1813 (зборнік) - Уладзімір Садоўскі 5 стр.


 Нясіце яго ў палац!  загадаў Шыдлоўскі.

Двое з Ерамеем на руках прайшлі міма Міхала. Конюх быў цяжка паранены. Ягоная правая калашына ўся набрыняла крывёй. Чырвоная вадкасць вялікімі кроплямі падала на дваровы брук. Хлопец стагнаў і нешта мармытаў сабе пад нос.

 Ён цапнуў мяне. Цапнуў. За нагу. Цапнуў, данеслася да графа.

 Ды хто ён? Адкажы ты,  гучна спытаў кашталян.

 Француз! Цапнуў мяне. Шалёны француз,  енчыў Ерамей.

 Які такі француз? Сабака французскі?

 Француз! Ён мяне цапнуў!  працягваў лапатаць конюх.

Ерамея прыцягнулі на кухню, дзе паклалі на лаву каля цэбара з вадой. Шыдлоўскі, які ўзяў на сабе абавязкі лекара, загадаў слугам набраць кіпню, падаць медавухі і прынесці які-колечы чысты інструмент. Загад быў выкананы адразу ж. Спачатку кашталян уліў чарку ў перасохлыя вусны Ерамея, потым узяў нажніцы і адрэзаў набрынялую крывёй калашыну, каб агледзець рану. На сцягне конюха барвавеў глыбокі след ад укусу. Нечыя зубы пракусілі скуру і адарвалі шматок мяса. Уся нага конюха была чорнай ад крыві, і крывацёк яшчэ не прыпыніўся. Шыдлоўскі вяроўкай туга перацягнуў сцягно над ранай, узяў змочаную анучу і пачаў абмываць месца ўкусу.

 Гэта не сабачая хватка,  здзіўлена прагаварыў кашталян. Конюх усхліпваў і якатаў.

Калі ўдалося спыніць кроў, рану перавязалі, а пацярпелага перанеслі на ложак. Ерамею стала лепш, ён супакоіўся і змог нарэшце расказаць, што здарылася: Французскі салдат. Ён выйшаў з лесу. Адзін. У драным мундзіры, без шапкі. Я не паспеў ачомацца, як ён кінуўся да мяне і ўхапіўся за нагу. Ён цапнуў мяне зубамі. Проста як сабака. Зусім ашалеў. Я закрычаў. Бакас спудзіўся і даў драпака. Француз застаўся там на дарозе. Я не глядзеў, можа, ён зноў у лесе схаваўся,  голас хлопца зрываўся і дрыжаў.

Конюха пакінулі адпачываць аднаго. Неўзабаве стан хлопца пагоршыўся. Пакаёўка, якая прыносіла яму вады, паведаміла, што ў таго гарачка. Бліжэй да ночы Ерамея пачало ліхаманіць. Ён увесь час пакутліва варочаўся і трызніў. Гаспадар, які не адыходзіў ад ложка конюха, вырашыў з раніцы паслаць некага да манахаў-трынітарыяў па дапамогу. Міхал, якому таксама было не абыякава здароўе Ерамея, выклікаўся паехаць у мястэчка.

З першымі промнямі сонца Агінскі пакінуў замак. Раскіслая дарога не дазваляла пусціць каня поўным ходам, таму калі Міхал уехаў у Маладэчна, сонца стаяла высока. Ад таго, што снег сышоў, мястэчка здавалася яшчэ больш знявечаным. Рэзалі вока чорныя драбы спаленых хат і плямы вырванай зямлі на месцах выбухаў бомбаў. Усё гэта раней было ўтоена ад вачэй пад белым покрывам. Дзіўная цішыня панавала навокал. Парушала яе толькі хлюпанне капытоў Бакаса па дарожным брудзе.

