Акно ў замежжа (зборнік) - Зоя Доля 14 стр.


 Мой членскі ўзнос, са значнасцю сказала Інэса і ў далейшым за шашлычнымі пасядзелкамі сама і высмактала свой членскі ўзнос.

Аня праставіла бутэльку шампанскага, Саша каньячок. Неўзабаве смачна запахла шашлыком. Мяса на шампурах пакрывалася румянай, месцамі прыпаленай корачкай, распускаючы ў паветры апетытны водар.

Абкружыўшы посцілку з напоямі, кампанія разгавелася. Выскачыў корак, і савецкае шампанскае пеніста пералілося ў рознакаляровыя пластмасавыя кубкі. Аня з Верай пацягнулі вуснамі з кубкаў шампанскае.

 А мне віна! загадна прамовіла Інэса.

Віктор раскупорыў бутэльку, нацадзіў паўкружкі і працягнуў Інэсе.

 Прашу.

Яны селі побач на посцілку. Інэса хутка апаражніла кубак і папрасіла дабаўкі. Віктор паслужліва падліваў. Сам не піў, бо за рулём. Вера перагаворвалася з Аняй.

 Я асвойваю тэхніку роспісу па шоўку, дзялілася цягамотная Аня творчымі вышукваннямі. Нацягваеш на рамку кавалак тканіны і пэндзлікам наносіш фарбу на шоўк. Фарба расплываецца ў незвычайны размыты малюнак, вясёлкавыя разводы. Штосьці ў гэтым ёсць ад імпрэсіяністаў, прымазвалася Аня да знакамітых мастакоў.

 Ты малайчына, у цябе сапраўдныя мастацкія здольнасці, з захапленнем хваліла яе Вера.

 Ды нічога асаблівага. Якія здольнасці? Я проста эксперыментую, жэманна курчыла з сябе сціплую асобу Аня.

Аня аб сабе ўсё ведала сама, навошта хваліцца іншым. Яны павінны знаходзіцца ў няведанні. Яна іх некалі здзівіць і агаломшыць. Яна настолькі выбітная асоба, што аднойчы будзе ісці па вуліцы ў расцягнутых штанах, а побач спыніцца прынц на белым «Мерседэсе» і скажа: «Дзевушка, можна з вамі пазнаёміцца». І гэта будзе невыпадкова. Ён, яе прынц, убачыць, як ад яе зыходзіць свячэнне з глыбокага ўнутранага свету, убачыць яе непаўторнасць, адметнасць ад іншых прымітыўных жанчын. Ён будзе ўражаны, узрушаны і скораны назаўжды Час ішоў. Мерседэсы не спыняліся ля Ані. Старыя дабітыя жыгулёнкі і тыя праязджалі міма. Уражанне не скаланула нават Сашу, прыцягнутага ў сваты падманам.

Саша, адзінокі, чараваў над шашлыкамі, апошні раз іх крутнуў і падаў веерам на шампурах, духмяныя, напоўненыя вугальным жарам. Кожны ўхапіў утыканы сакавітым мясам шампур і ўпіўся зубамі ў гарачую мякаць. Саша махануў з памяранцавага кубка каньяку і прысеў з шашлыком крыху воддаль ад кампаніі. Ад «нявест» ён трымаўся на адлегласці.

Інэса дапіла чарговую порцыю віна, падхмялеўшая, пахіхіквала і нібыта знячэўку дакраналася да Віктора голым плячом.

«Гадаўка і не падавіцца ж шашлыком, сківіцамі малоціць а гэты блішчыць як медны тазік, прыасаніўся знайшоўся мне Алэн Дэлон, ахоплівала Веру раздражненне, але віду яна не падавала. Всё хорошо, прекрасная маркиза!»

Віктор зрабіўся ўважлівы да жанчын. Ані падліў шампанскага. Яна баранілася, адпіхвала бутэлечнае горла.

 Хопіць, хопіць!

