Асабісты залік па беларускай мове студэнт Ігнат Мазур здаў, як кажуць, «на падваконні». Выкладчык Аркадзь Шаркевіч шчыры і спагадлівы толькі спытаў у яго, ці вучыў ён у школе мову. Так, вучыў, адказаў на тое Ігнат Мазур і дадаў, што ў дзяцінстве кожнае лета праводзіў на вёсцы, так што матрыца мовы, цалкам магчыма, была закладзена ў ім менавіта ў той час. Выкладчыка Шаркевіча такі адказ вельмі задаволіў. Яны размаўлялі ў фае ля акна. Выкладчык Шаркевіч палез у нейкі сшытак, у якім і праверыў, як аказалася, вынікі апошняй дыктоўкі: там у студэнта Ігната Мазура стаяла адзнака ў чатыры балы. І тут жа, сапраўды на падваконні, паставіў яму залік.
Адзін са студэнтаў Гурам Хуцышвілі быў нават з Грузіі, з Тбілісі. Ён вучыўся на першым курсе і, як пазней расказаў у інтэрнаце за бутэлькай віна Ігнату Мазуру, уладкаваў яго сюды бацька, начальнік аўтакалоны ў Тбілісі. «За інтарэс?» вяла пацікавіўся тады студэнт Мазур, і Гурам Хуцышвілі красамоўна ўзняў бровы ён не ўмеў хітраваць.
Увогуле студэнты, як ужо даўно ўпэўніўся Ігнат Мазур, былі пад пільным ідэалагічным, і не толькі, наглядам. Нечакана зявіўся на даляглядзе, выскачыў, быццам чорцік з партабачкі, другі намеснік дэкана па ідэалагічнай працы Пушко той прыслухоўваўся на перапынках, хто пра што гаворыць, прызначаў старастаў і таемна прымаў іх у сябе ў кабінеце, наведваў, калі раніцай, а калі і па вечарах, інтэрнат з нечаканымі адмысловымі праверкамі. Акрамя студэнтаў на кожным з курсаў, як ужо ведаў Ігнат Мазур, шыфравалася шмат ціхароў, вызначыць якіх было даволі няпроста. Курыраваў іх на факультэце ці то аспірант, ці то лабарант і адачасовы арганізатар кавээзаў Віктар Епіфанаў тыповы самаўпэўнены русак, але з псеўдапрэтэнзіямі на інтэлектуальнасць і ледзь не дэсідэнцтва. Урэшце, як інтуітыўна разумеў студэнт Ігнат Мазур, такіх асобаў лепш за ўсё пазбягаць і ні ў якім разе не ісці з імі на шчырую размову тое заўсёды было небяспечна. Яшчэ паўсюдна ішлі адгалоскі справы нацыяналістаў групы студэнтаў з філалагічнага факультэта, якія суполкай запатрабавалі выкладаць усе прадметы на беларускай мове. Групу разагналі, многіх павыключалі з універсітэта, а стукачоў, наадварот, прыхільна размеркавалі ў Менску альбо нават пакінулі ў аспірантуры.
Роздум яго прадказальна перапыніла Юля Маракова, якая апошнім часам абазначана тулілася да яго. Як амаль заўсёды, яна, у адрозненне ад часам змрочнага Ігната Мазура, была ў добрым настроі. На вуснах дзяўчыны звыкла стаілася добразычлівая ўсмешка. Яна разумела гумар і любіла жарты.
Дамоў, можа, разам пойдзем? спытала яна. Ты б хоць раз пару лекцый па палітэканоміі наведаў. Цябе адзначаюць кожны раз за прагулы і даносяць у дэканат. Мяркую, стараста.
Чорт з ім, вырвалася ў Ігната Мазура, усё роўна гэты мутняк мне не здаць. Ён вышэй майго разумення. Але сёння папрысутнічаю. Бо пасля заняткаў затрымаюся. Ёсць справа.
Сядзем разам.
Ага, паабяцаў сяброўцы Ігнат Мазур і вяла пажартаваў: Як пракурор вырашыць.
