Юры Станкевіч
Паўночны вецер для спелых пладоў
© Станкевіч Ю., 2015
© Дубовік К., вокладка, 2015
© ПВУП «Галіяфы», 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Раман
Паўночны вецер для спелых пладоў
У глыбіні саляных капальняў пакідаюць галінку дрэва, якая акорылася за зіму; праз два ці тры месяцы яе вынімаюць адтуль, пакрытую бліскучымі крышталямі.
Самы пакутлівы міг той, калі заўважаеш, што зроблены няправільныя высновы і даводзіцца разбураць цэлую гронку тых крышталяў.
Стэндаль, «Каханне»Надыходзіла ўжо лета, а разам з гэтым спрыяльным часам набягаў і не вельмі прыемны апошняя перад дзяржэкзаменамі сесія. У скверах зелянелі дрэвы, на вуліцы сталіцы з раніцы прывозілі вялізныя бочкі з танным белым сухім віном, якое можна было ўжываць замест надакучлівага хлебнага квасу, у пракураных пакоях інтэрната ўрэшце адчынялі ўдзень вокны, а ў самым цэнтры горада к вечару аднойчы проста пад адкрытым небам усталявалі падмосткі і зацікаўленым мінакам і звычайным разявакам паставілі «Медэю».
Менавіта ў гэтыя неспакойныя дні студэнт на прозвішча Ігнат Мазур раптам адчуў у сабе непрадказальную трывожную стомленасць. Па звычцы іншым разам спыніцца і ўсё прааналізаваць ён пачаў дакопвацца да прычыны. Тая агульная прычына, як аказалася, складалася з некалькіх.
Па-першае. Існавалі прадметы, якія ён з незразумелых заганаў розуму не ўспрымаў і не ў стане быў без цяжкасцяў здаць: гістарычны матэрыялізм, палітэканомія, гісторыя партыі і бальшавісцкага друку і некаторыя іншыя з гэтага ж мутнага шэрагу. Справа была не толькі ў тым, што ён быў да іх у лепшых выпадках ціха раўнадушны, а звычайна ненавідзеў да ванітаў. Магчыма, тут усплывалі гены бацькі, закатаванага нкусаўцамі ў Карлазе, а можа, проста пачуццё нармальнага маладога студэнта гуманітарнага складу, які за ўсім гэтым адчуваў неасэнсаваную, падсвядомую да яго варожасць, мёртванароджанасць і пустату тых штучна выдуманых навук, хто ведае.
Па-другое. Ён заблытаўся ў жанчынах.
Трэцяя прычына, якая выцякала з другой, усплыла пазней і з усімі ад таго наступствамі.
Жанчын, а дакладней дзяўчат, спачатку было двое. З Аняй Балтас, даўняй сяброўкай, студэнт Ігнат Мазур сустракаўся больш як два гады. Яна вучылася ў педінстытуце, прыехала ў сталіцу з заходняй вобласці краіны і знешне ўяўляла з сябе тыповую ліцвінку, якую іншым разам выяўляюць на каляндарыках, высокая, прыгожая бландзінка спартыўнага целаскладу, з тонкімі і пародзістымі рысамі твару. Студэнт Ігнат Мазур упершыню ўбачыў яе ў нейкай харчовай крамцы побач з інтэранатам, а потым выпадкова сустрэў зноў, і так усё пачалося. Яму быццам пашанцавала, бо ў дзяўчыны на той час нікога не было. Яе старэйшая сястра, якая заканчвала медінстытут і ўжо заручаная з трыццаціпяцігадовым забяспечаным чыноўнікам, не адабрала іх сустрэч. Яна лічыла студэнта Ігната Мазура няздольным сямейнікам з прычыны беднасці і таго, што да дыплома, і тым больш удалага размеркавання, яму яшчэ было далёка.
Між тым, дзякуючы дзядзьку Барысу, роднаму брату маці, які меў сяброў у сталіцы (разам ваявалі), ён перавёўся з філфака на факультэт журналістыкі, што палічыў неверагоднай удачай. Пэўна, гэта было апошняе, што зрабіў для яго дзядзька Барыс, бо нечакана былы франтавік памёр у свае шэсцьдзесят год ад сардэчнага прыступу.
