Але Тодар усё не мог ачомацца ад пачутага i ўбачанага. Урэшце прашаптаў:
Ты і праўда зваряцеў! Уяўляеш, што будзе, калі яго знойдуць? Яны цябе жыўцом згнояць!
Валеры спахмурнеў. Тодар, вядома, кажа праўду. Ды толькі згаджацца з ім сёння не хацелася. Гэтая не надта цяжкая, амаль дзіцячая цацка-забаўка нешта перамяніла ў ягонай свядомасці. Цяпер ён абаронены! Ён можа пастаяць і пастаіць! за сябе.
Не згнояць! сказаў ціха, але цвёрда. І паўтарыў: Цяпер не згнояць!
Тодар дацяміў, пра што гаворыць Валеры. І да яго прыбягалі думкі, каб неяк раздабыць зброю. Але як прыбягалі, так і збягалі. А Валеры, ці бачыш, наважыўся. Наважыўся і дамогся. І рады, зразумела, як жа, браўнінг у кішэні. Дзівак! Хіба гэта ўратуе? Хутчэй наадварот паскорыць пагібель. Маладзён! Усё-ткі шэсць гадоў у такім узросце вялікая розніца. У параўнанні з ім Валеры зусім юнак. Вось і наўме хлапечае
Валеры ж гэтую хвіліну-другую Тодаравага одумумаўчання зразумеў па-свойму. Не адказвае сябра значыць, згаджаецца з ім, разумее і падтрымлівае, мо нават проста зайздросціць. І з той жа цвёрдасцю, перакананасцю ў голасе сказаў свайму добраму і надзейнаму таварышу, амаль што брату:
Я ўсё абдумаў і пралічыў. У Менску мяне не будзе, зязджаю ў Бабруйск. Буду працаваць у школе настаўнікам. Можа, хоць на нейкі час энкавэдысты забудуцца, што быў такі Валеры, які калісьці ў лісце свайму сябру Васілю напісаў: «Хай скрыгочуць здраднікі Айчыны / З іх бяссільнай злосцю у вачах, / Наша мэта дарам не загіне, / І не згаснуць сілы у грудзях!» Нібыта правільныя, як яны казалі, словы, а на допыты за іх тры месяцы цягалі. І запомні галоўнае: калі мяне не стане я не знік i не атрымаў дзесяць гадоў без права перапіскі. Проста не даўся жывым. Так потым і раскажаш
Калі б Валеры ведаў ці здагадваўся, пра што цяпер думаў Тодар, моцна пакрыўдзіўся б на сябра. Ён, вядома, маладзейшы, але ж гэта загана, якая хутка праходзіць. Дый не сляпы ён і не глухі. Бачыць, што чыніцца. Усе яны, хто азваўся ў родным слове, ворагі. Усе! Нават дзядзька Янка. Замахнуліся і на яго. Купала так ні разу і не загаварыў пра гэта. Але затое не маўчала цётка Уладка. І ён, Валеры, добра ведае, чаму ў дзядзькі Янкі трошкі скрыўленая ніжняя губа. А што да маладосці Мо акурат таму, што малады, ён і не будзе пакорліва чакаць, пакуль аднае цёмнае начы загрукоча чорны «варанок» пад вокнамі. Мо гэта якраз ягоная перавага маладосць. Яна дасць яму цвёрдасць і смеласць дзейнічаць. Абараніць сябе. Гэта, вядома, невялікае геройства. Ну, а калі б так зрабіў яшчэ хто? А калі б кожны, усе?
Валерыю быў час ісці, але, бачачы, што Тодар паранейшаму ўсхваляваны, не супакоіўся, ён пасядзеў яшчэ крыху. Нарэшце падняўся і, як і раней, ціха паўтарыў:
Запомні: жывым не здаўся. Кажу гэта табе, бо, хочацца верыць, цябе не возьмуць. Вунь якія дыфірамбы пяе табе партыйны Андрэй-салавей: «Бярыце прыклад з Тодара. Тодар перабудаваўся ўжо». Нібыта забыўся, што ты калісьці сам выйшаў з камсамола і «хадзіў пад месяцам высокім і яшчэ пад грозным ГПУ».
