«Засталося восем», адзначыў Іваноў.
Маладыя ахоўнікі нечым нагадалі яму будзёнаўцаў: іх ён бачыў аднойчы з-за бацькавай спіны ў час раптоўнага бою. Будзёнаўцы гэтаксама бязладна мітусіліся па полі. Толькі тады на месцы дзесяці забітых вырасталі сотні новых. Цяпер новых не відаць.
«Трэба спяшацца», падумаў Іваноў, але не пабег, ціха звярнуў са сцежкі. «Яшчэ восем», паўтарыў, як заклён.
Стралкі, хоць і першагодкі, неўзабаве скемілі зэк збочыў. Пакуль яны шукалі тое месца, Іваноў ужо стаяў на адлегласці трапнага стрэлу ад апошняга ў іх ланцужку. І зноў, не спяшаючыся, прыцэліўся. У лесе было ціха, і яму падалося, што стрэл грымнуў як выбух гранаты. Салдат упаў. Куля трапіла яму ў спіну і, відаць, перабіла хрыбетнік. Ён ужо не дыхаў, а між дрэў яшчэ доўга ляцеў яго перадсмяротны крык.
Сем стралкоў пападалі на зямлю і, як іх вучылі, распаўзліся, займаючы кругавую абарону.
«Малайцы! пахваліў Іваноў. Цяпер можна адысці». Але не адразу скрануўся з месца прысеў паназіраць, што будзе далей. Сцішыліся і стралкі, прыслухоўваліся: мо ўцякач зварухнецца, выдасць сябе?
Вытрымкі ў іх хапіла не надоўга. Неўзабаве салдаты асмялелі, пачалі перагаворвацца. Іваноў жа па-ранейшаму не высоўваўся, чакаў, пакуль падставяцца яны. Турбавала думка: ці далёка адышлі ад лагера? Ці чуваць там стрэлы? Калі чуваць, дык трэба ўцякаць далей, калі не можна крыху адпачыць, перавесці дух.
Схамянуўся, убачыўшы, што салдат, які вылучаўся сярод іншых ростам і які перш трымаўся за лейтэнантам, а потым у сярэдзіне групы і таму застаўся жывы, нібы кідае яму выклік: раз за разам падымае галаву, прыкладае да вачэй бінокль, выстаўляе напаказ сваю смеласць, сваю перавагу над усімі перавагу новага камандзіра. «Ох, дарма, хлопча!» не сказаў, а падумаў і прыцэліўся. Куля прашыла салдаціку горла, і ён не паспеў нават крыкнуць.
«Шэсць, машынальна падрахаваў Іваноў. Лічы, палова».
Стралкі зноў затаіліся.
«Трэба пашумець, разважыў Іваноў, бо так і праляжаць да прыходу падмогі». I, ломячы галлё, пабег праз кусты.
Вертухаі-і-і! разлягаўся рэхам ягоны крык.
Гэта, як і думаў, вярнула першагодкам адвагу, і яны кінуліся за ім.
«Ужо весялей, выдыхнуў Іваноў. Пагуляем навыперадкі, паглядзім, хто каго». І пабег не напрасткі, а ўлукаткі, далей ад сцяжыны і ад лагера.
Стралкі былі маладыя, трэніраваныя, ды ўсё ж не чэмпіёны Берлінскага ўніверсітэта неўзабаве адсталі.
«Спякліся салдацікі, спінай адчуў Іваноў. Цяпер затаіцца і чакаць».
Мінулі доўгія хвіліны, перш чым паказаліся задыханыя стралкі. Яны стаміліся ад бегу і ад страху і ўжо не пільнаваліся, не азіраліся па баках. Вёў іх адно шал пагоні, нецярплівасць паляўнічых.
Іваноў зноў прыцэліўся. Рухавы жывы ланцужок выклікаў і ў ім азарт, неадольнае жаданне перастраляць усіх. Падняў пісталет. І, калі шэры шынялёк трапіў на мушку, стрэліў. Потым яшчэ і яшчэ Трое ад ягоных стрэлаў упалі, астатнія самі бухнуліся ў снег, а Іваноў усё ціснуў і ціснуў на курок, не заўважаючы раптоўна павіслай цішыні.
