Зінаіда Дудзюк
На парозе раю
Аповесці, кінааповесці, апавяданні
© Дудзюк З. І., 2019
© ТДА «Выдавецтва Чатыры чвэрці», 2019
Зінаіда ДудзюкВыдала зборнікі вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988), «Так і не» (1993), «Табе» (2000), «Падданыя кахання» (2003), «Дарунак» (2010), «Прадзіва» (2015);
кнігі прозы «Палоннікі жыцця» (1997), «Кола Сварога» (2006), «Аднарог» (2010);
раманы «Год 1812» (2004), «Слодыч і атрута» (2013), «Гонды» (2013), «Лаза» (2016); на рускай мове «Гонка за волком» (2012), «Год 1812» (2015), «Сотворение» (2015);
кнігі эсэ «Нямеранае багацце» (2012), «Шляхамі адвечнага слова» (2001), «Вяртанне забытага міфа» (2013), «Пара высокага сонца» (2017);
кнігі гістарычных і краязнаўчых нарысаў «Леў» (2011), «Выжыць на дарозе смерці» (2013), «Лясы і лесаводы Брэстчыны» (2000) і інш.;
зборнікі драматургіі «Чароўнае слова» (2001), «Зачараванасць тэатрам» (2005), «Гістарычныя драмы» (2016), «Нарадзіўся я ліцвінам» (2011) і інш., песы ставіліся на радыё, у прафесійных і самадзейных тэатрах і студыях;
кнігі для дзяцей і падлеткаў «Канікулы на астэроідзе» (2012), «Листья волшебного дерева» (2014), серыя з дзесяці кніжак «Приключения Буслика» (2014), перавыданне гэтай жа серыі адной кніжкай «Невероятные приключения Буслика и его друзей» (2015).
Пераклала на беларускую мову камедыю Я. Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман» (2002), казку П. Яршова «Канёк-гарбунок» (1997), асобныя вершы ўкраінскіх, рускіх і польскіх паэтаў, а таксама некалькі пес для лялечнага і драматычнага тэатраў.
Укладальнік кнігі «Песні Белавежы. Камянеччына літаратурная» (2005).
Лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аповесці
Рэванш
1Яна нязручна сядзела за кухонным сталом, у дзверцы якога ўпіраліся калені, памешвала лыжачкай у кубку духмяны ўзвар з зёлак і напружана спрабавала ўспомніць сон, з якім абудзілася. Ёй гэта не адразу ўдалося, але раптам выплыў у памяці пяшчотны тварык немаўляці і адразу згадалася, што прыснілася ёй, быццам яна нарадзіла дзяўчынку, цешылася ёю, загортваючы ў белыя пялюшкі. Дзіця аказалася вёрткае, вылузвалася з паркалю ружовыя ладныя ножкі і ручкі прагнулі волі. Жанчына глядзела на немаўля і сілілася адказаць самой сабе на пытанне, ад каго ж яна нарадзіла дачку ці ад Сіроціна, ці ад Кедрава, ці ад Гальмака. Чамусьці думка пра законнага мужа ў яе не ўзнікла. Падсвядома яна помніла, што яго ўжо няма не свеце. А гэтыя трое ці жывыя? Ім жа зараз усім дай Божа па колькі гадоў Міжвольна падумала, ці не на хваробу гэты сон? Хаця некалі мама казала, што дзяўчынка сніцца на нейкае дзіва.
Яна адпіла трохі ўзвару. Па сібірскай звычцы любіла, каб вадкасць была гарачая, сагравала ўсё ў сярэдзіне, давала тое цяпло, з якім можна было б супрацьстаяць сцюжы, хоць зараз быў самы пачатак вясны. Лісточкі нясмела вызваляліся з пупышак на бярэзіне, якая калыхала голле на ўзроўні яе акна на другім паверсе шматпавярховага дома. Дзень быў сонечны, праўда, вокны яе аднапакаёўкі выходзілі на захад, так што сонца можна было чакаць толькі па абедзе. Яна горка падагульніла, што ўсё ў яе жыцці ідзе на захад ды на зыход, і зноў вярнулася думкаю да сну, але тут жа адмахнулася ад яе: спіцца, дык і сніцца розная лухта.
