Выкраданьне вепрука - Ігар Сідарук 2 стр.


 Што давайце?..  бы ў поўнае дурнавеласьці спытала тая.

 Давайце, давайце. На вас у мяне таксама Так што паедзем.

 Куды паедзем? Хто? Я?..  жанчына раптам села ў пясок. Азадкам яна зачапіла нейкага сапельчыка, які страшэнна зароў. Ціха, ціха  ня гледзячы на сапельчыка, пачала супакойваць яго выхавацелька.

 І ты. І кіндэрбобікі твае. І ўсе,  відаць, кіроўцу ўжо сьмяртэльна надакучылі гэтыя ўсе тлумачэньні-аб'ясьненьні, таму што нават кукурузную палачку, якую ён знайшоў у сябе на сядзеньні, ён жаваў неахвоць, лянотна, абы разжаваць.

 Ды што Ды як вы можаце?! А бацькі?.. А Не, нікуды мы не паедзем!  ужо стаяла на цьвёрдых нагах таўсматушка.

 І бацькі, як ня чуў трохі злоснае катэгарычнасьці ў апошніх ейных словах кіроўца.  Усе паедуць.

 А я!..  пачала была выхавацелька, ды раптам кіроўца са спрытам выскачыў з кабіны, бы той ушчэнт згаладнелы клешч, учапіўся растапыранымі пальцамі жанчыне ў шырокія цыцкі ды пацягнуў-павалок, адыходзячы задам, яе да аўтобусу:

 А ты Ты  пеніліся па краёх ягоныя пасінелыя вусны. Вось чарговае брыдкае слова зьляцела зь іх, хвостка пляснула выхавацельцы па твары, які ўвесь пайшоў плямнотнаю чырваньню.  Арыштаваная ты, скукожына! Ясна табе?!

 Дзеці дзеці міжволі паддавалася яна кіроўцу.  Толькі ня плачце У аўтобус Дзядзя памыліўся Ня бойцеся. Мы паедзем і прыедзем А дахаты я сама вас потым Толькі ж ня плачце!

І толькі выхавацелька паўтарыла пра плач, як дзеці зараўлі. Засмаркаліся, заенчылі, заверашчалі. Яны плакалі, яны насамрэч баяліся гэтага худажэзнага дзядзю, які цягне іхнюю Ганну Халімонаўну ў нейкі страшны бэзавы аўтобус ды яшчэ хоча, каб і ўсе яны лезьлі туды таксама.

 А-а!.. Сьціхніце, каб вам заляпіла!  таксама разьдзіраўся крыкам кіроўца. Ужо жахліва раскрытыя вочы Ганны Халімонаўны спачатку ўпляжыліся знутры ў аўтобуснае вакно, потым яна мітусьліва падалася да выхаду, ужо кідаў кіроўца парамі, а то й па трох-чатырох у аўтобус саплівае, перамурзанае падшываньне, і ўжо падалі, валіліся адзін на аднаго пераляканыя сапліўцы ў духотным, нажараным сонцам за дзень салёне. Дзяцей як магла лавіла ды супакойвала ўпацелая выхавацелька, ёй крыху дапамагалі ранейшыя арыштанты, неахвотна ўсаджвалі на вольныя мейсцы. Праўда, адна бабулька пачала хутка-хутка маліцца за кожнага, у кожнага спрабуючы запытацца імечка, але мала хто з перамакрэлых малятаў да яе азываўся

А матор заходзіўся гудам-скрыгатам, бэзавы аўтобус калаціўся ды ляскацеў, кіроўца лаяўся, дзеці раўлі не сьціхаючы. Вось працяты мэталёваю трасучкаю ПАЗік тузануўся, крануўся ды, ушчэнт распляжыўшы акуратненькую пясочніцу з жоўтым жвірочкам, рэзка выпер зь сіротна апусьцелага садку.

