Ігар Сідарук
Выкраданьне вепрука
© Ігар Сідарук, 2017
© ІП Янушкевіч А.М., 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Аўтобус колеру бэз
Гамон, мужыкі! Залазьце ў аўтобус, паедзем. Мужыкі, што сьвежавалі ў двары забітае парася, змрочна азірнуліся. Пры дарозе стаяў памяты, пашкамутаны ПАЗік нейкага дзіўнаватага бэзавага колеру. Адкуль і калі ён пад'ехаў ніхта нават не пачуў. У кабіне сядзеў невыразнага, зусім бляклага выгляду кіроўца ды кідаў у рот з пачка кукурузныя палачкі.
Куды паедзем? ашалела запытаў у яго гаспадар дворыска, пераварочваючы парсючка за заднія лапы.
Туды й паедзем, кінуў чарговую палачку ў рот кіроўца. Арыштаваныя вы, ясна?..
Чаго?!. аж узьняліся ў поўны рост мужыкі ды, сьціскаючы нажы-цесакі, пасунуліся да бэзавага аўтобусу.
А ну, каціся адсюль, пакуль колы цэлыя!
І морда!..
Бач ты, паскуда!
Кіроўца скамячыў пусты папяровы пачак, шпурнуў яго ў гародчык, абнесены акуратным штыкетнічыкам.
А вы мне не пагражайце. Я пры выкананьні А вам за гэта Самі павінны ведаць. Мусіць жа, не дурныя?..
Мужыкі спыніліся, паціснуліся бліжэй адзін да аднаго. Насуплена пазіралі на кіроўцу:
Слухай, едзь адсюль, га?..
Не да цябе зараз, хлапак Дзела ў нас
Ага, уманторваў бы ты па-добраму. Па-харошаму просім.
А мне вашыя харошыя словы да пачаў налівацца барвіньнем той. Гамуйся, бляха, у аўтобус, каму сказана. Ці вам спэцыяльнае запрашэньне трэба?! То зараз выдам! Аж уваччу прасьвятлее!.. Дубаломы!
У куточку вуснаў кіроўцы выступіла белаватая пена, зьмяшаўшыся з пылком ад кукурузнай палачкі. Здавалася, яшчэ імгненьне, і ён пацягнецца за пазуху за якім-небудзь кастадробным парабэлюмам. Аднак кіроўца, відаць, ведаючы пра свой нехадоп, толькі сьцер з рота тыльным бокам далоні белую пенку, злосна зіркаў на мужыкоў.
А мужыкі ўсё тапталіся поплеч адзін з адным.
Хто сказаў?.. раптам вырвалася ў больш маладзейшага.
Што хто сказаў? як бы не зразумеў кіроўца.
Што арыштаваныя мы?
А!.. увесь выгляд кіроўцы выказваў поўную абыякавасьць. Загад
Чый загад? упарціўся малады тубылец.
Гасударствянны, блядзі! раптам зароў здыхляк у кабіне, і на губах у яго зноў запенілася.
Ты не рычы, не рычы з асьцярогаю сьцепануў плечуком другі мужычок. Ты нам, як што якое, дакумант пакажы.
Які дакумант?! Я табе пакажу дакумант! роў кіроўца. Ты ў мяне гэтыя дакуманты да сьмерці зьбіраць будзеш!
Ды што мы такое зрабілі, каб нас нізавошта арыштоўваць?.. падаўся назад гаспадар, ня так упэўнена, як раней, сьціскаючы ў руцэ цясак. Калі за парсючка, дык гэта наш, собскі
Не за парсючка, не за парсючка, крывавата пасьміхнуўся кіроўца. Тут такое дзела, што Карацей, сьвінячая ваша справа. Так што гамуйцеся ў аўтобус, рабяты!
Хрэняцтва нейкае, бляха! пляхнуў кепкаю аб зямлю маладзейшы. Паехалі, разьбяромся!
