Калісьці замак хацелі перабудаваць у сядзібу і разбіць побач парк. У свой час дзядзька нават паспеў узвесці аранжарэю і адрамантаваць стайні, але праз беды, што абрынуліся затым на дзяржаву, дый проста праз нястачу сродкаў, далейшае будаўніцтва давялося спыніць.
Міхал праехаў праз адчыненыя вароты ва ўнутраны дворык і гучна паклікаў конюха. Адказу не было. Агінскі моцна змерз за час паездкі, таму не стаў доўга чакаць і самастойна злез з каня. Граф узяў Бакаса за аброць і павёў у стойла. Дзверы стайні былі прыадчыненыя, і з глыбіні памяшкання даносіўся гучны дзядзькаў голас. Міхал правёў каня ўнутр і прыслухаўся. Стары граф сварыўся на конюха.
Я цябе прасіў асцярожна перанесці ўсё ўніз, а ты, цямцюр гэткі, палову тут вывернуў, лаяўся дзядзька. Конюх нешта мямліў у адказ, але Міхал яго не чуў. Вот жа, рукі крывыя, не сунімаўся гаспадар, лепей пакінь усё як ёсць, толькі прыкрый больш ад марозу.
Можа мне хто дапамагчы? гучна прамовіў Агінскі. Дзядзька, які стаяў да яго спінай, страпянуўся і рэзка развярнуўся. Міхал паспеў заўважыць цень страху ў дзядзькавых вачах, які праз імгненне змяніўся радасцю пазнавання. Гаспадар махнуў рукой у бок Ерамея і з непрыхаванай злосцю ў голасе прагаварыў: Гэты недарэка, Ярома, развярнуў бонду з зернем. А ў мяне яго не так шмат, каб раскідвацца! Дзядзька павярнуўся да конюха: Давай, дурыла, памажы Міхалу, што стаіш?
Хлопец падхапіўся, прыняў лейцы з рук графа і павёў каня ў стойла. Міхал заўважыў, што далоні Ерамея былі запэцканыя нечым чорным.
Як прагулка, Міхале? стары граф рашыў змяніць тэму.
Добра, схлусіў Міхал. Разам з дзядзькам яны накіраваліся да выхаду са стайні.
У мяне для цябе цудоўная навіна, усміхнуўся дзядзька, Памятаеш, ты мне расказваў пра манахаў-трынітарыяў, што памагалі пагарэльцам у Маладэчне? Наколькі я памятаю, ты хацеў выказаць ім падзяку, ад імя былы інсургент запнуўся і апусціў вочы долу, імператарскай улады.
Абодва Агінскія сталі на ганку замкавага палаца.
Дык вось, Міхале, працягнуў дзядзька, плябан маладэчанскага кляштара брат Крыштоф прыняў маё запрашэнне на сённяшнюю вячэру.
Выдатна. Такія людзі, як брат Крыштоф, вартыя бязмежнай павагі. Я падзякую яму як асабіста, так і ў афіцыйнай форме, Міхал зрабіў асаблівы націск на апошніх двух словах.
Стары граф некалькі секунд стаяў моўчкі. Ён вагаўся, ці варта працягваць непрыемную тэму.
Добра, Міхале, пайду я на кухню ўзгадняць стравы да вячэры, няўпэўнена махнуўшы рукой, дзядзька адчыніў дзверы і зайшоў унутр палаца. Міхал пачакаў, пакуль дзядзькавы крокі сціхнуць у далечы калідора, і ўвайшоў следам.
* * *Брат Крыштоф зявіўся ў замку ў суправаджэнні двух манахаў. Служка, пастаўлены сачыць за прыходам гасцей, здалёк заўважыў тры фігуры ў чорных плашчах, яны марудна сунуліся занесеным снегам маладэчанскім трактам. Пакуль манахі адолелі рэшту дарогі, у замкавым палацы было ўсё гатова да іх сустрэчы. Слугі дапамаглі манахам распрануцца і правялі тых у гасцёўню. Ля дзвярэй іх прывітаў гаспадар. Міхал Клеафас і кашталян Юзаф стаялі воддаль, пры сервіраваным стале.