Пра Сашу, які павінен быў быць цвіком праграмы ў запланаваных сватах, усе забыліся. Ён сціпла пацягваў каньячок і таптаў шашлык, радуючыся, што ніхто не змагаецца за яго сэрца. Вера малявала на твары добры настрой і была любезнай. Кампанія адпачывала як магла. Даелі шашлыкі. Злазілі ў ваду, паплавалі. Падсохлі на сонцы. Дабавілі спіртовага градусу. За ўік-энд Інэса ўгамавала цэлую бутэльку малдаўскага віна і была надзвычай гуллівая. Разышлася не на жарт і нібыта спатыкнуўшыся павісла ў Віктора на руках. Віктор са знаёмай Веры ідыёцкай усмешкай уратаваў Інэсу ад падзення, падтрымаў яе, празмерна моцна абхапіўшы за плечы.

Вера на некаторы час згубіла цягу да добрых манер і пра сябе па рабоча-сялянску разважала: «Эх! І варта часам пацягаць за валасёнкі якую-небудзь Інэсу сяброўка называецца, а я ёй верыла суцэльная крывадушнасць вісне на чужых мужыках змяюка».

Дамучаўшы ўік-энд з няўдалымі сватамі, Вера з палёгкай вярталася дамоў. Віктор падкінуў на машыне падпітую кампанію да горада і нецярпліва газаваў на Уручча, стомлены сваёй цвярозасцю. Глядзець, як іншыя закладаюць за каўнер, а потым развозіць гарэзнікаў па хатах задача не з простых. Дома ён навярстаў страчанае, умазаў паўбутэлькі каньяку, што пакінуў яму Саша, і, няёмка, коса прываліўшыся да спінкі канапы, заснуў перад уключаным тэлевізарам. Вера яго пабудзіла і пераправіла цела ў ложак.

Наступным ранкам Вера ціхенька рабіла на кухні бутэрброды з сырам і каўбасой. На пліце награваўся чайнік. Свісток з яго носа Вера абачліва зняла. Сваім візгатам ён мог пабудзіў Насцю. Дачка спала ў дзіцячым пакоі. Лета, вакацыі. Праз расчыненую фортку на кухню залятала чэрвеньскае лагоднае паветра і галасы з двара. Віктор, заспаны, у спартыўных штанах і тапках на босую нагу, пачэсваючы голы торс, зявіўся перад Верай. Сеў на табурэтку ля стала, працёр кулакамі заспаныя вочы.

 Добрай раніцы, прамармытаў заспана.

 Добрай, адказала Вера.

Яна падхапіла ў руку забулькаўшы, заклякатаўшы кіпенем чайнік, заліла чорныя дробныя скруткі чайных лістоў у заварніку. Прыкрыла накрыўкай. Пад накрыўкай чаінкі замакалі, разгортваліся лісцем і афарбоўвалі кіпень у залаціста-карычневы колер. Вера выцягнула з-пад стала табурэтку і ўселася насупраць Віктора, падпёршы бараду рукой. Віктор, сонна мружачыся, млява ўзяў з талеркі бутэрброд з сырам, адкусіў кавалак і пачаў павольна жаваць усухамятку. Непрычасаныя, разбарсаныя пасля сну валасы дыбіліся ўрастапырку над яго вухам. Вера пазірала на Віктораў заспаны твар і думала: «Зараз спытае пра Інэсу».

Віктор, як гусак, праглынуў сухі кавалак булкі з сырам і прамовіў:

 А ты ведаеш, Інэса я хацеў спытаць

 Я так і прадчувала, не дала яму дагаварыць Вера.

 Што ты прадчувала?

 Вось глядзела на цябе і думала, зараз завядзе размову пра Інэсу. І ты не падвёў

 Я не разумею, чаго ты ўзнялася?

 Не разумееш?.. Да чаго мужчыны дзіўны народ: у тэхніцы яны сякуць, навуку наперад рухаюць і гэтак далей Не будзем заглыбляцца Інтэлектуалы, адным словам. А як пра Інэсу то ён нічога не разумее. Даўн, і усё тут.

Віктор заёрзаў на табурэце. Вочкі гандляра страцілі санлівасць, забегалі пад вейкамі.

 Я насамрэч не разумею тваёй рэакцыі на нявіннае пытанне.

