Суседаўна, чуеш? толькі не памірай!
Макеіха, падобна, была жывая, бо пад пахамі ў яе было цёпла і вусны злёгку варушыліся. Падцягнуўшы суседку да паркана, Аўрора зморана плюхнулася на лясе, уголас пралепятала:
Божухна, а куды ж я цябе цягну?
Перабіраючы рукамі штыкеціны, жанчына стала выбірацца з агарода, падабрала па дарозе згубленую басаножку і ўжо амаль непрытомная ўвалілася ў хату.
Пальцы зусім занямелі, і «хуткую дапамогу» Аўрора набрала толькі з чацвёртага ці пятага разу. Потым яна зняла з сябе прамоклую сукенку і, пашнарыўшы вачамі па пакоі, падхапіла з крэсла лінялы Макеішын халат.
Жанчына выйшла на ганак, і навакольны свет падаўся ёй дзіўным і незнаёмым. І гэта ад таго, што пад вокнамі ўжо не было старой вішні яна, як і яе гаспадыня, ляжала ля паркана, наставіўшы ўгору востра-зламаны, брунатнага колеру камель. Завеса дажджу рассунулася, наўкол павіднела, і Аўрора адчула раптам, што глядзіць на свет іншымі вачыма і што навальніца змяніла не толькі двор, але і саму яе. Штосьці змянілася, перайначылася ў душы. У той момант яна нават забылася на Макеіху і проста стаяла пад паветкай, з дзіўнай асалодай назіраючы, як аціхае залева. Старая настаўніца ўсё жыццё пражыла на самоце і саромелася гэтага. І заўсёды прыспешвала крок пад слінявымі позіркамі суседак старых пенсіянерак, што днямі поркаліся ў агародах, пад вечар глядзелі серыялы, а ўвечары збіраліся тут, ля Макеісішынай хаты, каб папляткарыць ды панаракаць на сваіх баламутных зяцёў ды нявестак. Яна і варажыць пачала на картах і на кававай гушчы каб убіцца да іх у давер, і нават пачала гаманіць на іхнай мове. І вось цяпер, дыхнуўшы азону, адчула, як сорам выпетрыўся з душы і замест яго там угняздзілася высакамерная грэблівасць да гэтых цёмных і неадукаваных пляткарак, да гэтай вуліцы і да ўсяго гэтага няўклюднага свету.
Струмені вады, што ліліся з паветкі, зрабіліся зусім ценькімі, разбэрсаныя хмары яшчэ кінулі некалькі буйных кропляў, уваслед ім сыпанула цёплая імжа, прыемна крануўшыся шыі, але неўзабаве і яна сунялася. І апошняя грымота пакацілася за далягляд усё адно як хтосьці вялізны і грозны пратупаў па небе. І да яе незласлівага вуркатання далучыўся перарывісты гуд машыны «хуткай дапамогі».
На двары зявіліся дзве маладухі ў белых халатах. Яны ўважліва абміналі лужыны, пра штосьці гаманілі, але, убачыўшы мокрую і завэдзганую хворую, што ляжала скраю агарода, збянтэжыліся. Але толькі на імгненне, бо тут жа скочылі праз лехі, прыселі на кукішкі. Маладая лекарка прыўзняла хворай павекі, намацала пульс, штосьці каротка і няўцямна сказала медсястры. Тая адчыніла валізу, дастала шпрыц, і Аўрора Леанідаўна, якая надта ж баялася ўколаў, адышла да весніц. Паклаўшы рукі на брамку, зірнула ўздоўж вуліцы. Па вулцы, збоку крамы, шпаркай хадою ішлі трое мужчынаў. Яны круцілі галовамі, заклапочана азіраліся, і Аўрора Леанідаўна махнула ім рукой.
Праз вецце зламанай грушы было бачна, як маладухі паклалі хворую на піўны намёт галава пры гэтым уперлася ў літару «О», а ногі спачылі на літары «В», лекарка цісканула гумовую грушу, моўчкі кіўнула сястры, і тая пабегла да машыны, скалануўшы паветра агідным пахам лекаў. Сівагаловы кіроўца выцягнуў з машыны насілкі, гэтаксама моўчкі кіўнуў рабацягам, што падышлі да хаты, і неўзабаве, сапучы і дробна перабіраючы нагамі, мужчыны вынеслі Макеіху з двара.
Што ж вы сваю халеру не замацавалі? Аўрора Леанідаўна паспрабавала надаць голасу суровыя ноткі.
Н-не п-паспелі в-віхор наляцеў, праз сілу выдыхнуў адзін з рабацяг, зачапіўшыся плечуком за пацямнелае ад дажджу шула весніц.
«Хуткая» адехала не адразу. Праз акно было бачна, як хворай ставяць кропельніцу нечая рука трымала бутэлечку. Нарэшце машына завялася, праехала колькі метраў, заднія дзверы прачыніліся, і медсястра, вытыркнуўшыся з проймы, радасна крыкнула:
Ажыла! Просіць, каб вы хату замкнулі ды нейкай Людзе патэлефанавалі.
Аўрора Леанідаўна доўга глядзела ўслед легкавушцы, якая паволі калывалася па вуліцы: Прафінтэрнаўскую ўвесь час перакопвалі, і асфальт скрозь прасеў, і калі тая, даехаўшы да крамы, павярнула направа, уголас прамармытала:
А вось жа паехала на казённай машыне І ўжо ідучы дахаты, дадала:
Карты не хлусяць.
Дваццаць крокаў дарогі
І
Месца дакладна тое? гукнуў Мікола, выціраючы мокрую чупрыну калашыннем спартовых штаноў.