«Нервы, схамянуўся нарэшце. Нервы, як і памяць, не схаваеш».
Уцямілі і стралкі, што ў яго не засталося патронаў. Падняліся, рушылі ўперад. Паляўнічыя даганялі здабычу.
Іваноў рыўком сціснуў да болю кісці рук, супакойваючы нервы. Азірнуўся. Няўжо ўсё, канец? Не! Здрадлівых дрыжыкаў у целе не адчуваў, галава працавала цвяроза. Мільганула думка: ён жа не ў полі у лесе, вакол дрэвы. Мо яны апошняя надзея? Мо яны памогуць, схаваюць, уратуюць?
Елкі стаялі густа, адна пры адной, гэтак, што можна, бадай, пераскочыць з дрэва на дрэва. Што ж, паспрабуем больш і праўда нічога не застаецца.
Іваноў палез на бліжэйшую елку. Палез лёгка, як малпа.
«Дарвін не памыляўся адносна паходжання чалавека. Дарвін не памыляўся», не вельмі дарэчы ўсплыла думка. Але розум адкінуў яе. Іваноў падумаў пра іншае. Караскаючыся на елку, ён раз-пораз паўтараў, нібы суцяшаў сябе: «Трое. Іх толькі трое. Трое гэта не васьмёра і не сямёра». І нібыта падахвочваў іх: няхай падходзяць хлопцы, няхай. Ён зверху прасочыць за імі, добранька прасочыць! А ўжо яны за ім як Бог дасць.
Стралкі не спяшаліся, ішлі павольна. Досыць, набегаліся. Надышла іх чарга. Цяпер яны адвядуць душу, пацешацца.
Абступілі елку, на якую толькі што залез уцякач. І калі адзін з іх на імгненне апынуўся спінай да Іванова, той скочыў. Інтуіцыя нешта падказала стралку, змусіла яго павярнуцца, але ўратаваць не змагла. Іваноў ударыў ручкай ТТ салдата ў скронь і кінуў яго на другога, блiжэйшага, а сам сігануў да трэцяга, ірвануў таго за вінтоўку. Беспамылкова разлічыў, што той учэпіцца ў яе мёртваю хваткай, скарыстаў гэта, змяніў цэнтр цяжару і павярнуў яго перад сабою.
І не памыліўся.
Другі стралок адапхнуў ад сябе мёртвага таварыша, згледзеў ненавісную фуфайку і імгненна ўскінуў вінтоўку. Націскаючы курок, бачыў, як фуфайку перад ім засланяе шынель. Ён разумеў, што адбываецца, аднак спыніцца не мог: палец зрабіў сваё. Куля пранізала стралка, але не закранула Іванова.
«Гэта ўжо не гены і не Дарвін, падумаў ён. Гэта Бог!»
«Фініш, дружа», прачытаў у вачах Іванова апошні жывы стралок і, нічога не цямячы ад жаху, выпусціў вінтоўку і кінуўся наўцёкі у лес, за дрэвы, абы-куды, толькі б далей ад гэтай незразумелай, дябальскай істоты, якая нясе смерць.
Але ён таксама не быў чэмпіёнам Берлінскага ўніверсітэта. Паляўнічы рабіўся здабычай.
Іваноў не адразу спыніў стралка. Не было жадання. Расхацелася. Падзейнічаў ягоны крык. У крыку, поўным жаху, прагучала нешта да болю знаёмае, роднае. Ён крыкнуў не, жаласна прастагнаў: «Мамачка, ратуй!» Няйначай зямляк. А мог забіць земляка. Яшчэ імгненне таму. А цяпер вось не хоча. Але і адпускаць нельга.
Ускінуў вінтоўку, прыцэліўся, гукнуў рэзка і патрабавальна:
Стой!
Крыссё шыняля перастала матляцца, уцякач ужо не стралок, а ўцякач замёр, нібыта ад стрэлу.
Гэтак будзе лепш! сказаў Іваноў досыць гучна не то сабе, не то яму. Ад мяне не ўцячэш. Як ад лёсу. Можа, пагамонім, га?