 Нявіннае пытанне?.. Нам з табой з раніцы больш няма аб чым паразмаўляць, акрамя як пра Інэсу. І што ты хочаш аб ёй даведацца даўжыню ног ці памер бюста?

 Ну ладна, хопіць. Прыдумала нешта на роўным месцы, незадаволена сказаў Віктор і перайшоў у глухую абарону.

Ён выдатна разумеў, што ў Верыных падначках была рацыя: на ўчарашніх шашлыках зашмат увагі ўдзяліў Інэсе, перабраў з цікаўнасцю. «І што з таго? апраўдваў ён сябе. Урэшце я вольны мужчына. Калі разабрацца, то я наогул ні пры чым, Інэса сама клеілася».

 Што ты так разнерваваўся. Папі гарбаты і супакойся, прымірэнча сказала Вера.

Яна не збіралася высвятляць адносіны. Адзіным яе жаданнем было крыху пакпіць з Віктора і перарабіць мінулыя падзеі і заляцанні ўчарашняга дня ў жарт.

Віктора панесла. Не кемячы спрасоння, што і дзеля чаго ён гаворыць, а па большай частцы адчуваючы сябе гаспадаром становішча, ён груба сказаў.

 А я і не нервуюся. Чаго мне нервавацца? Я чалавек вольны і магу рабіць што пажадаю. І ты, дарэчы, таксама.

Тут Віктор бессаромна хлусіў. Веры ён наўрад ці дазволіў бы рабіць тое, што яна пажадае, тым болей віснуць на руках іншага мужчыны.

«Я чалавек вольны і магу рабіць што пажадаю». Веру агаломшылі лёгка, быццам мімаходзь кінутыя Вікторам словы. Пад лыжачкай прабег непрыемны халадок. Атрымліваецца, яны амаль год жывуць разам пад адным дахам, а ён адчувае сябе вольным. Непрыемнае адкрыццё. Вера змоўчала. Яна разумела, што не варта працягваць пачатую размову, сцежка неабдуманых слоў завядзе ў нетры хлусні і спрэчкі. Яна моўчкі разліла гарбату. Залацісты струменьчык паліўся з заварніка ў белае ўлонне кубка. На душы было пагана

8

Першы раз за той час, што Вера пражыла з Вікторам, гандлярская мужчынская тусоўка, якая звычайна адзначала выбітныя падзеі ў вузкім коле, вырашыла змяніць фармат і разбавіць кампанію жонкамі і сяброўкамі. Нагодай надарыўся дзень нараджэння Вікторавага знаёмага. Валерыя Пончыка. Мянушка Пончык прымацавалася да яго за ўкормлены выгляд і круглыя хамячыя шчокі. Віктор з Пончыкам некалі разам пачыналі з дробнага гандлю. Потым кожны заняўся асобнай справай, знаёмства нікуды не дзелася, яны перасякаліся па жыцці і з венікам лазні.

Вера прыдзірліва аглядала гардэроб . Першы выхад разам з Вікторам у свет. Сукенкі і блузкі соўгаліся ў шафе, выбраныя ляцелі на ложак. Вера апраналася, незадаволена крывіла твар перад люстрам: «Не, не тое», скідвала ўборы і паўголая ў камплекце карункавай бялізны муштравала рэчы ў шафе. Рука застыла на месцы, дакрануўшыся да чарговай сукенкі. Маленькая чорная сукенка. Знакамітая Како Шанэль, знаўца моды, запавядала: у гардэробе жанчына павінна мець маленькую чорную сукенку. Бяспройгрышны варыянт. Ты заўсёды чароўная. Вера выхапіла з шафы і апранула на сябе бяспройгрышны варыянт сукенкі. Яна крыху ціснула. Ад гэтага Вера падалася асабліва фігурыстай. На шыю паверх сукеначнага выразу-лодачкі лёг ланцужок з кулонам. Кулон Вера купіла восенню на грошы, закладзеныя Вікторам у бюсцік пасля чарговай папойкі ў лазні. Пакруцілася перад люстрам. Выдатна.

Назад Дальше