Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў 13 стр.


Сказаў гэта дзед не падумаўшы, а калі падумаў, унук ужо стаяў на ганку і чухаў голае чэрава.

 Ты што, сапраўды ведаеш, дзе медзь прыхавана? Стары дастаў беламорыну, скамечыў набойніцу ў гармонік, потым выцягнуў запалкі, і ўнук, перахапіўшы пушку, паднёс запаленую сярнічку да дзедавага носа.

 У рацэ ляжыць,  выдыхнуў, разам з папяросным дымам, дзед Трахім, прысеў на край ганка і пасля глыбокай зацяжкі, ад якой нават пацямнела ўваччу, распавёў унуку гісторыю саракагадовай даўніны.

Аднойчы, золкай восеньскай ноччу, Трахім пайшоў на раку ставіць донкі, і нечакана з прырэчных кустоў выйшаў міліцыянт у плашч-накідцы. Зыркнуўшы з-пад насунутага на вочы капюшона, міліцыянт загадаў тэрмінова пакінуць бераг, бо тут мусяць адбыцца вайсковыя вучэнні.

«Ці не пантонны мост наводзяць?» падумаў Трахім, адышоў метраў на дзвесце і залёг за кустом вырашыў паглядзець, як там усё будзе. Ляжаў доўга, здранцвеў увесь, хацеў быў ужо дахаты падацца, ды тут на бераг з натужлівым выццём выехаў самазвал і, даўшы задам, заехаў у ваду. Месца, куды заехаў самазвал, было адметным: там, непадалёку ад берага, круціў хлапякі белай пены глыбокі вір у віры, адразу па вайне, знайшлі тапельца, а таму тутэйшыя рыбакі ніколі не закідвалі туды вуды.

У цемры пачуліся галасы, мільганулі жарынкі цыгарак, самазвал загуў, цяпер ужо са страшнай натугай, і ў вір, узняўшы нябачныя пырскі, бухнулася штосьці цёмнае і важкае.

Раніцою, як толькі развіднела, Трахім пабег на раку і сустрэў па дарозе Сяргейчыка аднаногага інваліда, які таксама быў заўзятым рыбаком і хата якога стаяла на другім баку вуліцы.

 Чуў?  вымавіў Сяргейчык, калі яны парукаліся. Трахім таргануў галавой, і сусед, секануўшы паветра бамбукавым вудзільнам, прамармытаў:

 Сталіна скінулі.

 Як скінулі? Куды?  гукнуў быў Трахім, прыцішыў крок, а пачуўшы пра бюст, што стаяў у парку, шпарка пайшоў, прыладжваючы крок да мернага рыпення Сяргейчыкавага пратэза

Назад