Так усе прыйшлі, хворых няма? пытаецца русічка, штосьці пазначаючы ў класным журнале.
Я лезу ў партфель, цягну капэрту за ражок, і тая, выслізнуўшы з рукі, падае на падлогу. Прыціскаю капэрту нагой.
Каролік, што там у цябе? русічка надта порстка падхопліваецца. Ану-ка, дай сюды
Пальцы доўгія, з наманікюранымі пазногцямі ушчаперваюцца ў капэрту, адрываюць левы ражок.
Што вы робіце? Гэта ж «Бітлз»! крычу я, хапаю Марковіч за руку, і пакамечаны ражок ляціць на падлогу.
Дагэтуль, відаць, ніхто з вучняў за рукі Марковіч не хапаў. Разявіўшы рот, настаўніца глядзіць спачатку на руку, потым на мяне і страшным голасам выдыхае:
Каролік Зараз жа выйдзі з класа!
Я нікуды не йду: падхопліваю адарваны ражок, выпростваю гарачымі далонямі.
Ну тады давядзецца выйсці мне.
Русічка бярэ са стала журнал, вылятае з класа, а праз хвіліну, падхапіўшы партфель і азірнуўшыся на Галку Панцялееву, выходжу і я. Каля дырэктарскага кабінета прыцішваю крок.
Сёння прынёс нейкіх кудлатых фашыстаў, а заўтра прынясе ў школу парнаграфію! вырываецца з проймы няшчыльна зачыненых дзвярэй звяглівы русічкін голас.
Я бягу па лесвіцы, і чую за спінай голас:
Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы! Мішка даганяе мяне, спрабуе схапіць за пінжак.
У Вентспілс еду! выдыхаю я, не азіраючыся.
Мішка спыняецца, крычыць штосьці, але я не слухаю, бо думкі мае занятыя іншым. Я ліхаманкава падлічваю: колькі патрэбна грошай, каб даехаць да Вентспілса. У маці, у шуфлядзе трумо, прыхавана пяцьдзясят рублёў. Усе браць не буду. Хопіць і трыццаткі.
Мой цягнік ідзе праз тры гадзіны. Седзячы ў вакзальнай пачакальні, са схаладнелым сэрцам выглядаю каго б папрасіць узяць квіток да Рыгі.
Ля бліжняй касы тры студэнты з партфелямі і тубусамі ў руках. Можа, іх папрасіць? Студэнты, як мне здаецца, глядзяць на мяне, дружна рагочуць, і я ўцягваю галаву у плечы. Тым часам чаргу ў крайнюю касу займае дзядок у зацяганым плашчы. Гэты з мяне рагатаць не будзе. Ну, спытае, куды еду. Скажу: да бацькі ў Вентспілс. Скажу яшчэ, што маці захварэла, таму выправіла аднаго, а касірка квітка не дае. Я падымаюся з лавы, але тут жа зноў сядаю, бо па праходзе між лаваў сунуцца два міліцыянты. Яны глядзяць па баках, і я пасоўваюся бліжэй да цётухны, якая спіць на другім канцы вакзальнай лавы. Колькі часу сяджу, утаропіўшыся на брудную падлогу, а калі зноў падымаю вочы, бачу сярод людзей Мішку Зыля і Галку Патрыкееву. Галава мая міжволі ўгінаецца, я спрабую неяк прыхавацца, але позна: Галка махае мне рукой.
Ведалі, што ты тут, яшчэ здалёк галёкае Мішка, абудзіўшы маю суседку па лаве.
Ой, што было!.. выдыхае ў сваю чаргу Галка Патрыкеева. У школу жонка Карпавіча прыбягала Крыку было-о вочы Галчыны круглеюць і далоні ляпаюць на шчоках.
А чаго крычалі? пытаюся, адчуваючы лёгкі пах парфумы, які струменяць Галчыны валасы.
Ну ты што не разумееш? Прыбягала з русічкай разбірацца. Вось пабачыце: Марковіч у іншую школу пяройдзе. Так што, Лёнік, можаш уздыхнуць з палёгкай.
