Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень 9 стр.


 Убачыўшы тралік, мы закрычалі ура!  засмяялася Ліпа, і падхапіўшы лыжы на плячо, пайшла побач з Ігнацюком. Вова нешта гаварыў ёй, потым павесіў за плечы баян і забраў ірты ў Ліпы. Яны адыходзілі, а Веня застаўся і цяпер глядзеў ім услед.

Імгненне назад часцінка гэтага жыцця, яно ўжо не належала яму і, гледзячы на тых, хто пайшоў, ён зайздросціў і ўжо вагаўся. Да Вені вярнуліся яго мінулыя сумненні і два супрацьлеглыя жаданні: пайсьці ці застацца? Вярнуцца ізноў да гурта! Зрабіць усяго два крокі і шыхт ізноў прыме яго ў свае шэрагі, ён ізноў будзе з гэтай бестурботнай і вясёлай тусоўкай. Яны дойдуць да Горацкага чыгуначнага вакзала, сядуць у цягнік і паедуць у Менск. Ён ўявіў сабе гэты момант, нібы ўжо сядзеў у вагоне цягніка. Там будзе цёпла і весела, і ніякія сумненні не будуць мітрэнжыць яго душу.

Альбо паслухацца тога ледзь чутнага адчування, што клікала яго: звярнуць на прасёлкаваю дарогу, ізноў апынуцца ў гэтым снежна-белым сусвеце палёў, лясоў і вёсак?

Ягоны бацькоўскі дом знаходзіўся за добрую сотню кіламетраў ад Горак, і ён вырашыў на лыжах дабірацца дадому самастойна. Некалі Амундсен, знакаміты нарвежскі даследчык Арктыкі і Антарктыкі, у юнацтве таксама рабіў свае першыя вандроўкі на іртах па снежных плато Нарвегіі. Чаму ён, Веня Давідовіч, ня можа зрабіць тое самае? Прабегчы ад Горак да Старога Быхава нейкую сотню кіламетраў?

Ён адчуваў, што павінен зараз павярнуць і пайсьці адзін сваёю сцяжынай. У гэтым бестурботным асяродку хлопцаў і дзяўчат ён вычарпаў сябе і нічога новага сцвердзіць ня здолее. Больш адважныя, моцныя, рухавыя дамінантныя самцы затруць яго, зусім не вагаючыся пры гэтым. Яны ўжо сталі адціраць яго на ўзбочыну, яшчэ крыху і гэтая дзяўчына з зялёна-бурштынавымі вачыма расчаруецца ў ім. Тады, калі ён бег уперадзе гурта, пракладаў лыжню, ён прыносіў карысьць, хоць неяк вызначаў сябе сярод іншых. Але гэтае працяглае свята, дасягнутая мэта пачынала непакоіць яго. Зноў яны будуць весяліцца, спяваць, жартаваць, граць на гітары і баяне і тым самым запалоньваць прастору і час, пакінуўшы яму месца гледача. Плынь гэтага жыцця прыцягвала і не пакідала часу для самастойных роздумаў ці пошуку ўласных алгарытмаў.

Веня належаў да прыхаванага і шматлікага пласта няўпэўненых людзей. Ён штосьці ведаў, але нічога не ўмеў. Гэта няўменне і нараджала няўпэўненасьць. Веды былі чужым і таму невядомым досьведам. А свайго досьведу, пражыўшы 19 год на зямной кулі, ён ня меў. Веня ня ўмеў прыгожа танчыць і спяваць, добра граць на гітары, не ўмеў цалавацца, не ўмеў заляцацца да дзяўчат. Ён не ўмеў пры неабходнасьці пастаяць за сябе, даць па чужым твары, не ўмеў тысячы іншых патрэбных і карысных для маладога чалавека спраў. Яго мінулае не давала ніякіх падстаў моцна верыць у сябе, у свой розум, свой характар, што ў любой жыццёвай сытуацыіі ён знойдзе неабходнае рашэнне, дасягне поспеху, стане пераможцам.

