Выкраданьне вепрука - Ігар Сідарук 3 стр.


 Я  (Зноў паўза, на гэты раз даўжэй за звычайную.)  Я А во як я!  і ўжо жохнуў Лявону нагою так, як толькі мог, укладваючы ў замах увесь свой зацяты адчай.

Ягоны нэрвовы суразмоўца брыкнуўся ды змоўк.

На гэты раз надоўга.

Здавалася, паселішча працяла ціш. Але так толькі здавалася.

2

Яны выпаўзьлі. Усе, адкуль хто мог. І пасунуліся, пацягліся, падзёрліся, пашвэндалі, павалюхаліся, пашкандыбалі, папёрліся, павалачыліся, пагрэбалі, узьбіваючы хто атопкамі, хто босымі пятамі сухі, уедлівы, атрутны пыл няшчаснай дарогі.

І прыйшлі. І абступілі шчыльна той самы я г о н ы буданчык. Па-жульніцку здрадна плакала нечае дзіцятка.

 Ды прыцісьні ты яго, Божа! Дай сюды!.. Дзіцятка адабралі, прыціснулі, сунулі назад скавытна-счарнелае маці.

 Цыць! Будзе жыць.

Спачатку маўчалі. Нібы баяліся нечага ці чакалі. А потым:

 Ну, ты!.. Бач ты, з-зараза!.. Давай! Ну!.. Дапаможам, як што Нацярпеўся, не?.. Мала? Мала, выродьдзе паганае? А нам як, га? Думаеш ты сваёй башкаўнёй сранае ці не? Што ж ты на цьвіках сваіх, га? А малыя гэтыя во няшчасныя ты пра іх, пра іх, га?! Трэскі жарэм!.. Сікі п'ем! Пілаваньнем да ветру ходзім! (Паўза, прыслухаліся.) Ды ён што не варушыцца там ці што? А воцат?.. Губку з воцатам давалі?

 Давалі Усё давалі. І дзідай пад рэбры, і церні усё!

 Ну то якога!.. Яко-о-ога!  і ўжо роў, ужо бурбалкі шкамутнае сілы, апошні сьляпы прыстанак адчаю.

3

І ў ярым бязвольлі білі яны цела нагамі, стараючыся трапіць у голы, напяты жывот ды вышэй, хісталі крыж, плявалі на яго і абмазвалі брудам. Сатанелі кабеты. Задзіралі спадніцы, паказвалі яму свае шырокія й вузкія азадкі, мярзотна рычэлі, трэсьлі перад ім хто згаслымі, адгарэлымі немаўлятамі, а хто ўкручанаю ў лапушыну палянякаю. Нават Лёня Печань, трымаючыся за адбітыя свае, апухлыя яльцы, прапоўз скрозь і, закалупнуўшы з самога сябе ладны згустак струпянела-зялёнага сьмердзюіска, гэтым самым пальцам прабіў па чарзе я г о н ы я ашкалелыя вочы.

 Ну, бля, прасьвятляйся!.. Уваскрасай! Узнасіся!..

Але ён не ўваскрасаў. І не ўзнасіўся. Мёртвае цела там-сям агалілася пад шэра-бруднае поўсьцю, беспрытульнымі шматкамі перакочвалася яна па зямлі. Змарнелае тоўпішча раптам замёрла, ня ў сілах адарвацца ад ашчэранай усьмешлівай пашчы.

І толькі Дрон Качалка ляпіў вока не туды, куды ўсе. Плешкі новых, яшчэ не праржавелых цьвікоў-сотак прыціскалі да дрэва сухія сабачыя лапы.

А добрыя былі цьвічкі. Шкада!.. думаў Дрон.

6 чэрвеня, 1997 г.

Выкраданьне вепрука

Усім, хто пра смаленьне вепрука пісаў, прысьвячаецца

Грысь Чаравячка ўвесь Божы дзень ды добры жмут ночы жлукціў каламутную первачыну. Трэба сказаць, што жлукціў яе ён і дзень таму, і тыдзень, і месяц, і яшчэ шмат-шмат гадоў да тых знамянальных падзеяў, якія неўзабаве разгорнуцца перад ягоным займглістым позіркам, і пра якія ён нават і не здагадваецца.