Шаноўны браце, я рады бачыць вас у сценах майго сціплага жытла, дзядзька схіліўся, каб пацалаваць руку святара.
Вітаю паважаных гаспадароў, плябан ладны мужчына арыстакратычнага выгляду апусціў галаву ў паклоне. Жадаю, каб не абмінула вас ласка Божая. Брат Крыштоф азірнуўся на сваё суправаджэнне. Спадзяюся, прысутнасць брата Валянціна і брата Мікалая не прынясе вам дадатковага клопату. Часы ў нас цяпер неспакойныя, і кожная выправа за межы кляштара можа быць небяспечнай для адзінокага падарожніка.
Ні ў якім разе. Нам вельмі прыемна прымаць вас усіх у нашым доме. Прашу, сядайце, дзядзька жэстам паказаў манахам на месцы ў галаве стала.
Усе расселіся. Слугі прынеслі першую змену страваў і напоўнілі келіхі віном. Міхал, які сядзеў праваруч ад брата Крыштофа, падняў свой келіх і прамовіў: Я хачу выпіць за самаадданасць вашага ордэна, што нават у самыя цяжкія часы не перастае рупіцца пра вернікаў. Днямі я наведаў мястэчка і пабачыў, як браты-трынітарыі дапамагалі маладэчанцам. Дазвольце мне выказаць вам словы падзякі ад мяне як жыхара тутэйшых мясцінаў, і ад мяне як сенатара прадстаўніка імператарскай улады. Хай мне часцей даводзіцца бываць далёка адсюль, але сэрцам я адданы нашай зямлі, і мне вельмі прыемна ведаць, што яна знаходзіцца пад надзейнай абаронай. Віват, трынітарыі!
Віват! падхапілі дзядзька і кашталян.
Гэта наш святы абавязак, Крыштоф сціпла апусціў вочы.
Талеркі едакоў хутка апусцелі, і слугі прынеслі гарачае.
На жаль, нашая сённяшняя вячэра не можа пахваліцца разнастайнасцю страваў, паскардзіўся дзядзька, у нашых лясах зусім не засталося дзічыны, гэтая праклятая вайна абабрала не толькі нас, але і прыроду.
Што праўда, то праўда, плябан паківаў галавой, але я чуў ад людзей, што звяры пазнікалі з вакольных лясоў і праз нейкую іншую навалу. У мястэчку ходзяць плёткі пра прывідаў.
Гэта так, далучыўся да размовы Шыдлоўскі, я нядаўна пасылаў Янку на паляванне, бо падыходзіў запас сушанага мяса. Дык гэты паскуднік адмовіўся ісці ўглыб лесу. Сказаў, што яму было страшна, бо ён убачыў нейкія цені, што блукалі ў глыбіні сярод дрэваў і нібыта пагражалі ягонаму жыццю.
Па спіне Міхала прабег халадок. Ён прыгадаў ранішнюю прагулку і тое пачуццё небяспекі, якое апанавала яго на ўзлеску.
Прывіды! Чаго толькі ні прыдумаюць людзі, каб не працаваць, усміхнуўся дзядзька. Я ні ў якіх прывідаў не веру. Па нашых лясах, пэўна, французскія дэзерціры ды марадзёры рознага гатунку бадзяюцца. Вось гэтая свалата можа ўяўляць пэўную небяспеку. Але ж такім марозам наўрад ці хто доўга на дварэ працягне.
А ведаеце, панове, прывіды не такая ўжо смешная тэма, узяў слова брат Крыштоф. На гэты конт у мяне ёсць адна цікавая гісторыя, якой я хачу з вамі падзяліцца. Усе, хто быў за сталом, скіравалі сваю ўвагу на плябана. Вядома, што для касцёла няма паняткаў «свой» ці «чужы» усе людзі роўныя перад Богам. Таму ордэн падчас вайны даваў прытулак усім, хто прасіў нашай дапамогі. Не зразумейце мяне няправільна, пане сенатару, брат Крыштоф лёгка нахіліў галаву ў бок Міхала, але былі сярод такіх і жаўнеры Напалеона.