Мужыкі яшчэ нейкі час пастаялі, падумалі, а потым, са шкадобаю азірнуўшыся на распластаванага парсючка, маўкліва палезьлі ў аўтобус.
Дзьверы з рыпам зачыніліся. Стары, дашчэнту зношаны маторчык ПАЗіка чмыхнуў, чвэхнуў, кіроўца з пачуцьцём выкананага абавязку цвыркнуў сьлінаю праз прыадчыненую фортку ды зрушыў сваю машыну з мейсца.
Аўтобус ад'ехаў не так далёка ад вёскі, як раптам, стрэльнуўшы, спыніўся на ўскрайку жытняга поля. Пасярод купіны немагчыма-сінечных валошкаў хлапец ды дзяўчына займаліся Карацей, нераздымная пара маладзёнаў любілася. Кіроўца рэзка заглушыў матор, выскачыў, бразнуўшы дзьверцамі, на дарогу.
Імем закона!.. прад'явіце ўдаставярэньні!
Якія удаставярэньні?! віжам падхапіўся з маладзіцы голы хлапчыска. Хто вы такі?
У аўтобус! Хутка! Абое!!! раптам храснуў яму кулаком па твары лядачы кіроўца.
Які шчэ аўтобус?.. Хто вы такі, я вас пытаю?! не чакаючы такога скруту, размазваў тонкую крывавую юху па падбародьдзі хлопец.
У вось гэты самы! Вось гэты! проста пляхаў па мэталёвым баку ПАЗіка ягоны вадзіла.
Ды што вы такое сабе дазваляеце?! усхапілася з валошкавага кіліму й маладзіца, падграбаючы пад сябе параскіданае адзеньне. Хто вам даў права?!.
Ха! Хто даў права!.. ашчэрыўся кіроўца. Той, хто даў, той і ўзяў!.. Ён зноў з усёй сілы пляснуў па бэзавым баку аўтобусу. Давай, давай. Апранайся! Там, тут ён узьнёс палец угору, чакаць ня будуць.
Вы, вы пад напорыстасьцю гэтага нізкарослага азызы не знаходзіла словаў дзяўчына. Мы будзем на вас жалавацца!..
Ага, хітнуў галавою кіроўца. Паедзем. Там, грамадзяначка, і пажалуецеся
Хто зноў быў завёў сваё хлапчыска, ды кіроўца раптам выкруціўся цэпам ды згроб усёй пяцярнёю ягоныя валасы на карку:
Яшчэ хочаш, поскудзь мочаная? Я табе пакажу, хто я такі! Ты ў мяне ня тое што на бабу, на голую курыцу ўскочыць ня здужаеш!..
Вой, мы паедзем! Толькі адпусьціце яго! замалілася перад ім дзяўчына.
Ды трэба мне такое гаўно! штурхнуў хлапца кіроўца, націскаючы яму на карак. Ну й гаўно ужо глыбакадумна-разважыста дадаў ён.
Паедзем Паедзем усё прыгаворвала маладзіца, ніяк не трапляючы нагамі ў спаднічку. Вось нарэшце патрапіла, дрыжачымі рукамі зашпіліла гузікі на блузачцы, схапілася рукою за плячо свайго зьбялелага каханца. Ды ў поўнае зьніякавеласьці замёрла, пакуль раззлаваны кіроўца ня ўскочыў назад у кабіну ды ня бразнулі дзьверцы, рэзка расчыняючыся перад імі. Хлопец, так і не апрануўшыся як сьлед, падаўся у аўтобус першым, працягнуў руку сваёй спадарожніцы, і яна нясьмела ступіла за ім на прыступку.
Дзьверцы ўдарылі па дзявочых плячах, і жытняе поле ў кроплях сініх валошкаў апошні раз праплыло перад іхнімі вачыма.