Каля каменнага будынка таксама было пуста, а сам кляштар быў зачынены на ўсе засаўкі. Граф падехаў да канавязі, прывязаў Бакаса і рушыў да ўваходу. Ён пагрукаў у дзверы і гучна назваў сябе. Доўгі час ніхто не адказваў. Агінскі стаў нервова азірацца па баках. Яму не падабалася падазроная ціша і спустошанасць навакольных вуліц. Раптам пачуўся скрыгат засаўкі і палавінка кляшторнай брамы павольна адчынілася. Скрозь невялікі прахон прасунуў галаву невядомы Міхалу манах і пільна паглядзеў на графа.

 Праходзьце. Хутка,  манах працягнуў Агінскаму руку і ледзь не сілком зацягнуў таго ўнутр. Калі дзверы з лязгатам зачыніліся, Міхал апынуўся ў поўнай цемры. Не ведаючы, да каго звяртацца, ён прамовіў: Я прыйшоў па дапамогу.

 Вы не першы,  пачуўся голас трынітарыя. Той адчыніў іншыя дзверы. Невялікі пакой напоўніўся цьмяным святлом.  Увесь кляштар запоўнены пацярпелымі, манах стаў у дзвярным прахоне і жэстам паклікаў графа за сабой.

 Што здарылася?  пераступіўшы парог, Агінскі спыніўся. У калідоры, куды вялі дзверы, панаваў паўзмрок. Усе вокны ў памяшканні былі забраныя аканіцамі. Але і пры такім дрэнным асвятленні Міхал змог пабачыць, што ў калідоры поўна людзей. Малыя, старыя, сярэдняга веку, яны купкамі і па адным сядзелі ці ляжалі на падлозе ля сценаў. Праз адчыненыя дзверы келляў бачыліся ложкі з пацярпелымі. Побач з хворымі стала знаходзіўся хтосьці з манахаў. Белыя плашчы з крыжамі вылучаліся сярод шэрай масы зноскаў, у якія была апранута большасць выжылых жыхароў мястэчка. Нягледзячы на вялікую колькасць людзей, у памяшканні было ціха. Толькі час ад часу з келляў даносіўся стогн, а ў калідоры можна было пачуць прыглушаны шэпт гэта бацькі супакойвалі сваіх дзетак. Здавалася, што ўсе, хто быў у Маладэчне, перамясціліся сюды.

 Французы напалі зноў, манах шпаркім крокам пайшоў да лесвічнага пралёту, спрытна абмінаючы людзей. Міхал паспяшаўся за ім.

 Як? Адкуль тут могуць быць французы? Яны ж даўно адышлі за межы?  Агінскі незаўважна для сябе перайшоў на гучны шэпт.

 Гэтыя з тых, хто застаўся,  шматзначна адказаў манах.

 Не разумею.

 Я таксама,  манах падняўся па прыступках да першай пляцоўкі і паглядзеў уніз на Агінскага,  Але з усяго выходзіць, што гэта памерлыя французы.

 Як памерлыя?  Міхал аслупянеў.

 Памятаеце, я расказваў пра Мартэна Кале?  данёсся з вышыні голас плябана. Брат Крыштоф спускаўся з другога паверха.

 Вітаю вас, браце,  Агінскі схіліўся ў паклоне.

 Адзін з местачкоўцаў бачыў афіцэра ўчора ў Маладэчне,  працягнуў плябан, не адказаўшы на прывітанне. Выглядаў ён украй стомленым.

 Вы ж сказалі, што ён памёр,  не зразумеў Міхал.

 Я сам так думаў. Але ўчора французскі жаўнер без рукі разбурыў адзін з намётаў і моцна параніў тых, хто быў унутры.

 Якім чынам?

 Ён пакусаў іх,  плябан змоўк.

 Вось і наш конюх,  прыгадаў Агінскі, таксама казаў, што ў лесе яго пакусаў шалёны француз.

Плябан са шкадаваннем у голасе прамовіў: І цяпер ваш конюх ляжыць з ліхаманкай.

 Так, адкуль вы ведаеце?  здзівіўся Міхал.

 Ва ўсіх пацярпелых такія ж сімптомы,  брат Крыштоф паказаў рукой у бок келляў. Мы збіраліся ўчора накіраваць у ваш замак пасыльнага з папярэджаннем, але праз наплыў людзей не змаглі гэтага зрабіць. На ўліку былі ўсе працаздольныя людзі.