Паклаў на стол колькі рублёў, яшчэ раз паглядзеў на сябра, махнуў рукой і падаўся да дзвярэй.
Больш Тодар яго не бачыў. Але не забываў. Не мог забыць. Пасля той раніцы нават спаць баяўся: раптам у сне возьме і скажа што «не тое»? I ўсё часцей наведваў скляпок Авербаха. Пасля трох куфляў «цёмнага» спалася спакайней.
А Валеры, як і казаў, зехаў у Бабруйск. Вёў заняткі, правяраў сшыткі, увечары сёе-тое пісаў (спрабаваў сябе ў новым жанры драматургіі), а душою, насуперак перасцярозе, ірваўся ў Менск, дзе была маці, дзе засталіся сябры і калегі. І, дачакаўшыся вакацый, адразу ж паспяшаўся на менскі цягнік.
Маладосць паварочвалася заганаю: юначая нецярплівасць брала сваё, штурхала да легкадумнасці. Дый як было не паехаць? Колькі можна баяцца? «Зезджу! У адведзіны! Туды і назад!»
Спахапіўся ўжо ў Менску, на вакзале. Спахапіўся, бо, падышоўшы да дзвярэй вагона, каб спусціцца па прыступках на перон, заўважыў чатырох у скуранках. З ходу сцяміў: энкавэдысты. Яны стаялі купкай, але, як шматгаловы змей, паглядалі ў розныя бакі. Пасажыры пераважна падлеткі тоўпіліся на пероне, гаманілі, шумелі, штурхаліся. Вакацыі! Але гэтую чацвёрку ніхто ні разу не зачапіў. Нават выпадкова. Быццам вакол ix была нейкая непрабіўная, зачараваная прастора. «Мёртвае поле», нібыта ўспомніўшы нешта з Уэлса, нечакана адзначыў Валеры.
Энкавэдысты яго яшчэ не ўбачылі, i ён меў шанец вярнуцца ў вагон i паспрабаваць неяк схавацца. Але зрабіць гэта перашкодзіла логіка. Калісьці на следстве логіка яго не падвяла. Зараз таксама разважыў лагічна: «А можа, гэта i не па маю душу? Мяне ж нядаўна арыштоўвалі i, разабраўшыся, як яны казалі, адпусцілі. Навошта ж арыштоўваць толькі што вызваленага?»
Энкавэдысты яго яшчэ не ўбачылі, i ён меў шанец вярнуцца ў вагон i паспрабаваць неяк схавацца. Але зрабіць гэта перашкодзіла логіка. Калісьці на следстве логіка яго не падвяла. Зараз таксама разважыў лагічна: «А можа, гэта i не па маю душу? Мяне ж нядаўна арыштоўвалі i, разабраўшыся, як яны казалі, адпусцілі. Навошта ж арыштоўваць толькі што вызваленага?»
Ды гэтым разам логіка Валерыя якраз і падвяла. І не проста падвяла загубіла. Чацвёра ў скуранках чакалі акурат яго, прыехалі на вакзал па ягоную душу. Праз хвіліну ён зразумеў гэта і паспеў яшчэ горка пасміхнуцца з самога сябе і са сваёй разумнай чалавечай логікі. Знайшоў, няўдача, у каго шукаць паслядоўнасці. У ваўкоў адно наўме хапаць і шкуматаць. Так і ў гэтых
Калі Валерыя акружылі, зрабіць што-небудзь было позна. Адно пашкадаваў, што не ўзяў у Менск пісталета. Гэтак схібіць! Абяцаў жа сабе і Тодару жывым не здацца, забраць з сабой у магілу хоць аднаго энкавэдыста. А выйшла наадварот. Не ён яго забралі. Гэта школьныя вакацыі зусім збілі з панталыку маладога настаўніка беларускай мовы i літаратуры, класнага кіраўніка 7 «Б» класа Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-cipoт. Забегаўся, замітусіўся, расслабіўся з дзецьмі. Думаў: пастукаюць у дзверы, ён адчыніць i, пераканаўшыся, што прыйшлі па яго, дастане з кішэні пісталет. Меркаваў чамусьці, што акурат гэтак і будзе: па яго прыйдуць. А яны не прыйшлі і не пастукалі. Яны чакалі на вакзале, сярод дзяцей.