Панятак «пераможца» быў яму невядомы. Дабрыня і справядлівасьць здаваліся вышэйшымі каштоўнасцямі жыцця і выключалі магчымасьць існавання «пераможцы», бо калі існуе «пераможца» гэта значыць, што ёсьць той, хто атрымаў «паразу». Верагоднасьць існавання «прайграўшага» было несправядліва, бо аўтаматычна дазваляла магчымасьць існавання «зла». Веня верыў, што справядлівасьць дасягнула канчатковай і поўнай перамогі.

Усё папярэдняе жыццё яго свядомасьць назапашвала абстрактныя, ідэалагізаваныя чужыя паняткі, покуль лёс не паставіў яго на прасёлкавую дарогу, якую ён цяпер павінен быў прайсьці самастойна.

Шыхт лыжнікаў адыходзіў усё далей і далей. Асобныя постаці ўжо нельга было разгледзець, яны зліваліся ў адну цёмную пляму. Веня канчаткова застаўся адзін. Суполка лёгка адпусціла яго, і яму зараз было неяк крыўдна ад таго, што ніхто асабліва не ўгаворваў яго застацца. І гэта сведчыла, што ён нічога не значыў для іх. Маленькі, дробны чалавечак, што блытаецца перад іншымі і толькі перашкаджае мэтанакіраваным і адэкватным. Маладзёна ўзяла такая маркота, што яму хацелася плакаць. «Ці мог Амундсен плакаць у адзіноце на снежным плато Нарвегіі?» Веня стаяў на ўзбочыне шашы і палкай ад ірт механічна дзёўб лёд на ўкатанай зімовай дарозе.

Учора ён праводзіў Ліпу пасля канцэрта і пасаромеўся пацалаваць яе на вачах закаханага ў Бакуніч настойлівага фізматаўца Анатоля Кавалевіча. Той разам з іншымі студэнтамі нахабна ішоў за імі да самай хаты, дзе ўладкаваліся на начлег Ліпа Бакуніч і Алёна Косцень. Ён пасаромеўся, а сёння ўвечары яе праводзіць Вова Ігнацюк ці Анатоль яны, канешне, не збянтэжацца.

Як жывая, стаяла перад вачыма Бакуніч, якой яна была ў той дзіўны вечар.

ІІ

Ён узняў галаву і агледзеўся. У небе вісеў бялявы дыск сонца, па цёмнай стужцы шашы імчаў самазвал з торфакрошкай, чорныя крумкачы каркалі з абсыпанай інеем бярозы. Справа ад шашы збягала слаба прыкатаная санямі і напалову засыпаная снегам прасёлкавая дарога, якая праз метраў дзвесце давала нырца пад чыгуначны мост і хавалася за насыпам. Па чыгунцы павінен быў прайсьці цягнік на Мінск з іхнім студэнцкім зорным лыжным агітгуртом.

Веня змераў позіркам адлегласьць да моста: колькі разоў трэба адпіхнуцца палкамі і зрабіць крокаў, каб прабегчы гэтую дыстанцыю?

Ён павярнуўся, каб разарваць нябачныя повязі з мінулым, зрабіцца сваім у гэтым бязлюдным, халодным, снежна-белым сусвеце. Пачыналася новая вандроўка, якая істотна адрознівалася ад мінулай. Раней Веня ішоў разам з усімі, і яны неслі з сабой свой космас, сваю гарадскую аўру. Горад разам з маладзёвай суполкай прыходзіў у заснежаныя вёскі. Яны былі вандроўнікамі, якім было мала клопату да законаў быцця, што валадарылі тут. Але цяпер ён з мінака-вандроўніка рабіўся ўдзельнікам гэтага новага для сябе жыцця, бо быў занадта слабы, каб утрымаць у сабе святочны лад гарадскога існавання.

Веня развязаў ірты і кінуў іх на снег, звыкла сагнуўся, каб замацаваць рыштунак на лыжных чаравіках. Потым ён дастаў з кішэні крокі,[19] якія загадзя падрыхтаваў яшчэ ў Менску ў габінеце фізычнай геаграфіі. Дробнае дзеянне, зараз яно памагала ведаць напрамак руху і дазваляла ажыцявіць намер.