Тое, адгукнуўся дзед Трахім, якраз ля каменя. Тады ён, праўда, на паверхні быў, а цяпер во у зямлю ўехаў, дзед прысеў на камень, выцягнуў пачак «Беламору».
Можа, далей адплывем? падаў голас Гасюта, зірнуў на дзеда, і той, чыркнуўшы запалкай, страсянуў галавой: Самазвал на паўкола ў ваду ўехаў, як скідваў. Так што шукайце. Дзесьці там і ляжыць.
Мікола памыляў ссінелымі ад холаду вуснамі, зморана ўздыхнуў і, пастаяўшы, як той скакун на вышцы, на носе лодкі, сігануў у ваду. Гэтым разам ён прабыў пад вадой як ніколі доўга: Гасюта нават сцягнуў з галавы кашулю, збіраючыся ратаваць сябра, ды тут Мікола вылецеў, па самы пояс, з вады і радасна выдыхнуў:
Ёсць!
Пару хвілінаў Мікола аддзімаўся, трымаючыся за вясло, потым насунуў на плячук зашмаргу, нырцануў пад лодку і з такой рашучасцю адштурхнуўся нагамі ад днішча, што Гасюта, які стаяў у поўны рост і разблытваў вяроўку, ледзь не кульнуўся за борт.
Першыя, а таму самыя вострыя сонечныя промні працялі небасхіл, і рака з серабрыстай ператварылася ў ружовую.
Глеем зацягнула ледзь адшукаў, прамармытаў Мікола, выбраўшыся на бераг: небараку даймалі дрыжыкі, ён увесь ссінеў, зуб паганяў зуба, і Гасюта, перш чым пачапіць да трактара канец вяроўкі, палез у кабінку і выцягнуў адтуль пачатую пляшку.
Мальцы глынулі на поўную губу, працягнулі пляшку дзеду Трахіму, але дзед піць адмовіўся.
За пару хвілін Гасютаў «Беларус» залескатаў на высокіх абаротах, вяроўка напялася, струной заспявала ў паветры. Дагэтуль дзед Трахім паглядаў на свет з лёгкай усмешкай, а ўгледзеўшы напятую вяроўку, ураз пасурёзнеў, прыхапіўся на ногі і застыў, з прыгаслай папяроскай у зубах.
Трактар натужліва завуркатаў, зямля здрыганулася, і з вады ўзнялося штосьці зялёнае і круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай камлызе чалавечыя відарысы, і толькі калі камлыга прапаўзла па пяску, а затым успарола берагавы дзірван, пакінуўшы на ім пасму зялёнай твані, сталі праглядацца няўклюдная галава і шырокая грудзіна.
Някволы бюсцік выдыхнуў Мікола, з натхненнем выкручваючы свае шырозныя, у «сэканд-хэндзе» набытыя трусы. Сябрук у адказ задаволена крэкнуў, перакінуў з рукі на руку пакарабачаную манціроўку і міжволі засяродзіўся, прыкідваючы, відаць, колькі «зялёных» ім адваляць за бронзавага балвана.
Манціроўка ляснула тупым канцом па балване, і гук ад удару атрымаўся глухім і няўцямным.
Цэмент, прамовіў дзед Трахім, а ўнук, паспеўшы нацягнуць трусы толькі на левую кумпячыну, перахапіў манціроўку і з амапаўскім натхненнем стукнуў балвана па няўклюднай галаве.
Цэмент, уголас прашапталі хлопцы і разам паглядзелі на дзеда.
Ну што, дзядуля дзе твая бронза? голас Міколавы дрыжэў, як авечы хвост. Папёрліся з цёмнага рана поомнік бро-онзавы унук мацюкнуўся, падцягнуў трусы і рушыў да «Беларуса» дапіваць рэшткі гарэлкі.
Добрых паўгадзіны хлопцы моўчкі ляжалі на траве, смалілі цыгарэты, нарэшце Гасюта падняўся на ногі і, кіўнуўшы ў бок камлыгі, запытаў:
Дык што, адвязваем?
Ды не-е прыспана прамовіў Мікола, цягні да дзедавай хаты. Будзе ведаць, як народу мазгі дурыць.
Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! крыкнуў дзед Трахім, але Гасюта тым часам ужо залез у кабінку, паддаў газу, і цэментавая гаргара, пакідаючы пасля сябе глыбокую баразну, папаўзла па беразе.
Унук Мікола ўжо трэці тыдзень гасцяваў у дзедавай хаце. Адранку глушыў рыбу на рачных затоках, удзень непрабудна спаў, а ўвечары хадзіў у мясцовы клуб альбо піў гарэлку на пару з дзедавым суседам трыццацігадовым механізатарам Гасютам. Вось і пазаўчора, узяўшы пляшку, унук выправіўся да суседа, але неўзабаве вярнуўся, цягнучы на плячы двухвядзёрны, ззелянелы ад часу самавар.
У Гасюты на гарышчы знайшлі, патлумачыў унук, а калі дзед з усмешкай спытаў, навошта ён прыпёр гэтае ламачча, безнадзейна махнуў рукой і падаўся з хаты.
Наступным ранкам Мікола спаў даўжэй звычайнага, а прачнуўшыся, працягнуў няскончаную размову.
Гэта, дзеду, не ламачча, а каляровы метал. Мне за яго тры тваіх пенсіі дадуць, унук пацягнуўся, вохнуў і пачухаў абедзвюма рукамі свае пакусаныя камарамі і пабітыя аб рачныя карчажыны ногі.
Словы такія пакрыўдзілі дзеда.
Мне маёй пенсіі хапае. Сорак гадоў адрабіў на чыгунцы. І табе даю на пляшку, буркнуў стары, пайшоў да дзвярэй і ўжо з парогу дадаў: Тут, непадалёку, гэтага металу цэлая тона ляжыць.