Так Ігнат Мазур апынуўся на незнаёмым дасюль курсе факультэта. На ім вучыліліся скарочана чатыры гады, і ён мусіў здаваць некаторыя дадатковыя залікі і экзамены самастойна. Апекаваць навічка ўзялася Юля Маракова, крымчанка, якая даволі дзіўным, на яго погляд, чынам паступіла ў беларускі ўніверсітэт, бо не ведала мовы. Урэшце, не адна яна. Былі студэнты з Расіі, Малдавіі, Украіны, нават з Грузіі таксама рускамоўныя. У Юлі Мараковай аказалася, як яна яму пазней прызналася, падтрымка. Яе цётка працавала выкладчыцай на кафедры англійскай мовы. Невысокая, хударлявая, нягледзячы на ўмовы жыцця ў інтэрнаце, заўсёды з густам апранутая, з ледзь прыкметнай усмешкай у кутках вуснаў, яна выклікала ў яго сімпатыю, і калі хто-небудзь збоку спытаў бы студэнта Ігната Мазура, ці кахае ён цяпер гэтую дзяўчыну, то, пэўна, атрымаў бы станоўчы адказ. Хоць ён і не абявіў бы гэтага ўголас: быў даволі стрыманы ў выказванні сваіх пачуццяў і думак.
Юля Маракова шчыльна прынялася за абранніка. Нават, як ён даведаўся пазней, абявіла дзяўчатам з курса, што навічок Ігнат Мазур адгэтуль яе хлопец. Дасціпная, разумная крымчанка з Севастопаля, з дамескам габрэйскай крыві, яна карысталася аўтарытэтам сярод аднакурсніц, і на Ігната Мазура ніхто з апошніх так і не спакусіўся. Урэшце ў заўсёды прагматычным свеце ён пакуль што аніякай асаблівай каштоўнасці не ўяўляў, пра што ведаў і сам.
Варта адразу адзначыць, што курс быў неаднародны, несяброўскі. Многія студэнты слабападрыхтаваныя, з заніжаным інтэлектам, як кажуць, ад зямлі, але яны бралі хітрасцю, выкрутлівасцю і ўседлівасцю. Некаторыя адслужылі армію, былі сярод іх і партыйныя.
Высокі, пад сто дзевяноста, спартыўнага целаскладу, начытаны Ігнат Мазур, магчыма, неяк і вылучаўся сярод аднакурснікаў. Вось толькі калі мець на ўвазе класічны выраз «бедны студэнт» то ён належаў якраз да такіх. Падтрымкі ад маці амаль не было, нават ложку ў інтэрнаце яму спачатку не знайшлося, і ён начаваў у выпадковых месцах: у асноўным у інтэрнаце, дзе пражывала Аня Балтас. Па вечарах іншым разам гуляў з ёй там у пінг-понг. Стол для малога тэнісу стаяў у нішы на адным з паверхаў. Часам стол прыбіралі і арганізоўваліся танцы. Потым абодва прасіліся ў каменданта пазычыць ключ ад пустога пакойчыка такі пакойчык заўсёды знаходзіўся, як ён ведаў, у любым інтэрнаце. Каменданту, адносна маладому былому міліцыянту, ён раз-пораз ахвяраваў бутэльку гарэлкі. Неабходны хабар.
Так ішоў час. Урэшце студэнт Ігнат Мазур неяк здаў неабходныя прадметы на новым факультэце і нават атрымаў стыпендыю і месца ў старым інтэрнаце непадалёку ад цэнтра горада.
Непазбежна ішло да таго, каб застацца на ноч у падобным пустым пакойчыку (такі аказаўся і на новым месцы) і з Юляй Мараковай. Перадусім пілі з ёй таннае сухое віно, шмат палілі і размаўлялі. Тут, у больш-менш знаёмым яму інтэрнаце, таксама існаваў прытулак для нечаканых гасцей. Праўда, сакрэтна самі студэнты адчынялі яго раз-пораз падробленым ключом, які перадавалі па чарзе і сярод сваіх пра тое абачліва маўчалі.
Юля Маракова паліла больш за яго, роблена ўсміхалася, змушана жартавала.