Я уздыхаю, але без палёгкі, і Мішка стукае мяне па плячы:
Ды не хвалюйся ты. Вунь і дырэктарка пасля ўрокаў прыходзіла, цябе шукала.
Я сказала, што ты марыш праз цэнтр Зямлі калодзеж пракапаць, дык Наталля Леанідаўна паабяцала заўтра на класную гадзіну прыйсці і настаўніка фізікі прывесці. Ведаеш, высокі такі мужчына, Галка аціхае, з насцярогаю пазірае мне ў вочы.
Трэба ехаць, кажу я, хоць і ведаю, што нікуды не паеду.
Ведаеш, Лёня, калі ты зедзеш Галка прыкусвае ніжнюю губу.
І што будзе?
Я буду сумаваць без цябе.
Кроў гарачай хваляй падкочваецца да твару, шчокі мае пачынаюць гарэць. Я насоўваю на вочы брылёк кепкі, іду да выхаду, і Галка акрыялым голасам распавядае пра маладога фізіка, які першы год працуе ў школе, у якога закаханыя ўсе дзесяцікласніцы і які распавядзе нам з Мішкам і ўсяму 5-му «А», ці можна заляцець у Амерыку праз цэнтр Зямлі.
За сценкай рыпаюць спружыны старой, даваеннай яшчэ атаманкі. Маці не спіць. Чакае Юрку, які ізноў швэндаецца недзе сярод ночы. Мне таксама не спіцца. Ляжу і з прытоенай радасцю думаю пра тое, як усё добра абышлося. Маці пра маю вандроўку ў Вентспілс нічога не ведае; грошы трыццаць рублёў неўпрыкмет паклаў назад у шуфляду; а русічка Марковіч, па чутках, збірае мэтлахі і падаецца ў іншую школу. Адзінае, што не дае спакою, гэта падраная капэрта. Я яе склеіў, але Юрка ўсё адно будзе лаяцца. І ў нядзелю не дасць грошай на кіно.
Куляюся на левы бок, і дзесьці непадалёку, усё адно як з матчынай спальні, гучаць прыглушаныя галасы.
Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы! гэта Мішкаў голас.
Я буду сумаваць без цябе, адзываецца з-за сценкі Галка Патрыкеева.
Сэрца маё вылятае з грудзіны, і я адчуваю, што правальваюся ў цёмную бяздонніцу. Цела робіцца бязважкім, скроні казыча цёплы ветрык, я штосьці крычу Галцы, ды не чую ўласных словаў, бо яны застаюцца недзе там, высока над галавой. Міма мяне святлявымі вужакамі ляцяць каляровыя агні. Неўпрыкмет іх лёт запавольваецца, цела наліваецца цяжарам, ветрык ужо не казыча скроні, і нечыя моцныя рукі хапаюць мяне за калашынне штаноў. У жаху заплюшчваю павекі, а калі зноў расплюшчваю, бачу перад сабой нечыя смяшлівыя твары. Мяне ляпаюць па шчоках, і адзін з чатырох маладых дзядзькоў, што схіліліся нада мной, з панікай у голасе выдыхае:
Жывы!
Галава мая злёгку кружыцца, я выціраю ўпрэлы лоб і, толькі ўгледзеўшы электрагітары, якія трымаюць мае выратавальнікі, пазнаю музыкаў тых самых, з падзёртай капэрты.
А чаму вы тут, у Амерыцы? Вы ж ангельскі ансамбль.
На гастролі прыехалі, а тут бачым нехта з таго боку Зямлі ляціць, весела азываецца дзядзька ў тонкім, пад самае горла швэдры, і я пазнаю Джоленана.
Адчайны ты хлопец скочыў у яму, а яна 12 тысяч кіламетраў глыбінёй, з захапленнем прамаўляе Джоленан і тут жа пытаецца: А скуль ведаеш, што мы ангельскі ансамбль?
