На парозе раю - Зінаіда І. Дудзюк 2 стр.


 Гэтая рана незагойная. Мінулае нікуды не знікае, яно заўсёды з намі. Ведаеце што, давайце я вам згатую гарбаткі. Прывыкла я там, у Сібіры, душу адаграваць гэтым напоем, відаць, інакш не атрымаецца ў нас гаворкі.

 Буду ўдзячная,  адказала журналістка са сваёю нязменнаю ўсмешкаю прыгожа акрэсленых вуснаў.

Гаспадыня затрымала на ёй позірк і сказала:

 А ў вас, напэўна, шмат прыхільнікаў.

 Няшмат,  сумелася Юля.  А калі і ёсць, дык далёка не тыя, хто мне можа спадабацца.

 І што ж вы робіце з тымі, хто асабліва назаляе?

 Пасылаю куды далей,  лёгка адказала дзяўчына.

 А калі гэта начальства?

 Раблю выгляд, што нічога не заўважаю.

 І не баіцеcя страціць працу?

 Журналіст гэта ж не пасада, а толькі чорная будзённая праца. Гані радкі дзень пры дні!

 Шчаслівы ў вас характар. Пашанцавала вашаму мужу.

 Я не замужам.

 Колькі ж вам гадочкаў, калі не сакрэт?

 Пад трыццаць.

 Мне тады было амаль столькі ж,  усміхнулася жанчына і пайшла на кухню.

Журналістка акінула позіркам постаць гаспадыні, яшчэ даволі стройную, са спіны і не скажаш, што гэтай жанчыне пад восемдзесят. Ёсць такія людзі з нязломным духам. Як ні гне іх жыццё, як ні круціць, а яны працягваюць існаваць, знаходзіць нейкае адхланне і радавацца кожнаму дню. Нават гэты пакой паказваў, што чалавек тут жыве неабыякавы: вялізная на ўсю сцяну шафа, набітая кнігамі, пераважна класікай, ваза з шорсткімі сухацветамі, канапа, два крэслы і круглы столік ніводнай лішняй рэчы, не так, як гэта бывае ў некаторых старых людзей, якія завальваюць кватэры розным непатрэбным начыннем. На адной з кніжных паліц Юля заўважыла фотаздымак гаспадыні, дзе яна была яшчэ даволі маладая. Прыгожы авал твару акаляла завітая кароткая стрыжка, вочы строгія і адчужаныя.

«Каб удалося яе разгаварыць, напэўна, атрымаўся б цікавы матэрыял, прынамсі, яшчэ ніхто з маіх калег не браўся за тэму рэпрэсій,  падумала Юля, адчуваючы няўпэўненасць у сабе, бо ведала, што нейкім выпадковым словам можна выбіць чалавека з раўнавагі, і тады ён замкнецца, нічога ад яго не даведаешся.  Трэба быць вельмі асцярожнай у падборы пытанняў. А мо наадварот пытацца канкрэтна пра тое, што мяне цікавіць? Чаго ж я сяджу як на імянінах? Можа, трэба памагчы старой?»

Журналістка зазірнула на кухню, спытала:

 Ці патрэбна рабочая сіла?

 Усё гатова, Юлечка, бярыце кубачкі, а я прынясу печыва.

Духмяная гарбата трохі развеяла напружанасць. Сонца ўсміхалася ў акне. Субяседніцы, прыхлёбваючы салодкую гарачую вадкасць з кубачкаў, размаляваных галінкамі хвоі, неўпрыкметку прыглядаліся адна да адной.

 У вас нават кубачкі нагадваюць пра Сібір,  заўважыла Юля.

 Так, гэты сервіз я прывезла адтуль.

 Гляджу я на ваш малады фотаздымак. Вы такая прыгожая!

 Маладыя ўсе прыгожыя,  паблажліва адказала гаспадыня.

 Скажыце, вас білі на допытах?

 Не, не білі, але спаць не давалі.

 Як гэта?

 Уначы дапытвалі, а ўдзень не дазвалялі класціся на ложак.

