Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў 3 стр.


З усімі астатнімі жыхарамі пасёлка сабакі жывуць дружна. Нават з Вазнячысіным катом, які часцяком завітвае на цвінтар і грэецца на дошках, пазіраючы на свет круглявымі, не раўнуючы як працяты сонцам агрэст, зіркадламі. Тузік гыркае на ката толькі тады, калі вусаты свавольнік пнецца, на паўсагнутых лапах, да бляшанак, у якія матухна Пелагея налівае малако.

Дзесьці на другім канцы псёлка гудзе машына. Кузік, чыя галава тырчыць з будкі, прыўзнімае правае вуха, слухае ці не Вазняк едзе?  і салодка, на поўную губу, пазяхае. Звычайна ад самага ранку на цвінтар забягае матухна Пелагея. Прыносіць малака, яшчэ якога едзіва Сёння ж гаспадыня затрымліваецца, і Кузік раз-пораз наструньвае слых і з нецярплівасцю пазірае на весніцы.

Тым часам ляскатанне малаткоў на імгненне аціхае, і з царквы выкульваецца каржакаваты дзядзька ў шэрай бейсболцы брыгадзір цесляроў.

 Ой, бля-а  зморана выдыхае брыгадзір і абедзвюма далонямі абабівае з нагавіцаў пілавінне. Потым нахіляе галаву ды лезе рукой за каршэнь пілавінне ўбілася і туды.

 Ну, дзе твой айцец Ануфры?  пытаецца за брыгадзіравай спінай чарнявы дзяцюк, таксама абабіваючы нагавіцы і засяроджана міргаючы прыцярушанымі вачыма.

 Антоні папраўляе брыгадзір, дастаючы з пакамечанага пачка напаўпустую цыгарэту.

 Калі не прынясе далібог памру,  гукае чарнявы і, мружачы прыцярушанае вока, цягне руку да брыгадзіравага пачка.

Мужчыны ўдыхаюць едкі дым, засяроджана сплёўваюць тытунёвыя крошкі.

 Цешча ўжо агуркі пасадзіла, а тут такая халадэча. Сабакі і тыя не ўгрэюцца,  чарнявы каротка свішча, крычыць: Гэй, харэ спаць!  і Кузік з неахвотаю вылазіць з будкі.

Следам за ім на свет божы выбіваецца Тузік і задаволена, узняўшы ўгору хвост і выцягнуўшы наперад лапы, пацягваецца.

 Ну як вам тут, на папоўскіх харчах?  пытаецца чарнявы, і брыгадзір, пусціўшы струмень шызага дыму, з вясёлым смяшком адказвае:

 Пасціцца не прымушае. Зірні на іх аж поўсць гарыць. Тузік і Кузік, праўда, гэтага не чуюць, бо навыперадкі бягуць да весніц. Весніцы натужліва рыпаюць, і ў пройме паўстае мажная постаць айца Антонія.

 Фу! Фу!  загадзя крычыць айцец Антоні, падбіраючы крысо даўгой святарскай апранахі дварнякі пры стрэчы спрабуюць узбіцца лапамі на калені так яны аднойчы падралі айцу спартовыя штаны, а надоечы завэдзгалі святочную расу.

 Наце вам скароміны,  святар кідае кавалкі лівернай каўбасы, і Тузік з Кузікам лятуць да пачастунку.

Дварнякі, падазрона зыркаючы адно на аднога ці не дастаўся каму большы кавалак?  глытаюць пачастунак і бягуць за гаспадаром.

Айцец Антоні прылашчвае кужэлістую бараду, папраўляе збітую набакір камілаўку, хрысціцца на кагадзе ўсталяваны царкоўны крыж.

 Ну, як усю ноч працавалі?

 Усю!  адказвае брыгадзір, парукаўшыся з айцом Антоніем.  Шкуркай зараз пройдземся і можна вешаць абразы.

