Я ехаў па мястэчку, і вочы мае напаўняліся слязьмі. Ты ведаеш, родная, што падчас душэўных узрушэнняў я больш здольны да стварэння музыкі. Але тая мелодыя, што нараджалася ў маім сэрцы, калі я глядзеў на разбурэнні, не для старонніх слухачоў. Яна назаўжды застанецца са мною, разам з маім смуткам і болем.
Ля паскубанага гарматамі кляшторнага будынка я пабачыў натоўп. Манахі-трынітарыі, якія заставаліся ў мястэчку на працягу ўсёй вайны, зладзілі там раздачу гарачай поліўкі. Нешматлікія выжылыя местачкоўцы ціснуліся бліжэй да цеплыні вогнішчаў. Гэта быў адзіны светлы прамень сярод цемры расчараванняў. Я рашыў выказаць падзяку манахам за іх самаадданасць ад свайго імя і ад імя імператарскай улады, якую я, па вялікім рахунку, тут прадстаўляў. Зрэшты, у той момант турбаваць манахаў я не захацеў і пастанавіў здзейсніць сваё рашэнне ў больш афіцыйнай абстаноўцы.
Я вярнуўся ў замак засмучаны. Шыдлоўскі дапамог мне выбрацца з сядла і завесці Бакаса ў стойла. Я сказаў кашталяну, што не буду абедаць, і яшчэ папрасіў не турбаваць мяне некалькі гадзін. Потым падняўся ў свой пакой і доўга праляжаў на ложку без сну сам-насам са сваімі пачуццямі. Спусціўся ў гасцёўню я толькі пад вечар, тады, калі там ужо рыхтавалі стол да вячэры. За ежай я падзяліўся сваімі ўражаннямі з дзядзькам і нарэшце змог падрабязна распытаць яго пра жыццё падчас вайны»
Міхал у задуменні паглядзеў у акно. Хвіліну ўзіраўся ў далягляды, а затым абмакнуў пяро і прыпісаў яшчэ колькі словаў на аркуш. Потым акуратна склаў аркушыкі ў каперту. Разагрэў над полымем свечкі кавалак сургучу і запячатаў ліст, пакінуўшы пярсцёнкам адбітак. Пакуль сургуч застываў, Агінскі зноў пракруціў у галаве падзеі ўчорашняга дня. Была адна рэч, пра якую Міхал вырашыў пакуль не казаць жонцы ў лісце, каб не засмучаць яе яшчэ больш.
Учора пасля вячэры Міхал разам з дзядзькам прайшлі ў бібліятэку. Вялікае памяшканне было застаўлена шафамі з кнігамі. Ля супрацьлеглай да ўваходу сцяны было абсталявана месца для чытання і прыватных размоваў. Два глыбокія фатэлі і столік месціліся побач з галандскаю печкай, аздобленай кафляй. У каміне ўжо разгараліся паленцы, а на століку быў пакінуты падсвечнік з запаленымі вогнікамі. Дзядзька жэстам паказаў Міхалу на стары пашарпаны фатэль, які ў цьмяным святле свечак выглядаў яшчэ больш-менш прыстойна. Міхал пазнаў гэты гарнітур за масіўным столікам з граніту яны з дзядзькам калісьці адгулялі не адну партыю ў шахматы.
Міхале, я бачу, што ты ўжо трохі ачуняў ад пабачанага, пачаў дзядзька. Сапраўды, наш край зведаў шмат гора.
Так, гэта было жахлівае відовішча.
Але гэта далёка не ўсе разбурэнні, што дзядзька на імгненне задумаўся. Ведаеш, Міхале, не хацелася б сёння яшчэ больш вярэдзіць табе душу, але скажу як ёсць: наша сядзіба ў Залессі згарэла.
Як? у Міхала заняло дых ад такой навіны. Сядзібы, дзе граф пражыў з сямёй амаль дзесяць гадоў, дзе нарадзіліся ягоныя тры дачкі і дзе ён напісаў свае найлепшыя музычныя творы, больш не існуе?