Ні ў якім разе. Вашая міласэрнасць робіць вам гонар, Міхал пакланіўся ў адказ.
Я хачу расказаць вам пра адзін дзіўны выпадак, што адбыўся падчас нядаўняга адступлення.
Плябан адклаў прыборы, зрабіў глыток віна з келіха і працягнуў: За некалькі дзён да бамбардавання ў наш кляштар прынеслі параненых салдат. Мы размясцілі іх у нашым шпіталі, пад які давялося прыстасаваць яшчэ і некалькі манаскіх келляў. Сярод параненых быў афіцэр у цяжкім стане. Выбухам яму адарвала руку, і да таго ж ён пакутаваў ад ліхаманкі. Паранены быў неспакойны і трызніў. Браты па чарзе дзяжурылі пры ягоным ложку. Але час ад часу стан афіцэра паляпшаўся, і ён мог гаварыць. Дык вось, аднойчы, калі падышла мая чарга глядзець за параненым, афіцэр быў у прытомнасці і паміж намі адбылася гутарка. Ён сказаў, што яго завуць Мартэн Кале і родам ён з Валоніі. Даведаўшыся, што і я таксама ўраджэнец тых земляў, афіцэр вельмі ўзрадваўся. Не ведаю, ці таму віной ліхаманка, ці проста радасць ад сустрэчы з земляком, але тады Мартэн прызнаў мяне за свайго далёкага суродзіча. Я не стаў яму пярэчыць, бо разумеў, што гэта мо апошняя радасць у ягоным жыцці. Мартэн доўга расказваў пра свой дом, сямю і пра тое, як я нібыта прыязджаў да яго ў госці. Я сядзеў пры ложку і праціраў вільготнай анучай ягоны гарачы лоб. Праз некаторы час афіцэр змоўк, і я падумаў, што ён хоча адпачыць. Я ўжо збіраўся адысці, але Мартэн раптам схапіў мяне за руку і пацягнуў да сябе. Ён прашаптаў мне: «Крыштоф, паслухай мяне. Ты павінен паверыць мне. Гэта ўсё прывід. Прывід пракляў мяне, і цяпер я паміраю. Я мы былі ў Маскве. Пад Масквой. Мы знайшлі там Я раскажу» Тое, што ён апавёў мне тады, было надзвычай цікавым і Крыштоф на імгненне задумаўся, і страшным.
Усе, хто сядзеў за сталом, даўно перасталі есці і ўважліва слухалі плябана. Ні стукату прыбораў, ні шоргату і рухаў, поўная цішыня. Калі плябан змоўк, каб зрабіць яшчэ адзін глыток віна, у пакоі можна было пачуць, як патрэскваюць агеньчыкі на свечках у насценных свяцільнях.
Мартэн расказаў мне пра сакрэтны атрад, які складаўся з адных толькі афіцэраў і ў якім быў ён сам. Кіраваў атрадам Жазэ дэ Венон археолаг з Парыжа, якому на вайне надалі капітанскае званне. Наколькі я зразумеў, мэтай гэтага атрада быў пошук скарбаў расійскіх цароў у захопленай Маскве. У тым ліку яны шукалі знакамітую бібліятэку Івана Жахлівага. Атрад быў раскватараваны на тэрыторыі маскоўскага крамля. Штодзень Мартэн займаўся тым, што разам з іншымі афіцэрамі лазіў па крамлёўскіх падзямеллях, перабіраў каменне, пераварочваў горы смецця ды струхлелага ламачча. Гаворачы гэта мне, Кале з вымучанай усмешкай заўважыў, што іх кіраўнік капітан дэ Венон сурёзна называў усю гэтую брудную працу археалагічным вышукам. Мартэн расказаў, што аднойчы, на загад дэ Венона, афіцэры пачалі разбіраць кавалак сцяны ў склепе аднаго з сабораў. Як толькі мураванне было парушана, стала зразумела, што за замшэлымі цаглінамі схаваны сакрэтны ход у сутарэнні. Капітан быў узрадаваны гэтай навіной і загадаў адразу ж па заканчэнні работ спускацца ў