«За што?! абуралася яна. Што я каму благое зрабіла?»
Толькі летась Аня скончыла Менскі педагагічны тэхнікум, ці, як называў іх альма-матар яе аднакурснік, паэт і рэдактар студэнцкага рукапіснага часопіса «Крыніца» Валодзя Гуцька, што падпісваў свае вершы псеўданімам Дудзіцкі (нарадзіўся ў вёсцы Дудзічы), «царскасельскі ліцэй»: амаль усе навучэнцы паходзілі з вёскі, а большасць выкладчыкаў яшчэ за царом Мікалаем вучыла моладзь. Па размеркаванні Аню паслалі сюды, у Жлобін. У школе-дзевяцігодцы вучыліся ў асноўным дзеці чыгуначнікаў. Настаўніцкі калектыў сустрэў маладую каляжанку вельмі прыязна. Ганне даручылі класнае кіраўніцтва выпускным 9 «А». На камсамольскім сходзе абралі сакратаром школьнай ячэйкі. Узрадавалі ў дадатак нечаканай, але вельмі прыемнай інфармацыяй: для настаўнікаў іх школы раз на год (вядома ж, у час адпачынку) праезд па чыгунцы ў любы пункт Савецкага Саюза бясплатны. Значыць, збудзецца даўняя, яшчэ з маленства, Аніна мара пабываць на поўдні, паплаваць у Чорным моры. Там, дзе чакала свайго прынца Асоль.
А зусім нядаўна адбылася падзея, пасля якой у Ані і зусім быццам крылы выраслі: яна выйшла замуж. За сваё першае каханне аднакласніка Лёню Маракова, дарэчы, сябра Валодзі Гуцькі-Дудзіцкага.
Лёня, як і абяцаў, не забыўся на яе. Па сканчэнні ўніверсітэта, як толькі атрымаў дыплом, прыехаў да яе ў Жлобін. І не проста прыехаў, а з прапановаю рукі і сэрца. Прапанова была выказана крыху напышліва, але элегантна, шляхетна ну, акурат «царскасельцам». Яна не стрымалася рассмяялася, гледзячы на яго, збянтэжанага і нечакана знямелага, а потым расплакалася. Ад шчасця. Ад бязмернай радасці, што перапоўніла ўсю яе істоту. Плакала, а душа спявала: «Божа, і навошта ж мне гэтак многа адной? Няхай усім-усім будзе таксама хораша і лёгка!»
Тут, у Жлобіне, зладзілі сціплае вядома ж, камсамольскае вяселле. Сціплае, але гарэзлівае і прыгожае. З песнямі, скокамі, гульнямі і жартаўліва-сімвалічнымі падарункамі.
Пад вечар у хату нечакана ўваліўся ўвесь Анін клас. Смяяліся, спявалі хорам: «Наш паровоз, вперед лети, в коммуне остановка! Èного нет у нас пути в руках у нас винтовка!» Смяяліся, не задумваючыся над сэнсам слоў, якія спявалі. А спявалі і танцавалі да ранку. Здавалася, жыццё цудоўнае і будучыня без хмурынкі. І на табе удар у спіну. Бяда, што звалілася невядома адкуль. Вось ён, выходзіць, які прыпынак! Вось куды дармовы паравоз ляціць!
«За што?!» паўтарала, апусціўшы галаву і намагаючыся стрымаць слёзы.
Прашу, таварышы камсамольцы!
Сенатараў зрабіў паўзу, чакаў, хто захоча выступіць. Не дачакаўшыся, прадоўжыў, і ў голасе загучалі пагрозлівыя ноткі:
Калі клас такі несвядомы і не выяўляе жадання выказацца, дык пытанне, на якое мы абавязаны сёння ж даць адказ, я стаўлю наогул без абмеркавання. Дык вось: хто за тое, каб выключыць з камсамола цяпер ужо былога класнага кіраўніка 9 «А» і сакратара ячэйкі і пакуль яшчэ удакладняю, пакуль! настаўніцу геаграфіі Ганну Цімафееўну Рабкову, прашу падняць рукі!
Выпускнікі па-ранейшаму моўчкі таропіліся вачыма ў парты.
Што такое? Сенатараў павысіў голас, зрываючыся на крык. Як гэта разумець? Хіба я кепска растлумачыў? Для тых, да каго не дайшло, нагадваю. Ваша настаўніца Ганна Цімафееўна Рабкова стала жонкаю Леаніда Змітравіча Маракова. Можа быць, не падумаўшы, пагарачыўшыся? Не, больш чым усвядомлена! Яна ўсё ведала і цудоўна разумела, з кім звязвае свой лёс. Хто такі Леанід Маракоў? Недачулі? Паўтараю! Ягоны бацька летась быў асуджаны як адзін з кіраўнікоў антысавецкай рэлігійнай арганізацыі. А старэйшы брат Валеры зацяты нацыяналіст, які прабраўся нават у Саюз пісьменнікаў, арыштаваны месяц таму.