Не здагадваецца разам зь ім і ягоная жонка Марыля. Праўда, хоць тая ж сівая первачына была для яе не такое прыцягальнае смакаты, як для Грыся, аднак і гэтую сухастойную ды струхлелую кабетухну ніводная лішняя шклянка наравіла не прамінуць. А пакуль самлелая ад усё ж такі залішняе дозы гарэлкі Марыля пахропвае на ўзбуранае бруднае канапе за сьпінаю Грыські, сам ён, акуліўшы ў гарапашнае сваё нутро немаведама-якую-па-ліку шклянку, гучна гэпае кулачочкам па стэлешні ды таксама ў каторы ўжо раз ускрыквае гучна-горка:

 От, сучка!

Сучкаю была іхняя шалапутная дачка Наталка. Толькі ўвесну яна бразнула клямкаю адзінаццацігодкі, ледзь дацягнуўшы да паўнасталага атэстату, як ужо ў ліпені ёй заманілася выскачыць замуж. Ды як мага хутчэй, хоць ты разьбіся, каб, значыць, ані хвіліны болей не заставацца ў роднае бацькоўскае хаце!.. Бо тут, бач ты на сучку, яе ўжо ванітуе. Бо тут і не жыцьцё зусім, а нейкае п'янотнае гарыва. Бо тут нават прыстойна паесьці няма як. Бо тут хоць якая лішняя тысяча ўперваецца ў цукар ды дрожджы, а яна вымушана даношваць-пераношваць сукенкі яшчэ з восьмае-дзявятае клясы. Ладна!.. Грысь, можа, іншым разам і перамаўчаў, бо ці мала якое лухты ў дурное сваёй гарачцы маладыя не намалоцяць. Але ж усё тое Наталка выдала ім толькі сёньня. Малочна-туманнай раніцою, калі прывалаклася невядома адкуль, уся ў летуценьні, а яны дружна накінуліся на яе: Дзе ты, блядзючка падкалодная, перакочвалася?!. Грысь нават хапянуўся за сукаватую паляняку, ды Наталка раптам перахапіла ягоную руку, выкруціла паляняку ды, сама замахнуўшыся, зьмяюкаю сыкнула ашаломханаму бацьку ў твар:

 А ну, сьціхніце!

 Што?! Ах ты, блядзючка!..  здаецца, больш спуджана, чым злосна, агрызнуўся Грысь.

 Яшчэ раз назавеце блядзючкаю не пагляджу, што бацька, так вось гэтым сукам у лабешню і ўперу!..  жартаваць у Наталкі не было аніякіх намэраў.

Намэры ў яе былі нашмат шырэйшыя ды глябальнейшыя. Пра гэта яна і паведала, не зыходзячы зь месца ды ўсё яшчэ трымаючы ў руцэ паляняку:

 Рыхтуйцеся, заўтра сваты прыедуць.

 Якія сваты?  схапілася скручанымі пальцамі за свае асьмяглыя, патрэсканыя вусны Марыля.

 Звычайныя, з ручнікамі. Замуж я выходжу,  канстатавала, як неабвержны факт, Наталка ды адкінула прэч бярозавую сукаватку.

 Га!  бы дурны, рагатнуў Грысь.  За каго?

 А  сьцепанула плячыма дачка.  Вы ўсё роўна ня ведаеце.

 А нас ты спытала?  імкнучыся напоўніць праўдзівай пагрозаю свой голас, толькі хрыпла вычавіла зь сябе Марыля.

 Не пытала й пытаць не хачу,  зноў сказала, як адрэзала, Наталка, накіроўваючыся да ганку.

 Ну, тваю ж маць!..  штурхануў Грысь нагою струхлелую калоду. Лёгкая, тая адразу перакулілася ды выцяла Грыся па той самай назе.  Ты што гэта, сур'ёзна?

 Сур'ёзьней і не бывае,  абярнулася, ужо стоячы на парозе, Наталка. Так што рыхтуйцеся,  зноў паўтарыла, як загадала, яна.  У суботу вясельле.

 А во табе вясельле!  скруціў зьверскую дулю Грысь, падскочыў да Наталкі ды сунуў ёй тую дулю.  Во! Во!..

 Пачакай ты, дачушка  ніяк ня магла пакінуць ў спакоі свае перасьмяглыя вусны Марыля, гэтак жа нэрвова цярэбячы іх пальцамі. Ты ж кажаш, заўтра сваты толькі прыедуць

 Заўтра сваты прыедуць, а вясельле у суботу!  узялася за клямку дзьвярэй Наталка, ані не зьвяртаючы ўвагі на зьверскія бацькавы дулі. Мы з Алікам усё рашылі.

 З Алікам? А хто гэта?  устаўбурыла на яе маленькія сьлязьлівыя вочы маці.

