Алесь Тарановіч
Берлінская мазаіка
Эсэ
© Алесь Тарановіч, 2015
© Кнігазбор, 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Бабіна лета
Паэма Берліну
«У жыцці мне шчасцiла. Амаль кожны дзень я спазнаваў, або бачыў што-небудзь новае. А чым больш ведаеш, тым больш цікавым і таямнiчым робіцца жыццё»
(К. Паўстоўскі «Кідок на поўдзень»)Плюс дваццаць у верасні.
Ціха. Суха. Сонечна.
Усё вакол заўсміхалася макава-пунсова.
Плаўна ляціць павуцінне. Сцелецца па зямлі, чапляецца за кусты і дрэвы.
Дэсант вечнага ў часе
Гэта значыць што Бог пасылае нам тэлеграму радасці.
Што наступіў канец дажджам, якія прасочваюцца ў ранішнія газеты.
Што цяжкі і шумны свет вялікага горада судакрануўся з іншым светам, і тыя хто не страціў свежасці ўспрымання прыроды, змогуць паглыбіцца ў аазіс радасці
Што можна выправіцца на пошукі шчаслівага сябе.
Бабіна лета.
Як стан.
Як чаканне. Як жаданне.
Як выклік штодзённасці.
Маё дзясятае «бабіна лета» ў Берліне.
Хтосьці нябачны ўключае кнопку з надпісам «Play» і на ўскрайках маёй свядомасці пачынае граць «Jehtro tull». Аксамітная флейта i магічны голас Андэрсана будуць гучаць цэлы тыдзень
Рамантычны шлюб мараў з рэчаіснасцю.
Вось і зноў я загаварыў пра «бабіна лета», якое па сялілася ў Кройцбергу.
Не трэба болей маляваць на небе сонца.
Зараз галоўнае наладзіць струны сваёй душы ва ўнісон «бабінаму лету».
І тады можна будзе знайсці сцяжынку ў залюстроўе, не выходзячы за межы звычайнага.
Засведчыць сваю капітуляцыю перад багаццем і разнастайнасцю жыцця
Са стратай пачуцця меры я руйную цвярозую плынь прозы, кідаюся ў абсяг новых гукаў і новых спалучэнняў фарбаў, нябачных улетку. Жаданне перадаць іншым сваё бачанне свету бывае настолькі моцным, што патрабаванне сувымернасці адыходзіць
Нешта кліча хутчэй з хаты! І я разумею гэта знак.
Цяпер можна будзе знайсці сябе ўсярэдзіне аповеду пра «бабіна лета».
Гэта значыць, што несамавiты, стандартны свет адмераных будняў скончыўся.
Што на нейкi час перажываннi страцяць сілу, скурчацца і паменшацца, як шчыгрынавая скура
«Stop» пакету праблемаў, напоўненаму стрэсамі.
Прырода і я, мы даем свой асіметрычны адказ на ўсю гэтую змушаную рэмарку нашых будняў
Як там у песні: «А я сяду ў кабрыялет і паеду куды-небудзь».
Я сядаю на свой старэнькі ровар і выпраўляюся ў падарожжа па кутках чароўнага свету старога Кройцберга, каб у чарговы раз здзівіцца незразумелай невынішчальнасці прыроды, бесcэнсоўна паматляцца сярод гарадскіх атавізмаў, паралельна асэнсоўваючы сябе
Вуліцы, якія прымыкаюць да гары Кройцберг.
Гэта раён для тых, хто ўмее лавіць далікатныя гукі паэтычных струнаў Берліна.
Калі вы чалавек, у якога сябруюць між сабою паўшарі галаўнога мозгу, калі вашая васьмёрка не распалася на два нулi, калі ў вас адчыненыя каналы духоўнага зроку і наладжаны гарманічныя суадносіны з рытмам Берліна значыць вам туды
* * *Я выязджаю са свайго логавішча раніцай, калі коўдра смугі яшчэ нацягнутая да самых шпiляў сабораў, і грувасткая цішыня ловіць у свой невад ціхія гукі ранішняга горада, якi прасыхае ад сну.
Раніца ляжыць ціха і свежа
Спачатку яна не адрозніваецца ад іншых. Сцягі на ратушы перасталі даваць поўхі ветру.
Млявы блінец сонца павольна выбіраецца з бялявага булёну, якi злiваецца ў рэкі і каналы.
Палатно неба хтосьці павольна залівае блакітнай акварэллю, каб затым павесіць на ім залаты злітак
І птушкі нешта малююць на ім крыллямі.
У паветры вісіць павуціна, яна злучае тонкай ніткай учора і сёння, і ты разумееш, што Кройцберг адчынены вечнасці, але не часу, і што ў яго габелене перапляліся мінулае, будучыня і сучаснасць.
Час гэты адчувальны, важкi, бачны, надзейны. Ён размешчаны ў прасторы памяці.
У Кройцбергу ўсім дастаецца па кавалачку часу, якi, бы думка, працуе неўпрыкмет. Калі я бачу, як мігцяць абліччы часу, хочацца вырваць якое-небудзь з іх і павесіць у пакоі ў рамцы.
У прыроды няма межаў.
Яна ўпускае пад сваё крысо ўсіх і не ставіць шлагбаўмы, як гэта робяць людзі, якiя не пускаюць у свой свет іншых.
Кожнаму гораду ўласцівае сваё біяполе. У чым яго прырода мне невядома. Але ведаю, што ўмею знаходзіць кантакт з ім.
Штораз адкрываю Кройцберг зноўку, падобна дзіўнай ракавіне, якую невад прынёс з вялікай глыбіні.
Я клічу яго вуліцы, пляцы і кiрхi па імёнах. I нават называю кожнае дрэва.