 Як жа вы гэта вытрымалі?  са спачуваннем спытала Юля.

Жанчына апусціла вочы, паўзіралася ў змесціва кубка і ціха прамовіла:

 Зрэшты, мне не было ў чым прызнавацца. Я прыняла ўмовы гульні, згадзілася з усімі абвінавачваннямі, падпісала нейкія паперы і мяне пакінулі ў спакоі да суда, на якім прызначылі дзесяць гадоў пакарання, а потым завезлі ў Сібір, у Бадайбо. Чулі пра такі горад, дзе здабываюць золата? Вось і ўся гісторыя.

Клаўдзія Міхайлаўна паглядзела Юлі ў вочы, нібы правяраючы, ці прыняла тая на веру сказанае, і супакоілася. Журналістка, не выяўляючы ніякага недаверу, пачала нешта запісваць у нататнік, а потым спытала:

 Як вам там было?

 Цяжка,  уздыхнула старая.  Спачатку пасылалі на лесапавал. Маразы ў сорак градусаў, або восеньская слота, або летняя спякота і гнюс няма паратунку. Пакуты пякельныя! Жанчыны там больш за чатыры гады не вытрымлівалі. Мяне ўратавала тое, што я ўмела шыць. Праз год мне знайшлася праца ў швейнай майстэрні. Там таксама было не соладка, але ж я працавала ў памяшканні, а не на марозе. Калі жонкі ахоўнікаў даведаліся, што я некалі была мадысткаю, сталі шыць у мяне свае строі, часам частавалі чым-небудзь смачным. Так і выжыла.

 За што ж вас пасадзілі?  ціха прамовіла Юля сваё галоўнае пытанне.

 Вой, Юлечка, я і сама да гэтага часу не магу зразумець. Нейкі звышпільны нкусавец у маёй любоўнай запісцы, адрасаванай аднаму чалавеку, разгледзеў прыкметы нянавісці да савецкай улады і маю схільнасць да шпіёнства. Ніколі не думала, што мяне, сакратара падпольнага Антопальскага райкама камсамола, узнагароджаную двума медалямі і ордэнам, пасадзяць у турму.

Юля адсунула свой кубак з недапітаю гарбатай і пачала хуценька запісваць. Настаў той момант, калі, як здалося журналістцы, жанчына разгаварылася, цяпер заставалася толькі разумна ставіць пытанне за пытаннем.

 Вы ў некага закахаліся?

 Так. Але ён аказаўся жанатым. І што я ў ім знайшла? Проста ачмурэнне нейкае навалілася. Ці мо інстынкты мною кіравалі? Жонка ў яго была раўнівая. Мой ліст да яго перахапіла, напісала на мяне данос куды трэба. Карацей, за ўсё трэба плаціць,  развяла рукамі жанчына, на твары яе было напісана пакаянне, як у грэшніцы, якая шкадавала аб сваім учынку.

 Разумею. А дзе ж вы працавалі пасля турмы?

 Уладкавалася ў бібліятэку дзіцячага дома. Сваіх дзяцей у мяне не было, усю любоў я аддавала гэтым сіроткам. Яны мне пасля лісты пісалі з усіх канцоў краіны.

 Вы так і не выйшлі замуж?

 Замужам я была, але мой муж, таксама былы арыштант, не хацеў дзяцей, меў слабое здароўе. Яго жорстка білі на допытах, мо найперш за тое, што меў шляхетнае паходжанне. Ён быў перакананы, што два старыя лагернікі не могуць нарадзіць здаровае дзіця. Зрэшты, пэўна, адчуваў, што мала яму гадоў адмерана. Пражыў ён пасля турмы ўсяго дванаццаць гадоў і аднойчы ціха сканаў у сне. Спынілася сэрца. А я ўсё жыву. Нішто ў маёй душы не змянілася ў адносінах да радзімы. Вы ведаеце, Юлечка, зараз некаторыя выходзяць з камуністычнай партыі, спальваюць білеты, а я хачу вярнуць свой партыйны білет.

