Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў 9 стр.


 А вось гэта што? Гэта пес

 Ці-ік!  гарлаем на ўвесь клас, і Капіталіна Іванаўна, ляпнуўшы ўказкай па стале, штораз заўважае: Каролік! Навошта так гучна? Я не глухая.  Пенсіянерка згадвае звычайна толькі мяне, нібыта толькі я адзін і крычу.

Сёння сяджу ціха, маракуючы, якім чынам героі Жуля Верна маглі б прабіць тоўшчу антарктычнага лёду.

Усё ж такі цікава б было сустрэцца з Жулем Вернам. Зайшлі б з ім у Мішкаву кватэру, уключылі тэлевізар. Вось бы падзівіўся стары. У Мішкі класны тэлевізар: «Тэмп-6». Мы з братам таксама марым набыць такі.

Суседка Галка тыцкае мяне локцем, і я трасу галавой.

 Каролік! Ты што там, заснуў? Ану паўтары: хто апыляльнік канюшыны?

 Чмялі, падказвае Галка Патрыкеева, і я з неахвотаю прамаўляю: Ну, чмялі

 А чаму менавіта яны?

Галка штосьці шапоча, але батанічка папераджальна стукае ўказкай па стале, і суседка змаўкае.

 І аб чым ты ўвесь час марыш?  выдыхае Капіталіна Іванаўна, і Мішка Зыль гукае ад задняй парты:

 Марыць даляцець да цэнтра Зямлі і вылецець у Амерыцы наперад нагамі!

У класе смяюцца.

Гляджу праз плячук на сябра: той з вінаватым выглядам тузае плечукамі, маўляў, а што я такога сказаў? Ёсць у Мішкі такая паганая звычка пацвельваць сяброў.

 Так, а цяпер адгарніце падручнікі на 45-й старонцы,  пажвавелым голасам прамаўляе Капіталіна Іванаўна, але гучыць званок, і мы падхопліваемся на ногі.

Наступны ўрок геаграфія. Хоць я і не дзяжурны, але іду ў настаўніцкую, прачыняю дзверы і адшукваю вачыма геаграфічку Ксенію Спірыдонаўну. Тая, стаўшы рукі ў бокі, штосьці распавядае дырэктарцы.

 Я ёй, Наталля Леанідаўна, кажу: як табе не сорамна, васьмікласніцы, так фарбавацца. А яна рукі вось так у бокі, узяла і скрозь зубы адказвае: а для чаго тады макіяж прыдумалі? Што яшчэ за макіяж? Я і слова такога не ведаю

Кашляю ў далонь, і Ксенія Спірыдонаўна, азірнуўшыся, паказвае рукой на парэпаны шыфаньер.

 Вазьмі, Каролік, фізічную мапу СССР. Вунь яна, у трубку скручаная. І схему артэзіянскага калодзежа.

 А глобус браць?  пытаюся я.

 Вазьмі, прамаўляе, не гледзячы на мяне, дырэктарка Наталля Леанідаўна. Ёй відавочна карціць пачуць, што было далей.

З глобусам у руках і з фізічнай мапай пад пахай выходжу ў калідор і сутыкаюся з Мішкам Зылём.

 Чаго гэты ты ўсхапіўся? Сёння ж я дзяжуру,  Мішка вінавата адводзіць вочы.

 Не, нездарма цябе кампазітарам Падкавыравым завуць,  я даю Мішку несці фізічную мапу і, пазіраючы на глобус, прыкідваю дзе можа выйсці шахта, калі яе пачаць капаць у нашых мясцінах.

 А што я такога сказаў?  Мішка бяжыць поруч, спрабуючы зазірнуць мне ў вочы.  Ты ж сапраўды марыш патрапіць у цэнтр Зямлі.

 Я не мару, а даследую праблему,  папраўляю сябра: гэты мудрагелісты выраз я пачуў аднойчы з вуснаў Мішкавага бацькі, і ён мне вельмі спадабаўся.