лабірынт. Мартэн спускаўся апошнім. У адной руцэ ён трымаў паходню, а другой трымаўся за сцяну. Ход выявіўся досыць высокім, таму можна было ісці не прыгінаючыся. Некалькі разоў тунэль разгаліноўваўся. Тады дэ Венон, паводле толькі яму вядомай методыкі, вызначаў патрэбны кірунак. Атрад доўга блукаў па сутарэннях, і Мартэн пачаў думаць, што ўжо ніколі не выберацца адтуль вонкі. Ён расказаў, як адчуваў на сабе чужыя позіркі, хоць у лабірынце атрад не сустрэў ніводнай жывой істоты. Не было там нават пацукоў, што напаўнялі іншыя крамлёўскія сутарэнні. Мартэн пачаў пастаянна азірацца і ўглядацца ў цемру. Адзін раз яму нават падалося, што ён бачыць фігуру за паваротам тунэля. Мартэна апанаваў страх. Ён зразумеў, што значна адстаў ад сваіх, і паспяшаўся нагнаць атрад. Як толькі ён параўняўся з апошнім афіцэрам, наперадзе пачуўся голас. «Знайшлі!» пракрычаў Жазэ дэ Венон, калі першым увайшоў у падземную крыпту. Хутка следам за ім у памяшканне прабраліся астатнія чальцы атрада. Мартэн казаў, што ўнутранае ўбранне крыпты было ўкрай сціплым. Неапрацаваныя каменныя сцены, масіўная гранітная скрыня вось і ўсё, што было ўнутры падземнага сховішча. Дэ Венон неадкладна загадаў самым дужым мужчынам з атрада зрушыць цяжкое вечка. Як толькі каменная пліта трохі адсунулася, са скрыні пачаў вырывацца задушлівы газ. Крыпта была досыць цеснай і хутка напоўнілася брыдкімі выпарэннямі. Афіцэры закашляліся, але не спынілі работы. Вечка было скінута. Пад ім, на жаль, знайшліся не гурбы золата і не старажытныя фаліянты, а спарахнелы мужчынскі труп. Капітан быў абураны гэтым фактам. Ён загадаў ператрэсці ўсю крыпту ў пошуках каштоўнасцяў, але дадатковыя высілкі плёну не далі. Брудныя і стомленыя афіцэры пачалі збірацца да выхаду. Дэ Венон ніяк не мог супакоіцца і працягваў капацца ў саркафагу. «Трэба ісці», агучыў тады Мартэн думкі ўсяго атрада. Мужчыны выбіраліся з сутарэнняў той жа дарогай. Афіцэр зноў ішоў апошнім. У тунэлі ён азірнуўся і заўважыў цьмянае святло, што напаўняла пакінутую крыпту. Спачатку Мартэн падумаў, што гэта нехта забыў унутры запаленую паходню, але святло, што лілося з прахону, мела мала агульнага з водбліскамі агню. Афіцэр бачыў, як з няяснага святла фармуецца, нібы з цеста, празрыстая фігура чалавечая постаць. Мартэн развярнуўся і ўжо больш не азіраўся. Ён прызнаўся мне, што баяўся тады нават дыхнуць. Ён быў упэўнены, што пабачыў прывід. «Гэта быў нябожчык з каменнай скрыні Дакладна ён» сказаў мне афіцэр і скруціўся ад моцнага прыступу кашлю. Я падаў яму вады і змяніў кампрэс на ілбе. Праз хвіліну Мартэн зноў мог гаварыць. Ён расказаў, што пасля выхаду на паверхню капітан дэ Венон надоўга пакінуў іх атрад. Археолаг выправіўся ў стаўку імператара з дакладам. Таму цэлы тыдзень афіцэры маглі спакойна адпачываць. Неўзабаве французскія войскі пачалі рыхтавацца да адыходу з Масквы. Атрад дэ Венона далучыўся да асноўных сілаў. Спачатку мужчыны трымаліся разам. Але потым прыйшоў загад камандавання, і атрад расфармавалі. Усіх афіцэраў прызначылі на камандныя пасады ў нейкім з палкоў. Калі