Коннік без галавы - Майн Рыд 4 стр.


Незнаёмец зняў з седлавой лукі згорнутую вяроўку і, прымацаваўшы адзін канец да колца на сядле, кінуў другі на зямлю. Затым, зграбным рухам прыпадняўшы капялюш, ён ветліва пакланіўся амаль у бок карэты, прышпорыў каня і зноў паскакаў па прэрыі.

Ласо, выцягнуўшыся за канём ярдаў на дванаццаць, пакінула на спапялёнай паверхі прэрыі паласу, падобную на след змяі.

 Вельмі дзіўны малады чалавек!  сказаў плантатар, гледзячы ўслед конніку, які знік у воблаку чорнага пылу.  Мне трэба было спытаць яго імя.

 Вельмі самаздаволены малады чалавек, я б сказаў, прамармытаў Калхаўн, які заўважыў погляд, што кінуў незнаёмец у бок карэты, таксама як і ўсхваляваны погляд кузіны.  Што датычыць яго імя, то аб ім, мабыць, і не варта было пытаць. Напэўна ён назваў бы выдуманае. Тэхас перапоўнены такімі франтамі, якія, трапіўшы сюды, абзаводзяцца новымі імёнамі, больш мілагучнымі, ці мяняюць іх па якіх-небудзь іншых прычынах.

 Паслухай, Касій,  запярэчыў малады Пойндэкстэр,  ты да яго несправядлівы. Ён, па-мойму, чалавек адукаваны, джэнтльмен, дастойны насіць самае знатнае імя.

 Джэнтльмен! Чорт вазьмі, наўрад ці! Я ніколі не сустракаў джэнтльмена, які б убіраўся ў мексіканскія анучы. Бюся аб заклад, што гэта проста які-небудзь прайдзісвет.

У час гэтай размовы чароўная крэолка выглянула з карэты і з непрытоенай цікавасцю праводзіла вачамі конніка, які аддаляўся.

Ці не гэтым трэба растлумачыць зедлівы тон Калхаўна?

 У чым справа, Лу?  спытаў ён амаль шэптам, падехаўшы блізка да карэты.  Ты, здаецца, вельмі спяшаешся? Можа, ты хочаш дагнаць гэтага нахабніка? Яшчэ не позна я дам табе свайго каня.

Дзяўчына адхінулася назад, відаць незадаволеная не толькі словамі, але і тонам кузена. Але яна не падала віду, што раззлавалася, і не стала спрачацца яна выказала сваю незадаволенасць значна больш крыўдным чынам. Звонкі смех быў адзіным адказам, якім яна ўдастоіла кузена.

 Ах, так Гледзячы на цябе, я так і падумаў, што тут нешта нячыста. У цябе быў такі выгляд, быццам ты зачаравана гэтым фарсістым курерам. Ён, напэўна, паланіў цябе сваім пышным убраннем? Але ведай, што гэта ўсяго толькі варона ў паўлінавых пёрах, і мне, відаць, яшчэ давядзецца садраць іх з яго, і, можа стацца, з кавалкам яго скуры.

 Як табе не сорамна, Касій! Падумай, што ты гаворыш!

 Гэта табе трэба думаць аб тым, як ты сябе паводзіш, Лу. Удастоіць сваёй увагай нейкага бадзягу, расфуфыранага блазана! Я ўпэўнены, што ён просты паштальён, наняты афіцэрамі форта.

 Паштальён, ты думаеш? Як бы я хацела атрымліваць любоўныя пісьмы з рук такога пісьманосца!

 Тады паспяшайся і скажы яму аб гэтым. Мой конь да тваіх паслуг.

 Ха-ха-ха! Які ж ты някемлівы! Калі б я нават захацела, дзеля жарту, дагнаць гэтага паштальёна на прэрыі, то на тваёй лянівай клячы мне гэта наўрад ці ўдалося б. Ён так хутка імчыцца на сваім гнядым, што, канешне, яны абодва знікнуць з вачэй раней, чым ты паспееш перамяніць мне сядло. О не! Мне яго не дагнаць, як бы мне гэтага ні хацелася.