У класе стаўлю глобус на стол і, прыціснуўшы палец да цэнтра Еўропы, пераконваюся, што другі канец шахты губляецца ў бязмежных акіянскіх прасторах. А вось праз полюсы ніякай шахты і капаць не трэба. Зямная куля працятая там бліскучым стрыжнем.

Вакол мяне збіраецца купка аднакласнікаў.

 Чаго, Лёня, глобус торгаеш?  пытаецца Пецька Мацапура. Пецьку я недалюбліваю, бо той задавака і хлус.

 Вывучае праблему падарожжа да цэнтра Зямлі, тлумачыць Мішка Зыль, але ўжо голасам спакойным і разважлівым.

 Як гэта?  Пецька дробна міргае вачыма.

 А вось так Пракопваем праз цэнтр Зямлі шахту

 Чым, рыдлёўкай?  перабівае мяне Мацапура, і я не ведаю, як адказаць задаваку.

 Мы разглядаем не практычны, а тэарэтычны бок праблемы,  прыходзіць на выручку Мішка. Слоў такіх Мішка, вядома, нахапаўся ад бацькі. Ты вось, Мацапура, адкажы Калі скочыць у такую шахту ці вылеціш на другім канцы?

 Вылеціш,  без вагання адказвае Мацапура,  і не проста так, а наперад нагамі.

 Вось гэта нумар!  захоплена выдыхае другагоднік Васька Хвошч.  Скочыў у трубу і адразу ў Амерыцы!

 Слухайце сюды,  кажа Мішка Зыль і малюе крэйдай на дошцы вялікае кола.  Вось гэта Зямля, вось тут  Мішка перацінае кола пункцірнай лініяй,  мы прабіваем шахту і скочым у яе наперад нагамі. Дык вось, мы да Амерыкі не даляцім. Будзем лётаць туды-сюды, пакуль не захраснем у цэнтры Зямлі. Сябрук, няйначай, паўтарае тое, што дачуўся ад бацькі, выкладчыка транспартнага тэхнікума.

Я таксама хапаю крэйду.

 А калі вось тут, на другім баку,  крэйда крышыцца, пакідаючы на дошцы крывую дугу,  выкапаць глыбокую яміну. Даляціш да краю ці не?

Мішка чухае лоб, пэцкаючы крэйдай левае брыво.

 Тады, відаць, даляціш,  няўпэўнена прамаўляе сябрук, і ў клас рашучай хадой уваходзіць геаграфічка.

Ксенія Спірыдонаўна ніколі не падвышае голасу. Вось і цяпер, ні слова не сказаўшы, стаіць ля стала і чакае, пакуль мы сядзем за парты.

 Каролік чаму дошка не выцертая?

 Сёння Зыль дзяжурны,  паведамляе Галка Патрыкеева, але я іду да дошкі, сціраю мокрай анучкай Мішкавы крамзолі.

 Ксенія Спірыдонаўна,  звяртаюся, выціраючы рукі аб нагавіцы.

 Слухаю цябе, Каролік.

 А якая таўшчыня лёду ў Антарктыдзе?

 У сярэднім таўшчыня лядовага покрыва складае два кіламетры. Аднак пра Антарктыду мы пагаворым пазней. А зараз праверым, ці вывучылі вы тапаграфічныя знакі.

Геаграфічка вядзе тупым канцом асадкі па класным журнале, а я плюхаюся на сваё месца, усведамляючы, што такую тоўшчу ломам не прабеш. Тут і атамны выбух наўрад ці дапаможа.

На перапынку нікуды не йду. Чытаю «Літаратурку» выцягнуў з паштовай скрыні, як ішоў у школу. На перадапошняй старонцы артыкул пад назвай «З жыцця пчол і жукоў-гнаевікоў». Вочы чапляюцца за радкі: «Хто ж гэтыя загадкавыя жукі? На жаль, гэта ўсяго толькі ангельскі эстрадны ансамбль Бітлз Чытаю, соўгаючыся азадкам па лаве: гэта ж пра Юркавых улюбёнцаў!  Цяжка нават уявіць, якія гукі выдаюць гэтыя маладыя людзі, які змест у іхных опусах»,  чытаю далей і чую ля вуха гарачае дыханне суседкі.