У пачатку зімы. Падпал, ці праз чыюсьці нядбайнасць, я не ведаю. У Залессі ад моманту, як вы зехалі ў Пецярбург, стаялі французскія войскі. Магчыма, пры адступленні хтосьці дадумаўся спаліць сядзібу.
Ці гэта была гульня ценяў у паўзмроку, ці напраўду так было, але Міхалу падалося, што на словах пра сталіцу Расійскай імперыі твар дзядзькі сказіўся ў грэблівай грымасе.
Але чаму вы не паведамілі мне раней! пасля наведання дзядзькі ў Маладэчне Міхал планаваў заехаць і ў Залессе, але цяпер яму трэба было перагледзець свой маршрут.
Я сам пабываў там толькі месяц таму і пабачыў усё на ўласныя вочы. Цэлы застаўся хіба мураваны млын.
Калі б я ведаў пра гэта, я б папрасіў кампенсацыі з дзяржаўнай скарбніцы на аднаўленне сенатарскай маёмасці. Я б прыехаў сюды з калежскім рэгістратарам царскай канцылярыі, і мы б разам падлічылі суму стратаў Міхал, які ўжо жвава прыкідваў у галаве план дзеля аднаўлення сядзібы, раптам запнуўся, пабачыўшы выраз твару дзядзькі.
Не, Міхале, мне ад твайго цара дапамогі не трэба, стары граф падняўся з фатэля і рушыў да выхаду. Позна ўжо, пайду спаць, кінуў ён праз плячо не азіраючыся.
Міхал застыў агаломшаны. З аднаго боку, яму было сорамна за тое, што ён прапанаваў старому інсургенту дапамогу ад тых, з кім дзядзька ў свой час змагаўся. З другога боку, ён сам свядома абраў гэты шлях супрацоўніцтва з імперскімі ўладамі, бо лічыў, што так ён будзе мець значна больш магчымасцяў для дапамогі Радзіме.
Не, Міхале, мне ад твайго цара дапамогі не трэба, стары граф падняўся з фатэля і рушыў да выхаду. Позна ўжо, пайду спаць, кінуў ён праз плячо не азіраючыся.
Міхал застыў агаломшаны. З аднаго боку, яму было сорамна за тое, што ён прапанаваў старому інсургенту дапамогу ад тых, з кім дзядзька ў свой час змагаўся. З другога боку, ён сам свядома абраў гэты шлях супрацоўніцтва з імперскімі ўладамі, бо лічыў, што так ён будзе мець значна больш магчымасцяў для дапамогі Радзіме.
Міхал узяў са століка падсвечнік і ў змрочных пачуццях накіраваўся ў свой пакой.
* * *Раніцой, нягледзячы на засмучанасць і заняпад сіл, выкліканы ўчорашнімі падзеямі, Міхал задумаў зладзіць яшчэ адну конную выправу. Гэтым разам у бок лесу. Сонечнае надворе якраз спрыяла такому баўленню часу, і граф адчуваў сябе бадзёра і ўзнёсла. Дарогай праз двор да стайні Міхал пабачыў, як кашталян распякае хлопца, які панура стаяў са стрэльбай у руках. Агінскі на хаду падміргнуў хлопцу і ўсміхнуўся. Конюх Ерамей зноў падрыхтаваў каня да выезду верхам. Міхал без старонняе дапамогі забраўся ў сядло і выехаў з замка.
Калі ўчора стары Бакас быў узорам паслухмянасці, то сёння жывёліну нібы падмянілі. Усю дарогу ад замка да ўзлеску Бакас марудзіў і запінаўся, ледзь-ледзь перастаўляў капыты. Вялейскі гасцінец, якім Агінскі выправіўся ад замка, быў не надта засыпаны снегам, таму граф не мог зразумець, што непакоіць каня. Ля лесу Міхал збочыў з дарогі ў поле. Бакас павольна прайшоў колькі крокаў па глыбокім снезе і стаў як прыкуты. Зрушыць яго не маглі ні словы, ні прышпорванне. Выглядала на тое, што і гэтая прагулка была сапсаваная. Узнёслы настрой, што з раніцы ахапіў Міхала, выпарыўся без следу.