Раптам зазваніў тэлефон. Ад нечаканага рэзкага гуку яна нават уздрыгнула, падышла, падняла трубку, пачула незнаёмы дзявочы голас:
Добры дзень! Запрасіце, калі ласка, Клаўдзію Міхайлаўну Мартынюк.
Я вас слухаю, адказала жанчына.
Вас турбуе аглядальнік абласной газеты Юлія Яновіч. Я ведаю, што вы былі ахвяраю рэпрэсій, цяпер рэабілітаваны. Ці не згадзіліся б сустрэцца са мною і расказаць пра перажытае?
Жанчына адчула, як на момант балюча сцялося ад страху сэрца і заспяшалася мітусліва, з перабоямі. Яна з цяжкасцю выціснула з сябе:
Каму гэта цікава?
Людзі павінны ведаць праўду, што вы пакутавалі нявінна. І мы не маем права забываць тое страшнае мінулае, якое перажылі вы, людзі старэйшага пакалення, каб яно не паўтарылася зноў, хутка і з пафасам прамаўляў малады голас.
«Што і як раскажу ёй? пранеслася ў галаве жанчыны, пакуль яна слухала журналістку. Навошта варушыць мінулае? Яшчэ схопіць сардэчны прыступ, давядзецца выклікаць хуткую».
Клаўдзія Міхайлаўна, вы слухаеце мяне?
Так, так, я вас чую.
Скажыце, калі ласка, калі і дзе мы маглі б з вамі сустрэцца?
Вы ведаеце, я кепска пачуваюся, паскардзілася жанчына, жадаючы адкласці сустрэчу.
Клаўдзія Міхайлаўна, я ўмею падымаць настрой! Пабачыце! Усё будзе цудоўна! запэўніла дзяўчына. Давайце не будзем адкладваць. Прыходзьце да мяне ў рэдакцыю ў трыста трэці пакой. Сёння такі цудоўны дзень! Сонца проста асляпляльнае! А калі не можаце, дык я да вас забягу. Як вам лепш?
Забягайце. Што ўжо з вамі зробіш, нечакана для сябе самой згадзілася жанчына.
А ў які час лепш? Каб не размінуцца.
Заходзьце праз гадзінкі дзве, я буду чакаць.
Дзякуй вялікі, да сустрэчы.
Жанчына паклала трубку, села на канапу, разгублена агледзела пакой, сказала сама сабе: «Вось табе, Клаўка, і сон у руку: дзяўчынка дзіва, а пялюшкі газета. Божачкі, ажно ў жар кінула! Гэта ў маладосці хацелася быць узорам для ўсіх, каб газеты пісалі, каб узнагароды звінелі на аксаміце сукенкі! Вядомасці хацелася. Ды выйшла наадварот: знявага, прыніжэнне, турма, Бадайбо. Схамянулася блудная слава і ўсё ж згадала пра мяне. Ну-ну, дзякуй і на гэтым. Аднак навошта майму стомленаму сэрцу мітусня? Гэта ж толькі пустая турбота. Што я раскажу пра сябе? Праўду? Якую праўду? Хто яе здатны зразумець? Усё жыццё маё паламалася з-за таго, што хацела кахаць і быць каханай, мець сямю і дзяцей. Ці ж гэта злачынства? Зрэшты, мяркуючы па тым, як гэтае дзяўчо спяшалася, сядзець у архіве і разбіраць маю справу яна не будзе. Не да таго ёй. Газета патрабуе аператыўнасці. Людзі гатовыя верыць у самыя неверагодныя міфы. А зрэбная праўда мала каго цікавіць. Нічога злачыннага я не зрабіла, а, між тым, сапраўды стала ахвяраю. Сёння ўжо не так важна, на што я ахвяравала маладосць, тым больш, што пра ўсё жыццё не раскажаш нейкай зялёнай і наіўнай журналістцы. Цяпер я пакутніца. Гэта горкая праўда, а калі мяне хочуць зразумець, паспачуваць, дык чаго баяцца? Раскажу сёе-тое. Няхай паслухае. Трэба ціск памераць, нешта ажно млосна зрабілася, і ў сэрца калючка коле. Ах, нервы, мае бедныя нервы»
2Ружовашчокая, бойкая Юля паставіла насупраць Клаўдзіі Міхайлаўны дыктафон, дастала нататнік, пазірала дапытліва, чакаючы, калі жанчына збярэцца з думкамі.
