Сонца адбірае вочы, і я нацягваю на бровы брылёк кепуркі.
У Амерыку мару злятаць праз цэнтр Зямлі. Мішка на імгненне спыняецца:
Як гэта?
А вось так: пракопваем праз цэнтр Зямлі скразную шахту, скочым у яе і вылятаем на тым баку, у Амерыцы.
Сябрук шморгае носам ёсць у яго такая звычка, азадачана чухае скронь.
Разганяцца, відаць, будзеш толькі да цэнтра Зямлі, а потым хуткасць будзе згасаць, Мішка мружыцца на сонца, голасна чхае. Думаю, метраў сто не даляціш. Назад абрынешся. Уяўляю, як русічка Марковіч, не даляцеўшы ста метраў да краю ямы, ляціць назад у чорную пройму, і стоена ўздыхаю. А калі выкапаць у тым месцы катлаван? І калі русічка падляціць схапіць яе за лыткі!
Нінэль Іванаўна Марковіч мой галоўны школьны вораг. Другую чвэрць запар ставіць трайбаны. Кажа: аніводнага правіла не ведаеш. А я, між іншым, дыктанты на чацвёркі пішу.
Звычайна дарогу ад школы дадому адольваем за шэсць хвілін. У Мішкі на руцэ гадзіннік, і ён любіць, выходзячы з падезда, засякаць час. У нашым 5-м «А» гадзіннік ёсць толькі ў яго ды ў маёй суседкі па парце Галкі Патрыкеевай. Дзесьці прыканцы ўрока толькі і чутны шэпт: «Міш, колькі засталося?» А мне і шаптаць не даводзіцца. Бяру суседку за руку, падцягваю рукаво і гляджу колькі там націкала. І, што дзіўна, суседцы гэта падабаецца. Галка, дарэчы, законная дзеўка. Як і Мішка, вучыцца на адны пяцёркі і часцяком дае спісаць хатнія заданні.
Мы яшчэ толькі на сярэдзіне дарогі пераходзім бульвар, а ўжо звініць званок на перапынак, і школьны будынак гэта чутна нават тут, на бульвары, дрыжыць ад галасу і тупаніны. Клас наш займаецца ў другую змену, таму Чыпаліна так мы называем старшую піянерважатую дадумалася збіраць савет дружыны перад заняткамі. Нас з Мішкам ад гэтых сходак цягне на ваніты. Але мусім на іх хадзіць, бо Мішка старшыня савета атрада, а я звеннявы і, да таго ж, адказны за збор металалому.
Пакуль дайшлі да школы, пакуль прабіраліся праз гаманкі натоўп першакласнікаў, пакуль узбягалі на чацвёрты паверх, пасяджэнне савета ўжо пачалося, і ў пройме дзвярэй піянерскага пакоя нас сустрэў роблена-саладжавы голас Чыпаліны:
Ёсць такія грызуны суркі. Яны паспаць любяць.
Усе глядзяць у наш бок, задаволена пасміхаюцца, а старшыня савета дружыны круглатварая, спрэс абсыпаная рабаціннем васьмікласніца Ждановіч лісліва пырскае ў далонь.
Сама ты грызуніха, шапоча Мішка, і мы сядаем на вольныя крэслы.
Піянерважатую завуць Святлана Іванаўна, але ўсе скрозь, нават настаўнікі, завуць яе Чыпалінай. Мянушку Святлана Іванаўна атрымала пасля таго, як зрабіла аднойчы мадняцкую прычоску: сабрала свае караткаватыя, нявызначанага колеру валасы ў пучок ды завязала на макаўцы.
Дык вось, паўтару для тых, хто не чуў піянерважатая ўжо сурёзнымі вачыма зыркае на Мішку. На мінулым тыдні дадзены старт патрыятычнай ініцыятыве: сабраць металалом для зборкі дзесяці магістральных цеплавозаў. Як вы разумееце, наша піянерская арганізацыя павінна самым актыўным чынам уключыцца ў гэтую справу. Я ўчора ўвечары пайшла да майстэрань і паглядзела колькі там сабрана металалому. Самая маленькая кучка, таварышы, у 5-га «А»! Міша Зыль у голасе піянерважатай зявіліся трывожная ноткі, адказвай: чаму так мала сабралі?
