Брыгадны генерал (зборнік) - Кастусь Травень 6 стр.


 Помню, помню! Усіх помню! У цяжкія моманты, у далёкіх краёх заўсёды помніў усіх сваіх землякоў-быхаўцаў.

Як бывае ў любой тусоўцы між палкімі і рамантычнымі, што загараюцца ад першых ўзнёслых слоў, тут прысутнічалі тыя самыя тутэйшыя сціплыя быхаўцы, што ніколі не ловяцца на аніякія самыя ліслівыя словы, якія нікому не верылі і раней, і тым больш не вераць у цяперашні час. Мабыць, яшчэ з старадаўніх часоў, калі маскалі ашукалі тутэйшых падчас трэцяй аблогі Быхаўскай крэпасці,[13] вось з тых часоў узнік і захаваўся да сённяшняга часу гэты недавер.

Перабудова вялікай дзяржавы, а потым уласныя грошы, што прапалі на ашчадных кніжках, умацавала іх скептыцызм. Вось і цяпер некаторыя прысутныя мужчыны, з тых, хто пільна ўзіраўся і шмат бачыў, мінакі, суседзі і нават сваякі, недаверліва пазіралі на Стаха. Хвёдар Рудкоўскі тутэйшы рыбак-браканьер, кантрабандыст, аб нечым шаптаўся з асцярожным Міхасём Злаціным. Адсутнасьць генеральскай формы найбольш уздзейнічала на свядомасьць месцічаў, гэта быў той козыр, які дазваляў валадарыць меркаванню ўпёртых сабілаўскіх[14] скептыкаў, як Хвёдар і Міхась.

 Паднабіў кішэню на поўдні, гэта зразумела,  пярэчыў Рудкоўскі стоячы ў купцы мінакоў і недаверліва ўзіраючыся ў Стаха.

 Але які ён генерал? Мог купіць штаны з лампасамі на каўказскім рынку, дзе можна ўсё купіць. Гэта яшчэ не значыць, што стаў генералам.

 Так то яно так, але зімой па «Свабодзе» варожыя галасы нешта казалі пра брыгаднага генерала Бахановіча,  ціха шаптаў асцярожны Злацін у вуха Рудкоўскаму.

Да Стаха падбег рухавы і загарэлы, у белай кашулі і сініх джынсах, Піткевіч.

 Пятровіч, у дзве гадзіны будуць накрыты сталы. Каго запрашаць?

 Усіх. Я чалавек просты. Мае суседзі і суседкі, усе быхаўцы мае браты і сёстры!  гучна прамовіў Стах, і нават цьвярозы сусед Арцём адчуў прыемную лагодную хвалю зычлівасьці і дабрыні ў сваіх пралетарскіх грудзях. Бахановіч пайшоў у хату перапрануцца і выйшаў з хаты ў звычайных белых, з кужэльнай тканіны, портках і крэмавай кашулі.

Узрушаны народ праз паўгадзіны рушыў у двор, да трох накрытых белымі абрусамі сталоў з пляшкамі вінаў, каньяку і гарэлкі, з талеркамі нарэзанай вяндліны, з салатамі аліўе, заліўнымі языкамі з тутэйшага рэстарана «Дняпро».

Правая рука Стаха ва ўсіх справах на Каўказе, загарэлы Уладзь Церашонак узняў келіх з віном і прамовіў:

 Хачу прапанаваць прысутным узняць свае чаркі за бацьку і маці таленавітага і знакамітага Стаха Бахановіча, што, не шкадуючы жыцця і сваіх сіл, мацаваў мір у далёкіх краёх і краінах. Дзякуючы свайму розуму, таленту кіраўніка, Стах Бахановіч не праліў ніводнай кроплі чалавечай крыві. За гэта дзякуй ягонаму бацьку Петраку і ягонай маці Алёне

Прысутныя з пашанай слухалі, а потым весела кульнулі свае чаркі. Недаверлівы Хвёдар Рудкоўскі піў гарэлку, непітушчы ўжо больш за дзесяць год Міша Злацін на гэты раз не здолеў утрымацца ад спакусы выпіць марачнага каньяку

