Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень 10 стр.


Узнікла мітусня на сцэне. Міша ламіўся, як бульдозер.

 Хачу прачытаць в-в-верш пра каханне. Сам п-п-прыдумаў, бубніў Міхась.

 Бунт на караблі, гырчэў Ігнацюк. Але нарэшце махнуў рукой: Хрэн з табой, чытай.

І абвесціў у залу:

 Таварышы, наш сябар прачытае вершы, якія склаў зараз на сцэне, пэўна, ад магутнага стрэсу і перапуду. Гаворыць, што пра каханне. У нас шмат прыгожых дзяўчат, мабыць, трапіў у сеціва Амура і моцна закахаўся.

Ігнацюк прамовіў апошнія словы і трагічна звесіў галаву, у скрусе развёў рукі. І ціхенька прамовіў Міхасю:

 Ідзі кажы свае вершы, ду-бі-на!

Вясковыя жыхары ізноў узбуджана заёрзалі на стуліках. Зацікаўлена пазіралі на сцэну і студэнты-вандроўнікі, што знаходзіліся ў зале.

Міхась выйшаў з гурта, што рыхтаваўся да «Смяротнага крыжа». Збляднелы, рукі дрыжаць. Усе зацікаўлена маўчалі.

 Верш пра к-к-каханне,  прамовіў Міхась няцвёрдым голасам.

 Люблю   рахмана і выразна пачаў студэнт. Усе прыціхлі. Міхасю вельмі падабалася Алёна Косцень, і ўсе гэта ведалі. Няўжо Стасевіч зараз прамовіць са сцэны, што любіць Алёну? Веня зірнуў у залу і ўбачыў напружаны прыгожы твар Косцень і зацікаўленых гледачоў.

 сядзець і с-с-смачна снедаць! Люблю з-за-задумліва глядзець. У думках хуткіх л-лю-люблю мроіць! Люблю і за сталом сядзець. Сядзець ллюблю я ў рэстаране. Сядзець з в-вудою ў ракі! Сядзець на полцы ў цёплай бане. Сядзець падпёршы кулакі! Работа патрабуе руху, і шмат дзе трэба працаваць. Іспыты якасна здаваць. Між тым жыццё бяжыць імкліва! І кожны дзень адны дзела. І разыхожусь я з той марай, што меў я ў сабе здаўна Цяпер вучусь сядзець за партай. Каб спрытным быць, вучуся добра працаваць! І іншы раз люблю з сяброўкай на рынку бульбай гандляваць.

Міхась чытаў верш з пачуццём, з гумарам, лагодна расцягваючы і акцэнтуючы кожнае слова, і на заканчэнне абвесціў:

 Верш Вовы Ігнацюка: «Я люблю».

Уся зала гледачоў павалілася на стуліках ад рогату. Смяяліся доўга. Воплескі скаланалі сцены вясковага клуба. І гучней усіх смяялася Ліпа. Яна так смяялася, што ўсе, ужо адсьмяяўшыся, пачалі воплескамі выклікаць Міхася на «біс» так, што яму прыйшлося чытаць верш двойчы. Пасля свайго выступу Стасевіч зрабіўся знакамітым, увайшоў у эліту атрада, а потым, колькі ні чытаў верш на канцэртах, выклікаў шмат смеху сярод студэнтаў, што для недасведчаных было іншы раз незразумелым.

Веню ў той вечар ўразіла Ліпа. Яшчэ паўгадзіны назад, да канцэрта, Ліпа Бакуніч стрыманая і валадарная, узрушана распавядала з трыбуны жыхарам вёскі аб візіце на Кубу ў складзе дэлегацыіі ВЛКСМ, аб праблемах міру і сацыялізму, аб злавесных змовах імперыялізму. Яскравая, разумная і афіцыйная, яна нагадвала яму маладую марксістку часоў рэвалюцыі, толькі ў новай сучаснай якасьці. А зараз смяялася пяшчотная, жывая дзяўчына, прывабная і натуральная ў сваёй шчырасьці.