Яго шлях ляжаў на паўднёвы захад. Ён павінен быў ісьці амаль на поўдзень і праходзіць кожны дзень 60 км. Гуртам яны рабілі за дзень удвая менш.

Было зімна і рукі адразу зайшліся, але ён не прыпыняўся і варушыў на бягу пальцамі, бо ведаў, што хутка сагрэецца. «Рэкта-Рэкта-Рэкта» прамаўляў Веня назву вёскі, моцна штурхаючы палкамі і стараючыся як мага хутчэй імчаць па дарозе, што блыталася ўдалечыні ў бела-снежнай прасторы. Ён бег, спяваючы песні і свядома хаваючыся ад слабога, але настойлівага пробліску страху перад сучаснасцю, які ўжо ўзнік глыбока ў ім. Ён бег і імкнуўся не страціць бадзёрасьць і веру, мацуючы сілы ва ўспамінах пра мінулае, усмешках і словах тых, хто быў яму такі дарагі зараз. Цяпер ён зноў спрабаваў зразумець сэнс тых сяброўскіх слоў і ўсмешак. Ён хацеў зразумець, чаму Ліпа, такая яскравая і дзівосная, з усяго суполку звярнула ўвагу на яго, маўклівага і сціплага хлопца? Былі ж сярод усіх іх самастойныя, жвавыя дзецюкі.

Веня ўспомніў, як яна пазнаёмілася з ім у першы дзень вандроўкі. Проста падыйшла на адпачынку да Вені, зірнула прыгожымі вачыма, працягнула руку:

 Ліпа. Частуйцеся цукеркамі. І прысела побач на заплечнік.

 Дзякуй. Веня. А чаму Ліпа?

 Таму што Алімпіяда.

 Зразумеў. Дзякуй за тлумачэнне.

Ён ня ўмеў дзейнічаць так проста, зразумела, і таму прыгожа.

Цяпер ён успомніў той дзіўны і незвычайны, адзіны ў ягоным жыцці вечар. Яны ставілі канцэрт у вясковым клубе, якраз ішла сцэнка пра недарэкаў актораў-аматараў. А зараз перад вамі выступіць гурт сапраўды моцных прафесіяналаў-аматараў з невялікім эпізодам «Наша мастацкая самадзейнасьць рыхтуецца да факультэцкіх спаборніцтваў»,  абвесціў вядучы Вова Ігнацюк. Сцэнка ішла сваім накірункам, прайшлі момант дэкламацыі, калі Анатоль Кавалевіч з вялікім артыстызмам з дзівоснай мімікай і пантамімай чытаў самаробную вершаванку:

 З неба звесілась вяроўка і завісла ў дварэ  Анатоль хадзіў вакол уяўляемай вяроўкі, шкроб патыліцу, здзіўлена разводзіў рукамі і прамаўляў далей: «ніякога ў гэным толку, ні табе і ні міне!».

Вясковыя гледачы і нават студэнты з асалодай ад душы рагаталі ў зале. Рыхтаваліся да апошняга акорда «Сьмяротны крыж». Раптам сарамлівы Міша Стасевіч, які меў у сцэнарыі самую невыразную ролю без слоў, моцна збялеў і, заікаючыся, узняў руку:

 Я гэта т-т-таварыш кіраўнік, зараз успомніў в-в-верш, прыдумаў хачу п-пр-прачытаць

 Куды прэш?  яго пачалі штурхаць у бакі і прыпыняць акторы па сцэнцы (што наогул не супярэчыла ідэі самога эпізода).

 Парушаеш сцэнар,  ціха шыпеў Вова Ігнацюк, ураўнаважаны высокі студэнт літмуза.

Узнікла мітусня на сцэне. Міша ламіўся, як бульдозер.

 Хачу прачытаць в-в-верш пра каханне. Сам п-п-прыдумаў, бубніў Міхась.

 Бунт на караблі, гырчэў Ігнацюк. Але нарэшце махнуў рукой: Хрэн з табой, чытай.

Назад Дальше