Маўчы і будзь хітрым (зборнік) - Кастусь Травень


Кастусь Травень

Маўчы і будзь хітрым

Апавяданні

«Брусок спявае ціхую малітву,
Ды зрэдку іскру кіне над сабой
Пакуль нажы не зазвіняць у бітве
І шаблі горда не ўзнясуцца ў бой.
Няма ў яго ні вастрыя, ні джала,
Патрэбен ён хіба сярпам крывым,
Пакуль у похвах спяць усе кінжалы,
Усе нажы наточаныя ім.
І на папрок, чаму не йдзе ён біцца
Чаму ён не падобен да мяча,
Ён сціпла спіць у нейкай там брусніцы,
Пакуль тупіцца сталі прыйдзе час.
Але ж, узяты ў баі няроўным,
Палонны нож як спынены парыў
Хіба сказаў даспехам у катоўні,
Які брусок і дзе яго вастрыў?»

Уладзімір Караткевіч «Паэт»

© Кастусь Травень, 2013

© І. П. Логвінаў, 2013

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

* * *

У кніжцы апавяданняў кнігі «Маўчы і будзь хітрым» падзеі ахопліваюць перыяд з 90-х гадоў, калі на змену калектыўнай свядомасьці ў грамадства ідуць ідэі ўласнага ўзбагачэння, уласнай якасьці жыцця, разбураюцца папярэднія алгарытмы існавання.

Па словах Юрыя Лотмана, функцыя і значэнне мастацтва ў тым, што яно стварае паралельны свет, у якім можна перайграць тыя падзеі, вярнуцца ў тыя часавыя кропкі, чаго рэчаіснасьць не дазваляе зрабіць. Рэчаіснасьць мае характар лінейнасці. Сучаснасьць кожную секунду імкнецца ў будучае. Тое, што адбылося, тут жа пераходзіць у мінулае, яго ўжо не змяніць, не перайграць.

Аўтар кніжкі падвяргае аналізу мінулае, мяняе пункты гледжання на мінулае і прапануе новыя адказы сваім героям на пытанні, што ставіць перад ім сучаснасьць. Такім чынам ён пераіначвае як будычыню, так і мінулае. Тое, што мае адбыцца, можна змяніць і пераіграць!

Пісьменнік імкнецца пратаптаць сцежку, дарогу, шлях у свядомасьці тутэйшых людзей аб тым, як у жыцці трымацца годна, мужна, быць прафесіяналам, моцным, разумным, пражыць плённае жыццё. У шмат якіх апавяданнях аўтар паказвае людзей, якія шукаюць і знаходзяць гэты шлях.

У сваім інтэрв'ю часопісу «Гоман» Кастусь Травень казаў, што з 20 год ён марыў стаць пісьменнікам, але, абрынуўшыся ў акіян жыцця, ён толькі ў 50 год прымусіў сябе сесьці за стол, каб падзяліцца з грамадствам сваім жыццёвым досведам. Гэта не бурчанне сталага чалавека, а крык душы чалавека, які шчыра дзеліцца набытым досведам. Ягоныя героі, якіх ён любіць звычайныя людзі, часцяком аўтсайдэры. Жыццё мае бясконцую колькасьць шанцаў, сцежак і дарог, але якімі б шляхамі чалавек не ішоў, атрымліваецца, што ён прайшоў адну-адзіную дарогу, якую сам і выбраў. Бо выбіраць прыходзіцца чалавеку штодзень. Увесь час чалавек выбірае, але гэты выбар заўсёды залежыць ад здароўя, звычак, ведаў, умення, прафесіяналізму, густу, духоўнасьці, сумлення, выхавання, сяброў, асяроддзя, выпадковасцяў і шмат чаго іншага

Таварыш Маўзер

«Палеглым за Айчыну. Тым, чыё жыццё не прайшло марна».