Як заўсёды, пасля канцэрта былі танцы. Веня ня ўмеў прыгожа танчыць. А Ліпа запрашала ўсіх і танчыла з усімі. Запрасіла на вальс пажылога старшыню сельсавета. Той, мажны мужчына, нечакана для прысутных паказаў сябе спрытным танцорам. Лёгка і прыгожа пайшоў з Ліпай па кругу, чым выклікаў гонар мясцовых жыхароў. Потым яна танчыла з камандзірам гурта, выкладчыкам фізвыхавання Сцяпанам Акімавічам, той таксама не падвёў.

Мясцовыя бітламаны-валасацікі, потныя і нячэсаныя, занепакоіліся і пачалі з пярэдніх шэрагоў прасоўвацца да выхаду. Бакуніч паспела перахапіць аднаго з іх і пачала адбіваць перад ім чачотку, але той замахаў рукамі і пад рогат прысутных даў нырца ў натоўп да дзвярэй. Валасацікі-бітламаны, здавалася, атрымалі канчатковую паразу, але ў гэты момант з натоўпу выйшаў хіповы хлопец у чорным кажушку і з цыгарэтай у зубах. Пад бадзёрыя воклічы сваіх сяброў:

 Пакажы, Мікола, як мы можам!

Ён аддаў недапалак і кажушок бліжэйшаму з ватагі і пачаў драбацець нагамі ў падлогу і раскідваць рукі ў бокі. Бакуніч лебедзем плыла вакол хлопца. Той танчыў не надта, але штосьці смелае, мужчынскае праступала ў яго танцы, падобнае на сялянскую ўпартасьць яго дзядоў. Ён вымушаў паважаць яго танец. У рашучыя імгненні Мікола кідаўся ўпрысядкі, а потым пад воплескі сяброў і вяскоўцаў схапіў Ліпу і спрытна прытуліў да сябе, крутнуў з ёй польку і скончыў танец.

Задаволеныя мясцовыя маладзёны ганарліва паглядалі па баках і ціснулі Міколаву руку. Гонар мясцовай моладзі быў выратаваны. Веня ў гэтыя імгненні таемна, у глыбіні душы, зайздросціў Міколе, яго рашучасьці: той здолеў паказаць свой мужчынскі характар, пераламаў сваю вясковую сціпласьць.

Потым яна запрасіла яго, Веню, ёй не перашкаджала ягоная сарамлівасьць. Яны павольна і няўлоўна ляцелі ў прасторы сярод зорак, поўні, сяброў-таварышаў. Гэта было як чароўны сон, як летуценне але гэта было. Ён не адчуваў зямнога прыцяжэння, усё стала безважкім, час знік. Яны былі ўдваіх: Ён і Яна, і больш нікога А потым нечакана танец скончыўся

 Скончыўся вельмі хутка,  прашаптаў Веня і ачуняў: ён хвіліну глядзеў перад сабой, не пазнаючы рэчаіснасьці.

ІІІ

Перад ім ляжала дарога, прыбітая санямі і напалову занесеная сьнегам. Непадалёку тырчэў слуп з шыльдай «Рэкта». Моцны мароз чапляў за вушы і шчокі. Ішоў рэдкі сьнег. Нізкае зімовае сонца вісела над небакраем. Мірыяды сняжынак павольна плылі да зямлі.

Веня штурхнуўся лыжнымі палкамі і пакаціў далей. Трэба было бегчы як мага хутчэй, каб паменшыць адлегласьць, што ляжала зараз між ім і тым чароўным маладым жыццём, пра якое ён так не хацеў забыцца.

Паступова рэчаіснасьць пачала выцясьняць памяць аб нядаўнім мінулым. Трэба было пытаць дарогу, адзначаную ў кроках. Ён прамчаў праз доўгую вясковую вуліцу з цемнымі хатамі сярод белых снягоў. Гэта была доўгачаканая Рэкта.