І пайшоў да салдата. Той пакорліва чакаў.
Вартавы на бліжэйшай да лагерных варот вышцы першы заўважыў зэка, які дробна перабіраў нагамі ўздоўж калючай агароджы. «Уцякач!» скеміў. Ад хвалявання забыў пра першы папераджальны стрэл, прыцэліўся і націснуў на курок.
Зэк спатыкнуўся, паспрабаваў, нібыта нечым здзіўлены, азірнуцца, але не змог асунуўся ў снег.
Калі да нерухомага ўцекача падбег начальнік аховы, вусны пераапранутага ў зэкаўскую фуфайку першагодка з дзіўным для тутэйшых мясцін імем Змітрок яшчэ варушыліся.
Ён чамусьці назваў мяне будзёнаўцам, спытаў панашаму, як завуць, і адпусціў выдыхнуў Змітрок апошнія ў сваім жыцці словы на роднай мове.
І праз дваццаць, і праз трыццаць гадоў кожнага ахоўніканавабранца, які прыбываў у Амурдальлаг, вялі на мясцовыя могілкі да слупка, надпіс на якім рэгулярна аднаўляўся, каб папярэдзіць: «ПОМНИ СЛУЧАЙ С ИВАНОВЫМ».
Апошнія вакацыі Валерыя Маракова
Была позняя раніца. У скляпку Авербаха сядзелі двое Валеры i Тодар. Выпілі па куфлю піва і ўзялі яшчэ. У галовах пасля ўчарашняга ўсенароднага свята угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі пачало святлець, i Тодар спытаўся:
Ты хоць памятаеш, што нагаварыў учора пры адыходзе? Валеры, само сабою, памятаў, але Тодарава змоўніцкая насцярожанасць рассмяшыла, захацелася пагуляць з агнём, прыкінуцца і сапраўды ачмурэлым.
Ну-у пачаў няпэўна. Не надта А што?
І ён яшчэ пытаецца! Тодар абурана развёў рукамі. Такімі рэчамі, брат, не жартуюць. За такія слоўцы могуць і
Ціха, не шумі, перапыніў сябра Валеры, убачыўшы, што таму не да жартаў. І не глядзі на мяне як на варята. Памятаю я ўсё! І разумею, што пра гэта лепш маўчаць. Але ж нехта мусіць ведаць! Нехта павінен ведаць усё! Таму і кажу. Табе, не каму іншаму. Помніш Мікалая? Вайскоўца, камандзіра, таго, што ўсё пытаўся: куды паэт Уладзімір Жылка знік? Дык вось, слова сваё Мікалай стрымаў. Перад адездам на поўдзень, на новае месца службы, зрабіў што абяцаў
Валеры азірнуўся, адхінуў крысо пінжака, і Тодар убачыў маленькі, на далонь, нібы цацачны, пісталет. Паспеў заўважыць на ручцы манаграму кшталту вялікай лацінскай літары N.
Браўнінг! ледзь варухнуў вуснамі Валеры.
У Тодара пераняло дыханне: шэпт яму падаўся крыкам. Хацеў штосьці сказаць, але не змог: нібыта ўчэпістая рука схапіла яго за горла.
«За адно неасцярожнае слова энкавэдысты людзей у турму кідаюць, а за гэта Пашкадуеш, што й нарадзіўся», падумаў Тодар, але ўголас нічога не сказаў.
Валеры, зірнуўшы на сябраў скамянелы твар, спрабаваў яго супакоіць:
Не хвалюйся, апрача нас, ніхто ж не ведае.
Але Тодар усё не мог ачомацца ад пачутага i ўбачанага. Урэшце прашаптаў:
Ты і праўда зваряцеў! Уяўляеш, што будзе, калі яго знойдуць? Яны цябе жыўцом згнояць!
Валеры спахмурнеў. Тодар, вядома, кажа праўду. Ды толькі згаджацца з ім сёння не хацелася. Гэтая не надта цяжкая, амаль дзіцячая цацка-забаўка нешта перамяніла ў ягонай свядомасці. Цяпер ён абаронены! Ён можа пастаяць і пастаіць! за сябе.