Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў 4 стр.


Праз хвілю, забыўшыся на кудлатых свавольнікаў, бацюхна крычыць штосьці падпітаму электрыку, які ўзлез на слуп, а Тузік з Кузікам кідаюцца да весніц, адкуль чуваць лямант:

 Госпадзі Ісусе Хрысце, Сыне Божыю-у  спявае дзядок у заношаным палітоне, раз-пораз цалуючы кардонны абразок, які вісіць на грудзіне.

Людзі, што раз за разам уваходзяць на цвінтар, кідаюць дзядку грошы. Тузік тыцкае мокрым носам у шапку з грашыма, дзядок незадаволена сыкае:

 Прэч, паскуда!  і, настроіўшы голас на патрэбны тон, ізноў гугнявіць: Го-оспадзі Ісусе-э

Тым часам весніцы з рыпам адчыняюцца, і ў пройме зяўляецца старая Вазнячыха. Трымаючы магутным азадкам фортку, старая перакідвае з рукі на руку вузел з кулічамі, хрысціцца і тут жа падхопліваецца, прыціскаючы кулічы да грудзіны.

 Куды лезеце халера на вас  Тузік з Кузікам унюхалі салодкі пах печыва, лезуць лапамі цётцы на грудзіну, і старая, успёршы кулічы на галаву, нема галосіць: А людцы мае добрыя-а

 Тузік! Фу!  чуецца з натоўпу, і сабакі, пачуўшы родны голас, круцяць ад захаплення не толькі хвастамі, але і галовамі. Матухна Пелагея з вясёлым дакорам тузае Кузіка за віслае вуха, выпускае сабак на вуліцу.

Сабакі радасна брэшуць, скачуць вакол гаспадыні. Радасць іх зразумелая: столькі народу наўкола, і светла, як днём, бо на слупе, на якім кагадзе завіхаўся электрык, запаліўся пражэктар і навылёт працяў густое, настоенае на паху таполі і велікодных кулічоў паветра.

Гаспадыня дробненька тупае па сцяжыне, сюд-туд глядзіць на гадзіннік, махае рукой, заклікаючы гадунцоў не марнаваць час, ды дзе там! Тузік раскапаў кратовую кучку, уважліва нюхае нару, а ягоны сябрук наогул знік з вачэй забег, відаць, у чужы двор, бо непадалёку бразнуў ланцуг і надрыўна забрахаў чужы сабака.

Матухна ўся знервавалася, пакуль загнала гадунцоў у хлеўчык, а кінуўшы ім два кусы надоечы купленай крывянкі, крутнула засаўку.

 Пасядзіце тут да раніцы. Ратунку ад вас няма.

Сядзець у цёмным хлеўчыку, поруч з курамі, якія сонна квахталі за сценкай, сабакам ніяк не выпадала. Тузік з Кузікам здушана скавыталі, торкалі насы ў дзвярную шчыліну, спрабавалі грызці шула, нарэшце суняліся і, брахнуўшы, леглі на ватоўку на тое месца, дзе колісь спалі шчанюкамі. Ляжалі з узнятымі галовамі, зацята глядзелі на зоркі Тузік на белую, Кузік на чырванаватую,  зоркі тыя цьмяна блішчэлі ў дзвярной шчыліне,  і голасна ўздыхалі.

На гарышчы поркалася ў струхлелай саломе мыш, гаспадараў кот мякка ступаў па даху, за сценкаю прыспана варушыліся куры, і аднекуль здалёк начны ветрык прыносіў невядомыя і незразумелыя зыкі. Там, удалечыні, штосьці няўцямна гуло, мармытала, прыглушана спявала; Тузік з Кузікам нюхалі паветра, трэслі вушамі каб лепей чуць і ўадначас каб адбіцца ад сянных скочак,  пару разоў падхопліваліся на ногі, нарэшце, змораныя, паклалі галовы Кузік на край ватоўкі, Тузік на спіну свайму сябруку і прымкнулі вочы.

Пад раніцу яны разам ускочылі і падбеглі да дзвярэй. Сабакам выразна пачуўся гаспадаравы голас. Голас абрываўся, згасаў, зноў абуджаўся і клікаў, клікаў да сябе! Якраз гэтым часам у царкве адчынілі ўсе вокны, і сціснуты чатырма сценамі густы бас айца Антонія вырваўся на волю.