Марудна і прагна ён піў маленькімі глыткамі з вядра ледзяную ваду, узятую з студні. Ужо ў самым канцы вёскі сустрэчны сталы вясковец паказаў дарогу на Ратмілле. Шлях, пракладзены на кроках, быў скіраваны на паўднёвы захад. Але дарогі, якімі ён карыстаўся зараз, часам ішлі на поўдзень ці на захад. Веня бег і па прысыпаных сьнегам дарогах, дзе праехала некалькі саней, і на прыкатаных машынамі да стану лёду. Ён ішоў і цаліком, напрасткі, па глыбокім снезе, і гэта былі самыя марудныя і самыя небяспечныя дарогі. Небяспека была ў страце накірунку, можна было лёгка заблудзіцца ў гэтым сьнежнабелым сусвеце. На кроках былі абазначаны толькі напрамак руху, паміж адзначанымі вёскамі была вялікая адлегласьць, так што рэдкія сустрэчныя не заўсёды ведалі накірунак да наступнай вёскі. Зрэдку яму сустракаліся на дарозе грузавікі альбо трактары з прычэпамі, якія ішлі насустрач ці абганялі яго. Ён бачыў фермы, рэдкіх людзей у вёсках. І ўсе гэтыя людзі, так яму здавалася зараз, займаліся нязначнымі справамі: ехалі на трактары ці машыне, ішлі па вёсцы, завіхаліся на фермах.

Гэтае жыццё было чужым для Вені. Ён не хацеў жыць сярод аднастайнага, бязлюднага, нерухомага і сумнага свету. Ужо палову дня ён хаваўся ад самоты ў мінулым. Але ён нічога не мог змяніць у мінулым, ніводнага слова, ніводнага дзеяння. Ён стаміўся ад асабістага няўмення, сваіх бязглуздзіц, слабасцяў у гэтым блізкім мінулым. І вось цяпер перад ім ляжала прасёлкавая дарога і ён бег па ёй, маленькі, неўпэўнены юнак.

У сярэдзіне дня ён прыпыніўся каля сцірты саломы недалёка ад дарогі, каб папалуднаваць. Зняў ірты, паставіў іх стойма і скінуў заплечнік у разварочаную залацістую салому. Выняў кавалак хлеба з мёрзлай кракаўскай кілбасой. Ён жаваў цвёрдую, як камень каўбасу, мёрзлы хлеб і глядзеў перад сабой на лыжы, на кінуты заплечнік. Сняжынкі павольна сыпаліся на салому. Ён нічога не думаў. Нядаўняе мінулае здавалася даўным-даўно пражытым жыццём.

Зедзеная каўбаса і хлеб вярнулі яму нейкую раўнавагу душы і аптымізму. Трэба было ўставаць з гэтай саломы і імчаць далей. Але ўставаць не хацелася. Ён заплюшчыў вочы і ў думках перанёсся дадому. Цёпла, утульна, смачная ежа, згатаваная матуляй, тэлевізар, кіно, кнігі. Праз некалькі дзён вяртанне ў інстытут, дзе было яшчэ лепш, чым дома Ён расплюшчыў вочы і, як у казцы, уяўны свет змяніўся сусветам рэальным. «Не, каб прыйсці туды, у жыццё камфорту і дабрабыту, трэба рухацца як мага хутчэй»,  прамармытаў Веня і рашуча ўзняўся, закінуў на спіну заплечнік. Пасля сняданку яго кінула ў дрыжыкі. Ён замацаваў ірты, выйшаў на дарогу і ўбачыў ззаду сябе сані, а ў іх няголенага, у кажусе, мужчыну, і запытаўся ў яго:

 Скажыце, калі ласка, як праехаць на Навасёлкі?

 Тпру,  мужчына быў дзедам, ён нацягнуў лейцы, прыпыніў каня і павярнуўся да Вені, дапытліва разглядаючы, перапытаў: Чаго?

 Як праехаць на Навасёлкі, не падкажаце?  чырванеючы тварам, так яму здалося, перапытаў Веня.

 А-а-а,  узрадавана працягнуў дзед,  сядай, мілок, падвязу. Я якраз у Навасёлкі еду.

Веня імгненне вагаўся, бо хацеў прайсьці ўсе 120 кіламетраў шляху самастойна. Але радасьць зносін з жывым чалавекам была мацней. Ён зняў лыжы і заваліўся ў сані побач з дзедам.  А далёка да Навасёлак?

Назад Дальше