 Але як такое магло здарыцца?  бедаваў Агінскі. Я не разумею.

 Пацяплела,  нібы сам сабе прамовіў плябан.

 Што? Я вас не чую,  Міхал падвысіў голас.

 Поле за Вушою было завалена трупамі, пасля бойкі ніхто не парупіўся іх прыбраць,  брат Крыштоф павярнуўся да Агінскага. Пачырванелыя, напоўненыя смуткам і болем вочы плябана, здавалася, глядзелі скрозь Міхала.  Сёння брат Валянцін быў там. Яно пустое. Усе нябожчыкі зніклі. Цяпер яны блукаюць па наваколлі.

 Вы нейкую лухту плецяце, брат. Вы доўга не спалі. Вам трэба адпачыць,  цвердзіў Міхал гучным шэптам.  Мерцвякі не могуць хадзіць.

 Я не спаў, гэта так,  голас плябана быў спакойны, ён нібыта размаўляў сам з сабою.  Але я бачыў усё тое на ўласныя вочы. Гэта так.

 Вы хочаце сказаць, што надыходзіць Апошні Суд? Ці вы проста наслухаліся страшных гісторый ад сваіх французскіх сяброў?  Міхал дазволіў сабе грубасць. Роспачны стан плябана пачаў выклікаць у яго раздражненне. Брат Крыштоф прамаўчаў.

 Добра,  граф вырашыў змяніць тэму.  Скажыце, вы можаце мне дапамагчы і паслаць да нас чалавека, які разбіраецца ў медыцыне?

 На жаль, не, пане сенатару,  не адразу адказаў плябан,  усе занятыя. Брат Крыштоф адвярнуўся да акна і скрозь шчыліну ў аканіцы паглядзеў на двор.  Але я хачу даць вам параду,  плябан усё яшчэ стаяў спінай да графа.  Вам трэба як мага хутчэй вярнуцца ў замак, зачыніць усе дзверы, усе вокны і нікога не ўпускаць. Дакладней, упускаць толькі тых, хто можа назваць сябе. Упускаць жывых, якія могуць гаварыць, бо мерцвякі не здольныя да словаў, манах рэзка павярнуўся, сухія вочы ўтаропіліся ў Міхала.  Яны здольныя толькі забіваць,  прашаптаў плябан.

Міхал адступіў. Ён нічога не адказаў, моўчкі развітаўся і шпарка пашыбаваў да выхаду. Манах, які сустракаў Агінскага ў кляштары, кінуўся следам, каб зачыніць дзверы.

Выйшаўшы з будынка, граф вылаяўся. «Гэты Крыштоф, мусіць, непрытомны. Дарэмна толькі зездзіў»,  думаў Міхал. На дварэ было ўсё гэтак жа ціха і пустынна, але Бакас, які ўвесь час прастаяў на прывязі, моцна расхваляваўся. Конь узбуджана біў капытом, круціў вачыма ў розныя бакі і ржаў.

 Спакойна, Бакас. Усё добра,  Агінскі пагладзіў каня па шыі.

Забіраючыся ў сядло, Міхал думаў над словамі плябана: «Мерцвякі ходзяць, што ён выдумаў? Быць гэтага не можа». Агінскі накіраваўся да замка. Ён разважаў, як сказаць дзядзьку пра тое, што дапамогі ад трынітарыяў чакаць не варта. Краем вока граф заўважыў рух каля адной з разбураных хат. Там быў чалавек. Стоячы на каленях спінаю да Міхала, ён апусціў галаву і нешта рабіў рукамі перад сабой. «Пэўна, вогнішча раскладае»,  мімаходзь падумаў Агінскі. На мужчыне быў брудны шынэль вайсковага крою. Ён быў настолькі захоплены справай, што не звяртаў на конніка ўвагі. Міхал не стаў яго аклікаць і проста паехаў далей.

Назад Дальше