Рыгор запаволіў хуткасць, і першыя зярняты з лёгкім храбусценнем перацёрліся на мліва. Гукі гэтыя лагодзілі слых. І наогул, малоць каву на старажытным млынку было надзвычай прыемным заняткам, і калі хвілін праз пяць гаспадыня зайшла ў кухню, госць адказаў ёй белазубай, па-дзіцячы наіўнай усмешкай.
У гэтым была нейкая зачараванасць, нейкае насланнё. Рыгор круціў корбу, і разам з корбай круціліся кухонныя сцены, газавая пліта, насценны гадзіннік, двухкамерная лядоўня «Ака», і ўвесь свет раскручваўся навокал, і кружэнне гэтае спынілася толькі тады, калі за спінай бразнулі дзверы і хтосьці голасна вымавіў ягонае імя.
Гэта была Зіначка: яна з нецярплівасцю ляпала па далоні донцам меднай туркі.
Зіначка яшчэ крыху, малітоўна прашаптаў Рыгор і, звёўшы вочы да пераносся, са здзіўленнем адзначыў, што паспеў змалоць толькі жменьку кававага зерня.
Каб не разагнаць, не расплюхаць неасцярожным рухам зачаравання, Рыгор заплюшчыў вочы і шчасна ўсміхнуўся. Ён вырашыў змалоць увесь пачак.
Рыгор Мікалаевіч вы паўтары гадзіны круціце мне заўтра на працу, пачулася над вухам, але гэтым разам Рыгор нават не азірнуўся. Прыкусіўшы губу, ён малоў каву, і выгінастая корба ў той момант рабіла 1560-ы абарот.
Потым гаспадыня яшчэ пару разоў заходзіла ў кухню. Змучаным голасам казала, што ў яе хворае сэрца, што ёй трэба класціся спаць, тэлефанавала Рыгор чуў краем вуха Еўдакеі Ферапонтаўне, нарэшце сунялася, і ў Рыгора застракатала ўваччу. Зярняты ператварыліся ў прусакоў, заварушыліся перад носам; госць страсянуў галавой, і ў гэты момант млынок вырваўся з рук і важка абрынуўся на галаву. Адзінае, што госць паспеў заўважыць, гэта металёвую корбу, якая, мільгануўшы перад носам, гучна ляснулася ў насценны гадзіннік.
Стрэлкі гадзінніка застылі на лічбе «12», кухонныя сцены спынілі кругабег, пагрозліва атачыўшы Рыгора з усіх чатырох бакоў. Сусвет перастаў круціцца вакол Палярнай зоркі, замёр на імгненне, і за каршэнь Рыгораў струменьчыкам пасыпалася кававае мліва.
Хвіліну ён сядзеў, утуліўшы галаву ў плечы, потым асцярожна, з утуленай у плечы галавой, устаў і, як той самнамбул выставіўшы наперад рукі рушыў да дзвярэй.
У суседнім пакоі здушана плакала Зіначка.
Варятка, вырвалася з Рыгоравай душы, калі ён выходзіў з кватэры.
Дыхнуўшы прахалоды, кандыдат памацаў пабітую макаўку, выцягнуў са штаноў край кашулі, спрабуючы вытрусіць кававае мліва, але яно прыстала да потнага карка і раздражняла нервы. Раздражнялі і туфлі, якія раптам пачалі ціснуць. Кандыдат памкнуўся зняць іх і закінуць у прыдарожныя кусты, ды ўгледзеў, што насунуў не на тую нагу. Ён сагнуўся, тузануў непадатны шнурок, і на мысок стаптанай туфлі адна за адной упалі дзве скупыя халасцяцкія слязіны.
Палёты праз цэнтр Зямлі
А. М.
Кто же они, эти загадочные «жуки», имеющие такую фантастическую популярность? спросит читатель. Увы, это всего-навсего английский эстрадный ансамбль «Битлз» (жуки), состоящий из четырёх человек Трое с гитарами, один ударник и все четверо чуть было не сказал поют! Трудно себе даже представить, какие звуки издают эти люди под собственный аккомпанемент, какое содержание в этих опусах.
Бедные, наивные «жуки»! Вы, наверно, твёрдо уверены, что всё это слава, бешеные деньги, рёв и визг поклонников, визиты к королям всё это навсегда и по заслугам. Но готов биться об заклад, что протянете вы ещё год-полтора, а потом появятся молодые люди с ещё более дурацкими причёсками и дикими голосами, и всё кончится!..
Никита Богословский. Из жизни «пчёл» и навозных «жуков» («Литературная газета», 1964 г.)Сонца паволі, як бы з неахвотаю кранаецца шторы, і ў квадраце святла паўстае Юркава постаць. Братан з шумам перагортвае старонку.
«Для плазмасвідара з паветрана-віхравой стабілізацыяй дугі і паветраным ахаладжэннем хуткасць свідравання ў грана ээ у грана-ды-я-рытах сягае чатырох з паловаю метраў у гадзіну пры дыяметры свідравіны да 130 міліметраў», уголас мармыча братан і соладка пазяхае.
Юрка вучыцца на чацвёртым курсе інстытута. Заўтра ў яго залік па новых метадах свідравання. Стрэлкі гадзінніка, які вісіць над Юркавым сталом, паказваюць палову на адзінаццатую, і з галавы маёй яшчэ не выпетрыліся рэшткі сну, у якім я прабіраўся бясконцай пячорай да цэнтра Зямлі.
Юр, гукаю я, масіруючы далонямі заспаныя вочы.
Юр, гукаю я, масіруючы далонямі заспаныя вочы.
Ну, адгукаецца брат.
Ты там пра свідраванне вучыш?
Ну.