І зноў ніякай рэакцыі. Рукі выпускнікоў быццам прыліплі да партаў.
«Не здаюцца, падумала Аня. Шкадуюць мяне. А сябе пад удар падстаўляюць».
Цярпенне ў Сенатарава лопнула.
Змова! Усю школу заразай запаланіла! ужо лямантаваў ён. Давядзецца на бліжэйшым бюро гаркама паставіць пытанне пра камсамольскую арганізацыю школы ў цэлым! Разабрацца, што тут у вас адбываецца.
«Не, так няможна! спалохалася не за сябе за вучняў Аня. Калі не прагаласуюць возьмуцца і за іх. Могуць і атэстаты не выдаць. Як не выдалі Косцю Вашыне і Сяргею Астрэйку». Косцю (сябра разгромленага літабяднання «Узвышша», які меў у друку ўжо даволі вядомае імя Лукаш Калюга) падставіў плюгавенькі, але галасісты і «нядрэмны» Айзік Кучар: на супольным сходзе навучэнцаў назваў яго ўзвышэнскім лазутчыкам і пачынаючым нацдэмам. На Астрэйку ж данёс іншы, ананімны сексот. Сяргей быў вялікі аматар пажартаваць. Абрэвіятуру СВБ на значку Саюза ваяўнічых бязбожнікаў ён расчытаў як Саюз вызвалення Беларусі. Дорага каштаваў Сяргею гэты жарцік: выкінулі з тэхнікума разам з Косцем. Не выдалі ім дыпломаў, хоць абодва ў газетах і часопісах друкаваліся. Між іншым, неўзабаве друкаваць іх перасталі. «А за Гулівера ж, як называлі хлопцы Косцю (рост болей за два метры!), сам Кузьма Чорны заступаўся. На супольнай фатаграфіі выпускнікоў Сяргей і Косця ёсць, а дыпломаў у іх няма! Няма дыпломаў! А няма дакумента няма чалавека. Так і з маімі выпускнікамі можа здарыцца. Што ж рабіць? Што?» Нечакана Аня ўспомніла свайго настаўніка матэматыкі Аляксандра Пятровіча Круталевіча. Вясёлы, няўрымслівы быў чалавек! Вучыў іх, будучых настаўнікаў, не толькі іксам і ігрэкам, але і таму-сяму іншаму. Не здавацца, пераадольваць цяжкасці, шукаць выйсце з усякіх, нават самых тупіковых сітуацый. «Выйсце ёсць заўсёды!» казаў Аляксандр Пятровіч.
Таксама нечакана, сама сабою, прыйшла думка: «Трэба выйсці, не бянтэжыць вучняў. Пры мне яны нізавошта не прагаласуюць. Дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, амаль што мае равеснікі. Бедныя, як вам цяжка! Так, я павінна выйсці! Зараз жа выйсці!»
Аня ўстала і пайшла да дзвярэй.
Сакратар гаркама праводзіў яе з адкрытым ротам і ўзнятымі ўгору брывамі.
Спахапіўся, заверашчаў:
Вось бачыце! зларадна ўхмыльнуўся і паказаў пальцам на зачыненыя Аняй дзверы. На злодзеі шапка гарыць! Цяпер да вас дайшло, каго шкадавалі, каго не рашаліся выключыць? Так-так, яна не вартая таго, каб з-за яе ставіць пад пагрозу сваю будучыню. Спадзяюся, вы ўцямілі гэта? Тады вернемся да пастаўленага пытання
Але яшчэ амаль дзве гадзіны спатрэбілася Сенатараву, каб запалохаць вучняў і прымусіць прагаласаваць за выключэнне іх настаўніцы з камсамола. Ён ужо не мог адступіць, не дабіўшыся свайго. Страх падганяў сакратара, прымушаў шукаць усё новыя довады і аргументы, каб зламаць вучняў.
Ён ажно спацеў ад раптоўнай думкі: што будзе, калі не ўдасца пераканаць? Вынікі могуць быць жахлівыя. Можа і ён загрымець следам за дзеверам жаўтаротай настаўніцы!