А бадай цябе, Агінскі вылаяўся і саскочыў з каня. Бакас працягваў стаяць і не мігаючы глядзець на дрэвы. Сам прайдуся.
Міхал прайшоў усяго пару крокаў і забурыўся тварам у рыпучы снег. Падымаючыся, граф Агінскі гучна прыгадаў некалькі асабліва яскравых выразаў з тых, што чуў ад сталічных рамізнікаў. Затым атрос кажух і азірнуўся. У тым месцы, дзе ягоная нага напаткала перашкоду, з-пад снегу вытыркалася штось даўгаватае. Міхал прыгледзеўся гэта была чалавечая рука. На імгненне яму падалося, што скручаныя бялявыя пальцы цягнуцца да яго, каб схапіць за калашыну. Міхал мімаволі адступіўся. Рука была нерухомая.
Агінскі спатыкнуўся аб скарчанелы труп аднаго з соцень забітых жаўнераў, пра якіх расказваў дзядзька. Пры падзенні граф вызваліў з-пад снегу не толькі руку, але і частку цела нябожчыка. Міхал схіліўся над жаўнерам, каб уважлівей яго разгледзець. Французскі грэнадзёр, граф вызначыў гэта паводле колеру абмундзіравання. Сіні мундзір быў у двух месцах прадзіраўлены і абрынданы нечым чорным. Так абазначыліся месцы, дзе кулі ўвайшлі ў цела. Міхал не раз бачыў такое падчас паўстання. Твар нябожчыка, знявечаны грымасай болю, пакрыўся шэранню. Расплюшчаныя вочы ператварыліся на марозе ў два ледзяшы. На руцэ салдата бракавала безыменнага пальца і мезенца. Спачатку Міхал падумаў, што гэта марадзёры адсеклі іх разам з пярсцёнкамі, але ўгледзеўшыся, зразумеў, што пальцы былі проста вырваныя з рукі разам з добрым кавалкам мяса. Графу зрабілася млосна. Ён адвярнуўся ад нябожчыка і паглядзеў у бок лесу.
Дрэннае прадчуванне пачало зараджацца ў Міхалавай душы. Яму падавалася, што лес, да якога ён так імкнуўся зранку, хавае ў цёмных глыбінях нешта злое і небяспечнае. Здавалася, што з-за завесы галін на поле да самотнага падарожніка ў любы момант можа выскачыць Агінскі не мог да канца абазначыць свае страхі, але адно ён ведаў дакладна яму хацелася як мага хутчэй пакінуць гэтае месца.
* * *Назад Бакас пайшоў спрытней. Міхал падумаў, што прычынай маруднасці каня стаўся той жа незразумелы жах, які адчуў ён сам на ўскрайку лесу. Неўзабаве граф наблізіўся да замка. Некалі трывалая абарончая пабудова, што здаўна належала роду Агінскіх, цяпер уяўляла з сябе сумнае відовішча. Сцены без догляду пачалі абсыпацца, закінутыя вежы, адкрытыя для непагоды, пакрыліся трэшчынамі і заімшэлі, роў абмялеў. Больш-менш дагледжанымі заставаліся толькі замкавы палац, дзе атабарыўся дзядзька з прыслугай, ды ўязная брама, на якой красаваўся родавы герб святы Юры і агінец на чырвона-сінім шчыце.
Калісьці замак хацелі перабудаваць у сядзібу і разбіць побач парк. У свой час дзядзька нават паспеў узвесці аранжарэю і адрамантаваць стайні, але праз беды, што абрынуліся затым на дзяржаву, дый проста праз нястачу сродкаў, далейшае будаўніцтва давялося спыніць.