Усё астатняе ўрэшце адбылося, як абодва дапілі рэшткі ў фужэрах. Студэнт Ігнат Мазур выключыў святло і распрануў сяброўку. Тая заўважна нервавалася, цела яе ўздрыгвала пад ім, вусны нешта шапталі, зрываючыся на стогны. Было звычайна.
Пасля Юля Маракова запаліла і сказала яму, што на прасцірадле пэўна застануцца плямы крыві, бо ў яе гэта, лічы, магчыма, у першы раз, але Ігнат Мазур засмяяўся з «магчыма» і перавёў усё на жарт. Урэшце дасціпная сяброўка і сама пажартавала з сябе, бо сімуляваць дэфларацыю было даволі недарэчна.
Абодва раніцай рассталіся задаволенымі адно другім і быццам сапраўднымі сябрамі.
* * *На думку студэнта Ігната Мазура, у сістэме навучання гуманітарыяў трывала пасялілася нешта сатанінскае. У прыватнасці, журналіста, на яго думку, можна было падрыхтаваць за паўгода, а не гнабіць амаль пяць гадоў грамадска-палітычнымі прадметамі дурасцю, якая ў жыцці, вядома, толькі шкодная і зусім не патрэбная. Што з таго, калі ён нават і загрузіць голаў пра тое, у якім годзе і пра што напісаў калісьці сваю чарговую карэспандэнцыю іх абагоўлены правадыр, чытаць якога ён іншым разам проста не мог цягнула на ваніты, быццам ад паху мерцвячыны.
Авалодаць новай тэхнікай афармлення газеты, працай з дыктафонам, фотаапаратам, разабрацца ў жанрах астатняе залежыць ад асабістых здольнасцяў хіба не так, думаў часам ён.
Хлусня вось што ён бачыў за ўсёй іх хвалёнай публіцыстыкай. Але менавіта гэтая хлусня і патрэбна большасці людзей. Скажы якому азвярэламу пралетару, што ён далёка не соль зямлі, а відазменены раб што адбудзецца? То-та і яно. А да хлусні ён, раб, прывык, і ў ёй яму ўтульна. І галоўную газету «Правда» лепш было б назваць «Хлусня». І ўвесь свет, хутчэй за ўсё, таксама прыкрытая слоўным вэлюмам хлусня.
Гістарычны матэрыялізм студэнт Ігнат Мазур ледзь здаў на тры балы, і тое дзякуючы Ані Балтас. У пакойчыку, дзе яны па-ранейшаму, хоць і радзей, працягвалі сустракацца, Аня пасля гарачых абдымкаў брала ў рукі падручнік і ўголас зачытвала супакоенаму целам каханку самыя важныя, на яе погляд, адказы на экзаменацыйныя пытанні, не зважаючы на яго зласлівыя каментары. «Плюнь, што зробіш так трэба», казала яна.
Атрымаўшы ў заліковую кніжку свой выпакутаваны траяк і адзначыўшы гэту падзею бутэлькай сухога, студэнт Ігнат Мазур помсліва пашкамутаў на дробны мак канспекты, якія выкладчыкі прымушалі пісаць у ходзе лекцый, і выкінуў усё з акна аўдыторыі. Следам паляцеў і разадраны ўшчэнт падручнік.
Між тым, яму даволі пагрозліва не хапала часу. На асобных лекцыях варта было абавязкова прысутнічаць некаторыя з выкладчыкаў былі даволі ўедлівыя і, калі-нікалі, па-садысцку завальвалі прагульшчыкаў на іспытах. Стыпендыі не хапала нават на тыдзень-два, каб нармальна паабедаць. Танна і добра кармілі хіба што ў сталоўцы партыйнай школы, але туды заўсёды няпроста было праскочыць: пільны вахцёр пускаў толькі сваіх слухачоў-партыйцаў. Увагі патрабавалі і дзяўчаты іх раз-пораз варта было звадзіць на які канцэрт, у тэатр альбо на свежую замежную кінастужку. Таму, калі ўвечары ў інтэрнаце зяўляліся вярбоўшчыкі з прывакзальных складоў і прапаноўвалі ахвотным папрацаваць ноччу на разгрузцы вагона альбо цяжарніка, студэнт Ігнат Мазур іншым разам даваў згоду. Раніцай і часткова днём тады спаў, рызыкоўна прапускаючы лекцыі.