 Малайцы а я думаў не паспееце,  айцец Антоні паварочваецца да сабак, сурова, як Мікола-ўгоднік, трасе пальцам: Сядзець тут у храм не заходзіць!

Але Тузік з Кузікам і без таго ведаюць у царкву ім уваход забаронены. А так цікава прабегчыся па свежых габлюшках, пашукаць мышэй у цёмных закутках. Дварнякі цягнуць шыі, круцяць насамі, спрабуючы ўнюхаць мышэй, а ўдыхнуўшы драўлянага пылу, разам чхаюць.

 А што у старавераў, як сабака ў царкву забяжыць, дык яе па-новай асвячаюць?  пытаецца брыгадзір, айцец Антоні штосьці адказвае, але словаў не чуваць з-за шоргату ног.

Тузік з Кузікам пазяхаюць, панылымі вачыма аглядаюць цвінтар. Вятрыска гоніць па сцяжыне шэры пыл на кучу сілікатнай цэглы прымасцілася і тут жа ўзнялася ў паветра натапыраная варона. Відаць, чагосьці спужалася. Ага! За крушняй сілікатнай цэглы мігнуў кудлаты каціны хвост. Кот падыходзіць да таго месца, дзе ляжала каўбаса, нюхае зямлю і, бязгучна вякнуўшы, ускоквае на плот. Вусаты прайдзісвет ступае па няроўных канцах дошак, і Тузік з Кузікам з зайздрасцю глядзяць на ката, дзівуючыся як гэта можна хадзіць па такіх тонкіх, ды яшчэ і няроўна абрэзаных дошках?

Хвілін пятнаццаць сабакі ляжаць каля царкоўнага парога Кузік пры гэтым грызе галінку з шэрымі катахамі засталася ад Вербніцы,  і прыслухоўваюцца да гулкіх галасоў з царквы.

 Не пераблытайце: «Звеставанне» павесіце на гары, астатнія знізу

 Не хвалюйцеся, не пераблытаем Як скончым усё лішняе вынесем, і габлюшкі прыбярэм

 Не хвалюйцеся, не пераблытаем Як скончым усё лішняе вынесем, і габлюшкі прыбярэм

 Я па абедзе жанчын прышлю, каб памылі

 А што, у Бычках усё згарэла? Нічога не ўратавалі?

 Усё!  голас айца Антонія мацнее, і сабакі падхопліваюцца.

На Вербніцу, з-за ліхенькай электраправодкі, у суседніх Бычках згарэла драўляная царква. Таму і вырашылі сустракаць Вялікдзень у недабудаваным храме: на ўсяночную прыдуць бычкоўцы, а ў малой, перабудаванай з трансфарматарнай будкі капліцы, дзе служыць айцец Антоні, можа змясціцца чалавек дзесяць, не болей.

 Матухна з кулічамі завіхаецца. Як вызваліцца прынясе вам падсілкавацца. Толькі ж глядзіце  айцец Антоні хрысціцца на ўваходныя дзверы,  не ў царкве

 Ну няўжо не ведаем!  гамузам адзываюцца цеслі, і брыгадзір, закаціўшы вочы, ледзь чутна шапоча: «Звеставанне угары, апосталы на зямлі».

Па абедзе мужчыны прымасціліся на лаўжы сухога галля за царквой і прагна, у восем рук, пачалі разбіраць прынесеныя матухнай Пелагеяй пачастункі. Пачастункі былі посныя, і мужчыны з тае нагоды ўголас абураліся («Нават сабакам няма чаго кінуць!»), але, дастаўшы са дна бяздоннай кайстры дзве пляшкі гарэлкі, ураз павесялелі.

 Ну, з богам!  выдыхнуў праз пару хвілінаў брыгадзір, куляючы чарку.

У торбе знайшлася толькі адна шклянка, таму пілі па чарзе, піхаючы закарузлыя пальцы ў слоік з кіслай капустай.

Тузік і Кузік сядзелі поруч, шоргалі па траве хвастамі, варушылі азадкамі, а ўчуўшы пах гарэлкі ды перакіслай капусты, разам пырхнулі.