?..
Лепш казаць прысядзем. Альбо пабудзем разам. Юрфакаўцы могуць абсмяяць.
* * *«Палітэканомію» чытаў новы выкладчык. Студэнт Ігнат Мазур бачыў яго ўпершыню. Выкладчыка звалі Пётр Мацкевіч. Гэта быў даволі мажны, цёмнавалосы, з сівымі скронямі, чалавек гадоў сарака васьмі пяцідзесяці, з нечакана разумна-саркастычным выглядам на загарэлым твары і жывым, але стомленым позіркам шэрых неспакойных вачэй.
Урэшце Ігнат Мазур амаль не слухаў таго. Побач сядзела Юля Маракова, часам, незаўважна для іншых, ціснула цёплымі пальцамі ягоную далонь, а потым увогуле напісала на лісце паперы і пасунула ў яго бок. «Вечарам. Заўтра. Заходзь».
І прашаптала ў вуха:
Даслалі з дому пасылку. Там сярод іншага і бутэлька нашага крымскага.
Студэнт Ігнат Мазур з цёплай удзячнасцю паабяцаў. Нейкі час ён думаў пра тое, ці будзе не заняты заўтра ўвечары вольны інтэрнацкі пакойчык, а потым прымусіў сябе слухаць выкладчыка.
Выкладчык Пётр Мацкевіч тым часам казаў:
На падставе дадатковай вартасці Карл Маркс раскрыў катэгорыю «капітал» як самаўзроставую вартасць, якая выяўляе адносіны эксплуатацыі, і ўзнавіў падзел капіталу па прынцыпе ўдзелу ў стварэнні вартасці на пастаянны капітал, як сродкаў вытворчасці, і пераменны капітал, укладзены ў рабочую сілу.
У выніку вартасць створанага тавару выяўляецца праз формулу.
Тут выкладчык Мацкевіч узяў крэйду і накрэмзаў ёй на дошцы:
У выніку вартасць створанага тавару выяўляецца праз формулу.
Тут выкладчык Мацкевіч узяў крэйду і накрэмзаў ёй на дошцы:
w = c + v + m,
дзе c пастаянны капітал,
v пераменны капітал,
m дадатковая вартасць.
Пасля чаго агледзеў студэнтаў, усміхнуўся і працягваў гаварыць.
«Не, думаў, слухаючы таго, Ігнат Мазур. Гэтую ахінею мне ніколі не здаць. І ніхто не дапаможа. Цьфу ты, бля. Ненавіджу. Мудрэй за гістмат».
У канцы лекцыі выкладчык Мацкевіч між тым нечакана паведаміў, што іспыт асабіста ён, магчыма, прымаць адзін не будзе, а будуць прымаць удваіх з выкладчыкам Гавіным з Інстытута народнай гаспадаркі.
Ну, трапілі, прашаптала побач Юля Маракова. Той Гавін зарэжа палавіну курса, анягож. Ён непрадказальны, самазадаволены індык.
У аўдыторыі сцішана загаварылі, захваляваліся. Выкладчыка Гавіна ведалі па яго лекцыях, некалькі з якіх ён раней прачытаў на іх курсе; таксама па жорсткім патрабаванні канспектаў і няўхільным наведванні тых лекцый. Прысутных ён з насякомай уедлівасцю падымаў з месца і правяраў кожнага праз журнал.
Студэнт Ігнат Мазур адчуў непрыемны халадок у грудзях. Успомніўся іспыт па гістарычным матэрыялізме і атрыманы з той нагоды сапраўдны нервовы стрэс. «Нена-ві-джу» зноў усплыло ў свядомасці слова, якое б ён з задавальненнем запамятаваў. Але пакуль не выпадала. Што ж, такое жыццё, меркаваў ён.
* * *Пасля заканчэння апошняй пары аўдыторыя апусцела і студэнт Ігнат Мазур пайшоў шукаць выкладчыцу з кафедры замежнай літаратуры. Ён знайшоў яе ў дэканаце.
