваная сарочка для Віктора вісела на плечыках на дзвярной ручцы.
Віктор, хадзем у ванную, я пагалю табе шыю, гукнула да Віктора і, фарбуючы вусны, прамуркатала сабе: Калі я не паклапачуся, зарасце нібы арангутанг.
Віктор выпаўз з залы.
Ты гатовая?.. Мне сабрацца пяць хвілін, прыспешваў ён Веру.
Не бубні. Ідзі ў ванную, адказала Вера.
У ванным пакоі Вера адгаблявала Віктору зарослую патыліцу, скалаціла ручніком валасы з плячэй і далонямі пяшчотна прайшлася па яго спіне.
Апранайся. Я амаль гатова.
І яшчэ хвілін пятнаццаць правіла фрызуру, падбівала расчоскай валасы і ляпіла да прычоскі пад рознымі вугламі заколку са шклярусам. Нарэшце за непатрэбнасцю адшпурнула яе на туалетны столік перад люстрам. Кропелька духоў «Кліма».
Бягу, бягу, паведамляла Віктору. Віктор у зале чытаў газету, трэці артыкул.
Можна выклікаць таксі? нецярпліва спытаў ён ў Веры.
Канечне, можна.
Віктор адклаў газету і набраў нумар, выклікаў таксі.
Выйшлі з кватэры і Вера спахапілася: памада засталася на туалетным століку. Трэба вярнуцца. Без памады ніяк.
Да Пончыка яны спазніліся. Госці сядзелі за сталом.
Дзе вы падзеліся? сустрэў іх у пярэдняй гаспадар дома Валера Пончык і рассунуў усмешкай хамяковыя шчокі.
Вылузгалася з кухні жонка Пончыка, рослая энергічная кабета.
Праходзьце, праходзьце. Хуценька да стала, запрасіла яна прыпазніўшыхся гасцей.
Віктор зрабіў знак вачамі, паказваючы Веры на сумку. Там ляжаў падарунак. Вера дастала прадаўгаваты карабок з фірмовым надпісам на фасадзе. Галоўнае не падарунак, галоўнае увага. Імянінніку трэба рабіць выгляд, што ён бязмерна рады гасцям, а не падарунку. Пончык спакваля цікаваў за карабком: а што ж там прынеслі? Віктор раскрыў ларчык. У сярэдзіне ляжаў новенькі, бліскучай скуры партманет.