А што, калі прасвідраваць Зямлю наскрозь?
Паспрабуй, муркае Юрка, не адрываючы вачэй ад падручніка. Свідар у зубы, барабан на шыю.
Я закідваю рукі за патыліцу і малюю ў свядомасці пракапаную праз цэнтр Зямлі шахту. А калі ў яе скочыць? Вылеціш на амерыканскім баку, прычым наперад нагамі. Вось бы здзівіліся амерыканцы! Цісну далоні да павек і ўяўляю, як з яміны там, на другім баку зямной кулі вылятае русічка Марковіч. Расхлістаная, з задзёртай спадніцай, і штосьці гарлае амерыканцам. Ды не не штосьці, а сваю ўлюбёную фразу: «Ізноў забалбаталі сваімі язычышчамі паганымі!» Можна падумаць, амерыканцы яе зразумеюць. А можа, вылятаючы з яміны, загадае іншаземцам падкрэсліць дзейнік адной рысай, а выказнік дзвюма?
Юр
Брат адрываецца ад падручніка, незадаволена крывіцца.
А калі скокнуць?
Куды?
У шахту праз цэнтр Зямлі пракапаную.
Ужо пракапаў? Юрка адкідваецца на спінку крэсла, спружна, да храбусцення ў суставах пацягваецца.
А калі пракапаю і скокну я што вылечу на амерыканскім баку наперад нагамі?
Ты ўвогуле ўяўляеш пра што гаворка? Дыяметр зямной кулі 12 тысяч кэмэ. А самая глыбокая нават не шахта, а свідравіна не перавышае васьмі кіламетраў. Прабіць такую шахту усё адно што змяніць вось вярчэння Галактыкі.
А калі ўсё ж такі скокнуць?
Да Амерыкі, Лёня, у любым выпадку не даляціш. Згарыш сінім агнём.
Я таксама пацягваюся і з думкай, што брат начыста пазбаўлены фантазіі, вылажу з-пад коўдры. Голая пятка натыкаецца на разгорнутую кніжку. «Вандроўка да цэнтра Зямлі» Жуля Верна. Класная кніжка! Чытаў учора да самай ночы, аж пакуль маці не прыйшла ды не выключыла святло.
Замест цёплай вады ў кране глухое сіпенне. Даводзіцца плюснуць на твар халадзёнкі.
Мыешся, як той Маркіз, адной лапай, кажа братан, ідучы ў кухню.
У кухні пахне гарачымі сардэлькамі: маці ўчора адстаяла чаргу і ўзяла пару кіло. Юрка абдзірае сардэльку, кідае скурку Маркізу, і кот, падчапіўшы яе кіпцюром, падкідвае ўгору. Для ката скурка задужа гарачая.
Сядаю за стол, моўчкі гляджу на брата. Юрка злёгку змарнеў. Нават мяшкі зявіліся пад вачыма. Дзіва што! Учора (дакладней, ужо сёння) прыцёгся дахаты а другой гадзіне ночы, а як развіднела піхнуў нос у падручнік.
Пакуль ты дрыхнуў, я і сардэлькі зварыў, і гарбату запарыў, ратуючыся ад пякельнай гарчыцы, Юрка хапае ротам паветра. Еш, а то стынуць.
Мне чамусьці зусім не хочацца есці.
А што, у цэнтры Зямлі вялікая тэмпература?
Не менш як пяць тысяч па Цэльсію, Юрка налівае шклянку моцнай гарбаты. Але ты да цэнтра не даляціш. Згарыш ад кантакту з паветрам. Я ўжо не кажу пра перагрузкі. Зрэшты, да перагрузкі, спадзяюся, справа не дойдзе: ужо на першай сотні метраў цябе пачне біць аб сценкі.
Гарчыца і сапраўды пякучая. Аж духі займае. Кот Маркіз нават выбег з кухні. Калісьці Юрка мазануў яму пад хвост, дык цяпер небарака нават паху гарчычнага не трывае.
Дзіўна, аднак Чалавек можа згарэць ад кантакту з паветрам. А калі паветра адпампаваць?
З калідора далятае здушаны голас Мішкі Зыля:
Лёнь, выходзім!
У калідоры, у нішы, вісіць электралічыльнік, такі ж лічыльнік вісіць у суседскай кватэры, і калі сусед у нішу крыкне, голас чутны нават на кухні.
Толькі цяпер згадваю, што сёння ў нас, аб адзінаццатай гадзіне, піянерскі сход, і, на хаду жуючы неаблупленую сардэльку, бягу апранацца.
Мішка чакае мяне на лесвічнай пляцоўцы, з нецярплівасцю стукаючы каленам па партфелі.
Кніжку тваю да ночы чытаў, таму і праспаў, мармычу, збягаючы па прыступках.
«Прыгоды капітана Гатэраса» чытаў ці «Вандроўку да цэнтра Зямлі»? Мішка абганяе мяне, зязджаючы на азадку па парэнчы.
«Вандроўку». На самым цікавым месцы спыніўся: калі Аксель заблудзіў у цёмным лабірынце. Маці святло выключыла, а так бы яшчэ ўчора дачытаў.
У Мішкі ў хаце поўны збор твораў Жуля Верна. Усе дванаццаць, шызага колеру тамоў стаяць на паліцы.
Мы выходзім з падезда, мружымся на сонца.
Во жылі людзі на паветраных балонах лёталі, на Паўночны полюс вандравалі. Ты вось, напрыклад, куды б хацеў зездзіць? пытаецца Мішка.
У Вентспілс, да бацькі, адказваю пасля кароткага роздуму.
Вось яшчэ вандроўка. Сеў у цягнік і там. А я кажу пра сапраўднае вандраванне. Куды-небудзь на край свету.