Да самае цёмнае начы ладаваў кіроўца арыштантамі свой аўтобус. Падазронага электрыка ён зьдзер проста з тэлеграфнага слупу разам з кошкамі ды ланцугамі, дзьве цётухны нейкае халеры стаялі от так сабе пры дарозе ды немаведама пра што балабонілі, нейкі сівізны дзядзька бартаваў побач са сваім Запарожчыкам прабітае кола, на хутары, дзе нармальнаму чалавеку й жыць немагчыма, сяміска, па ўсім відаць, добрых куркулёў перабірала мінулагоднюю бульбу, непадалёк ад хутару, таксама пры дарозе, адна лядачая кабетухна прадавала зь вядра яблыкі-піпенкі, узбоч лесу сухаплюжны татка, таўсмужная мамка ды дзьве цыбатыя дзевачкі-пераростачкі шуравалі з грыбоў, перакрыўлены дзед з кульбачкаю пераганяў цераз дарогу статак каровак, якія пачалі рыкаць па-дурному, калі кіроўца застаўбурыў дзядка ў аўтобус, на пустэльнае АЗС касірка-запраўшчыца ніяк не магла даўмецца, як жа гэта так яна ўсё кіне без нагляду-прызору ды некуды паедзе ды, магчыма, ужо й ня вернецца(?!), вясковы паштальён проста бразнуўся з ровару, ашаломханы загадным крыкам кіроўцы спыніцца, Паскудрыла бздючы, стой, каб ты здох!, ды так з роварам і хацеў перціся ў ПАЗік, але, страціўшы зьнянацку пярэдніх два зубы, свой ровар з крываточным жалем пакінуў у прыдарожнае траве-мураве, буракапольная брыгада спачатку нават не азірнулася на ўсё тыя ж скульлёрвучыя зыкі кіроўцы, аднак яны яшчэ ня ведалі, ого, яшчэ ня зналі, з кім маюць справу, і справу не абы якую, і што жартамі тут нават і блізка, у маленькім гарадочку адзін дужа акулярысты разумнік з выглядам закалотнага заўзятара чытаў на лаве, а болей, паскуда, рабіў выгляд што чытае, газэту, а ў кавярнячцы, у якую кіроўца ўпароўся-заехаў от так проста аўтобусам, тры млявыя ахвіцыянтачкі спрабавалі нават ад яго адкупіцца скрыняю перабрадзілага піва

Ай, ды ўсіх і не пералічыш. Людзей у ПАЗ было ўжо напіхана столькі, што было чуваць, як хрумсьцяць нечыя костачкі, нехта дзіка крычаў, той-сёй зь дзетак яшчэ вішчаў, але большасьць, зачаўленая з усіх бакоў дзядзькамі ды цёткамі, ужо нават і не дапінала ні да воднага ўздышку. Твары, перакрыўленыя, раскірплюханыя твары былі прыціснутыя да вокнаў, і вочы шмат у каго вылузваліся проста прэч

Кіроўца ахрып ад крыку, ягоная лаянка рабілася ўсё болей жорсткаю, у набіты бітма аўтобус ён запіхваў арыштантаў плячом, усё часцьей падштурхоўваючы каленам, усім целам навальваючыся на дзьверцы

А між тым, паволі цямнела

* * *

Вялізны горад наперадзе паказаўся зусім нечакана.

Адзіная ацалелая фара аўтобусу кінжалам прарэзала навакольле. Высачэзныя гмахі вырасталі зь цемры, нібыта начныя, шэрыя прывіды. І тут кіроўца, нешта заўважыўшы, задаволена пацягнуўся ў бардачок ды, крыху там памацаўшы, дастаў новы, нераспакаваны пачак кукурузных палачак. Не адрываючы вачэй ад таго, што прасьціралася перад ім наперадзе ды па бакох, ён пачаў разрываць пачак, прыціскаючы яго адною рукою да рулявога кола.

Ля кожнага дому, ля кожнага пад'езду, у кожным двары стаялі людзі. Людзі стаялі паўсюль, куды толькі магло дастаць вока. Начны ветрык зьлёгку калыхаў іхнія белыя строі. Усе маўчалі. І кожны зь іх у маўчаньні чакаў свае чаргі каб ехаць і ехаць ехаць і ехаць ехаць і ехаць скрозь цёмную ноч у аўтобусе колеру бэз.