Што ж, сказала выкладчыца Нэла Ліцвінава, калі ўжо самі напрасіліся, то хадземце на наш імправізаваны іспыт. Дзе ў нас тут пустая аўдыторыя?
Якраз апошняя лекцыя скончылася, паказаў ёй на расчыненыя дзверы сваёй аўдыторыі студэнт Ігнат Мазур.
Яны паселі, і выкладчыца сказала:
Час у мяне абмежаваны, так што пачнём без лішніх уступаў. Вы сапраўды гатовы? Калі выцягнеце хоць бы на «здавальняюча», я, так і быць, выканаю вашу просьбу.
Паўза.
Далей пачалося сапраўднае выкручванне мазгоў. Пытанні ўсё больш ускладняліся: з ангельскай, іспанскай, нямецкай, французскай, маладой амерыканскай літаратуры як дзевятнаццатага, так і дваццатага стагоддзяў. Маючы добрую памяць, Ігнат Мазур лёгка ўспамінаў прачытанае і адказваў, коратка, але часам адхіляючыся ў бок, калі гаварыў пра аўтараў, што яму асабліва падабаліся: Альбэра Камю, Іва Андрыча, Кнута Гамсуна.
Ну, а які тэкст, па-вашаму, варта прызнаць найлепшай кнігай усіх часоў і народаў? раптам нечакана спытала яго напаследак выкладчыца Нэла Ліцвінава. Вы ж, пэўна, ведаеце, што такія апытанні раз-пораз праводзяцца, і рэйтынг кожнага новага аўтара вылічваецца больш-менш дасканала?
Студэнт Ігнат Мазур падумаў і адказаў на гэта, што тут меркаванні вядомых крытыкаў разыходзяцца: некаторыя нават лічаць найлепшай сусветнай кнігай «Дон Кіхота» Сэрвантэса, але на яго, Ігната, думку больш вартыя такой высокай ацэнкі творы Шэкспіра, Дастаеўскага, Стэндаля, Ніцшэ, Фіцджэральда, Гамсуна, многіх іншых.
А што тычыцца «Дон Кіхота» Сэрвантэса, дадаў, то ён шчыра прызнаецца: кнігу да канца не дачытаў. Герой псіхічна хворы чалавек і, нягледзячы на вялікую гуманістычную скіраванасць, двайную нагрузку і глыбіню тэксту, гэта аказвае негатыўны ўплыў на ўспрыманне. Хіба не так?
Лічу, што не зусім так, усміхнулася на гэты кароткі спіч выкладчыца Ліцвінава, але думку вашу прыму на ўвагу.
А вось Дастаеўскі і яго «Бесы», «Браты Карамазавы» гэта сапраўды вышыня. Яшчэ Ніцшэ, Клейст, Гёльдэрлін якіх Стэфан Цвейг абявіў найвялікшымі, панесла Ігната Мазура, увогуле нельга, на яго думку, выбіраць з доўгага спіса адзін тэкст. Ну, вызначыць які дзясятак імён. Можна нават і больш.
Вы і да Ніцшэ дабраліся? здзівілася выкладчыца Нэла Ліцвінава. Цікава, што чыталі, дзе і як?
Была нагода, ухіліўся ад адказу Ігнат Мазур.
Можа, вы ведаеце і прычыну яго ранняй смерці? нечакана пацікавілася выкладчыца.
Ведаю. Незалечаная хвароба на пранцы.
Выкладчыца Нэла Лцвінава падумала і спытала зусім іншае.
Скажыце, Ігнат. Вы не хацелі б вучыцца далей па гэтым профілі? Вы, дарэчы, мой першы студэнт, які, небеспадстаўна падазраю, валодае тэмай напоўніцу. Распрацаваць кандыдацкую, а па кірунку ўрэшце параіліся б разам.
Не, адказаў Ігнат Мазур. Дзякуй вам вялікі, але я хачу працаваць. Вучыцца далей, потым выкладаць гэта не для мяне. Да таго ж, ёсць і сямейныя праблемы, якія не абедзеш. Я сын палітвязня.