 Глядзі, каб бацька не пачуў цябе!

 Глядзі, каб ён цябе не пачуў, адказала дзяўчына, загаварыўшы цяпер ужо сурёзным тонам.  Хоць ты мой дваюрадны брат і бацька лічыць цябе верхам дасканаласці, я так не лічу, о не! Я ніколі не ўтойвала гэтага ад цябе ці не так?

Калхаўн толькі насупіўся ў адказ на гэта горкае для яго прызнанне.

 Ты мой дваюрадны брат і толькі, працягвала дзяўчына строгім голасам, што рэзка адрозніваўся ад таго жартаўлівага тону, якім яна пачала гаворку.  Для мяне ты больш ніхто, капітан Касій Калхаўн! I не спрабуй, калі ласка, быць маім дарадчыкам. Толькі з адным чалавекам я лічу сваім абавязкам раіцца, і толькі яму я дазволю папракаць сябе. А таму прашу цябе, майстар' Каш, устрымацца ад падобных натацый. Я нікому не стану даваць справаздачу аб сваіх думках і ўчынках да таго часу, пакуль не сустрэну дастойнага чалавека. Але не табе быць маім выбраннікам!

Закончыўшы сваю водпаведзь, дзяўчына зноў адкінулася на падушкі, змераўшы капітана позіркам, поўным абурэння і пагарды. Потым яна зашморгнула фіранкі карэты, даючы гэтым зразумець, што больш не жадае з ім размаўляць.

Крыкі вазніцаў вывелі капітана са здранцвення. Фургоны зноў рушылі ў дарогу па змрочнай прэрыі, якая наўрад ці была больш змрочная, чым думкі Касія Калхаўна.

3. Пуцяводная стрэлка

Падарожнікаў больш не турбавала дарога: след ласо цягнуўся бесперапыннай змейкай і быў так выразна бачны, што нават дзіця не збілася б з дарогі.

Ён не ішоў прама, а віўся паміж зараснікамі хмызнякоў. Часам, калі шлях ляжаў па мясцовасці, дзе не было дрэў, ён адхіляўся ўбок. Рабілася гэта невыпадкова: у такіх месцах былі глыбокія яры і іншыя перашкоды змейка следу агінала іх, паказваючы дарогу фургонам.

 Як гэта прадбачліва з боку маладога чалавека!  сказаў Пойндэкстэр.  Сапраўды, я вельмі шкадую, што мы не спыталі яго імя. Калі ён служыць у форце, мы яшчэ сустрэнемся з ім.

 Несумненна!  усклікнуў Генры.  I я буду гэтаму вельмі рады.

Луіза сядзела, адкінуўшыся на спінку сядзення,  яна чула размову паміж бацькам і братам, але нічога не сказала, толькі ў яе поглядзе можна было прачытаць, што яна ўсім сэрцам надзяляе надзею брата.

Радуючыся хуткаму заканчэнню цяжкага падарожжа, а таксама магчымасці да захаду сонца ўбачыць свае новыя ўладанні, плантатар быў у цудоўным настроі. Гэты горды арыстакрат раптам удастоіў сваёй паблажлівай увагай усіх навакольных: папросту балбатаў з наглядчыкам, спыніўся пажартаваць з дзядзечкам Сцыпіёнам, які ледзь чыкільгаў на пакрытых пухірамі нагах, падбадзёрыў цётачку Хлою, якая ехала з немаўляткам на руках.