«Гаспадар! Яго душаць тыя сволачы, што сабраліся на цвінтары! Ён кліча на дапамогу!» Відаць, такія думкі апанавалі той хвіляй Тузіка і Кузіка, якія гучна забрахалі, забегалі з канца ў канец сваёй вязніцы, і неўзабаве Кузік пачаў рабіць падкоп пад дзвярыма, а Тузік стаў вадзіць лапаю па дзвярной шчыліне. Сабачы кіпцюр крануў драўляную засаўку раз, потым другі, засаўка адышла, і сабакі, наваліўшыся грудзінамі на дзверы, разам выкуліліся на двор.

У царкве было не прадыхнуць, старой Вазнячысе нават стала млосна ад задухі, і з правага боку асцярожна, каб не замінаць службе,  выставілі рамы з вокнаў. Пяюны царкоўнага хору, адчуўшы, што галасы іх пры адчыненых вокнах пацішэлі, заспявалі на поўныя грудзі.

«И Слове, и Душе, треми соединяемое во ипостасех естество, пресущественне, и пребожественне, в Тя крестихомся-а» Заспявалі так зладжана і пранікнёна, што ў айца Антонія нават навярнуліся няпрошаныя слёзы; ён скасіў вока на матухну, але тая, як ні дзіўна, глядзела ў іншы бок на ўваходныя дзверы.

«И Тя благославим во вся веки-и»

Матухна прыўзнялася на дыбачках, паправіла хустку на галаве, стала прабівацца да выхаду.

Ля дзвярэй, на бабінцы, чынілася штосьці незразумелае. Там брахалі і якаталі сабакі, сіпла лаяліся мужчыны, крычалі жанкі, і ўвесь гэты гармідар пакрываў немы лямант знадворку:

Ля дзвярэй, на бабінцы, чынілася штосьці незразумелае. Там брахалі і якаталі сабакі, сіпла лаяліся мужчыны, крычалі жанкі, і ўвесь гэты гармідар пакрываў немы лямант знадворку:

 А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а?!  Гэта лямантавала старая Вазнячыха.

Ля ўвахода заскавытаў сабака, хор на імгненне аціх, і айцец Антоні, зірнуўшы ў бок кліраса, сурова і ўладна заспяваў:

«Прииде Тобою в мир Господь»

І хор, ужо без ранейшай жарсці, падхапіў велікодную песню.

Пасля ютрані айцец Антоні доўга сядзеў, знясілены, не даючы рады скінуць святочнай рызы. Адзінае, што ён здолеў зрабіць, гэта расчасаць свае пасівелыя валасы матухна называла іх «пэцаламі» ды зняць з грудзіны цяжкі срэбны крыж. У галаве, як ні дзіўна, не было ніякіх думак. Галава злёгку кружылася ад бяссоння, і было ўражанне, што цела пазбылася цяжару і пасмай ладаннага дыму паплыло ў паветры. Праз паўгадзіны фанерныя, дзеля выгляду навешаныя дзверы адчыніліся і ў пакой зазірнула матухна Пелагея.

 Ну што ты, далібог. Госці сабраліся, а цябе няма

 Іду,  выдыхнуў айцец Антоні, але так і застаўся сядзець у нерухомасці, неадрыўна пазіраючы на завіток жаўтлявых габлюшак.

 Тузіку лапу перабілі матухна глянула на двор і, адказваючы на нечае вітанне, хуткагаворкай прамовіла: Сапраўды ўваскрэс!

Айцец Антоні падняўся з крэсла:

 Хто перабіў?

 Сусед Патрыкееў. Cтаяў ля царквы, падпіты ну і шпурнуў палена.

 Прасілі ж цябе  плаксіва выдыхнуў айцец Антоні, і матухна незадаволена адказала:

 Загнала і дзверы зачыніла Дык вылезлі ж

Ля дзвярэй айца Антонія пераняў Кузік. Віскнуўшы, ён ліслівым катом падбіўся пад ногі і ціха брахнуў.

 Што, насваволілі? Цяпер лашчышся?