Валеры не ведаў, што другая чацвёрка ў Бабруйску гэтай самай парою стукае ў ягоныя дзверы. Не ведалі i энкавэдысты, што, калі б прыйшлі туды днём раней, напароліся б на кулі.
Не ведаў, нават і ў думках не дапускаў i сябра Валерыя, ціхі абачлівы Тодар, што роўна праз год яго як контррэвалюцыянера расстраляюць у тых самых казематах, дзе i Валерыя.
Не ведала пра расстрэл Тодара i яго жонка Яніна. І ў найстрашнейшым сне ёй не магло прысніцца, што дзіця, якога яна чакае, народзіцца ў канцлагеры.
Не ведаў і Андрэй-салавей, што хвалебныя оды бальшавікам не ўратуюць яго ад «всевидящего ока». Арыштуюць паэта-камсамольца таксама не ўначы і не дома, як гэта звычайна рабілася, а нядзельным ранкам. Яго знойдуць разам з сябрам на рыбалцы. Стоячы па калені ў вадзе, Андрэй перадасць вуду таварышу і скажа: «Мікола, трымай! Праз гадзіну вярнуся».
Пасля гутарак у «амерыканцы»[2] з наркамам унутраных спраў БССР Наседкіным тая гадзіна расцягнецца спачатку на дзесяць гадоў, потым яшчэ на сем.
З турмы Андрэй выйдзе толькі пасля смерці чалавека, рэжыму якога ён прысвяціў сотні палымяных радкоў. Невылечна хворы, пражыве пасля вызвалення (як і ягоныя таварышы, таксама былыя лагернікі, паэты Язэп Пушча і Гірш Камянецкі, літаратурныя крытыкі Мікола Аляхновіч і Сцяпан Баркоўскі) усяго некалькі гадоў. Апошняе, што вырвецца з высушанага сухотамі цела, будзе ўсё тое ж палымянае: «Калі б Ленін быў жывы!»
Не ведаў Андрэй Александровіч, што сам ён выжыў толькі таму, што Тодар Кляшторны, Валеры Маракоў i iх сябра Васiль Каваль за год катаванняў у «амерыканцы» так і не «ўспомнілі» ягонага прозвішча.
Праз год атрымаў сваю дзясятку і Андрэеў сябра па той памятнай рыбалцы Мікола Хведаровіч. Таксама за памяць. У турме ён прачытае словы, надрапаныя ў дзень расстрэлу паэтам Міхасём Чаротам, і захавае іх для нашчадкаў:
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары,
Кажу вам я не вінаваты!
Няма чалавека няма праблемы. Няма паэтаў няма памяці няма гісторыі няма народа! Вось гэтую гісторыю разам з народам яны і вынішчаюць. Калі мячом, калі агнём.
Ганна Цімафееўна
Таварышы камсамольцы! падняў руку, заклікаючы да асаблівай увагі, сакратар Жлобінскага гаркама камсамола таварыш з гучным, але зусім не камсамольскім прозвішчам Сенатараў. Задумайцеся, якое высокае слова я зараз сказаў: камсамольцы! А гэта ж малодшыя браты камуністаў! Надзейная змена і апора партыі! Будучыня нашай краіны! І таму зрабіў паўзу сакратар і строга агледзеў клас. І таму я заклікаю вас не адмоўчвацца, не сядзець з абыякавым выглядам, не ўхіляцца ад адказу на складанае, падкрэслю, пытанне. Вы абавязаны шчыра і адкрыта выказаць сваю думку. Даць ацэнку прыхвасням паўзучай контррэвалюцыі! І тым, хто разам з імі! Імем роднай Камуністычнай партыі я патрабую
Аня сядзела за першай партаю (на ёй была сукенка ў дробны сіні гарошак модная тады матэрыя) і не бачыла выступоўца, не бачыла нічога навокал. Здрадлівыя слёзы, як ні стрымлівала іх, пацяклі з вачэй і засцілі белы свет. Вузкія плечыкі ўздрыгвалі.