захварэў адзін з іх малады віконт Мішэль Пірэ, Мартэн даведаўся пра гэта першым. Афіцэр разам з іншымі чальцамі пошукавага атрада часта наведваў маладога чалавека ў перасоўным шпіталі і з жахам назіраў за тымі зменамі, што адбываліся з Мішэлем падчас хваробы. Хлопец хутка губляў вагу, ягоныя некалі ружовыя шчокі ўваліліся і збялелі. Афіцэр разказваў мне, якімі чырвонымі і сухімі зрабіліся вочы маладога чалавека. Такія самыя вочы я сам мог назіраць у Мартэна падчас нашай з ім размовы. Малады афіцэр страціў магчымасць гаварыць, увесь час мычэў і калыхаў рукамі. Чым далей заходзіла хвароба, тым больш буяным і неўтаймаваным рабіўся Пірэ. Ён пачаў кідацца на наведнікаў і аднойчы ўкусіў за руку лекара, які спрабаваў яго пакарміць. Мішэль не змог сачыць за далейшым лёсам маладога афіцэра, бо іх полк увязаўся ў сутычку з нерэгулярнымі сіламі праціўніка. Афіцэру давялося прыняць камандаванне невялікім атрадам уланаў. Пазней ён чуў ад знаёмых, што дэ Пірэ сканаў недзе пад Смаленскам. Адступленне было неймаверна цяжкім. Штодзень войскі зазнавалі напады партызанаў або хуткаконных казацкіх атрадаў. Але якім бы стомленым афіцэр ні быў, ён пачаў заўважаць у сябе прыкметы той хваробы, што загубіла маладога Мішэля. Ён з цяжкасцю мог хадзіць, страціў рэакцыю, пакутаваў ад мігрэняў. Да яго даходзілі весткі, што шмат хто з былога пошукавага атрада гэтаксама злёг ад невядомай заразы. Да таго ж, некаторыя салдаты з ягонага палка звярталіся да лекара з падобнымі скаргамі. У адной з бітваў Мартэн трапіў пад абстрэл і быў моцна паранены ў руку. Палкавы лекар, нядоўга думаючы, адсек знявечаную канечнасць і праз адсутнасць магчымасці выхадзіць параненага ў палявых умовах, загадаў салдатам пакінуць афіцэра на ўтрыманне літасцівых манахаў. Так Мартэн апынуўся ў нашым кляштары. Скончыўшы свой аповед, афіцэр расплакаўся. Я ўзяў яго за руку і паспрабаваў супакоіць. Ён стагнаў і енчыў, што не хоча паміраць. Мартэн сцвярджаў, што смяротная хвароба, ад якой сканаў малады Пірэ і ад якой пакутуе ён, насланая на іх атрад маскоўскім прывідам. Што гэта праклён за тое, што афіцэры пасмелі патрывожыць ягоны спакой у закінутай крыпце пад крамлём. Мартэн аддаў размове шмат сіл і неўзабаве заснуў. Я ціха памаліўся над ім і пакінуў ляжаць на ложку. Праз некалькі дзён пакутлівай ліхаманкі афіцэр памёр. Следам за ім з жыцця пайшлі і два жаўнеры, якіх прывялі разам з Мартэнам. Браты аднеслі ўсе целы на кляшторныя могілкі. Зямля не паддавалася заступам, бо прамерзла на добрыя чатыры футы ўглыб, таму нябожчыкаў проста паклалі за агароджай і прысыпалі снегам, каб пахаваць пасля, калі пацяплее. На наступны дзень пачалося бамбардаванне. Мы хаваліся за моцнымі мурамі кляштара і маліліся, каб боская абарона выратавала нас ад бязлітасных гарматных ядраў. Бог паслухаў нас. На наступны дзень мы выбраліся з будынка. Браты, якія наведвалі могілкі, расказалі мне, што целы афіцэра і французскіх жаўнераў зніклі. Плябан на імгненне задумаўся. Хутчэй за усё нябожчыкаў разарвала на шматкі пры адным з мноства выбухаў таго страшнага дня.