 Нашто вам гэта?  здзівілася журналістка.

 Напэўна, хачу яшчэ раз вярнуцца ў маладосць. Пачакайце, зараз я пакажу вам сібірскія фотаздымкі. У мяне іх шмат.

Юля незаўважна для сябе праседзела ў Клаўдзіі Міхайлаўны да прыцемкаў, разглядваючы фотаздымкі, слухаючы яе аповед пра жыццё ў лагеры, пра сібірскую прыроду і тамашніх людзей, схамянулася, калі гаспадыня паднялася і ўключыла святло.

 Вой, я ў вас столькі часу забрала! Даруйце, калі ласка! Як надрукуюць матэрыял, я абавязкова патэлефаную,  спахапілася Юля.

 Можа, не трэба пісаць пра мяне?  зноў выказала сумненне гаспадыня.

 Трэба! Яшчэ як трэба! Дзякую вам за ўсё,  дзяўчына нечакана для сябе самой нахілілася і пацалавала старую ў шчаку як блізкага чалавека.

3

Юля з асалодаю ўдыхнула вечаровае паветра, напоенае пахам першай маладой лістоты. Колькі разоў яна абяцала сабе, што наступнай вясной возьме адпачынак і будзе назіраць, як распускаюцца і цвітуць дрэвы, як наступае лета, весці дзённік, запісваць усё да драбніц, кожную змену ў прыродзе. Але гэтыя абяцанні так і заставаліся няздзейсненымі, бо заўсёды навальваліся нейкія праблемы і справы, а потым прыходзіла лета, калі хацелася зехаць куды-небудзь на мора ці хоць на возера, каб не сядзець у задушлівым горадзе.

«Ужо раскісла. Думай пра атыкул,  загадала яна сабе.  Што ж я напішу пра Клаўдзію Міхайлаўну? Бабулька вельмі прыязная, сімпатычная. Але, здалося мне, нешта недагаворвала. Зрэшты, хто з нас гатовы расказаць пра сябе ўсю праўду-матухну? Ніхто. У кожнага свае грахі і тайны! Што расказала, тое і напішу. Гэта ж не дакументальная аповесць, а звычайны газетны артыкул-аднадзёнка, каб пацешыць падпісчыка, што некаму было горш, чым яму. Кажуць, гэта некаторым падымае настрой.

Юля дацягнулася рукой да галінкі, сарвала некалькі клейкіх лісточкаў, расцерла ў пальцах, удыхнула жывы і гаючы пах першай зеляніны.

 Грамадзяначка, пакажыце, калі ласка, вашы дакументы.

Юля здзіўлена падняла вочы і ўбачыла перад сабою маладога міліцыянера, на пагонах ягоных красаваліся дзве зорачкі.

 У нас што, камендацкі час?  здівілася дзяўчына.

 Мой час,  засмяяўся міліцыянер.  Я шмат гадоў марыў з вамі сустрэцца. А сёння паўдня праседзеў каля гэтага дома, чакаючы, калі ж вы выйдзеце. І што вы там так доўга рабілі? Няўжо бралі інтэрвю?

 Брала. А што, хіба мы знаёмыя?

 Так.

 Прабачце, я не магу ўспомніць, дзе мы сустракаліся.

 Некалі ў нашай вёсцы Заброддзе вы бралі інтэрвю ў майго бацькі падчас жніва. Ён быў камбайнёрам, а я ягоным памочнікам.

 Першае маё інтэрвю, калі была на практыцы! Няўжо вы той самы хлопчык? Ніколі б вас не пазнала,  сказала журналістка, акідваючы позіркам танклявую постаць міліцыянера.

 Вы таксама змяніліся, яшчэ больш папрыгажэлі. Я ўвесь час сачыў за вамі. Маю на ўвазе газетныя публікацыі

 Сачыць ваша прафесійнае захворванне?  засмяялася Юля.

 Вядома. Не без таго. Дазвольце правесці вас дадому.

Назад Дальше