І

Незвычайнае здарэнне адбылося ў адным з універсітэтаў сталіцы. Сам міністр асветы раніцой у панядзелак тэрмінова выклікаў свайго першага намесніка Мардзюховіча Сымона Апанасавіча і самым падрабязным чынам цэлую гадзіну тлумачыў яму пытанні, на якія трэба звярнуць самую пільную ўвагу пры разглядзе скаргі ветэранаў вайны.

 Акрамя таго, мякка папярэдзь рэктарат, а мы паглядзім, як яны варушыцца будуць. Час дармаедаў і імітатараў прайшоў. У нас на іх процьма скаргаў. А тут гэты новы выпадак Разбярыся, Сымон Апанасавіч, і хутка праінфармуй мяне. Зняўшы акуляры, міністр стомлена пацёр пераноссе і дадаў: З Савета Бяспекі ў любы момант могуць запатрабаваць матэрыялы справы,  потым, скіраваўшы ўчэпісты і ўдумлівы позірк на мажнога, з пасівелымі скронямі і буйным тварам Сымона Апанасавіча, сцішана зазначыў: Дарэчы, будзь гатовы замяніць рэктара на ягонай пасадзе.

На словы, выказаныя міністрам, Мардзюховіч чуць не адказаў: «Усегда гатоў!». Апошнім часам ён настойліва прасіўся ў міністра на самастойную працу ў які-небудзь сталічны універсітэт. Да пенсіі яму яшчэ заставалася пяць гадоў, і Сымон Апанасавіч нечакана з тугой адчуў, што акрамя першых гадоў, адпрацаваных у школе, астатні час што ён прасоўгаўся ў бюракратычным рэчышчы аблана і саўміна не даў сапраўднага плёну. Хацелася напрыканцы зрабіць тое, чаму некалі вучылі: пасеяць вечнае, разумнае, добрае. Узгадаваць новае пакаленне адукаваных і разумных патрыётаў Айчыны.

Намеснік цяжка крочыў па калідоры ад міністра ў свой габінет, з нейкай амаль слязьлівай і нечакана глыбокай чуллівасцю ўспамінаючы свае ўзьнёслыя першыя дні і месяцы вясковага настаўніцтва

Мардзюховіч на працягу некалькіх дзён хутка і прыдзірліва вывучаў матэрыялы скаргі і, нарэшце, патэлефанаваў рэктару універсітэта, дамаўляючыся аб тэрміновай сустрэчы.

Рэктар Сцяпан Ахмедавіч Пянкоў стрункі, апрануты ў сталёва-сіні строй пры блакітна-фіялетавым гальштуку, з бездакорным праборам цёмных густых валасоў, сустрэў намесніка на ўваходзе ва універсітэт. Абодва добра ведалі адзін аднаго, не раз сустракаліся на паседжаннях і семінарах, некалькі разоў удзельнічалі ў розных раўтах, калісьці сядзелі і за чаркай. Таму, прывітаўшыся і паціснуўшы рукі, яны хутка прайшлі ў будынак. У вестыбюлі, як бывае заўсёды паміж зменамі, кучкавалася універсітэцкая моладзь.

 Зірніце, Сымон Апанасавіч, вунь двое на прыступках стаяць,  Сцяпан Ахмедавіч незадаволена і нават варожа хітнуў галавой на файна апранутых, у крэмавых кашулях пры гальштуках і ў адпрасаваных цёмных штанах, маладзёнаў, што, стоячы на прыступках, з вясёлым выглядам паглядалі па баках.

 Гэта якраз тыя, на каго ў спецслужбаў ёсць сурёзныя падставы меркаваць пра іх удзел у ідэалагічнай дыверсіі. Адзін, той, што прысадзісты і вёрткі, гэта «таварыш Маўзер», другі, стромкі і больш лагодны Алесь Паддубскі, пяцікурснік, магчымы аспірант кафедры гісторыі. Прафесар Пятакоў яму адзіную «тройку» за пяць гадоў вучобы ўпаяў. Абодва ярыя нацы.