 Там што, пра «Бітлз» напісалі?

 Можна падумаць, ты іх чула,  гмыкаю, не адрываючыся ад газеты.

 А ты сам хоць чуў?

 Ды ў мяне, каб ты ведала, дома кружэлка ёсць,  я піхаю газету ў партфель, падымаюся на ногі.

 Дай паслухаць!  Галка таксама падхопліваецца, бліскае раскосымі вачыма.

 Не магу братава.

Ужо на калідоры чую зычны Галчын воклік:

 Усё, Лёнік, скончыліся твае перапісоны. Такая заява прымушае спыніцца.

 Ладна,  выдыхаю я, перахапіўшы Галку ў дзвярах.  Прынясу для пачатку капэрту з фотаздымкам.

Звініць званок. Па калідоры, узняўшы над галавой разгорнутую мапу Рымскай імперыі, бяжыць Мішка Зыль. Наступны ўрок у нас гісторыя.

Артыкул пра бітлоў прачытала палова класа. Нават газету пакамячылі. Уяўляю, што што будзе з Юркам, калі ён прачытае такое. І вось, вярнуўшыся са школы, ад парога крычу брату:

 У газеце пра «Бітлз» напісалі!

Юрка выхоплівае з маіх рук «Літаратурку», перагортвае старонкі, а я іду на кухню, ляпаю створкамі кухоннай шафкі і, не знайшоўшы нічога спажыўнага, цягну са слоіка маласольны гурок.

 Не, якую лухту пішуць!  абураецца за сценкай братан.  «Давядзецца жабраваць па шынках» І хто піша: Мікіта Багаслоўскі! «Як на шахце вугальнай х знайшлі адрублены». Ды гэты ёлупень іх ніколі не чуў!

Я задаволена пасміхаюся, надкусваю гурок і йду да серванта. Капэрта з «Бітламі», на шчасце, стаіць на сваім месцы. Да свайго сораму, з усіх чатырох музыкаў ведаю толькі двух. Імёны ў іх мудрагелістыя, нават не ведаю ці правільна прамаўляю. Вось гэтага, што скраю, завуць Джоленан, а вунь таго, напалову прыхаванага вялізным бубнам,  Рынгастар. Перад Галкай трэба бліснуць дасведчанасцю.

 Слу хай,  бубню, тыцкаючы пальцам у шкло,  а як завуць вось гэтага, з гітарай-скрыпкай?

 Пражуй,  незадаволена адзываецца братан. Юрка нервовымі рукамі складвае газету ў столку, падаецца ў калідор і, ужо адчыніўшы дзверы, крычыць:

 Поль Макартны!

Братан пабег да сябра фотамастака, што жыве ў суседнім падездзе. Трымайся, Мікіта Багаслоўскі! Зараз табе Юрка з фатографам дадуць дыхту!

Каб не забыцца, выцягваю з партфеля падручнік расейскай мовы і на адваротным баку вокладкі запісваю прозвішчы бітлоў: Джоленан, Рынгастар, Поль Макартны. Трэба будзе спытацца, як завуць чацвёртага, які стаіць паміж Джоленанам і Макартным. Ён мне, дарэчы, найбольш падабаецца. Вырасту, абавязкова пашыю сабе такія ж скураныя порткі, як у таго, чацвёртага, і адгадую такія ж даўгія валасы.

На першы ўрок, на ненавісную мне расейскую мову, мы з Мішкам, як заўсёды, познімся. Марковіч ужо і дзверы адчыніла, а тут мы бяжым па калідоры. Русічка, з грымасай на твары, запускае нас у клас, з грукатам зачыняе дзверы.

Саджуся за парту, спрабую перавесці дых.

 Ну як, прынёс?  шэпча суседка. Моўчкі ківаю галавой.

Назад Дальше