Айцец Антоні нахіліўся, каб патрэсці Кузіка за гагавіцу, але нечакана выпрастаўся і пасуровеў з твару. Ад кучы цэглы, скачучы, як спутаны конь, шкандыбаў Тузік. Задняя лапа ягоная была перабітая ў суставе і бездапаможна матлялася ў паветры.

 Што ж ты, братка  са шкадобай у голасе выдыхнуў святар, прысеўшы над кудлатым гаротнікам,  бег мяне ратаваць? Эхэ-хэ-э

Тузік глядзеў на гаспадара вільготнымі чорнымі вачыма, якія раптам затуманіліся і сталі падобныя на маціцовыя гузікі.

 У такі дзень  прашаптаў святар, і твар ягоны злёгку прасвятлеў: на другім канцы вуліцы, гудучы на падёме, азваўся міліцэйскі «жыгуль».

Кузік хацеў адчыніць непадатныя весніцы, але сіл не хапіла, і ён, стаўшы на лапы, прыслухаўся. Да вушэй далятаў толькі голас даішніка.

 Ну што вы, які ветэрынар, калі ў суставе перабітая

 Вы не хвалюйцеся. Шпокну ў вуха ён нічога і не пачуе Без лапы якое жыццё Ну, вядома, не тут Адвязу ў лес У мяне і рыдлёўка ў багажніку

Праз няшчыльна падагнаныя дошкі было бачна, як гаспадар парукаўся з Вазняком, хацеў было ізноў ісці на цвінтар, ды тут убачыў ля сваёй хаты матухну Пелагею. Жонка раскрыліла рукі, ляпнула імі па сцёгнах. Жонка сердавала: у хату, на разговіны, прыйшлі госці бычкоўскі бацюхна, швагер з жонкаю, сын з нявесткай, а ён ходзіць немаведама дзе І айцец Антоні, махнуўшы рукой, рушыў следам за «жыгулём».

Пасля разговінаў айцец Антоні прылёг адпачыць і праспаў да вечара. Абудзіла яго бразганне посуду на кухні і прытоенае жончына мармытанне.

 Розуму ж у сабак зусім няма. Толькі яго пачуюць кідаюцца, як ашалелыя. Ну і тут кінуліся. Вазнячыху перапудзілі заікацца пачала. Ёй жа на ўсяночнай млосна стала, дык вывелі Сядзела, да сцяны прытуліўшыся, ды, кажуць, заснула А тут гэтыя брэшуць, у царкву лезуць Вазнячыха і загарлала з перапуду, папаўзла ўздоўж сцяны. Карацей, і смех, і грэх  матухна бразнула талеркамі і, звяртаючыся да нявесткі, прамовіла: Бяры ручнік праціраць будзеш.

Пасля выпітай чаркі балела галава, злёгку нудзіла, і айцец Антоні, пацёршы скроні, выйшаў на падворак.

На двары было цёпла і вільготна. Падсветленае згасальным сонцам паветра ружавела, дрыжэла ўваччу, і старая таполя, што стаяла пасярод двара і яшчэ ўчора была панылай і голай, пакрылася зялёным вэлюмам. Айцец Антоні скасіў вочы і да храбусцення ў суставах пацягнуўся.

 Любата!  вырвалася з грудзіны, і водгуллем вокліча святарскай душы стаўся глухі і няўцямны зык. Гэта выў на царкоўным цвінтары самотны Кузік. Айцец Антоні спахмурнеў, але тут жа страсянуў галавою.

«Што гэта я пусціў у душу грахоўную маркоту, калі душа павінна весяліцца»,  айцец Антоні падняў угору вочы, перахрысціўся на ружовыя аблокі, і сэрца ягонае крануў лёгкі халадок ад адчування, што калісьці, у іншым жыцці, ён пабачыць жывога Тузіка, і ягоны ўлюбёнец тыцнецца яму ў далонь халодным носам, а яшчэ падумаў, што пабачыць родную маці і тую дзяўчыну, якую страшэнна кахаў і з-за якой ледзь не кінуў семінарыю, і, апанаваны такімі думкамі, прачытаў ад пачатку да канца сваю ўлюбёную Восьмую Песню. Гэта яна гучала ў царкве, калі туды лезлі кудлатыя недарэкі.

Назад Дальше