Мішка панурвае вочы, вушы ягоныя пунсавеюць.
Больш было, ды старшакласнікі на свае кучы перацягнулі, гугнявіць Мішка і па старой звычцы шморгае носам.
Чыпаліна круціць галавой.
Мы ўвечары разам пойдзем і паглядзім што ў цябе там перацягнулі.
За спінай маёю сядзяць, выставіўшы голыя каленкі, дзве рудавалосыя сямікласніцы. Яны ўвесь час аб нечым шэпчуцца, і я міжволі наструньваю слых.
Ленка з 8-га «А» бачыла. Выходзілі, кажа, з Карпавічам са спартзалы, а ў Марковіч ззаду спадніца да трусоў задзёртая Не паспела паправіць.
Піянерважатая цягне ўбок галаву, выглядаючы гаманкую сямікласніцу.
Матрунчык ты ж у нас адказная за збор металалому. Ты ж мусіш запісваць тое, пра што мы гаворым. А ты з Цвіцінскай балбочаш.
Палкі шэпт за спінай аціхае, і я не магу даўмецца, чаму ў русічкі задзерлася спадніца. Ці не на канат узлазіла, а потым спускалася?
Пасля заняткаў, убіўшыся ў хату, адразу ж хапаю том Жуля Верна і кладуся на канапу, піхнуўшы пад галаву падушку. Маці надоечы патушыла святло якраз у той момант, калі герой аповеду Аксель згубіўся ў падземным лабірынце, і перад тым, як чытаць далей, перабіраю старонкі, каб пераканацца, што герой не загінуў у падземных лёхах.
Аксель, на шчасце, знайшоў у цемры сваіх спадарожнікаў; удзельнікі экспедыцыі вылезлі з вузкага лабірынта на шырокі прасцяг, і перад імі зашумела хвалямі падземнае мора. Прачытаўшы з дзясятак старонак, адчайна пазяхаю. Так класна ўсё пачыналася: цыдулка з тайнапісам, тарфяныя балоты Ісландыі, жарало патухлага вулкана, спуск у падземны лабірынт Цікава, а калі б хто прапанаваў Жулю Верну напісаць аповед пра палёты праз цэнтр Зямлі? Ухапіўся б ён за гэту ідэю? Праўда, адразу б узнікла пытанне: як пракапаць такі тунэль? Тут ніякай фантазіі не хопіць. Ды Жуль Верн бы выкруціўся. Згадаў які старажытны манускрыпт, дзе напісана, што Зямля ад часу стварэння навылёт працятая, і што адзін выхад знаходзіцца на Паўночным полюсе, а другі на Паўднёвым. На поўдні свідравіны не відаць, бо лёдам пакрытая, а на поўначы Ледавітым акіянам прыхаваная. Так што прыкладна на сарака старонках героі будуць дабірацца да Паўднёвага полюса, потым пачнуць расчышчаць лёд. Ці тоўсты ён там, дарэчы? А як расчысцяць, дык тут і вада папрэ з Ледавітага акіяна. У нас аднойчы ў школьным двары пасля залевы таксама вада перла. З каналізацыйнага люка. Уся школа прыліпла тады да вокнаў. А можа, вада да Антарктыды і не дойдзе, спыніцца недзе пасярэдзіне? Так што, як скочыш у шахту, спачатку разагрэешся, а потым у халодную ваду бухнешся.
У калідоры рыпаюць дзверы. Гэта Юрка вярнуўся з інстытута. Ні слова не сказаўшы, брат кідае ў кут тэчку з тубусам.
Ты што, нічога не еў? гукае братан праз хвілю, бразнуўшы на кухні накрыўкай рандолі.
Юр! А калі пракапаць шахту
Праз цэнтр Зямлі? Юрка сёрбае дзеля спробы халодны суп.
Я вытрымліваю паўзу.
Ну, так і адзін канец выйдзе на мора. Вада што, папрэ на другі бок?