Давайце абыдземся без гэтай тэхнікі, нешта яна мяне напружвае, папрасіла жанчына.
Калі ласка, адказала журналістка і выключыла дыктафон. Мне хацелася пакінуць на памяць ваш голас.
Я чалавек іншага пакалення, вы, напэўна, маглі б быць маёй унучкай.
Клаўдзія Міхайлаўна, выглядаеце вы проста выдатна. Я вам ніколі не дала б вашых гадоў.
Ай, Юлечка, год туды, год сюды. Якая розніца? Было б здароўе. Давайце пагаворым па-чалавечы. Я адкажу на пытанні, задаволю вашу цікаўнасць. Але, ведаеце, мне не вельмі хочацца, каб пра мяне пісалі.
Хіба пра такое можна маўчаць? Нейкія зламыснікі абылгалі вас, ні ў чым не вінаватага чалавека, назвалі ворагам народа, а вы будзеце трываць і насіць у сабе сваю крыўду?
Я ўсім даравала, інакш не выжыла б Гэта мой лёс. Які Бог даў, такі і прыняла.
Разумею, але і нягоднікі павінны ведаць, што за хлусню трэба адказваць. Калі яны некага абмазалі брудам, дык няхай хоць праз шмат гадоў іхні бруд вернецца да іх. Усе злачынныя справы абавязкова будуць выкрыты.
Мне не хацелася б згадваць іхнія прозвішчы па той простай прычыне, што, можа, некага з іх і жывога ўжо няма. Самі ведаеце, пра мёртвых дрэнна не кажуць. А калі ёсць у іх дзеці ці ўнукі, дык яны ж не павінны адказваць за грахі бацькоў і дзядоў.
Мы не суддзі, Клаўдзія Міхайлаўна. Мой артыкул нікому не нашкодзіць. Проста раскажыце пра сябе ў той скрушны для вас час, папрасіла журналістка.
Безумоўна, тады мне было вельмі крыўдна і цяжка, што мяне, маладую, апантаную жаданнем працаваць, служыць радзіме, пасадзілі ў турму. Я ж прайшла вайну, была падпольшчыцай, сувязной, партызанкай, выжыла ў час акупацыі, а тут свае расправіліся ні за што. А як невыносна было пасля таго, як выйшла з турмы! Я аказалася выкрасленаю з жыцця, на працу нікуды не бралі, скрозь натыкалася на пагардлівыя позіркі.
На вочы жанчыны навярнуліся слёзы, яна выцерла іх, і, можа, толькі цяпер Юля заўважыла, зморшчаную сухую скуру на руках. Ды і твар раптам пакамечыўся, ці гэта знянацку сонца высвеціла дробныя маршчынкі, якія перакрэслілі шчокі, лоб, шыю старой.
Клаўдзія Міхайлаўна, прашу вас, не хвалюйцеся. Усё ж мінула. Я думала, што вы зможаце паглядзець на той час нібы збоку і не засмучацца.
Гэтая рана незагойная. Мінулае нікуды не знікае, яно заўсёды з намі. Ведаеце што, давайце я вам згатую гарбаткі. Прывыкла я там, у Сібіры, душу адаграваць гэтым напоем, відаць, інакш не атрымаецца ў нас гаворкі.