Дык вас усе ведаюць. У сённяшняй «Літаратурцы» артыкул змясцілі. Напісалі, што праз пару гадоў будзеце па шынках жабраваць. Толькі вы на тых пісак не крыўдуйце. Яны ж вашых песень, відаць, і не чулі.
А ты што, збіраешся назад ляцець? пытаецца Джоленан.
Я моўчкі ківаю ў адказ, і свядомасць маю апаляе панічная думка: «А як я дакажу, што бачыў Бітлз? З мяне ж толькі пасмяюцца». Наагул, я не люблю нічога прасіць, але тут выключны выпадак.
Ці не маглі б вы мне падараваць сваю кружэлку? У брата ёсць адна, але русічка капэрту падзерла.
На жаль, мы з сабой кружэлак не носім, з уздыхам прамаўляе Джоленан і нечакана здымае з шыі электрагітару. На вось, аддай брату.
Я спалоханымі вачыма гляджу на гітару, потым на Джоленанавых сяброў, і тыя ўхвальна ківаюць галовамі.
Бяры, бяры, кажа Рынгастар, гэта падарунак ад усіх нас.
Я бяру гітару. Яна цяжкая, і ад рэменя прыемна пахне навюткай скурай.
А можа, застанешся? пытаецца Джоленан. Сходзіш на наш канцэрт
Я рашуча трасу галавой. Як я магу застацца, калі там, на другім канцы Зямлі, мяне чакаюць Мішка Зыль і Галка Патрыкеева?
Я павінен усё запомніць: рамонкавую паляну, празрыстае неба, вялізную яму з брустверам свежай зямлі па краях. Музыкі стаяць каля яміны дакладна ў тых жа паставах, што і на капэрце. Я нават заўважаю, што Джоленанавыя нагавіцы пукацяцца на каленях.
Набіраю поўныя лёгкія паветра, нырцую ў апраметную, і слых мой поўніцца злавесным гудам электрабрытвы. Гэта Юрка голіцца ў ванным пакоі. Я пасміхаюся спрасонку. Ну што там галіць так, адзін пух на барадзе, але братан шторанку зумкае электрабрытвай. Відаць, таму, што зумкалкі такой няма ва ўсім горадзе. Шведская, з ратацыйнымі лёзамі. Бацька прывёз з-за мяжы.
Юрка гучна, са свістам, дзьмухае выдзімае з брытвы пух, і неўзабаве крычыць:
Уставай, лежань!
Я падымаюся, у два крокі падыходжу да серванта, уважліва гляджу на фотаздымак, і мне здаецца, што Джоленан пазмоўніцку міргае мне правым вокам. Хоць і спраўна склеіў капэрту, але месца разрыву белай рысай бяжыць па паперы і верхні край прыкметна пакамечаны. Я азіраюся ці не йдзе братан і тут жа спалохана падскокваю: гэта кот Маркіз вырашыў пацерціся аб маю голую галёнку.
Карты не хлусяць
Па абедзе ўсчалася задуха і паветра стала такім густым, што яго, здаецца, можна было памацаць рукамі. Вуліца Прафінтэрнаўская ўражвала сваёй пустэльнасцю нават куры, тутэйшыя заўсёднікі, некуды пахаваліся, і толькі ў дальнім яе канцы, насупраць харчовай крамы, завіхаліся трое мужчынаў. Мужчыны ставілі піўную летамку даўжэзную, падобную да авіяцыйнага ангара, з малюнкам пеністага кухля на тарцы і надпісам «Богров» на франтоне.
Вуліца была спрэс забудаваная драўлянымі хацінамі, і ў адной з хат трэцяй па ліку, калі лічыць ад крамы, сядзелі дзве старыя кабеты. Адна з іх, Макеіха, мажная целам і з твару непрывабная; другая, Аўрора Леанідаўна былая настаўніца на два гады маладзейшая, густа-сівая, сухарэбрая і, як той Бураціна, вастраносая.