 Што, не смакуе?  гукнуў чарнявы маладзён: ён разліваў гарэлку.  Звыкайцеся з трапезай нашай,  пасля такіх словаў мужчыны стрымана рагатнулі, а маладзён, адкаркоўваючы другую бутэльку, кіўнуў у бок царквы: Відаць, Бог усё ж такі ёсць.

 Ёсць, ды не такі, якім яго малююць,  азваўся на тое брыгадзір і, хукнуўшы ў жменю, глынуў другую чарку.

 Усё гэта жыдоўскія штучкі, падтрымаў размову трэці мужчына таксама чарнявы і кучаравы, за што атрымаў мянушку Турак. Турак у свой час скончыў педінстытут і на ўсе выпадкі жыцця меў уласную думку.  Мы што, славяне, дурнейшыя за жыдоў? Ды наш фальклор куды больш красамоўны. Казку «Лёгкі хлеб» чыталі? Сапраўдная філасофская прыпавесць!  Турак глынуў гарэліцы, выцер далонню вільготныя вусны.  Адно што жыды пісаць маглі, усё гэта занатавалі. А мы, славяне  выпускнік педінстытута махнуў рукой і куснуў салёнага гурка.

 Бязбожнік ты, Турак,  убіўся ў размову маладзён,  гарэць табе ў пекле. І габрэяў дарма крыўдзіш. Што яны табе кепскага зрабілі?

Гуркі былі пераспелыя, і хлопцы сплюнулі пад ногі семкі.

 Які ж бязбожнік, калі я перакананы, што Бог ёсць і ён валадарыць светам. Адно што мадэль боскай сутнасці, якую прапануюць папы  Турак на хвілю задумаўся, маракуючы, як скончыць фразу, і ў гэты момант з-за царквы выйшлі, несучы ў поліэтыленавых мяхах габлюшкі, дзве старыя жанчыны.

 Хаця б далей адышлі пянтосы няшчасныя!  гукнула адна з кабет, цеслі нязлосна мацюкнуліся і трэцюю чарку кулялі моўчкі.

Калі, праз гадзіну, падпітыя мужчыны рушылі да хаты, чарнявы маладзён кінуў Тузіку скарынку хлеба і, не да каго не звяртаючыся, запытаў:

 А ці ёсць гэта душа ў сабак?  і Тузік, нават не нюхнуўшы пачастунку, каротка брахнуў:

 Ёсць!

Адвячоркам нібыта бралася на дождж, на даляглядзе пару разоў раскаціста грымнула, але потым усё сціхла, і ўскудлачаная, серабрыстая з краёў хмара няспешна прыхавалася за Бычкоўскім лесам. Наўзамен ёй над лесам паўстала Мілавіца, і ў паветры пранізліва запахла таполевымі пупышкамі.

Адну з таполяў, што расла на цвінтары, учора ссеклі, а галлё ды пацурбалкі па недаглядзе склалі тут жа, ля пня. Цяпер вось брыгадзір цесляроў з чарнявым напарнікам спехам цягаюць цурбакі да плота, аслабаняючы дарогу для хроснага ходу.

 Галіны ў зямлю ўторкніце, каб дошак не было бачна,  камандуе айцец Антоні, выкопваючы з нетраў святарскіх строяў кішэнны гадзіннік. Ляпнуўшы гадзіннікавым вечкам, бацюхна ўздыхае час ісці ў царкву пераапранацца, а тут яшчэ нічога не гатова.

Тузік з Кузікам круцяцца ля гаспадаравых ног, задаволена вішчаць, а неўзабаве, выцягнуўшы з лаўжа доўгія пруты, пачынаюць іх шкуматаць.

 Матухна, сабак прыбяры!  гукае айцец Антоні, але матухна не чуе у яе сваіх спраў па горла: жанчына махае камусьці рукой, а потым бяжыць пераймаць пажарніка, які нясе вогнетушыльнікі.

Назад Дальше