Намеснік міністра прыпыніўся, паглядаючы на маладзёнаў, на юнацтва, што буяла і віравала ў вестыбюлі. Сымон Апанасавіч, у адрозненне ад рэктара, углядаўся зычліва і ўважліва як той Чэрчыль некалі ў савецкіх салдатаў ганаровай варты ва ўзнёслыя свежыя твары студэнтаў. Абодва навучэнцы мелі ясны і спакойны выгляд шчырых людзей, адрозна ад самога рэктара, хцівага і вілаводнага.

Мардзюховіч нічога не адказаў рэктару, хоць ягоныя словы яму чамусьці не спадабаліся. «Дзіўная мянушка ў таго нізенькага»,  падумаў намеснік міністра, і абодва рушылі на чацвёрты паверх да габінета рэктара.

ІІ

Упершыню ў поле зроку спецслужбаў студэнт Зміцер Кулеш трапіў у час святкавання Першага Траўня, калі, узбіўшыся на святочнае падмосце ў парку імя Янкі Купалы, ён пачаў чытаць вершы. Як палымяны пралетарскі рэвалюцыянер-марксіст, ён грымеў з падмосцяў:

 Хто там крочыць правай? Левай! Левай! Левай! Ваша слова, Таварыш Маўзер-р-рр!  апошнія словы юнак прамовіў з сталёвай моцай у голасе і нават як падалося некаторым слухачам з нейкім злавесным падтэкстам.

Трэба сказаць, што ў тым бягучым гістарычным часе жыццёвы перыяд ідэалагічна быў не акрэслены. Суседняя братняя дзяржава толькі пераводзіла дых ад пераможнай буржуазнай рэвалюцыі, у суседзяў наўзамен гаваркіх «партайгеноссе» прыйшлі выбойныя «ельцынойды». Шмат хто з грамадзянаў дасведчаных у гісторыі трымаліся рахмана, цярпліва чакалі заканчэння сучаснага нэпа і пачатку чарговага хапуна.

Толькі Зміцер злез з падмосцяў, як у той жа момант да яго падышлі людзі ў цывільным з кампетэнтных ворганаў і, паказаўшы свае пасведчанні, жвава падхапілі яго пад рукі ды павялі ў пастарунак. У пастарунку пры напісанні пратакола высветлілася, што студэнт першага курса педуніверсітэта чытаў верш Уладзіміра Маякоўскага «Левы марш». Спачатку яму не паверылі.

 Ты нас ужо зусім за цёмных не трымай,  сказаў яшчэ зусім не стары старшы лейтэнант і, падумаўшы, дадаў: Маякоўскі быў расійскі паэт і складаў вершы, натуральна, на рускай мове. Нават пляц ёсць Маякоўскага ў Маскве.

 То ж у перакладзе,  разгублена патлумачыў Зміцер міліцыянтам. Ён быў збянтэжаны, бо аніяк не чакаў непрыемнасцяў ад чытання вершаў. Адзін з афіцэраў, каб паставіць усе кропкі над «і» і не наблытаць у пратаколе, патэлефанаваў дадому жонцы. Ягоная жонка Ніна працавала ў школе настаўніцай літаратуры. Лейтэнант прадыктаваў ёй словы верша: «Левай, левай, левай. Ваша слова, таварыш Маўзер». Потым, прыклаўшы слухаўку да вуха, уважліва выслухаў. Твар яго скрывіўся, стаў кіслым, ён нешта незадаволена мармытнуў у адказ і, паклаўшы слухаўку, посна пацвердзіў: Так, верш Маякоўскага.

Змітра адпусцілі, але на ўсялякі выпадак узялі пад нагляд і таемна прыставілі да яго наглядчыцу, навучэнку старэйшага курса універсітэта Рыту Сінчанку прыемную дзяўчыну, разумную, шуструю і прагматычную. Маладзён хутка прайшоў з ёю «курс маладога байца». Рыта прыватызавала ягоныя лішкі энергіі, што спачатку спрабавалі сублімаваць у творчасць і рэвалюцыйную патэтыку, скіраваўшы гэную ўвішнасць на сексаванне і навучанне.

Дальше