Цудоўна!  можа ўсклікнуць пабочны назіральнік, падмануты такой незвычайнай сцэнай, якую так старанна малююць пісакі, падкупленыя самім дяблам.  У рэшце рэшт, якія цудоўныя патрыярхальныя норавы рабаўладальнікаў! I гэта пасля ўсяго, што мы гаварылі і зрабілі дзеля знішчэння рабства! Спроба разбурыць гэту старажытную пабудову дастойны краевугольны камень рыцарскай нацыі толькі філантрапічны дур, залішняя ўражлівасць. Вы, фанатыкі, што змагаецеся за знішчэнне рабства! Чаму вы паўстаяце супраць яго? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны пакутаваць, павінны працаваць і галадаць, каб другія цешыліся раскошай і лянотай? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны быць рабамі, каб другія былі свабоднымі?»

Гэтыя гаварэнні, якія нясуць пакуты мільёнам, у апошні час чуюцца занадта часта. Гора чалавеку, які прамаўляе іх, і нацыі, якая іх слухае!

* * *

Добры настрой плантатара, здавалася, падзялялі ўсе яго спадарожнікі, за выключэннем Калхаўна. Ён адбіваўся на тварах нявольнікаў, якія лічылі Пойндэкстэра крыніцай свайго шчасця ці няшчасця усёмагутным, амаль як Бог.

Явы любілі яго менш, чым Бога, але баяліся больш, хаця яго нельга было назваць дрэнным гаспадаром у параўнанні з іншымі рабаўладальнікамі. Ён не знаходзіў асаблівай асалоды ў здзеках над сваімі рабамі і быў задаволены, калі бачыў, што яны накормленыя і апранутыя, што скура іх блішчыць ад тлушчу. Бо па гэтых прыметах меркавалі пра дабрабыт яго самога іх гаспадара. Ён часам вучыў іх плёткай, запэўніваючы, што гэта аказвае на іх дабратворнае ўздзеянне, аднак на скуры яго нявольнікаў не было ніводнага рубца ад жорсткіх катаванняў, а гэтым мог пахваліцца далёка не ўсякі рабаўладальнік штата Місісіпі.

Ці варта дзівіцца, што ў прысутнасці такога прыкладнага гаспадара ўсе былі ў добрым гуморы і нават нявольнікі, заразіўшыся агульнай радасцю, пачалі весела балбатаць!

Аднак лагодны настрой цягнуўся нядоўга. Ён быў перарваны не па віне тых, хто яго падзяляў: прычынай былі абставіны, якія ад іх не залежалі.

Як і прадказаў незнаёмец, сонца схавалася раней, чым паказаўся кіпарыс.

Але гэта не павінна было выклікаць занепакоенасць: след ласо быў добра бачны, і арыентавацца па сонцу не было неабходнасці. Аднак хмары, што зацягнулі неба, прыгнятальна паўплывалі на падарожнікаў.

 Можна падумаць, што ўжо змяркаецца,  скаваў плантатар,  а між тым усяго толькі тры гадзіны. Наша шчасце, што гэты малады чалавек дапамог вам. Калі б не ён, мы да захаду праблукалі б па гэтай выпаленай прэрыі. Бадай што, давялося б заначаваць прама на попеле

 Ну і чорная была б пасцель!  жартаўліва адгукнуўся Генры, каб надаць размове больш вясёлы характар.  Ух і страшныя я бачыў бы сны, калі б давялося так спаць!

 I я таксама,  дадала сястра, выглядаючы з-за фіранак і ўглядаючыся ў далячынь.  Я ўпэўнена, што мне прысніліся б Плутон і Празерпіна ў пекле.

 Хі-хі-хі!  засмяяўся чорны фурман, які лічыўся ў кнігах плантацыі як Плутон Пойндэкстэр.  Mіca Луі ўбачыць мяне ў сне на гэтай чорнай прэрыі! Вось дзіўна дык дзіўна! Хі-хі-хі!

 Занадта рана вы пачалі весяліцца,  пачуўся змрочны голас капітана, які падехаў у час гэтай размовы.  Глядзіце, як бы вам і на самай справе не давялося начаваць у гэтай чорнай прэрыі! Будзе добра, калі не здарыцца яшчэ чаго-небудзь горшага.

Назад Дальше