Памочнік па даручэннях Піткевіч валодаў адным, невядомым тут умельствам, за што яго і трымаў пры сабе Стах Бахановіч. Разліваючы напоі ў чаркі, ён заўсёды наліваў гасцям моцныя і дарагія каньякі ці гарэлку, а генералу толькі безалкагольны напой. Часцяком назаўтра, праспаўшыяся, госці пачыналі дзівіцца:

 От халера,  ўздыхаў раніцой апухлы ад бадуна расейскі прадпрымальнік, уладальнік нафтавых свідравін ці оптавы гандляр зброяй, другому такому ж госцю, гандляру каляровымі металамі, здэцца ж пілі чарка ў чарку. Я сёння чуць жывы, а яму хоць бы хны.

Бахановіч яшчэ ў вясну свайго жыцця ўсвядоміў, што спажыць усе каньячна-гарэлачныя вырабы не пад сілу звычайнаму чалавеку. Гэта быў той чыннік, які размяжоўваў людзей на дзьве якасна розныя групоўкі: на тых, хто жыў уласным розумам і дасягаў жадаемай якасьці жыцця, і тых, хто даваў нырца ніжэй плінтуса аж да самага дна. Здольнасьць Піткевіча была ўнікальнай і адчыняла неверагодныя магчымасьці для кемлівых людзей.

Частуючы гасцей, Стах Бахановіч настойліва ўглядаўся ў іх твары, рухі, размовы, смех, у гэтую сучасную тканіну гістарычнага часу, утвораную тутэйшымі, каб адчуць і вызначыць, як быць далей, у якім накірунку рухацца, зьехаць за мяжу ці застацца тут, на радзіме. Ён імкнуўся рабіць такія хады ў жыцці, якім ніхто не мог перашкодзіць. Зараз ён выпрацоўваў алгарытмы сваіх наступных дзеянняў, нешта прымушала быць пільным, крыху насцярожвала яго: ягоны школьны таварыш, а цяпер галава раёна Ян Мандрык так і не прыехаў у госці і нават не патэлефанаваў яму за цэлы дзень

І ці дазволіць яму тутэйшая ўлада, павязаная дамовамі сяброўства з паўночным суседам, жыць спакойна? Заўсёды знойдуцца людзі, што захочуць праз пераслед сепаратысцкага брыгаднага генерала рабіць сваю кареру.

Суседзі, сябры і нават сваякі гарэлку і каньякі піць пілі, частаваліся прысмакамі, але спачатку ці то сарамліва, ці то асцярожна маўчалі.

Нібыта ён, Стах Бахановіч, адзначыў сябе чорнай меткай у вачах местачковага асцярожнага грамадства. Правінцыйная свядомасьць тутэйшых людзей, марудныя дзеянні, празмерная асцярожнасьць дазваляла яму лёгка бачыць чужыя адмоўныя пачуцці і разумець іхнія звадныя думкі Тутэйшыя землякі зараз вярталі яго назад, да свайго звыклага местачковага ўзроўню, у ранейшы статус брыгадзіра ці прараба шабашнікаў. Тым самым зніжалі напрацаваны патэнцыял.

Так, яму трэба шукаць новыя накірункі жыцця, якія захавалі б ягоную годнасць і былі такімі цікавымі і жывымі, як на Каўказе

Праз гадзіну пацяплелых і лагодных стасункаў суседзі, сваякі і мінакі пачалі разыходзіцца. Хведзя Рудкоўскі і Міша Злацін узрушана дзякавалі за пачастунак і моцна ціснулі руку свайго тутэйшага земляка і цяпер ужо знакамітага быхаўца.

 Чуў, чуў па варожых галасах пра цябе, Стах. Ганаруся, і тады ганарыўся,  шаптаў яму на вуха разагрэты каньяком асцярожны і разумны Міша Злацін.