Гэты жах і падганяў яго, змушаў не здавацца. Ён змагаўся ўжо не за перамогу рэвалюцыйнай справядлівасці, а за самога сябе, за сваю ўласную будучыню. Біўся аддана і заўзята. Успомніў і пра фашысцкую пагрозу, і пра імперыялістычнае акружэнне, і пра абвастрэнне класавай барацьбы, і пра тое, што кадры вызначаюць усё і, такім чынам, яны павінны быць крыштальна чыстымі.
Урэшце галодныя, стомленыя і зняможаныя напышлівымі і грознымі словамі вучні здаліся прагаласавалі за выключэнне.
Вось і малайцы! з палёгкаю ўздыхнуў сакратар гаркама. Даўно б так! Сапраўднымі камсамольцамі сябе паказалі!
«Ды ўжо ж, паказалі!» спустошана думаў Віталік, улюбёнец Ганны Цімафееўны і першы вучань у класе, які сядзеў за другой партаю. Гэта ён задумаў і наладзіў «культпаход» на вяселле класнай. «Камсамольцамі, але не людзьмі!»
Аня выскачыла са школы і памчалася дахаты. Зусім не як настаўніца, а як незаслужана, бязвінна пакрыўджаная школьніца: бегла не азіраючыся, нібы за ёю гналіся. Суцешыць яе ў маленькай кватэры-падменцы не было каму. Лёня паехаў у Менск злягла маці: не прайшоў без следу арышт мужа і старэйшага сына. Зачыніўшы за сабою дзверы, Аня дала волю слязам плакала няўцешна, нібыта і сапраўды была маленькай, усімі пакінутай школьніцай.
Пазней, бліжэй да ночы, яна ўсё ж прымусіла сябе супакоіцца і ўзялася за план заўтрашняга ўрока. «Работа найлепшы лекар», успомніла параду добрага і мудрага Антона Юревіча Лёсіка, які чытаў у тэхнікуме курс літаратуры. З удзячнасцю падумала: настаўнік назаўсёды застаецца са сваімі вучнямі. Калі ён сапраўдны настаўнік як Антон Юревіч. Добра было б стаць такой настаўніцай і ёй. Значыць, трэба працаваць. Працаваць, вучыць дзяцей нягледзячы ні на што!
Новая, дадатковая, спушчаная зверху толькі на мінулым тыдні тэма была неабсяжнай, адказнай і вымагала процьмы часу: эканамічна-палітычнае становішча Злучаных Штатаў Амерыкі. «Ворагаў трэба ведаць!» абгрунтавалі сваю нечаканую пастанову таварышы. «Ворагаў трэба ведаць! Ворагаў трэба ведаць!» звінела ў галаве. Але паступова Аня захапілася, ачулася ад непамернага гора і роспачы, што абрынуліся на яе. Забылася, заблукала ў джэк-лонданаўскай суровай Алясцы, у фантастычных нью-ёркскіх хмарачосах, у бяскрайнім каўбойскім Тэхасе. Ужо далёка за поўнач перачытала «Дары вешчуноў» ОГенры і зусім супакоілася: «Свет не канчаецца на Жлобінскім гаркаме камсамола, сказала ледзь не ўголас. Дый амерыканцы ніякія не ворагі нам і ўсяму прагрэсіўнаму чалавецтву».
Але раніцай, збіраючыся ў школу і ўспомніўшы, што яна ўжо былы класны кіраўнік, былы сакратар ячэйкі, а неўзабаве стане і былой настаўніцай з воўчым білетам, Аня зноў засмуцілася. Як і ўчора ў класе, яе ахапілі роспач і страх. Няўжо яна не зможа працаваць? Няўжо ёй забароняць вучыць дзяцей? Як тады жыць? Што будзе з мужам? Лёню таксама звольняць з працы і арыштуюць, як арыштавалі бацьку і брата? Пытанні неадчэпна лезлі ў галаву. Аня не знаходзіла сабе месца. Дапамог Лёня. Падумаўшы пра яго, яна засаромелася сваёй слабасці, узяла сябе ў рукі, хуценька сабралася і выправілася на работу.
Да канца сваіх дзён Аня не забудзе таго сонечнага майскага ранку. Не забудзе, як ішла ў школу з адчуваннем, быццам ідзе на свой першы ўрок. Не забудзе, як уваходзіла ў клас і як стаяла каля дошкі, быццам няшчасная, бездапаможная практыкантка. Не забудзе, як палалі ў яе шчокі, як крышылася і выслізгвала з пальцаў крэйда, прападаў голас, блыталіся думкі. О, як ёй хацелася скокнуць у адчыненае за два крокі ад яе акно!