Зграйка сівенькіх бабулек у белых хустачках дыбала па дарозе да могілак. На тое, што позаду іх натужна раве нейкі дабіты ПАЗічак, яны сьпярша зусім не зьвярнулі ўвагі. Але вось пыл з-пад колаў закурэўся зусім блізка, аўтобус пад'ехаў амаль што ўсутыч да іхніх сьпінаў, і бабулькі перапалохана зьбіліся на ўзбочыну. Аўтобус рэзка збавіў абароты, зьязджаючы сьледам за бабулькамі на край дарогі. Тыя пачалі ашаломхана крычаць, махаць рукамі кіроўцу, яшчэ болей цясьніцца на ўзбочыну. Толькі кіроўца, каменны твар якога ўжо можна было выразна разгледзець скрозь лабавое шкло, упарта ціснуў на газ.
Тады бабулькі пабеглі.
Галосячы, дробна перабіраючы старымі, нядужымі нагамі, яны беглі па краі дарогі, задыхаючыся ды ледзь ня падаючы. Усяго некалькі крокаў заставалася ім дабегчы да могілак, як раптам адна старэнькая жанчына спатыкнулася, падвярнула нагу, засталася ззаду. І астатнія бабусечкі ў тую ж хвілю пачулі глухі, тупы ўдар, нібы хтосьці скінуў з гарышча проста на падлогу мех з бульбаю. Хрыпучы і чавячыся сухім, калючым паветрам, яны ўбеглі за агароджу могілак, спрабуючы хоць як уратавацца, хоць як схавацца за крыжы ды магілы. Аўтобус, няспынна сыгналячы, заехаў адразу за імі ды з агідным мэталёвым скрыгатам напароўся на некалькі помнікаў. Паваліліся крыжы, пырснула дробным шклом фара. З вылузанымі вачыма кіроўца выскачыў з кабіны, зірнуў на фару, а потым ужо асатанела на бабулек у белых хусьцінках:
Харэ бегаць, каргаўё кульгавае!..
Што ты?.. Што ты?.. Ты ж нас Зусім
Усё не маглі аддыхацца і нават не маглі гаварыць тыя.
Бегаць, кажу, харэ, мумымры каргачыя! Давайце ў аўтобус хутка.
Куды?.. Ты што?.. Ты ж падавіў нас! Вуляначку нашу насьмерць пераехаў!
Я вам пераеду! Вы ў мяне, скульлё недарэзанае, паезьдзіце! Я з-за вас, лярвоты, фару раскірдзячыў! У аўтобус, каму сказана!!! аж да пазногцяў зьбялеў кіроўца.
Вой, Вуляначку!.. як ня чуючы, усё ж перакрыла ягоны рык сваім галашэньнем найболей сухацелая бабусечка. І за што?!
За злоснае супраціўленьне падчас арыштаваньня, вось за што, старакірыцы!
Якога арышт як рыба, заплямкала ротам тая, што галасіла.
Такога! Арышт ёсьць арышт! І супраціўляцца беспалезна. У аўтобус, маць вашу, колькі раз паўтараць, як і раней, з раптоўнай бясконцай стомаю ў голасе прамовіў, амаль што ня гледзячы на бабусек, кіроўца.
І бабулькі, выціраючы ражочкамі белых хусьцінак запалыя навек вочы, склаўшы сухою папераю плечы, так нічога і не зразумеўшы, скорана палезьлі ў аўтобус.
У мястэчку, куды праз паўгадзіны заехаў аўтобус, было ціха. Толькі ў дзіцячым садку, што жывапісна мясьціўся сваімі невялічкімі дамкамі-вежкамі на ўскраіне, ажыўлена раўлі-галёкалі маляты ды квахтушкаю тупала вакол іх таўсматая выхавацелька. Лёгкая брама, звараная зь перавітага дроту, была адчынена, і аўтобус як ехаў так і стаў ужо на тэрыторыі пясочна-арэлевых уладаньняў. Кіроўца, пакуль не вылазячы, апусьціў шкло, і ягоны абгрызены палец замёр у немінучым скіраваньні на выхавацельку:
Усе, хто ёсьць! Давайце!..
Што давайце?.. бы ў поўнае дурнавеласьці спытала тая.