Папрэ, толькі не наперад, а назад, Юрка чыркае запалкай. Ужо ў мацерыковай корцы тэмпература сягае сямісот градусаў, таму
Таму ўтворыцца вялізны гейзер? перабіваю я, адарваўшы галаву ад падушкі.
Юрка маўчыць, збіраючыся з думкамі, а потым, ужо незадаволена, азываецца:
Ды адчапіся ты, далібог дай паесці.
Не, з Юркі пісьменніка не атрымаецца. Ані каліва фантазіі. Цікава, ці зменіцца клімат у Антарктыдзе, калі з дзіркі шугане гарачая пара?
У кухні сквірчаць яйкі на патэльні, і Юрка загадна крычыць:
Есці ідзі! Два разы клікаць не буду.
«Вандроўку да цэнтра Зямлі» дачытваю познім вечарам, у пасцелі. А дачытаўшы, кладу кніжку на грудзіну, летуценна паглядаю на столь і чую сцішаны вокліч:
Лёнь
Гэта Мішка гукае ў нішу электралічыльніка. Выходжу ў майцы і трусах на лесвічную пляцоўку.
Слухай, ты можаш збегчы з дому на гадзінку? сябар, мяркуючы па голасе, прыкметна хвалюецца.
Магу калі маці не прачнецца. А што такое?
Знайшоў месца, дзе металалому на дзесяць цеплавозаў.
Вакол ужо сапраўдная ноч, і вецер, які знянацку ўсхадзіўся, зацята шуміць у шатах разложыстых хвояў. Хвоі стаяць пасярод могілак, падпіраючы вершалінамі цёмнае неба. На сэрцы трывожна. Відаць, такі ж настрой быў у жульвернаўскіх герояў, калі яны спускаліся ў цэнтр Зямлі.
Мішка тыцкае мяне ў бок, ківае на кучу смецця. Да кучы прыхіленая жалезная, аблытаная жалобнымі стужкамі агароджа.
Усё ж такі няёмка з могілак цягнуць, кажу я сябру, але Мішка рашуча хапаецца за жалезныя пруты:
Яшчэ адзін Маа Цзэ-бздун. Агароджу на сметнік выкінулі, значыць, яна нікому не патрэбная.
З натужлівым крэканнем выцягваем агароджу са смецця. Да школы ідзём дварамі. Добра яшчэ, што час позні і на вулцы няма мінакоў. За ўсю дарогу толькі аднаго дзядзьку і сустрэлі. Дый той быў упіты і йшоў хістаючыся.
Металалом, невялікімі грудамі, ляжыць на пазаддзі школьнага двара, поруч з майстэрнямі. Наш грудок зусім маленькі: колькі пакарабачаных труб, іржавая рысора ды бляшаныя начоўкі, на дне якіх крэйдай напісана: 5 «А». Ускідваем металёвую гаргару на грудок, абіваем далоні.
Пайшлі, яшчэ чаго пашукаем, кажа Мішка. Вяртацца на могілкі няма ахвоты. Я зацкавана гляджу на Мішкаву спіну, і толькі калі сябрук азіраецца, шаргатлівай хадою іду следам.
Наваколле і без таго апанаваў змрок, а тут, пад шатамі векавых хвояў, пануе сапраўдная цемра. Над галавою злавесна каркае варона, і я спалохана здрыгаюся.
Што, перапудзіўся? пытаецца Мішка, спрабуючы пасміхнуцца. Сябрук і сам, відаць, перапужаўся, бо ўсмешка ягоная нежывая і насцярожлівая.
На шчасце, далёка не йдзём. Якраз на ўскрайку ляжыць, вывернуты з магілы, металёвы, звараны з тоўстай трубы крыж. Удвох падхопліваем яго, выцягваем на дарогу. Крыж і без таго цяжкі, а тут яшчэ да ніжняга канца прыстала бетонная камлыжына. Яна барануе зямлю, не дае разагнацца. Цягнуць крыж дварамі, па ўтравелых сцяжынах, не выпадае, таму шыбуем напрасткі, па асфальтавым ходніку.