 Братэлла, братэлла, калі трэба рыба, звяртайся да мяне ў любы час! Любым часам, днём ці ноччу,  цвердзіў Хведзя Рудкоўскі. Абодва нарэшце вываліліся праз веснічкі на вуліцу і, ўзяўшы адзін аднаго пад рукі, паціху рушылі ў бок Віленскай на Сабілаўку.

Віктар Мухабой, мабыць, знарок прыйшоў праз поўгадзіны пасля таго, як апошні госьць сыйшоў з сядзібы Бахановічаў, і цяпер збянтэжана затрымаўся каля брамкі, у зелянкавым казачым мундуры з палкоўніцкімі пагонамі, з ардэнамі-крыжыкамі на шырокай грудзіне, у штанах з сінімі лампасамі Ён пільна ўзіраўся чэпкім афіцэрскім позіркам на былога таварыша маладосьці.

Да яго падышоў густоўна апрануты ў цывільную вопратку Стах Бахановіч. З шырокім загарэлым тварам, валадарны мужчына, што далёка глядзіць і ясна бачыць, ўмее кіраваць гуртамі людзей, весьці іх за сабой і дасягаць станоўчых вынікаў. Мухабой адразу адчуў, што перад ім вядучы, які істотна адрозніваецца ад дзяржаўнага і вайсковага чынавенства, што прывыкла і ўмела толькі выконваць загады. Паціскаючы далонь Стаху, ён расчулена, каб неяк схаваць сваю разгубленасьць, неўпапад прамовіў:

 Нібы ўчора ўсё было, Стах. Як усё памчала ўперад! А помніш, як наша сярэдняя школа  2 увесь час абыгравала ў футбол вашу школу  1?

У словах падпалкоўніка Мухабоя прысутнічала туга аб прамінулым, калі ён быў запатрабаваны жыццём, і сучаснасьць належала ім, тады маладым і прыгожым афіцэрам.

 Заходзь, дружа, заходзь,  лагодна прамовіў Бахановіч, але пазіраў стрымана і як здалося Віктару Мухабою, нават адхілена, як на чужога.

Сапраўды, Стаха здзівіла і, чамусьці непрыемна, казачае аблічча былога паўабаронцы юнацкай футбольнай каманды. Гэты казачы мундур з палкоўніцкімі пагонамі, азызлы твар з рыжымі абвіслымі вусамі сведчылі, што чалавек безнадзейна адстаў ад сучаснасьці і зараз чапляўся за прыкметы мінуўшчыны, каб з дапамогай састарэлых атрыбутаў захаваць нейкую годнасьць у вачах правінцыйнага грамадства.

 Так, так, Стах. Дзівосныя, чароўныя дні, як хутка прамчалі-прабеглі яны,  збянтэжана мармытаў Віктар Мухабой.

Запозненага госця запрасілі да абноўленага стала. Бахановіч сам частаваўся гарбатай з лекавых траў, да позняга госця звяртаўся стрымана, хаця і надзвычай прыхільна, і зараз цёпла і проста прамовіў:

 Мы тут, Віктар, ужо секанулі, і ты выпі. За юнацтва. Як ваенны чалавек, Віктар Мухабой цікавіўся сучаснымі ваеннымі канфліктамі, і пасля першай чаркі запытаўся ў Бахановіча.

 Як там, на поўдні?

Цень змроку паклаўся на загарэлы твар Стаха, ён зірнуў на Віктара пранізлівым позіркам і стрымана зазначыў:

 Кепска. Учарашнія грамадзяне краіны праліваюць сваю кроў за чужыя інтарэсы.

 Скажы, Стах, людзі кажуць, што ты стаў генералам? Як часта бывае ў людзей выхаваных ў савецка-расейскай ментальнасьці, Віктар Мухабой перайшоў мяжу стасункаў між мужчынамі. Бахановіч гэта адразу адчуў, бо шмат год пражыў на Каўказе, дзе ўзважваюць кожнае сваё і чужое слова, не пераступаюць меру адносін і пільна вартуюць уласную годнасць.

 На Каўказе стаць генералам проста. Купіў сабе штаны з лампасамі ды мундур з генеральскімі пагонамі і ўжо генерал.

Назад Дальше