* * *У Берліне шмат не менш вядомых і выдатных мясцiнаў.
Чаго варты Альтштадт Шпандау, у вузкіх вуліцах якога згубілася вечнасць.
Каго не вабіла вытанчанасць Вікторыі Плац і хто не адчуваў подых гулкіх стагоддзяў Мiкалайфiртэля
А якая асалода згубіцца на лодцы на прасторах Мюгельзэе, каб уварвацца затым у лабірынт каналаў Новай Венецыі
Чаго варты адзін Шпiтэльмаркт з яго шхунамi, якiя заснулі навечна каля старажытнай прыстанi
І што можа супрацьстаяць раскошы кварталаў, нанізаных на сцябло Кудамма
Альбо задавальненню паблукаць па закутках Хакiшэс Хофэн
Але толькі Кройцберг гэта месца, якое закранае адчувальныя струны маёй душы, толькі тут растуць спакуслівыя фантазіі, міражы эпохі, якiя ўтвараюць імглу мінулага
Чаму люблю Кройцберг не ведаю.
Можа быць за тое, што яго вуліцы і пляцы дбайна захоўваюць свае загадкі і не спяшаюцца іх аддаваць. Можа быць таму, што з яго біяполем у мяне ёсць кан такт
Гэта немагчыма растлумачыць.
Каханне, якое магчыма растлумачыць гэта ўжо не каханне, а разлік.
І чаму любоў да горада можа быць такой поўнай і не пакутлівай? Паспрабаваць бы перанесці гэта ў сферу чалавечых адносінаў
Я ўяўляў сабе Берлін менш цікавым, чым ён аказаўся.
Я закаханы ў душу гэтага горада, і яна адказвае мне тым жа.
Калі я прыехаў сюды, ведаў толькі адну славутасць Рэйхстаг і тое толькі таму, што яго штурмавалі савецкія войскі.
Цяпер я ведаю іх мноства. Ці не самападман гэта? Зусім не.
Я ведаю немцаў закаханых у Пiцер і Маскву яны жывуць у Берлiне
Я ведаю, што ў Расіі жыве паэт, закаханы ў Берлін, хоць ён ні разу тут не быў
* * *Гара Кройцберг.
Пахне цішынёй, аблокі гойдаюцца на галінах дрэваў.
Тут не адчуваецца праца кравецкіх нажніцаў гісторыі.
Тут разумееш, што ты апынуўся дзесьці паміж мінулым і будучыняй.
Тут трэба ўмець адчуць адмысловую энергетыку гары, якая, літаральна, заварожвае цябе з першых нотаў
Калі глядзіш з яе на Берлін, падаецца, што ты вялікае дзіця, а ўсё вакол макеты дзіцячых цацак. Нібы хтосьці паваротам ключа запусціў гэта мернае цацачнае жыццё.
Вагончыкі метро спяшаюцца з пункта А ў пункт Б і назад.
Чалавечкі бачацца ў нямецкіх каўпаках, у паласатых панчохах і з парцалянавымі трубкамі ў роце.
Падаецца, што і сам сусвет прыводзіцца ў дзеянне заводным ключом
Берлін, як на далоні.
Тут не пульсуе сэрца вялікага горада, яго гулкія ўдары не даходзяць сюды.
Не чуваць «рэйв» сірэн паліцыянтаў.
Месца, дзе вы адчуваеце, як далёка зайшліся ў гісторыю
Куды ні кінеш погляд, усюды стрэхі рой стрэх са сваімі грэбнямі, перакатамі, хрыбтамі, бародаўкамі і пухірамі.
Званы ўжо сплюнулі клубок аморфных калыханняў набату, і нават усюдыісны «сі мінор» «хуткай дапамогі» не далятае сюды.
Гара нараджае ўсе ноты цішыні.
Адчуванне, што не ты глядзіш на горад, а горад на цябе.
Паўсюль стаяць гмахi ў прыгожых карункавых сукенках, захоўваючы пад вэлюмам паветра чыстыя дзявоцкія перамогі і летуценні, якія нiколі не падманваюць.
Уплеценыя ў тканіну часу шпiлі сабораў і цэркваў патанаюць у смузе, пакідаючы адчуванне фантому
Свет мастакоў Хайнрыха Цылле і Отта Нагеля. Першая думка: як хораша!
Другая даганяе першую гэта падарунак
Тут я хачу паспрабаваць абысціся без сваёй галоўнай зброі метафары, якая перакладае рэч у слова, а слова у знак. Метафара стварае ўмовы для скачка ў глыбіню і змаўкае, калi даводзiць цябе да ўваходу, туды, куды можна прайсці толькі па адным.
Стаю побач з помнікам перамогі над Напалеонам цудам разбярства Шынкеля.
Унізе грукоча па камянях вадаспад, праразаючы лясны гушчар. Тут шмат што нагадвае тэатральныя дэкарацыі.
Прах стагоддзяў на рэштках сцяны крэпасцi раўніва захоўвае свае загадкі.
Тут часта грукаталі гарматы. Змяняючы адзiнадна го, стаялі аўстрыйскія, швецкія, французскія і рускія артылерысты.
Але сёння я не апісваю гісторыю гары, гэта «Lange Geschichte», як кажуць немцы.
Лепш кінуць свой ровар уніз са стромкага схілу, паблізу прорваў, прапахлых грыбным водарам, скрозь тунель з вялізных чорных елак, дзе рэдкія промні сонца, якія прабілiся скрозь сеткі галінаў, слізгаюць у імглістым паветры па замшы каменнай сцяны
Успамінаецца Фелiнi: «Ніякая, нават самая дасканалая тэхніка перадачы святла не зможа сказаць больш, чым прамень святла, які прабіваецца скрозь лістоту».