 Жаніх мой, мамка. Гарадзкі ён Ад яго сваты заўтра й будуць. А ў суботу вясельле.

 А чаго так хутка? А чым жа іх сустракаць? А дзе ж вы жыць будзеце?  неспакой усё болей апаноўваў хоць і прашпіртаванае, аднак усё ж такі матчына сэрца Марылі. І тут здагадка наскрозь працяла ўсё тое ж дрыжачае сэрца. Марыля аж прыкусіла ражок бруднай хусьцінкі: Вой, Натачка, ты бярэмянная, ці што?..

 Байстрючка нагадавала, бля  ужо было зноў ледзь не зьляцела запаветнае слоўка з языка Грыські, ды красамоўны доччын пагляд на адкінутую сукаватку своечасова яго спыніў.

 А ня вашая справа,  не міргнула на гэта Наталка.  Ня схочаце вясельля тут у Аліка справім. А сваты заўтра прыедуць па-любому. Хочуць зірнуць, як жывем мы тут. Ну, і з вамі, значыцца, пазнаёміцца. Ха, было б з кім

 Ты як на бацькоў, га?  усё яшчэ харобрыўся Грысь.

 Ага!  агрызнулася Наталка, расчыняючы ў сенцы дзьверы.

 Дык ты бярэмянная ці не?  дапытвала сваё Марыля.

 Вой, мамка! Бярэмянная я ці не бярэмянная гэта ўжо час пакажа  задумна-мэлянхалічна прамовіла Наталка ды памкнулася ступіць у чарноцьце роднае хаты. Але затрымалася, бо пачула, як маці выпусьціла з грудзёх сакрушальны ўздых:

 Ды чым карміць-та, сватоў гэных?..

 На гарэлку грошы знаходзіце, то й на закуску знойдзеце,  адрэзала Наталка ды бразнула за сабою дзьвярма.

 От, сучка!  зноў бабохнуў кулаком па сталу Грысь. Аднак на гэты раз трохі цішэй, бо да гэтага часу зьбіў свой надта абы які кулачок на горкі яблык.

Асабліва муляла Грысю зусім ня тое, што дачка вырашыла выскачыць замуж, ані не зважаючы на бацькоўскае меркаваньне. І ня тое, што ён, Грысь, і блізка ня бачыў на вочы таго самага гарадзкога Аліка-жанішочка. І нават ня тое, што маладыя ўсё вырашылі-разьмеркавалі без хоць бы якога іхнага саўдзелу. Асабліва рэзалі яму, бы вузельчыкі на гумцы ў дзіравых трусах, Наталчыны словы пра грошы, што знаходзяць яны на гарэлку, і якіх вечна бракуе на харч.

Што яна, дурніца даўгалыгая, ведае пра грошы?! І што пра гарэлку? Бач, сорам ёй вочы коле, што бацькі п'юць. Хай пажыве зь іхняе, Грысева ды Марылінае, невядома яшчэ як сама можа, болей за іх будзе. Дый хіба яны п'юць?! Так, выпіваюць. Як і ўсе нармалёвыя людзі, ня больш ды ня меньш. А яна!.. бач ты на яе!.. Знаходзіце грошы!.. то знойдзеце й на харч!.. Ён што тыя грошы, бы клепкі, кляпае? Ці яму зь неба ў рот крупы-кілбасы валяцца? Ён жа не куркуль які, бы той суседзік ягоны, Андрэй Шупейка. Тры кіёскі з парфумаю-чакалядамі пасярод мястэчку трымае ды яшчэ парачку адкормных парсючкоў у хляўчуку на падворку дзержыць. І што? Анічога. Жонка ягоная, Верка, баба разумная ды з усіх бакоў ладная, і тая, кажуць, зьбіраецца ад яго ўцякаць. Надта ж Андрэй, бы жаба ў балота, у палітыку прэцца. І начальства местачковае ў яго ледзь не штодня па вечарох кватаруе. І сам ён, як толькі вольны выходны выпадае, у сталіцу матаецца (куды й да каго толькі, цікава, цікава!..). І нават местачковыя знаўцы цьвердзяць, што як была першая прэзыдэнцкая кампанія, нібыта Андрэйка самага апальнага кандыдата як мае быць падтрымаў. І ня толькі грашыма, а яшчэ тым-сім. О, ці не да яго цяперака першы куркуль местачковы матаецца? Ну, то ня дзіва, што справы ягоныя бы хер у масьле а тут!.. хоць зачавіся!.. Сваты, бляха!.. Патрэбныя яму тыя сваты, бы сабаку на срацы скула!..

Назад Дальше