Кастрычнік, 1998 г.м. Кобрынь

Цьвікі былі добрыя

1

 Ну што, вісіць?

Лявон Печань разьдзер некалькі сьвежых струпакоў, адчуваючы невыноснае задавальненьне. Па звычцы аблізаў пальцы. Гной быў кіславаты на смак.

 Вісіць, свалата! (Паўза.) Кур-рвіску яго антыблядзкую маць!  Дрона Качалку аж перасмыкнула ад уласнае лаянкі. Ужо ж трэйці дзень вісіць! І хоць бы гнілым зубам у хрэн!

 Якую?

 Што якую?  аблізнуўся Дрон. Яго трэсла. Трэсла з тае пары, як памерла ягоная жонка. Жонка памерла ад таго, што наварыла заўсёднага пустога баршчу ў новай алюміневай каструлі, прывезенай ім, Дронам, з самога гараду і купленай у краме Тавары за дробны кошт. Разам з жонкаю з тае каструлі елі дзеці. Дзеці памерлі таксама.

 Якую, ты сказаў, маць?

 А Антыблядзкую!

Вочы Печаня надкусіў адвечны вясковы жах.

 І што

 А х хрушч яго ведае! Мо, вечарам Пачакаем.  Дрон сплюнуў. Сьліна трапіла на падбародьдзе. Лявон заўважыў.

 Гы!

 А о табе!  касматы абсьліняўлены Дронаў кулак уехаў Лявону ў лыч.  Гы

 Яны ўсе там чакаюць, а ты бьесься!..  размазваючы юху па твары, скугальнуў Печань.

 Чакаюць?  (Паўза.)  А як не дачакаюцца?

 Ты што!!!  Лявон нават забыўся на юху, нават сьвярбячка і тая бы адпусьціла на хвілю.  Яны ўсе!.. Там!!! Малаха нават галаву разгвэздала! Верыць!.. А дзяцей Пра дзяцей!.. Забыў?..

 Ты мне пра дзяцей  Дрон аж задохся.  Заскарупся!..

 А буду, буду!..  адбег на бясьпечнасьць Печань.  Здыхлік Міраненчын, што ўсё пальчык смактаў, і таго ўжо ня смокча, вачаняты пад лоб і цю-цю!.. А Бабранятка малое? Ручку да кульці прыставіць і трымае, прыставіць і трымае. Плача!.. Ці не ужо ня плача Што малыя старыя самыя й тыя ўсе паспаўзьліся! А Міхаліха зусім зь дзірбаноў, голымі рукамі магілку раскопвае, кажа, я сваіх і татку-мамку хачу, каб, значыцца, на сьвет белы!.. Паміж сабой біцца пачалі каму, каб першаму, каб упярод, каб хутчэй!.. А ты!.. Не дачакаюцца, не дачакаюцца! Дурны ці шо? Гы

 Ты мне яшчэ гыкні, яшчэ гыкні!  азызлы дронавы твар наліўся барвіскам.  Я яго там не

 А хто? Хто? Цьвікі чые?  падскокваў на мейсцы Лявон. На смурод гніючае скуры зьляталіся жоўта-зялёныя мухі. Адну зь іх ён злавіў, кінуў у рот і разжаваў рэштамі пярэдніх зубоў.

 Ах ты, гаўно! Сука! Лярво падлючае!  ірвануў за брудную кашулю на сябе Дрон Лявона і хадохаў, і хадохаў яму каленкаю, стараючыся трапіць у самыя вочы.  От табе гы, падла! От табе гы! Гы? Гы, гы?

 Ты ж мне Ты ж мне вока А-а-а! Вока ня маечкі, гад!  пляжыўся сьлязьмі й крывёю на зямлі Печань.

 А ты схадзі, папрасі можа, верне.  Дрон зноў сплюнуў. Ты што ня верыш? Ня верыш?  нечакана сьціх ды пасур'ёзьнеў той.

 Я  (Зноў паўза, на гэты раз даўжэй за звычайную.)  Я А во як я!  і ўжо жохнуў Лявону нагою так, як толькі мог, укладваючы ў замах увесь свой зацяты адчай.

Назад Дальше